ГІПЕРТАНІ́Я (ад гіпер... + грэч. tonos напружанне),

павышэнне напружанасці (тонусу) мышцаў і інш. тканак і органаў. Бывае пры парушэнні метабалізму і электралітнага абмену ў мышачных валокнах ці пры расстройствах нерв.-эндакрыннай рэгуляцыі тонусу. Тэрмін гіпертанія азначае таксама павышаны крывяны (артэрыяльны) ціск, сімптом гіпертанічнай хваробы і інш. сасудзістых хвароб. Адрозніваюць гіпертанію пры гіпертанічнай хваробе, сімптаматычную, якая з’яўляецца сімптомам асн. хваробы (нырачная, эндакрынная, цэрэбральная і інш.), і часовую (гіпертэнзію) ад псіхічных, тэмпературных, болевых уздзеянняў і фіз. працы. Часовая гіпертанія не выклікае гемадынамічных і марфалагічных змен.

т. 5, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЯРЫ́Я (італьян. malaria ад mala aria дрэннае паветра; раней меркавалі, што хвароба выклікаецца дрэнным паветрам),

перамежная трасца, паразітарная хвароба чалавека, якую выклікаюць аднаклетачныя арганізмы — плазмодыі. Пераносчык — самка малярыйнага камара. Пашырана ў краінах Афрыкі, Азіі, Паўд. Амерыкі, існуюць ачагі ў Азербайджане, Дагестане, Таджыкістане. На Беларусі ліквідавана ў 1950-я г. Крыніца хваробы — хворы на М. чалавек ці паразітаносьбіт. Заражэнне адбываецца пры ўкусе камара. Узбуджальнік пранікае ў кроў чалавека і заносіцца ў печань, дзе размнажаецца, потым укараняецца ў эрытрацыты. Разбурэнне эрытрацытаў суправаджаецца прыступамі ліхаманкі, дрыжыкамі, павялічваюцца селязёнка, печань. Ускладненні: малярыйная кома, анемія, нырачная недастатковасць. Адрозніваюць 4 формы М., найб. цяжкая трапічная. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 10, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЫ́РКІ,

парныя органы мочаўтварэння і мочавыдзялення пазваночных жывёл і чалавека. Удзельнічаюць у водна-салявым гамеастазе, абмене бялкоў і вугляводаў, утварэнні біялагічна актыўных рэчываў, якія рэгулююць узровень крывянога ціску, скорасць утварэння эрытрацытаў, сакрэцыю альдастэрону наднырачнікамі, састаў крыві і выводзяць з арганізма канчатковыя прадукты азоцістага абмену рэчываў і інш. Размешчаны па баках пазваночніка ў забрушыннай клятчатцы паяснічнай вобласці. У кругларотых і рыб Н. стужкападобныя, у паўзуноў і птушак — дольчатыя, у большасці млекакормячых і чалавека — бобападобныя. Маса кожнай Н. ў чалавека 120—200 г, даўж. 10—12 см. У вышэйшых пазваночных парэнхіма Н. падзяляецца на коркавае і мазгавое рэчыва, у якім размешчана каля 2 млн. нефронаў; мазгавое рэчыва ўтварае 8—18 пірамід, паміж і над якімі знаходзяцца слаі коркавага рэчыва (нырачныя слупы). Звужаныя верхавінкі пірамід (нырачныя сасочкі) павернуты ў малыя нырачныя чашачкі, што адкрываюцца ў вял. чашачкі, потым — у лаханку і мачаточнік.

А.С.Леанцюк.

Нырка (падоўжны разрэз); 1 — коркавае рэчыва; 2 — сасочак; 3 — чашачка; 4 — лаханка; 5 — слуп; 6 — піраміда; 7 — нырачная артэрыя; 8 — мачаточнік.

