светапо́гляд, ‑у, М ‑дзе, м.
Сістэма поглядаў на жыццё, прыроду і грамадства. Марксісцка-ленінскі светапогляд. Матэрыялістычны светапогляд. Рэвалюцыйны светапогляд. Пралетарскі светапогляд. □ У пачатку 30‑х гадоў выразна акрэсліліся погляды Чорнага на жыццё і мастацтва, склаўся яго светапогляд. Луфераў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГО́РБАЧ (Усевалад Іванавіч) (3.9.1921, Кіеў — 25.3.1981),
бел. філосаф, гісторык. Д-р філас. н. (1968), праф. (1969). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1950). Працаваў настаўнікам. У 1953—66 у АН Беларусі: вучоны сакратар Ін-та філасофіі і права, вучоны сакратар Прэзідыума АН БССР Аддзялення грамадскіх навук, з 1966 заг. кафедры філасофіі. Даследаваў пытанні марксісцка-ленінскай філасофіі, праблемы матэрыяліст. дыялектыкі і метадалогіі навук. пазнання.
Тв.:
Закон адзінства і барацьбы процілегласцей. Мн., 1960;
О видах противоречий. Мн., 1964;
Проблемы диалектических противоречий. М., 1972;
Основы природопользования. Мн., 1980 (у сааўт.).
М.М.Смальянінаў.
т. 5, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АКСАМІ́ТНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ» 1989 у Чэхаславакіі,
умоўная назва працэсу пераходу ад камуніст. ладу, што існаваў з 1948, да дэмакр. праўлення. Адбылася ў ліст.—снеж. ў мяккай, спакойнай форме (адсюль і назва). Масавыя выступленні 17—26 ліст. працоўных, студэнтаў за ўстанаўленне дэмакратыі і паліт. плюралізму ўзначалілі апазіц. рухі Грамадзянскі форум на чале з В.Гавелам і Грамадскасць супраць насілля. Камуністы вымушаны былі пайсці на перагаворы з апазіцыяй. У выніку ўлада перайшла да прадстаўнікоў апазіцыі. Нац. сход выключыў з канстытуцыі краіны артыкулы аб кіруючай ролі камуніст. партыі і марксісцка-ленінскай ідэалогіі. У снеж. 1989 прэзідэнтам краіны абраны Гавел, старшынёй нац. сходу — А.Дубчак, сфарміраваны ўрад нац. адзінства на чале з М.Чалфам. Парламенцкія выбары ў чэрв. 1990 замацавалі перамогу дэмакр. сіл.
А.А.Чалядзінскі.
т. 1, с. 203
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
матэрыялі́зм, ‑у, м.
1. Навуковы, у адрозненне ад ідэалізму, напрамак у філасофіі, які сцвярджае першаснасць матэрыі і другаснасць свядомасці.
2. Вузка практычныя адносіны да рэчаіснасці. // Адносіны да рэчаіснасці з пункту гледжання сваёй выгады.
•••
Гістарычны матэрыялізм — састаўная частка марксісцка-ленінскай філасофіі, навука аб найбольш агульных законах развіцця грамадства.
Дыялектычны матэрыялізм — філасофія марксізма-ленінізма, якая базіруецца на матэрыялістычным тлумачэнні аб’ектыўнага свету і дыялектычным метадзе яго пазнання.
[Фр. matérialisme.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВАСЕМНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся 15—20.5.1940 у Мінску; 577 дэлегатаў з рашаючым і 194 з дарадчым голасам ад 59 853 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачныя даклады ЦК КП(б)Б (П.К.Панамарэнка) і Рэвіз. камісіі КП(б)Б (В.Я.Сядых); выбары ЦК і Рэвіз. камісіі КП(б)Б. З’езд вітаў прыняцце ў 1939 Дэкларацыі Народнага сходу Заходняй Беларусі аб устанаўленні ў Зах. Беларусі сацыяліст. ладу і ўз’яднанні яе з БССР, адзначыў, што тэрыторыя і насельніцтва Беларусі павялічыліся амаль у 2 разы, але неабходна ачысціць новыя тэрыторыі ад бурж. элементаў, пільна правяраць кіруючыя кадры на «палітычную сталасць». Падвёў вынікі развіцця прам-сці, будаўніцтва, сельскай гаспадаркі за 2 гады, вызначыў план сацыяліст. пераўтварэнняў у зах. абласцях БССР, падкрэсліў неабходнасць умацавання зах. рубяжоў краіны. У дакладах адзначалася праца парт. арг-цый па выяўленні «ворагаў народа», ліквідацыі вынікаў іх злачыннай дзейнасці, неабходнасць больш уважліва вывучаць марксісцка-ленінскую тэорыю. Выбраны ЦК КП(б)Б з 69 чал. і 45 канд., Рэвіз. камісія з 29 чал.
