Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГО́ЙСКАЯ АСТРАБЛЕ́МА,
старажытны метэарытны кратэр паблізу г. Лагойск у вярхоўі р. Гайна. Пахаваны пад антрапагенавымі адкладамі. Адкрыты ў 1975 пры бурэнні свідравіны ў раёне в. Кузевічы як структура з анамальнай геал. будовай. Дыяметр Л.а. каля 15 км, глыбіня каля 500 м. Складзена з т. зв. брэкчыі — абломкаў, глыб, друзу парод рознага ўзросту; частка іх дэфармаваная, сплаўленая; уся маса кавалкаў сцэментаваная ў больш позні час. Метэарытнае паходжанне Л.а. абгрунтавалі бел. вучоныя А.С.Махнач, М.В.Вераценнікаў, Г.І.Ількевіч.
Літ.:
Логойская астроблема. М., 1991.
У.Я.Бардон.
т. 9, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАЗО́ЛІ
(ад аэра... + золі),
дысперсныя сістэмы з цвёрдымі ці вадкімі часцінкамі, завіслымі ў газавым асяроддзі (пераважна ў паветры). Да аэразоляў адносяцца туман, воблакі, дым (памер часцінак 0,1—5 мкм), пыл (10—100 мкм) і інш. Аэразолі ўтвараюцца ў прыродных працэсах (воблачнасць, вывяржэнні вулканаў, лясныя пажары, пылавыя буры, метэарытны і касм. пыл і інш.) або ў выніку дзейнасці чалавека (прамысл. і трансп. выкіды, пэўныя тэхналогіі, гарэнне паліва, пораху, арган. рэчываў, тытуню, радыяц. забруджванне). Аэразолі з прыроднага туману і выкідаў прам-сці наз. смогам.
Аэазолі ўплываюць на эл. і хім. характарыстыкі атмасферы, рассейванне і паглынанне ў ёй сонечнай радыяцыі, бачнасць, фарміраванне воблакаў і ападкаў. Штучныя аэразолі выкарыстоўваюцца ў аэразольтэрапіі (інгаляцыя, дэзінфекцыя), прам-сці (нанясенне металічных і лакафарбавых пакрыццяў, распыленне паліва), сельскай гаспадарцы (распыленне пестыцыдаў, інсектыцыдаў). Узнікненне аэразоляў часта непажаданае з-за страт каштоўных рэчываў, забруджвання паветра, шкоднага ўздзеяння на людзей і навакольнае асяроддзе, тэхн. канструкцыі і інш. (гл. таксама Аэразольная катастрофа).
т. 2, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)