т. 11, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕФРАЛО́ГІЯ (ад грэч. nephros нырка + ...логія),

раздзел медыцыны, які вывучае будову і функцыі нырак, прычыны ўзнікнення і механізмы развіцця іх захворванняў; распрацоўвае метады дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі. Цесна звязана з агульнай тэрапіяй, кардыялогіяй, уралогіяй, эндакрыналогіяй. Асн. праблемы сучаснай Н.: вострая і хранічная гламерулярныя і тубулярныя працэсы (першасныя і другасныя гламеруланефрыты, інтэрстыцыяльныя нефрыты; вострая і хранічная нырачная недастатковасць, яе лячэнне метадамі гема- і перытанеальнага дыялізу і трансплантацыяй нырак; захворванні нырачнага трансплантата, сімптаматычныя артэрыяльныя гіпертэнзіі). Для дыягностыкі ў Н. выкарыстоўваюць біяхім., рэнтгеналагічныя, радыеізатопныя, марфал., ультрагукавыя і інш. метады даследавання. У самаст. раздзел медыцыны Н. вылучана ў 1950-х.г.

На Беларусі праблемамі Н. займаюцца ў рэсп. нефралагічным цэнтры (4-я бальніца Мінска, Бел. НДІ кардыялогіі), мінскім гар. і абл. нефралагічных цэнтрах, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, Мінскім мед. ін-це. Вывучаюцца пытанні дыягностыкі і лячэння гламеруланефрытаў, хранічных захворванняў нырак у дзяцей, вострай нырачнай недастатковасці і інш. Вядучыя вучоныя ў галіне Н.: І.І.Канус, В.С.Пілатовіч, А.В.Сукала, А.С.Чыж і інш. Працуюць 18 аддзяленняў Н., 19 аддзяленняў (лабараторый) гемадыялізу, аддзяленне перасадкі ныркі, кабінеты і кансультатыўныя нефралагічныя прыёмы.

Літ.:

Нефрология в терапевтической практике. Мн., 1988;

Стецюк Е.А., Лебедев С.В. Классический гемодиализ. М., 1997;

Пилотович В.С., Соклаков В.И. Хроническая почечная недостаточность: интеграция и дифференциация лечения. Мн., 1993.

В.С.Пілатовіч.

т. 11, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лаха́н ’вялікі гліняны збан’ (Юрч. Вытв.), мсцісл. лыжай ’драўляная дзежачка’ (Бел. хр. дыял.), лаханка, лахань, лаханка ’ражка’ (Бяльк., Касп.; палес., З нар. сл.), смарг. ’невялікая драўляная міска’ (Сл. паўн.-зах.), ’вялікі гаршчок з ручкамі па баках для збівання масла’ (Малч.), ’гліняная міска’ (Чач.; лях., Янк. Мат.; палес., Вяр.Крыв.; гродз., Сл. паўн.-зах.), паўд.-усх. ’вялікі гаршчок, у якім заварваюць адзенне’, ’вялікі гаршчок-соуснік’, ’гліняны сасуд, шырэйшы зверху, вузейшы знізу’ (КЭС), ’гліняны посуд, у якім жарацца вялікія кавалкі ялавічыны’, ’умывальнік’, (Шпіл.), ’балея’ (лях., іўеў., Сл. паўн.-зах.) ’цэбар для вады ці памыяў’ (Мат. Гом.), рэч. лаханя ’гліняная міска’ (Мат. Гом.), ’вялікая міска’ (Ян.), лаханок ’шырокі, гліняны збан’ (Юрч.), пін. лахінька ’міска’ (КЭС). Укр. дюблінск. лаханка ’вялікая міска, цэбар для свіной ежы’, ’вядро для памыяў’, рус. лохань, локан, лахам, лоханка, лоханочка ’прадаўгаваты або круглы сасуд гаспадарчага прызначэння’, ст.-рус. лохам, лакам, лоханя ’круглы, адкрыты сасуд’ (XV ст.), паўн.-усх. польск. lachań, lachanka ’міска’, мазав. lochania ’ночвы’, якія, аднак, з бел. лахань, лаханка (Слаўскі, 4, 405). Надзейнай этымалогіі няма. Найбольш дапушчальная версія аб запазычанні са ст.-грэч. λεκάνη, позняе дарыч. λακάνη ’таз, балея, ражка’, параўн. таксама ст.-грэч. λεκάνιον ’міска, блюда’. Іншыя версіі гл. Фасмер, 2, 524; Слаўскі, 4, 405. Бел. лаханка нырачная (ТСБМ) узыходзіць да рус. лаханка почечная (Крукоўскі, Уплыў, 38). Аб няўстойлівасці агаласоўкі ла‑ і ло‑ гл. Аткупшчыкоў, Из истории, 245.⇉.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)