адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1940—60. Утвораны 15.1.1940 у Пінскай вобл. Цэнтр — в.Ленін, з 8.6.1950 — г.п.Мікашэвічы. 1.10.1940 падзелены на 12 сельсаветаў. З 8.1.1954 у Брэсцкай вобл. 20.1.1960 скасаваны, сельсаветы перададзены Жыткавіцкаму р-ну Гомельскай вобл., Старобінскаму р-ну Мінскай вобл., Лунінецкаму р-ну Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАШЭ́ВІЦКІ КАМЕНЕАПРАЦО́ЎЧЫ ЗАВО́Д.
Пабудаваны ў 1980 у р.п.Мікашэвічы Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. Рэканструяваны ў 1989. Уключае кар’ер па здабычы граніту ў в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл. Карыстаецца сыравінай з Украіны і Расіі. Вырабляе (1999): пліты абліцовачныя з граніту, мармуру, арх.-буд. вырабы з прыроднага каменю, надмагільныя помнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАШЭ́ВІЦКІ ЛЕСАПІ́ЛЬНА-ФАНЕ́РНЫ ЗАВО́Д.
Дзейнічаў з 1898 у мяст.Мікашэвічы Мазырскага пав. (цяпер рабочы пас. у Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл). Выпускаў дошкі, фанеру, гонту, сталярныя і буд. матэрыялы і інш. Меў паравую машыну (60 к.с.), з 1910—3 паравыя рухавікі (200 к.с.), склады ў Маскве, Харкаве, Адэсе, Лондане і Парыжы. У 1913 працавала 250 чал. У гады 1-й сусв. і Вял.Айч. войнаў быў разбураны. Пазней адноўлены, рэканструяваны і пашыраны. Цяпер цэх лесапілавання і дрэваапрацоўкі Мікашэвіцкага леспрамгаса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯРЫ́Т (франц. diorite ад грэч. diorizo размяжоўваю, адрозніваю),
глыбінная поўнакрышталічная магматычная горная парода, складзеная з плагіяклазу (андэзіну ці алігаклазу) і звычайна рагавой падманкі, радзей аўгіту і біятыту, зрэдку — кварцу (кварцавы Д.). Структура буйна- і тонказярністая, раўнамерна-, нераўнамерназярністая, парфірападобная. Колер шэры да зеленавата-шэрага. Шчыльн. 2700—2900 кг/м³. Утварае буйныя інтрузіі ў выглядзе баталітаў, штокаў. Пашыраны ў крышт. фундаменце Беларусі. На Пд рэспублікі (р.п.Мікашэвічы) мае прамысл. значэнне. Выкарыстоўваецца як буд. матэрыял, на брук і як абліцовачны камень; некаторыя гатункі — дэкар. камяні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАШЭ́ВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА БУДАЎНІ́ЧАГА КА́МЕНЮ.
У Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл., каля р.п.Мікашэвічы, ва ўсх.ч.Мікашэвіцка-Жыткавіцкага выступу. Паклад звязаны з ніжнепратэразойскімі пародамі крышт. фундамента. Карысныя выкапні (дыярыты, гранадыярыты, граніты) светла-шэрых адценняў, пераважна сярэднезярністыя, зверху трэшчынаватыя. Разведаныя запасы 373,3 млн.м³, перспектыўныя 147,2 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 82,8—135,8 м, ускрышы (пяскі, гліны, алеўрыты, выветралыя крышт. пароды) 3,1—59,4 м. Карысныя выкапні прыдатныя на выраб бутавага каменю, шчэбеню і штучнага пяску. Распрацоўваецца Мікашэвіцкім прадпрыемствам «Граніт».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯБА́З (ад грэч. diabasis пераход),
поўнакрышталічная палеатыпная магматычная горная парода з групы габрабазальтаў. Складзены з плагіяклазаў і аўгіту з прымессю магнетыту, ільменіту, другасных мінералаў, радзей алівіну, кварцу. Колер цёмна-шэры ці зеленавата-чорны. Шчыльн. 2700—3300 кг/м³. Трываласць на сцісканне да 300 МПа. Т-ра плаўлення 1005—1250 °C. Трапляецца ў магматычных формах складкавых абласцей і платформ. Формы залягання Д. — патокі, покрывы, дайкі, сілы і інш. Пашыраны ў пародах, якія складаюць крышт. фундамент Беларусі (г. Жыткавічы, р.п.Мікашэвічы, г. Шчучын). Выкарыстоўваецца як будматэрыял і сыравіна для каменнага ліцця, як напаўняльнік бетону, штучных камянёў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВЯР’Я́НАЎ (Юрый Іванавіч) (н. 16.6.1952, р.