БА́ЕЎ (Браніслаў Віктаравіч) (н. 1.2.1936, г. Варонеж, Расія),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1991). Скончыў Саранскае муз. вучылішча (1963). З 1963 у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі імя В.​Дуніна-Марцінкевіча (Бабруйск). Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод лепшых роляў: Сырадоеў («Трыбунал» А.​Макаёнка), Анатоль Іванавіч («І змоўклі птушкі...» І.​Шамякіна), Пятро Бусел («Спявае «Жаваранак» Ю.​Семянякі, Рэдактар («Лесвіца ў неба» паводле М.​Слуцкіса), Васкоў («А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.​Васільева), Сямён Каўроў («Ярасць» Я.​Яноўскага), Эгей («Медэя» Л.​Разумоўскай), Залешын («Свеціць, ды не грэе» А.​Астроўскага), Пішта («Прачніся і спявай» М.​Дзьярфаша), Кэбат («Каханне пад вязамі» Ю.​О’Ніла).

т. 2, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РБЕР ((Barber) Сэмюэл) (9.3.1910, Уэст-Чэстэр, штат Пенсільванія, ЗША — 23.1.1981),

амерыканскі кампазітар. Скончыў Муз. ін-т Кёртыс у Філадэльфіі (1928), выкладаў у ім (1939—41). Выступаў як спявак і дырыжор. Сталыя творы Барбера спалучаюць рысы рамантызму і неакласіцызму. Асн. тв.: оперы «Ванеса» (1958), «Антоній і Клеапатра» (1966), камерная «Партыя ў брыдж» (1959); балет «Змяінае сэрца» (1946, 2-я рэд. 1947; на яго аснове арк. сюіта «Медэя»); кантата «Малітва К’еркегора» (1954); 2 сімфоніі; Адажыо для стр. арк.; канцэрты з арк. для фп., скрыпкі, віяланчэлі; камерна-інстр. ансамблі; саната для фп.; хары; цыклы песень на сл. Дж.​Джойса і Р.​М.​Рыльке.

т. 2, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБЕРВА́ЛЬ (Dauberval, D’Auberval; сапр. Бершэ; Bercher) Жан (19.8.1742, г. Манпелье, Францыя — 14.2.1806), французскі артыст балета, балетмайстар. Вучань і паслядоўнік рэфарматара танца Ж.Ж.Навера. Дэбютаваў у Парыжскай оперы ў 1761, у 1770—83 яе саліст. Віртуозны танцоўшчык паўхарактарнага жанру. Сярод партый: Паляк («Галантная Індыя» Ф.​Рамо), антрэ Зямлі («Стыхіі» А.​Дэтуша), Крэон («Медэя і Ясон» Ж.​Ж.​Радольфа). У 1789—92 выступаў і ставіў балеты ў Бардо (Францыя) і Лондане. Яго лепшы балет «Марная перасцярога» на зборную музыку (1789) захаваўся ў рэпертуары да нашага часу. Сярод інш. пастановак: «Пігмаліён» Ж.​Ж.​Русо, «Дэзерцір» на муз. П.​А.​Мансіньі, «Легкадумны паж», «Тэлемак на востраве Каліпса». У творчасці спалучаў танец з пантамімай, шырока выкарыстоўваў нар. і быт. танец.

т. 5, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́НДА (Benda),

чэшскія музыканты, браты. Нарадзіліся ў г. Старэ-Бенаткі, Чэхія.

Іржы (Георг) Антанін (30.6.1722—6.11.1795), кампазітар, скрыпач, дырыжор. З 1742 скрыпач прыдворнай капэлы ў Берліне, з 1750 у г. Гоце, прыдворны капельмайстар (1770—78). Выступаў з выкананнем сваіх твораў у Гамбургу, Вене, Парыжы, Берліне. Стварыў узоры меладрамы: «Арыядна на Наксосе» і «Медэя» (1775), «Пігмаліён» (паводле Ж.​Ж.​Русо, 1779). Аўтар зінгшпіляў «Вясковы кірмаш» (1775), «Дрывасек, або Тры жаданні» (1778) і інш., кантат, сімфоній, канцэртаў з аркестрам, санат, культавых харавых твораў.