Літ.:
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Мн., 1985. Т. 3. С. 329—351.
А.Ф.Макарэвіч, У.М.Міхнюк.
т. 4, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
аб’ектыві́зм, ‑у, м.
1. Тое, што і аб’ектыўнасць (у 2 знач).
2. Уяўная аб’ектыўнасць, «беспартыйнасць» у навуцы і мастацтве, за якой хаваецца варожая марксісцка-ленінскай класавай ацэнцы рэчаіснасці буржуазная, ідэалістычная ідэалогія. Асноўная рыса разважанняў аўтара [легальнага марксіста Струвэ], адзначаная з самага пачатку, гэта яго вузкі аб’ектывізм, які абмяжоўваецца доказам немінучасці і неабходнасці працэсу і не імкнецца ўскрываць у кожнай канкрэтнай стадыі гэтага працэсу ўласцівую яму форму класавага антаганізму, — аб’ектывізм, які характарызуе працэс наогул, а не тыя антаганістычныя класы ў паасобку, з барацьбы якіх складваецца працэс. Ленін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
КУЛЬТУ́РНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ,
тэрмін для абазначэння пераўтварэнняў у галіне культуры як састаўной часткі праграмы пабудовы сацыялізму ў СССР і інш. сацыяліст. краінах. Лічыцца, што першым тэрмін ужыў У.І.Ленін. Мела на мэце карэнны пераварот у духоўным развіцці насельніцтва краіны, прадугледжвала перавыхаванне дарэвалюцыйнай і выхаванне новай інтэлігенцыі ў духу сацыяліст ідэй, стварэнне сацыяліст. сістэмы адукацыі, далучэнне мас да культ. дасягненняў і іх камуніст. выхаванне. Асн. рысамі сацыяліст. культуры абвяшчаліся марксісцка-ленінскі светапогляд, камуніст. ідэйнасць, сацыяліст. калектывізм і гуманізм, дасягненні сусв. культуры. У СССР, які атрымаў у спадчыну ад Рас. імперыі нізкі адукац. ўзровень насельніцтва, К.р. супала па часе з захадамі дзяржавы па ліквідацыі непісьменнасці, стварэнні сеткі навуч. устаноў і павышэнні агульнакульт. ўзроўню грамадзян. Дасягненні ў гэтым падаваліся як поспехі К.р. (па БССР гл. адпаведныя лічбы ў арт. Беларусы, Беларусь, Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка). Панаванне адзіных ідэалогіі і светапогляду азначала не толькі кіраўніцтва, a і поўны кантроль з боку КПСС над духоўным жыццём грамадства, у т. л. і сродкамі прымусу. У час К.р. моцна пацярпелі галіны культуры, звязаныя з рэлігіяй, былі вымушаны эмігрыраваць або загінулі ў выніку рэпрэсій палітычных многія дзеячы культуры, у т. л. ў БССР. Гл. таксама «Культурная рэвалюцыя» ў Кітаі.
Літ.:
Арнольдов А.И. Социализм и культурная революция. М., 1970;
Качановский В.В. История культуры России. Мн., 1997;
Лыч Л.М., Навіцкі У.І. Гісторыя культуры Беларусі. 2 выд. Мн., 1997.
т. 9, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
вучэ́нне, ‑я, н.
1. Авалодванне ведамі, навыкамі, уменнем. Паўтарэнне — маці вучэння. Прыказка. // Вучоба, заняткі. [Люба:] — Змалку, з першага ж году вучэння, я меруся стаць за настаўніцу. Мурашка. Васіль адкрыта ўсім казаў, што Галя яму падабаецца і што, як толькі яна скончыць вучэнне, яны пажэняцца. Васілевіч. // звычайна мн. (вучэ́нні, ‑яў). Трэніровачныя заняткі вайсковых падраздзяленняў. Летнія, начныя вучэнні. □ Маёр цэліўся з парабелума. Цэліўся спакойна, паволі, як на вучэнні. Лынькоў.
