ЛАЎРЫНО́ВІЧ (дзявочае Корхава) Людміла Канстанцінаўна
(н. 23.10.1946, г. Чачэрск Гомельскай вобл.),
бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1999). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). З 1968 у Гомельскім абл. драм. т-ры. Актрыса шырокага творчага дыяпазону, валодае моцным драм. тэмпераментам, сцэн. прывабнасцю. Сярод роляў: у нац. рэпертуары — Зіна («Апошняя інстанцыя» М.Матукоўскага), Рагнеда [«Гора і слава» («Русь Кіеўская») А.Петрашкевіча], Францішка Уршуля Радзівіл («Распуснікі ў пастцы» С.Кавалёва), княгіня Ганна, каралева Бона («Купала», «Чорная панна Нясвіжа» А.Дударава), Смерць («Ладдзя Роспачы» паводле У.Караткевіча), Даміцэля («Прымакі» Я.Купалы), Сарока («Подых навальніцы» паводле І.Мележа); у класічным і сучасным — Аркадзіна («Чайка» А.Чэхава, гал. прыз міжнар. фестывалю «Белая Вежа» 1999), Гурмыжская («Лес» А.Астроўскага), Зойка («Зойчына кватэра» М.Булгакава), Гертруда («Мачыха» А.Бальзака), Мільянерка («Мільянерка» Б.Шоу), Соф’я («Тайна адной споведзі» Б.Васільева), Медэя («Медэя» Л.Разумоўскай), Лейдзі Торэнс («Арфей спускаецца ў пекла» Т.Уільямса), мадам Аляксандра («Жульен і Каламба» Ж.Ануя), Міхалёва («Бег трушком» Э.Радзінскага), Эма Гамільтан («Лэдзі Гамільтан» Т.Рэцігана), Рыта («Аргенцінскае танга» Н.Птушкінай), місіс Сэвідж («Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.Патрыка) і інш.
А.В.Сабалеўскі.
Л.К.Лаўрыновіч.
Л.Лаўрыновіч у ролі Лейдзі Торэнс.
т. 18, кн. 1, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)