Францішак (Франц; 22.11.1709—7.3.1786), скрыпач і кампазітар. З 1726 канцэртаваў па Зах. Еўропе. З 1733 у Берліне, прыдворны скрыпач, канцэртмайстар Каралеўскага аркестра. Аўтар сімфоній, канцэртаў для скрыпкі з аркестрам і для клавесіна, санат для скрыпкі з basso continuo, трыо-санат, скрыпічных п’ес. Напісаў «Аўтабіяграфію» (рус. пер. у час. «Музыкальный и театральный вестник», 1856, № 41, 42, 44).

т. 3, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХЛО́ПКАЎ (Мікалай Пятровіч) (15.5.1900, г. Іркуцк — 8.1.1967),

рускі рэжысёр, акцёр. Нар. арт. СССР (1948). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1918. З 1923 акцёр Т-ра імя У.​Меерхольда. З 1930 узначальваў Рэалістычны т-р, з 1938 рэж. і акцёр т-ра імя Я.​Вахтангава. У 1943—66 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра драмы (з 1954 т-р імя У.​Маякоўскага). Яго спектаклі вызначаліся яскравай тэатральнасцю, публіцыстычнасцю, манументальнасцю, шырокім выкарыстаннем умоўнасці і сінт. сродкаў выразнасці, пошукамі новых тэатр. формаў. Сярод пастановак: «Арыстакраты» М.​Пагодзіна (1935), «Маладая гвардыя» паводле А.​Фадзеева (1947), «Гамлет» У.​Шэкспіра (1954), «Іркуцкая гісторыя» А.​Арбузава (1960), «Медэя» Эўрыпіда (1961). Акцёрскае мастацтва Ахлопкава адметнае спалучэннем арганічнасці пачуццяў з экспрэсіўнай выразнасцю вобраза. Здымаўся ў кіно: Васіль Буслаеў («Аляксандр Неўскі»), камісар Вараб’ёў («Аповесць пра сапраўднага чалавека»), Батманаў («Далёка ад Масквы») і інш. Дзярж. прэмія СССР 1941, 1947, 1949 (двойчы), 1951 (двойчы).

М.П.Ахлопкаў.

т. 2, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРУБІ́НІ ((Cherubini) Луіджы Марыя Карла Зенобіо Сальваторэ) (14.9.1760, г. Фларэнцыя, Італія — 13.3.1842),

французскі кампазітар і педагог. Чл. Ін-та Францыі (1815). Музыцы вучыўся ў бацькі Барталамео К., пазней у Дж.Сарці і інш. У 1784—86 працаваў у Лондане, з 1788 у Парыжы. З 1795 у Парыжскай кансерваторыі (з 1816 праф., у 1822—41 дырэктар). У час франц. рэвалюцыі канца 18 ст. пісаў маршы, гімны, песні, хар. творы («Гімн Пантэону», 1794; «Жалобны гімн на смерць генерала Гоша», 1797). На аснове сінтэзу традыцый франц. камічнай оперы і прынцыпаў муз. драматургіі К.​В.​Глюка стварыў узоры новага жанру — «оперы выратавання». Яго уверцюры з кантрастным тэматызмам і элементамі сімф. развіцця сталі правобразам уверцюр Л.​Бетховена. Сярод твораў: оперы «Квінт Фабій» (паст. 1779), «Ладаіска» (1791), «Эліза» (1794), «Медэя» (1797), «Два дні» (1800), «Алі-Баба, або Сорак разбойнікаў» (1833); месы; 2 рэквіемы, крэда, літаніі, матэты; творы для аркестра; 6 квартэтаў (1814—37), стр. квінтэт (1837); п’есы для аргана, фп. і інш.

