клас прасцейшых тыпу інфузорый. 5 падкл.: кругараснічныя інфузорыі, роўнараснічныя інфузорыі, спіральнараснічныя інфузорыі, этнадыніяморфыэтнадыяніяморфы і ханатрыхі (Chonotricha). Каля 6,5 тыс. відаў. Жывуць пераважна ў прэсных і марскіх водах, паасобна і калоніямі, некат. здольныя прымацоўвацца да субстрату; састаўная ч. планктону і бентасу. Многія віды — паразіты, некат. — пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб жывёл і чалавека.
Даўж. да 3 мм. У адрозненне ад сысучых інфузорый цела большасці відаў Р.і. на ўсіх стадыях жыццёвага цыкла ўкрыта раснічным покрывам (адсюль назва). Форма і афарбоўка цела разнастайныя, шмат бясколерных форм. Кормяцца бактэрыямі. водарасцямі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Размнажэнне бясполае і палавое.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЙСКІЯ ПТУ́ШКІ (Paradisaeidae),
сямейства птушак атр. вераб’інападобных. 20 родаў, каля 40 відаў. Пашыраны ў лясах Новай Гвінеі і прылеглых астравоў, ва Усх. і Паўн. Аўстраліі. Аселыя, гняздуюцца пераважна на дрэвах, трымаюцца паасобна. 9 відаў у Чырв. кнізе МСАП.
Разнастайныя паводле знешняга выгляду, памеру 14—100 см. У большасці відаў выразны палавы дымарфізм. Апярэнне яркае, рознакаляровае, з метал. адлівам. Крылы адносна кароткія і шырокія. Хвост кароткі прамы або доўгі ступеньчаты. Дзюба моцная, у некат. доўгая, загнутая. Кормяцца насеннем, пладамі, беспазваночнымі, дробнымі жабамі, яшчаркамі. Большасць відаў — палігамы. Нясуць 1—2 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛІДА́РНАЯ АДКА́ЗНАСЦЬ,
разнавіднасць грамадзянскай адказнасці па абавязацельстве, у якім некалькі даўжнікоў. Звычайна ўзнікае пры непадзельнасці прадмета абавязацельства, сумесным прычыненні шкоды, а таксама ў выпадках, калі ў дагаворы не ўстаноўлена іншае. У цывільным праве Рэспублікі Беларусь у выпадку С.а. крэдытор мае права патрабаваць выканання ад усіх даўжнікоў сумесна і ад любога паасобна (поўнасцю ці ў частцы доўгу). Калі адзін з даўжнікоў задаволіў патрабаванне крэдытора поўнасцю, то астатнія нясуць перад ім адказнасць у роўных долях. Крэдытор, які не атрымаў поўнага задавальнення ад аднаго з салідарных даўжнікоў, мае права патрабаваць неатрыманае ад астатніх даўжнікоў. Салідарныя даўжнікі застаюцца абавязанымі да таго часу, пакуль абавязацельства не будзе выканана поўнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСТАЛЬГА́звычайная
(Falko tinnunculus, або Cerchneis tinnunculus),
драпежная птушка сям. сакаліных атр. сокалападобных. Пашырана ў Еўропе, Азіі, Афрыцы. Жыве ў невял. лясах, на лясных высечках, узлесках, лугах, палях, у гарах да выш. 4000 м і інш. Селіцца паасобна і калоніямі. Гняздуе на верхавінах і ў дуплах дрэў, займае гнёзды інш. птушак. На Беларусі рэдкі пералётны від, трапляецца ва ўсх. і зах. раёнах. Нар. назвы аралок, шулячок. Занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 38 см, маса да 285 г. Самкі большыя за самцоў. Афарбоўка рыжая, самец больш яркі. Крылы доўгія, завостраныя. У палёце часта затрымліваецца з прыўзнятымі крыламі і апушчаным хвастом, пырхае на месцы («трасецца»). Корміцца пераважна мышападобнымі грызунамі. Адкладвае да 8 яец.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
МАНГУ́СТЫ (Herpestes),
род млекакормячых сям. віверавых атр. драпежных звяроў. 14 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Зах. Еўропе, Малой, Пярэдняй і Паўд. Азіі, Афрыцы. Акліматызаваны ў Вест-Індыі, на Гавайскіх і Фіджы а-вах. Жывуць у розных умовах. Трымаюцца паасобна, часам групамі. Найб. вядомы самы буйны прадстаўнік роду М. егіпецкі — іхнеўмон (H. ichneumon), або фараонаў пацук.
