Папы́1, папкі ’расліна нівянік звычайны, Leucanthenum Dc vulgare Lam.’ (Кіс.). Ад поп. Матывацыю гл. папаўка.

Папы2, папакі ’скабіёза жоўтая, Scabiosa ochroleuca L.’ (Кіс.). Гл. папы 1.

Папы́3 ’апорныя слупы’ (Сл. ПЗБ). Этымалагічна тое ж, што і поп (гл.). Параўн. рус. поп ’цурка, чушка, выбітая з кона, якая зноў паўстае тарчма (пры гульні ў гарадкі)’, поставить на попа (напр., бочку) ’стаўма’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПАКРЫТАНАСЕ́ННЫЯ, кветкавыя расліны (Magnoliophyta, або Angiospermae),

аддзел вышэйшых раслін, якія маюць кветку. 2 класы (аднадольныя і двухдольныя), больш за 450 сям., каля 12,5 тыс. родаў і каля 250 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 112 сям., 560 родаў, каля 1500 відаў; таксама інтрадукавана больш за 6 тыс. відаў, форм і сартоў раслін. Прадстаўлены дрэвамі, кустамі, травамі, наземнымі, воднымі, эпіфітамі, сапратрофамі, паразітамі, насякомаеднымі раслінамі. У параўнанні з інш. вышэйшымі раслінамі П. маюць больш дасканалую анат. будову: у ксілеме — сапраўдныя сасуды-трахеі, у флаэме (лубе) — клеткі-спадарожніцы. Семязародкі (семязавязі) размешчаны ў поласці завязі. Гаметафіты спрошчаныя і развіваюцца хутчэй за голанасенныя. Характэрная асаблівасць П. — двайное апладненне (адзін з 2 сперміяў зліваецца з яйцаклеткай, а другі — з 2 палярнымі ядрамі зародкавага мяшка). Пасля апладнення развіваецца зародак, заключаны ў семя, якое знаходзіцца ў плодзе (адсюль назва). З-за адсутнасці пераканаўчых выкапнёвых продкавых форм П. няма агульнапрынятай гіпотэзы аб іх паходжанні і эвалюцыі. Першаснымі П. былі, верагодна, дрэвавыя расліны з вечназялёным лісцем і двухполымі кветкамі. Эвалюцыя ішла шляхам шырокай адаптыўнай радыяцыі вельмі хуткімі тэмпамі. Самыя стараж. выкапнёвыя рэшткі адносяць да раннемелавога перыяду, але дзякуючы высокай эвалюц. пластычнасці ў сярэдзіне мелавога перыяду П. займаюць дамінуючае становішча. Вял. ролю ў іх эвалюцыі і рассяленні адыгралі насякомыя-апыляльнікі. П. — адзінкавая група раслін, якая ўтварае складаныя шмат’ярусныя згуртаванні, што спрыяе больш інтэнсіўнаму выкарыстанню навакольнага асяроддзя і асваенню новых мясцін існавання. Самая важная для чалавека група раслін. Харч., лек., карм., тэхн., дэкар. расліны.

Літ.:

Жизнь растений. Т. 5 (ч. 1—2), 6. М., 1980—82;

Тахтаджян А.Л. Система магнолиофитов. Л., 1987.

Пакрытанасенныя. Двухдольныя (1—12). Складанакветныя: 1 — нівянік звычайны; 2 — піжма звычайная; 3 — васілёк перысты. Бабовыя: 4 — цэзальпінія Джыліса; 5 — чына лясная; 6 — куравай эспарцэтавы. Казяльцовыя: 7 — боцікі клабучковыя; 8 — сон-трава расчыненая; 9 — пылюшнік водазбіральналісты. Ружавыя: 10 — дуброўка гусіная; 11 — яблыня ягадная; 12 — вятроўнік звычайны. Аднадольныя (13—20). Злакі: 13 — трыснёг звычайны; 14 — купкоўка зборная; 15 — авёс пасяўны; 16 — кукуруза. Архідныя: 17 — дэндробіум высакародны; 18 — катлея Трыяны; 19 — ятрышнік Фукса; 20 — чараўнік двухлісты.