2. Тэорыя якой‑н. галіны ведаў. Вучэнне аб дыктатуры пралетарыяту. Вучэнне аб функцыях нервовай сістэмы. // Сістэма асноўных палажэнняў, поглядаў (вучоных, мысліцеляў). Марксісцка-ленінскае вучэнне. Вучэнне Дар віна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эстэ́тыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.
1. Філасофскае вучэнне аб мастацтве як асобым відзе грамадскай ідэалогіі, прысвечанае даследаванню ідэйнай сутнасці і форм прыгожага ў мастацкай творчасці, у прыродзе і ў жыцці. Марксісцка-ленінская эстэтыка. // Сістэма поглядаў на мастацтва ці які‑н. яго від, якой хто‑н. прытрымліваецца. Кроўная сувязь з народам і яго вызваленчым рухам вызначыла глыбокую народнасць, рэалізм і рэвалюцыйную ідэйнасць купалаўскай эстэтыкі. Івашын. Для эстэтыкі Багушэвіча былі характэрны пошукі праўды, імкненне мастацкім словам сказаць народу праўду аб яго цяжкім сацыяльным становішчы. Конан.
2. Прыгажосць, мастацкасць чаго‑н. Як бачым, праблем, звязаных з эстэтыкай архітэктуры, удасканаленнем мастацкага аблічча беларускай сталіцы — многа. «ЛіМ».
[Ад грэч. aisthētikós — які адчувае, успрымае; пачуццёвы.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ДЫКТАТУ́РА,
1) сістэма неабмежаванага паліт., эканам., сац., духоўнага панавання на чале з лідэрам-дыктатарам. Яго імя або вызначаемая ім сац.-паліт. ідэя дае назву адпаведнай разнастайнасці дыктатарскага рэжыму (цэзарызм, банапартызм, абсалютызм, фашызм, таталітарызм і г.д.). Характарызуецца падаўленнем грамадзянскай супольнасці, паліт. тэрорам, канцэнтрацыяй улады ў руках дыктатара, усталяваннем юрыд. абмежаванняў паліт. правоў і свабод. Унутраная і знешняя палітыка ва ўмовах Д. грунтуецца на ідэалогіі месіянізму, прымусу непакорных. Паводле марксісцка-ленінскай тэорыі Д. — заканамерная з’ява класава-антаган. грамадства. Д. пралетарыяту ўстанаўліваецца ў выніку сацыяліст. рэвалюцыі і ахоплівае пераходны перыяд ад капіталізму да сацыялізму і мае на мэце буд-ва камунізму. Пры неабходных умовах яна выкарыстоўвае насілле для падаўлення супраціўлення эксплуататарскіх класаў і дзейнасці варожых сацыялізму элементаў. Ва ўмовах канчатковай перамогі сацыялізму Д. пралетарыяту завяршае сваю гіст. місію і ператвараецца ў агульнанародную дзяржаву пры захаванні кіруючай ролі камуніст. партыі да пабудовы камунізму. Д. — з’ява гіст., таму яе трэба разглядаць толькі ў канкрэтным гіст. кантэксце. Пры некаторых абставінах яна адыгрывала станоўчую ролю, захоўвала законнасць, парадак і тэр. цэласнасць краіны ў перыяд паліт. і сац.-эканам. крызісаў, а таксама адбіцця знешняй агрэсіі і прадухілення грамадз. вайны. Таму ў канстытуцыях некаторых краін (Францыя, Італія) прадугледжана магчымасць стварэння т.зв. «канстытуцыйнай Д.», якая мае магчымасць у надзвычайных сітуацыях ажыццяўляць экстранныя захады для аднаўлення законнасці і парадку ў краіне.
2) Спосаб ажыццяўлення дзярж. уладай непасрэднага выкарыстання ўзбр. насілля ў надзвычайных становішчах.
Літ.:
Джилас М. Лицо тоталитаризма: [Пер. с серб.-хорв.]. М., 1992;
Маркс К. Восемнадцатое брюмера Луи Бонапарта // Маркс К., Энгельс Ф. Соч. 2 изд. Т. 8;
Ленін У.І. Дзяржава і рэвалюцыя // Тв. Т. 25. (Полн. собр. соч. Т. 33);
Яго ж. Аб дыктатуры пралетарыяту // Тв. Т. 30. (Там жа. Т. 39).
Я.М.Бабосаў.
т. 6, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)