п.Мікашэвічы Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. акцёр. Скончыў Вышэйшае тэатр. вучылішча пры Яраслаўскім т-ры імя Волкава (1972). Працуе ў Нац. т-ры імя Я.Купалы. Характарны акцёр. Яму ўласцівы глыбокае адчуванне рэжысёрскай стылістыкі, веданне псіхалогіі сваіх персанажаў, пластычнасць і высокая культура сцэн. мовы. Сярод роляў: Банавантура-Выкрутач («Ідылія» В.Дуніна-Марцінкевіча), Сёмка («Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева), Ак’егет («У ноч зацьмення месяца» М.Карыма), Менахем-Мэндл («Памінальная малітва» Р.Горына паводле Шолам-Алейхема). Аўтар радыёперадач аб музыцы, рэжысёр радыёспектакляў, у т. л. оперы «Агатка» Я.Д.Голанда і М.Радзівіла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́Ў (Віктар Барысавіч) (1.4.1923, Мінск — 27.11.1981),
бел. скульптар. Скончыў Маскоўскі ін-т прыкладнога і дэкар. мастацтва (1952). Працаваў у станковай і манументальнай скульптуры. Сярод станковых твораў кампазіцыі «Партрэт студэнткі», «Раніца» (абодва 1956), «Мары» (1957), «Юнацтва» (1960), «Зноў ідуць» (1964), партрэт арх. Я.І.Цюкава (1973) і інш. Аўтар помнікаў У.І.Леніну ў р.п.Мікашэвічы Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. (1959), Ашгабаце (1966), Небіт-Дагу (Туркменістан, 1967), туркм. паэту 18 ст. Махтумкулі ў Ашгабаце (1970). Прымаў удзел у арх.-скульптурным аздабленні будынкаў Сувораўскага вучылішча (1953), Палаца культуры Белсаўпрофа (1954), Т-ра юнага гледача (1956) у Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТКО́ВА (Святлана Сяргееўна) (н. 16.8.1941, в. Абросаўка Краснаармейскага р-на Самарскай вобл., Расія),
бел. мастак манум.-дэкар. мастацтва і жывапісец. Дачка С.П.Каткова. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1967). З 1968 працуе на Мінскім маст.-вытв. камбінаце. Алегарычнай ёмістасцю вобразаў, выразнасцю колераў вызначаюцца размалёўкі ў кінатэатры «Вільнюс» (1976), Палацы культуры чыгуначнікаў (1978, абедзве з З.Літвінавай), рэстаране «Планета» (1980) у Мінску, Палацы культуры камбіната нярудных матэрыялаў у р.п.Мікашэвічы Лунінецкага р-на (1982), актавай зале тэхн. вучылішча харчавікоў у Слуцку («Купалле», 1984). Дэкаратыўнасць колеру і кампазіцыйнай будовы ўласцівы станковым творам: «Зялёны май. Перамога» (1973), «Палявыя кветкі» (1974), «Летняя ноч» (1975), «Сярэбраныя травы» (1977), «Жніво» (1982), «Дзень памяці» (1984), цыклы «Поры года», «Народныя святы. Калядкі», «Італія. Карнавал» (усе 1995—98). Іл.гл. да арт.Васковы жывапіс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЖА́Н-ГАРАДО́К,
вёска у Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл., на левым беразе р. Цна, на аўтадарозе Лунінец — г.п.Мікашэвічы. Цэнтр Гарадоцкага с/с і 2 калгасаў. За 17 км на ПдУ ад г. Лунінец, 257 км ад Брэста, 6 км ад чыг. ст. Лахва. 1968 ж., 702 двары (1997).
Па пісьмовых крыніцах з 1493 вядомы як сяло Гарадзец. У 1599 мястэчка Навагрудскага пав. З 1613 цэнтр воласці, 116 двароў, царква. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Пінскага пав. У 1897 у К.-Г. 3894 ж., царква, каталіцкая капліца, сінагога, 2 яўр. малітоўныя дамы, школа, 3 млыны, 10 крам, заезны дом, штогод праводзілася некалькі кірмашоў. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны (да 1928) Лунінецкага пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Гарадоцкага с/с у Лунінецкім р-не. У кастр. 1942 ням.-фаш. захопнікі спалілі тут 100 дамоў, загубілі 975 чал. У 1971—2416 ж., 656 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква. Каля вёскі гарадзішча (6—7 ст.).