АЭРАЗО́ЛІ
(ад аэра... + золі),
дысперсныя сістэмы з цвёрдымі ці вадкімі часцінкамі, завіслымі ў газавым асяроддзі (пераважна ў паветры). Да аэразоляў адносяцца туман, воблакі, дым (памер часцінак 0,1—5 мкм), пыл (10—100 мкм) і інш. Аэразолі ўтвараюцца ў прыродных працэсах (воблачнасць, вывяржэнні вулканаў, лясныя пажары, пылавыя буры, метэарытны і касм. пыл і інш.) або ў выніку дзейнасці чалавека (прамысл. і трансп. выкіды, пэўныя тэхналогіі, гарэнне паліва, пораху, арган. рэчываў, тытуню, радыяц. забруджванне). Аэразолі з прыроднага туману і выкідаў прам-сці наз. смогам.
Аэазолі ўплываюць на эл. і хім. характарыстыкі атмасферы, рассейванне і паглынанне ў ёй сонечнай радыяцыі, бачнасць, фарміраванне воблакаў і ападкаў. Штучныя аэразолі выкарыстоўваюцца ў аэразольтэрапіі (інгаляцыя, дэзінфекцыя), прам-сці (нанясенне металічных і лакафарбавых пакрыццяў, распыленне паліва), сельскай гаспадарцы (распыленне пестыцыдаў, інсектыцыдаў). Узнікненне аэразоляў часта непажаданае з-за страт каштоўных рэчываў, забруджвання паветра, шкоднага ўздзеяння на людзей і навакольнае асяроддзе, тэхн. канструкцыі і інш. (гл. таксама Аэразольная катастрофа).
т. 2, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
дождж, дажджу, м.
1. Атмасферныя асадкі ў выглядзе капель вады, якія падаюць з хмар. Асенні дождж. Праліўны дождж. □ З самага рання.. ішоў дождж перагонамі. Чорны. У паветры была страшэнная духата — нібыта збіралася на дождж. Чарот. З халодным ветрам урываліся частыя каплі дажджу, адганялі сон, бадзёрылі. Лынькоў. Раніцай прайшоў спорны дождж, дрэвы абапал дарогі яшчэ не абсохлі. Ваданосаў. З вялікага грому дажджу не бывае. Прыказка.
2. перан.; які або чаго. Мноства, вялікая колькасць чаго‑н., што падае, сыплецца. Метэарытны дождж. □ З абодвух бакоў няспынна грукатала зенітная артылерыя, на зямлю сыпаўся жалезны дождж асколкаў. Дудо.
3. у знач. прысл. дажджо́м. У дождж, у дажджлівае надвор’е. Хто дажджом косіць, той пагодай сушыць. Прыказка.
4. у знач. прысл. дажджо́м. Падобна дажджу; у мностве. Іскры сыпаліся дажджом.
•••
Зорны дождж — вялікае падзенне метэораў; зарапад.
Сляпы (цыганскі) дождж — дождж, які ідзе пры сонцы.
Залаты дождж — вялікія грошы, прыбыткі.
Як грыбоў пасля дажджу гл. грыб.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)