т. 11, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Поп1 ’праваслаўны святар’ (ТСБМ), ’святар’ (ТС); укр. піп, рус. поп, балг. поп, с.-харв. по̏п, славен. pòp, чэш., славац., польск., в.-луж. pop, палаб. püöp ’святар; настаўнік’. Са ст.-польск. pop < ст.-в.-ням. pfaffo ’святар; поп’ < познелац. papa ’тс’ < лац. papas ’настаўнік’ < грэч. πάππος ’дзед, продак’ (Фасмер, 3, 327; Чарных, 2, 56). Банькоўскі (2, 698) адмаўляе сувязь з апошнім, мяркуючы, што першапачаткова назва адносілася да паганскага святара, параўн. поп ’снегавік’ (ТС).

Поп2 ’адуванчык, Taraxacum’ (Мат. Гом.), папо́к, пупо́к ’тс’ (Кіс.), папы́, папкі́, папа́ўканівянік, Leucanthemum (Кіс.), папы́, папакі́ ’скабіёза, Scabiosa’ (Кіс., ЭПБ), папкі́, по́пікі ’паўночнік, Knautia’ (Касп., Кіс.), папо́ўнік ’пірэтрум, Pyrethrum’ (ЭПБ), ’вятроўнік, Filipendula’ (Касп., Кіс.), ’баркун, Melilotus’ (Кіс., ЭПБ), папо́к ’канюшына, Trifolium’ (Бяльк.). Найбольш імаверна, названы гэтыя расліны так паводле вонкавага выгляду іх суквеццяў ад пуп (гл.) з пераходам у > o/а, параўн. яшчэ бел. пуп ’бацюшка’ (ЖНС), што, магчыма, звязана з уплывам лексемы поп (гл. поп1) і магло прывесці да ўзнікнення такіх назваў, як ксёндз ’адуванчык’ (Кіс.). Параўн. яшчэ рус. пупо́к ’кветкавая галоўка’, пуповник ’расліна, Scabiosa arvensis’, пупавка ’рамонак’, попо́к ’упрыгожанне спінкі ложка ў выглядзе шарыка’. Польск. pępawa ’адуванчык’. Банькоўскі (2, 538) таксама ўзводзіць да *pǫp‑ava < *pǫp ’пуп’. Па першасную матывацыю ’нешта пукатае, шарападобнае’ паказвае і назва бабок (гл.). Інакш гл. папаўка.

Поп3 ’пер’е цыбулі, часнаку’ (Мат. Гом.). Хутчэй за ўсё да пуп (гл.). Параўн. пупо́к ’калок, які мацуецца да касся’ (Жд. 3, Мат. Гом.), пупо́к ’зашпілька з кавалачка дрэва’, іншыя назвы для гэтай рэаліі цу́рка, па́лачка (ЛА, 4), пупны ’адросткі пер’яў’ (ЛА, 1), параўн. яшчэ ду́дкі, тру́бкі, па́лкі (ЛА, 1). Сюды ж, відаць, укр. піп ’вертыкальна пастаўленая цурка’, рус. поп ’цурка ў гульні, якую збіваюць палкамі’, ’прадмет, які стаіць старчаком’, попы́ ’гарадкі’, балг. по́пак, по́пок, по́пък ’пень’, по́покь, по́пук ’пуп’, чэш. popek ’жалезны калок для рэгуляцыі глыбіні арання’. Магчыма, ранейшае значэнне пуп ’прадаўгаваты кавалак пупавіны, які пакідаюць пры яе пераразанні’ > ’адсечаны кавалак дрэва, цурка, калок’ > ’старчак, цурубалка’. Параўн. пуп (гл.). Фасмер (3, 327) лічыць этымалагічна тоеснымі поп ’цурка’ і поп ’святар’, але не дае матывацыю. Паводле Будзішэўскай (SFPS, 26, 119–122), балг. поп ’слуп, на які апіраецца верх страхі’ — у выніку замены першапачатковага *dědъ ’тс’ пад уплывам хрысціянства (гл. поп1); паводле БЕР (5, 522), выводзіцца з попник, попницъ ’тс’ ад *pьnǫ, pęti, гл. пяць, што сумнеўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)