Даўж. цела да 65 см, хваста да 51 см, маса да 3,2 кг. Тулава падоўжанае, канечнасці кароткія, морда вострая. Поўсць кароткая, грубаватая. Афарбоўка бурая розных адценняў, часам са светлымі плямамі. Драпежнікі, кормяцца дробнымі жывёламі, пераважна грызунамі і змеямі, у т. л. ядавітымі. Імунітэту да змяінага яду не маюць, спраўляюцца з імі дзякуючы хуткай рэакцыі. Нараджаюць 2—4 дзіцяняці. Лёгка прыручаюцца. М. называюць таксама шэраг інш. родаў сям. віверавых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎМА́ЛПЫ (Prosimii),
падатрад млекакормячых атр. прыматаў. Вядомы з эацэну Еўропы і Паўн. Амерыкі (каля 45 млн.г. назад). 6 сям.: лемуравыя, тупаевыя, даўгапятавыя (Tarsiidae), індрыевыя, або індрызідавыя (Indrisidae), лорыевыя, або лорызідавыя (Lorisidae), руканожкавыя (Daubentoniidae). 24 роды, 53 віды. Пашыраны ў трапічных лясах Афрыкі, в-ва Мадагаскар, Паўд.-Усх. Азіі, Малайскага архіпелага. Жывуць на дрэвах невял групамі, парамі або паасобна. 22 віды ў Чырв. кнізе МСАП.
Даўж цела да 106 см, хвост у некат. відаў можа быць удвая даўжэйшы. Заднія канечнасці ў большасці даўжэйшыя за пярэднія. Поўсць густая, мяккая. часта яркіх адценняў. Вочы вялікія. Мозг з малой колькасцю баразён і звілін, вял. паўшар’і ўкрываюць мазжачок няпоўнасцю. Усёедныя. Нараджаюць 1—4 дзіцянят.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНГВІНАПАДО́БНЫЯ, пінгвіны (Sphenisciformes),
атрад нелятаючых птушак. Вядомы з эацэну (каля 60 млн.г. назад). 1 сям., 21 род (6 сучасных), 44 віды (16 сучасных). Пашыраны ў Антарктыцы, на паўд. узбярэжжах Аўстраліі, Афрыкі і Паўд. Амерыкі, на Пн — да а-воў Галапагас. Гняздуюцца калоніямі (да 1 млн. асобін), некат. віды жывуць невял. групамі ці паасобна. 3 віды ў Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 120 см, маса да 45 кг. Апярэнне кароткае, шчыльнае, раўнамерна ўкрывае цела. Крылы ператвораны ў пакрытыя лускападобнымі пёрамі ласты, з дапамогай якіх П. плаваюць (са скорасцю да 40 км/гадз) і ныраюць (да глыб. 200 м). Кормяцца рыбай, малюскамі, ракападобнымі. Нясуць 1—2 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗВЕ́ДЗІ, мядзведзевыя (Ursidae),
сямейства млекакормячых атр. драпежных. Вядомы з сярэдняга міяцэну Еўразіі. 17 родаў (12 вымерлых), 7 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды і Аўстраліі. Трапляюцца пераважна ў лясных раўнінных і горных ландшафтах. Жывуць паасобна або сем’ямі (самка з маладымі, часам з самцом). Буры М., чорны М. (Ursus americanus) і белагруды М. (U. thibetanus) зіму праводзяць у спячцы. На Беларусі 1 від — буры мядзведзь. 5 відаў і 3 падвіды ў Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 3 м, выш. ў карку да 1,35 м, маса да 1 т. Склад цела масіўны. Галава вялікая, з падоўжанай мордай, лапы моцныя, пяціпальцыя, ступняходныя. Футра густое, з развітым падшэрсткам. Афарбоўка белая, чорная або бурая з рознымі адценнямі. Усёедныя. Манагамы. Нараджаюць 2—3 (зрэдку да 5) медзведзяняці 1 раз у 2 гады. Гл. таксама Белы мядзведзь, Грызлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБА́ЧЫЯ.
воўчыя, псовыя (Canidae), сямейства млекакормячых атр. драпежных. 15 (12) родаў, 35 (29) відаў. Пашыраны паўсюдна, акрамя Антарктыды і некат. астравоў (Мадагаскар, Новая Зеландыя, Сулавесі, Тайвань, арх. Меланезія і Палінезія). Жывуць у разнастайных, пераважна адкрытых ландшафтах. Селяцца ў норах або логавах. Трымаюцца паасобна, часам парамі, некат. — сямейнымі групамі і зграямі. На Беларусі пашыраны воўк, ліс, янотападобны сабака.
Даўж. да 160 см, маса да 80 кг. Афарбоўка разнастайная, пераважна аднатонная. Галава падоўжаная, морда вострая, вушы стаячыя. Футра густое, звычайна пушыстае. Хвост доўгі. На пярэдніх лапах па 5 пальцаў (у гіенавага сабакі — 4), на задніх — па 4; кіпцюры тупыя, не ўцягваюцца. Драпежнікі, спажываюць і расл. корм. Манагамы. Нараджаюць 3—4 (зрэдку да 13—16) шчанят 1 раз на год. Многія С. — аб’екты промыслу і зверагадоўлі (ліс, пясец і інш.). Да С. адносяцца ўсе пароды сабак свойскіх.