т. 8, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВЕ́Р ((Noverre) Жан Жорж) (29.4.1727, Парыж — 19.10.1810),

французскі артыст балета, балетмайстар; рэфарматар і тэарэтык харэаграфічнага мастацтва. Вучыўся ў Ж.​Д.​Дзюпрэ і Л.Дзюпрэ. З 1743 артыст, з 1751 і балетмайстар у еўрап. т-рах, у т. л. Парыжскай оперы (у 1776—81 гал. балетмайстар). Як харэограф сцвярджаў дзейсны танец, зрабіў балет самаст. відам сцэн. мастацтва. Яго лепшыя пастаноўкі адметныя драматычна-выразнымі пластычнымі вобразамі: «Рэўнасць, або Святкаванні ў сералі» (1757, муз., верагодна, Ф.​Гарнье); «Псіхея і Амур», «Смерць Геркулеса» (абедзве 1762), «Медэя і Язон» (1763), «Апелес і Кампаспа» (1776; усе на муз. Ж.​Ж.​Радольфа), «Дон Кіхот» (1768), «Гарацыі і Курыяцыі» паводле П.​Карнеля (1775; абедзве на муз. І.​Старцэра); «Іфігенія ў Таўрыдзе» на муз. Ф.​Аспельмайра (1773), «Іфігенія ў Аўлідзе» (1793) і «Свавольствы кахання» (1794; абедзве на муз. Мілера). Аўтар кн. «Пісьмы пра танец і балеты» (1760), дзе выклаў свае погляды на балет як самаст. спектакль. Яго творчасць значна паўплывала на развіццё сучаснага балета.

Літ. тв.: Рус. пер. — Письма о танце и балетах. Л.; М., 1965.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 11, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНЕ́ЛЬ ((Corneille) П’ер) (6.6.1606, г. Руан, Францыя — 1.10.1684),

французскі драматург, найбуйнейшы прадстаўнік класіцызму. Чл. Франц. акадэміі (з 1647). Літ. дзейнасць пачаў з вершаў (зб. «Паэтычная сумесь», 1632). Першая спроба ў жанры камедыі — «Меліта» (паст. 1629), у жанры трагедыі — «Медэя» (паст. 1635). Пасля пастаноўкі трагедыі «Сід» (1637), якая прадэманстравала складанасць духоўнага свету чалавека, прыярытэт розуму, свядомасці і стала ўзорным творам класіцызму, эталонам прыгожага ў франц. культуры, К. пачалі называць «Вялікі Карнель». Аўтар трагедый «першай манеры» («Гарацый», паст. 1640; «Цына», паст. 1640—41; «Паліеўкт», паст. 1641—42), для якіх характэрны раўнавага асабістага і грамадзянскага, агульначалавечага і патрыятычнага, вытрыманасць у эстэт. законах класіцызму. У трагедыях «другой манеры» («Радагуна», паст. 1644—45; «Іраклій», паст. 1646; «Нікамед», паст. 1651; «Пертарыт», паст. 1651) акцэнт зроблены на асабістым пачатку, больш складанай стала інтрыга, з’явіўся матыў антаганістычнасці інтарэсаў асобы і дзяржавы, узмацніўся момант ірацыянальнасці, што сведчыла пра ўплыў барока. Трагедыям «трэцяй манеры» («Эдып», паст. 1659; «Серторый», паст. 1662; «Сафанісба», паст. 1663; «Агон», паст. 1664; «Атыла»; паст. 1667; «Ціт і Берэніка», паст. 1670) уласцівы рэзкі крэн у бок дзяржаўнага, ператварэнне героя ў «функцыю» грамадства, што і абумовіла заняпад творчасці К. і правал трагедыі «Сурэна» (паст. 1674).

Тв.:

Рус. пер. — Театр. Т. 1—2. М., 1984;

Избр. трагедии. М., 1956.

Літ.:

Адан А Театр Корнеля и Расина // Театр французского классицизма: Пер. с фр. М., 1970;

Кржевский Б.А. Театр Корнеля и Расина // Кржевский Б.А. Статьи о зарубежной литературе. М.; Л., 1960;

Обломиевский Д.Д. Французский классицизм. М., 1968.

Г.​В.​Сініла.

П.Карнель.

