размалява́цца, ‑лююся, ‑люешся, ‑люецца; зак.

Разм.

1. Неадабр. Нафарбаваць сабе твар ярка і груба; нагрыміравацца. [Матруна:] — Калі так, дык чаго ж тады размалявалася? Хочаш яшчэ каму-небудзь спадабацца? Зуб.

2. Пачаць многа маляваць; захапіцца маляваннем.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Размаглява́ць (размаглева́ць) ’нарумяніць’, ’намасліць’ (Нас.), ’размаляваць, упрыгожыць’ (Шпіл.), размагліва́ць ’размаляваць, нафарбаваць’ (Бяльк.), размаглева́цца ’прыгожа апранацца, румяніцца’ (Нас.), размаглёванный ’нарумянены’ (Нас.), укр. маґлюва́ти ’дрэнна маляваць’, ст.-польск. maglować ’разгладжваць валасы, скуру’ (XVI–XVII ст.). Лучыц-Федарэц збліжае з ма́гель ’прылада, якой качаюць бялізну’, маглява́ць ’качаць бялізну’, гл. ЭСБМ, 6, 150, 152. Няпэўна. Па іншай версіі, якая падаецца больш верагоднай, лексема ўзнікла ў выніку збліжэння малява́ць (гл.) з фанетычна блізкім маглява́ць ’качаць бялізну’ (ЕСУМ, 3, 354).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

размалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., каго-што.

1. Пакрыць рознымі, звычайна яркімі, фарбамі; упрыгожыць, намаляваўшы ўзор, арнамент і пад. Размаляваць вазу. Размаляваць сувенірную талерку. □ Калоны некалі былі белыя. У вайну іх размалявалі зялёнымі і чорнымі пісягамі маскіроўкі. Савіцкі. / у перан. ужыв. Я.. загледзеўся .. на залатыя ўзоры, якімі размалявала сонца ствалы дрэў, кусты і леташні сівец. Ляўданскі. // Разм. Ярка і груба нафарбаваць; нагрыміраваць твар. // Зрабіць сатырычны, карыкатурны малюнак на якую‑н. тэму. Калі яго размалявалі ў газеце, усе мужчыны смяяліся, а Дзіма надзьмуўся, некуды схаваўся і нават абедаць не прыйшоў. Даніленка. // Разм. Нарабіць сінякоў каму‑н. [Міхаіл Пятровіч:] — Ну і размалявалі цябе... Цяпер мне зразумела, чаму жаўтуха. Цябе, хлопча, білі, дык білі, не шкадуючы... С. Александровіч. «Нябось не прызнаецца ёй, хто яго так размаляваў!» — адзначыў сам сабе: мне вельмі хацелася, каб паненка даведалася, што менавіта я аддубасіў так яе прыяцеля!» Карпюк.

2. перан. Паказаць у прыхарошаным выглядзе, перабольшыць значэнне чаго‑н. Кудрынскі мог цікава размаляваць самую [непрыглядную] рэч, яна набывала асаблівае хараство ў слухачоў. Лужанін. Слесар з суседняга ўчастка гаварыў: «Душу мне пячэ гэта паперка. Паўтары нормы даў, размалявалі, распісалі. А мне сорамна людзям у вочы глядзець». Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)