ЭКЛАМПСІ́Я (ад грэч. eklampsis успышка),
форма позняга таксікозу цяжарнасці. Асн. праява — раптоўныя сутаргі і страта прытомнасці, якія могуць паўтарацца. Бывае ў цяжарных, парадзіх (у час родаў найб. часта) і пасля родаў.
Адрозніваюць Э. лёгкую, сярэдняй цяжкасці і цяжкую, сутаргавую і бяссутаргавую (хворая адразу ўпадае ў кому), цэрэбральную (мазгавую), пячоначную, нырачную. Часцей узнікае ў першародак, таксама пры наяўнасці захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы, печані, нырак і інш., на фоне нефрапатыі цяжарных (ацёкі, павышаны артэрыяльны ціск і інш.). Перад сутаргавым прыпадкам павышаецца артэрыяльны ціск, пагаршаецца зрок, магчыма часовае спыненне дыхання, павышэнне т-ры цела і інш. Пасля сутаргаў — каматозны стан, потым астэнія, санлівасць. Пры Э. можа развівацца нырачная, пячоначная, сардэчная і дыхальная недастатковасць, пнеўманія і інш. Лячэнне тэрапеўт., пры неабходнасці — паскарэнне родаў, кесарава сячэнне У жывёл да Э. больш схільныя сабакі, пушныя звяры, каты. Характарызуецца з’яўленнем тоніка-кланічных сутаргавых прыпадкаў.
І.М.Семяненя.
т. 18, кн. 1, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)