т. 8, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР ІМЯ́ У.МАЯКО́ЎСКАГА Створаны ў 1922 як Маскоўскі т-р Рэвалюцыі. З 1943 наз. Маскоўскі т-р драмы, з 1954 сучасная назва. У 1922—24 т-р узначальваў У.​Меерхольд (паст. «Даходнае месца» А.​Астроўскага, «Возера Люль» А.​Файко, абодва 1923). З сярэдзіны 1920-х г. спектаклі ставілі рэжысёры розных школ, сярод пастановак: «Рэха» У.​Біль-Белацаркоўскага (1924), «Чалавек з партфелем» Файко (1928). У 1930—35 гал. рэжысёр А.​Папоў, які паставіў «Мой сябар» М.​Пагодзіна (1932), «Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра (1935). У 1939 А.​Лабанаў паставіў «Таню» А.​Арбузава. У 1943—66 гал. рэжысёр М.​Ахлопкаў, які паставіў спектаклі «Маладая гвардыя» паводле А.​Фадзеева (1947), «Гамлет» У.​Шэкспіра (1954), «Садоўнік і цень» Л.​Лявонава (1957), «Медэя» Эўрыпіда (1961). З 1967 маст. кіраўнік А.​Ганчароў, пастаноўкам якога ўласцівы яркая тэатр. форма, грамадз.-публіцыстычны пафас: «Дзеці Ванюшына» С.​Найдзёнава (1969), «Трамвай «Жаданне» Т.​Уільямса (1970), «Дзядзечкаў сон» паводле Ф.​Дастаеўскага (1971), «Размовы з Сакратам» Э.​Радзінскага (1975), «Бег» М.​Булгакава (1978), «Заўтра была вайна» Б.​Васільева (1985), «Захад» І.​Бабеля (1988), «Гарбун» С.​Мрожака (1992), «Ахвяра стагоддзя» паводле А.​Астроўскага (1994) і інш. У розныя гады ў складзе трупы: М.​Бабанава, Т.​Васільева, Э.​Вітарган, Ю.​Глізер, Н.​Гундарава, Т.​Дароніна, А.​Джыгарханян, Т.​Карпава, І.​Касталеўскі, А.​Лазараў, Я.​Лявонаў, С.​Немаляева, Н.​Русланава, У.​Самойлаў, Я.​Самойлаў, Б.​Ценін, М.​Штраўх і інш.

Маскоўскі тэатр імя У.​Маякоўскага.

т. 10, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗАЛІ́НІ ((Pasolini) П’ер Паала) (5.3.1922, г. Балоння, Італія — 2.11.1975),

італьянскі пісьменнік, сцэнарыст, кінарэжысёр. Скончыў Балонскі ун-т. У л-ры пачынаў з паэзіі, якая вызначалася адкрытай публіцыстычнасцю (цыкл вершаў «Прах Грамшы», 1957; зб. «Паэзія ў форме ружы», 1964). У прозе пераважалі раманы з жыцця люмпен-пралетарыяту, якія вызначаліся натуралістычнасцю, спалучэннем сац. пратэсту з матывамі расчаравання і бесперспектыўнасці. Героі твораў — асуджаныя на пагібель адрынутыя грамадствам людзі, якія сваімі пакутамі выкупляюць грахі свету («Ліхія хлопцы», 1955; «Жорсткае жыццё», 1959; «Тэарэма», 1968, і інш.). Аўтар работ у галіне мова- і літ.-знаўства. З сярэдзіны 1950-х г. выступаў як кінасцэнарыст («Бурная ноч» паводле свайго рамана, рэж. М.​Баланыні, 1959, «Доўгая ноч 1943 года», рэж. Ф.​Ванчыні, 1960, і інш.). З 1961 працаваў пераважна як рэжысёр у манеры, блізкай да неарэалізму. У фільмах (здымаў паводле ўласных сцэнарыяў, часта пісаў да іх музыку і выконваў ролі) працягваў праблематыку сваіх літ. твораў: «Жабрак» («Акатоне», паст. 1967, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах 1962), «Мама Рома» (1962), «Евангелле ад Матфея» (1964, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «Птушкі — вялікія і малыя» (1966), «Цар Эдып» (1967), «Тэарэма» (1968), «Медэя», «Свінарнік» (абодва 1969), «Дэкамерон» (паводле Дж.​Бакачыо, 1970, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне 1971), «Кентэрберыйскія апавяданні» (паводле Дж.​Чосера, 1971, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне 1972), «Кветка тысячы і адной ночы» (1973, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1974), «Сало, або 120 дзён Садома» (1975) і інш. Здымаў дакумент. кіно. Яго творчасці прысвечаны дакумент. фільм «Пазаліні з плоці і крыві» (1967, рэж. Дж.​Б.​Саларэ).

С.​У.​Пешын.

т. 11, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)