БАРА́НАВІЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1916,
Скробава-Гарадзішчанская аперацыя 1916, наступальная аперацыя рус. войскаў Зах. фронту (галоўнакамандуючы ген. А.Е.Эверт) 2—29.7.1916, у пазіцыйны перыяд 1-й сусв. вайны. Ажыццёўлена, каб падтрымаць наступленне рус. войскаў на Паўд.-Зах. фронце (Брусілаўскі прарыў 1916). Аперацыю праводзіла 4-я армія (камандуючы ген. А.Ф.Рагоза), дзе сканцэнтравана 340 тыс. Чал. У ходзе наступальных баёў рас. войскам не ўдалося пераадолець добра абсталяваную абарончую паласу праціўніка. 14 ліп. аўстра-герм. дывізіі ажыццявілі контрнаступленне каля в. Скробава і занялі пакінутыя раней пазіцыі. Спробы рус. войскаў аднавіць страчаныя пазіцыі ў ходзе атак 25—29 ліп. скончыліся няўдала. Страты рус. войскаў у час аперацыі забітымі, параненымі і ўзятымі ў палон склалі каля 80 тыс. чал., страты праціўніка — каля 25 тыс. чал. У ліку прычын няўдачы Баранавіцкай аперацыі — недахоп артылерыі, снарадаў, вінтовак, дрэннае кіраўніцтва войскамі ў час прарыву.
А.М.Бабкоў.
т. 2, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕСЯТКО́ВАЯ СІСТЭ́МА ЛІЧЭ́ННЯ,
найбольш пашыраная пазіцыйная сістэма лічэння з асновай 10. Мае 10 сімвалаў — лічбы 0, 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9. Мяркуюць, што выбар у якасці асновы ліку 10 бярэ пачатак ад лічэння на пальцах. Узнікла на аснове нумарацыі, якая зарадзілася ў Індыі ў 5 ст., назву арабскай атрымала таму, што ў Еўропе з ёй пазнаёміліся ў 10—12 ст. па лац. перакладах з араб. мовы; у Расіі Дз.с.л. пачала пашырацца з 17 ст.
Пазіцыйны прынцып Дз.с.л. азначае, што адзін і той жа знак (лічба) мае розныя значэнні ў залежнасці ад таго месца, на якім ён стаіць, і таму асобныя сімвалы патрэбныя толькі пры запісе першых 10 лікаў. Лік 10 (аснова Дз.с.л.) утварае адзінку 2-га разраду, 10 адзінак 2-га разраду (лік 100 = 102) — адзінку 3-га разраду і г.д. (адзінка кожнага наступнага разраду ў 10 разоў большая за адзінку папярэдняга). Для запісу ліку ў Дз.с.л. выяўляюць колькасць адзінак найвышэйшага разраду, потым у астачы — колькасць адзінак разраду, на 1 меншага, і г.д. Атрыманыя лічбы запісваюць побач, напр., 4·102 + 7·101 + 3·100 = 473. Гл. таксама Лічэнне.
М.П.Савік.
т. 6, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)