палата́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які вымаўляецца з дадатковым пад’ёмам сярэдняй часткі языка да паднябення; мяккі (аб зычных гуках). Палатальныя гукі.

[Ад лац. palatalis.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

увуля́рны

(ад лац. uvula = язычок мяккага паднябення)

лінгв. які вымаўляецца пры актыўным удзеле мяккага паднябення і язычка (напр. у-ыя зычныя).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

паднябе́нне, ‑я, н.

Верхняя частка поласці рота. Праўда, язык доўга не паварочваўся, не мог вымавіць некалькі такіх простых, здавалася б, слоў, нібы прысох да паднябення. Шыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

rozszczep, ~u

м. мед. расшчапленне;

rozszczep podniebienia — расшчапленне паднябення

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

ПРЫРО́ДЖАНАЯ РАСКО́ЛІНА ВЕ́РХНЯЙ ГУБЫ, «заечая губа»,

прыроджаная загана развіцця. Часта спалучаецца з прыроджанай расколінай паднябення. Фарміруецца на 6—7-м тыдні эмбрыягенезу. Бывае адна- і двухбаковая (аднабаковая ў 3 разы часцей), мае форму ад невял. выемкі каля краю губы да поўнай сувязі з адтулінамі носа, што абцяжарвае смактанне, парушае дыханне дзіцяці. Развіццю заганы спрыяе ўжыванне цяжарнымі жанчынамі алкаголю, псіхічныя траўмы, інфекцыі, уздзеянне радыяцыі і інш. Лячэнне хірургічнае.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

язычо́к, -чка́, мн. -чкі́, -чко́ў, м.

1. гл. язык.

2. Адростак на заднім краі паднябення ў поласці рота.

3. Невялікі адростак ля асновы ліставой пласцінкі ў злакавых і некаторых іншых раслін (спец.).

4. Рухомая, адным канцом прымацаваная пласцінка ў розных прыстасаваннях.

Я. чаравіка.

Я. замка.

Я. музычнага інструмента.

|| прым. язычко́вы, -ая, -ае (да 2—4 знач.; спец.).

Я. музычны інструмент.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

НАЗАЛІЗА́ЦЫЯ ГУ́КАЎ (франц. nasal насавы ад лац. nasus нос),

набыццё гукам насавой афарбоўкі як вынік дадатковай артыкуляцыі, якая заключаецца ў апусканні мяккага паднябення. Назалізацыя галосных вельмі пашырана. У шэрагу моў, напр., у франц. мове, можа служыць адрознівальнай прыкметай фанем. У некат. мовах абумоўлена суседствам з насавымі зычнымі і не мае фаналагічнага значэння (параўн. рус. «мак» — «бак»). Аб’ектыўныя метады даследавання Н.г. — рэнтгенаграфія і кіназдымка з дапамогай валаконнай оптыкі.

Літ.:

Падлужны А.І., Чэкман В.М. Гукі беларускай мовы. Мн., 1973;

Скалозуб Л.Г. Динамика звукообразования по данным кинорентгенографирования. Киев, 1979.

т. 11, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

артыкуля́цыя

(лац. articulatio)

лінгв. работа органаў маўлення (губ, языка, мяккага паднябення, галасавых звязак) пры вымаўленні гукаў.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ПАЛАТАЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. palatum паднябенне),

пад’ём сярэдняй часткі спінкі языка да цвёрдага паднябення пры губной, пярэднеязычнай ці заднеязычнай артыкуляцыі зычнага гука, т.зв. змякчэнне зычных. П. можа быць дадатковай артыкуляцыйнай прыкметай, калі яна абумоўлена пазіцыяй зычнага ў слове: («лес»), ці самаст. фаналагічнай рысай, калі мяккасць зычнага не залежыць ад пазіцыі ў слове («мэбля»). У першым выпадку такія зычныя называюць палаталізаванымі, у другім — палатальнымі. Характэрны тон і шум, якія з’яўляюцца пры П., робяць мяккія зычныя больш высокімі на слых, чым іх цвёрдыя адпаведнікі.

Літ.:

Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984.

А.​В.​Зінкевіч.

т. 11, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛЯРЫЗА́ЦЫЯ (лац. velaris ад velum заслона) у мовазнаўстве, дадатковая артыкуляцыя, якая выражаецца ў пад’ёме задняй часткі спінкі языка да мяккага паднябення. У бел. мове ў заднеязычных зычных «г», «к», «х» яна супадае з асноўнай артыкуляцыяй, таму іх называюць велярнымі; у шыпячых зычных яна не супадае з асноўнай артыкуляцыяй, збліжэннем языка з цвёрдым паднябеннем, таму іх называюць двухфокуснымі. Выразная велярызацыя ў гука «л», што робіць яго непадобным да невелярызаванага, т.зв. сярэднееўрапейскага l. Ва ўсіх астатніх цвёрдых зычных велярызацыя служыць для больш выразнага іх проціпастаўлення адпаведным мяккім палаталізаваным зычным (гл. Палаталізацыя). Акустычны эфект велярызацыі нагадвае эфект ад лабіялізацыі (агублення).

А.​І.​Падлужны.

т. 4, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)