МАКА́КІ (Macaca),

род вузканосых малпаў сям. мартышкападобных. 12 (па інш. звестках 19—20) відаў. Пашыраны ў Паўд. і Усх. Азіі, 1 від — магот (M. sylvanus) — у Паўн. Афрыцы і Еўропе (Гібралтар). Жывуць у трапічных лясах, лясах умеранага пояса (Кітай, Японія). Вядуць паўдрэвавы спосаб жыцця, трымаюцца статкамі. М. японскі (M. fuscata) зімой трапляецца сярод снежных суметаў (п-аў Сімокіта). 3 віды ў Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. цела да 76 см, хваста да 70 см (у магота хваста няма), маса да 28 кг. Афарбоўка жаўтаватая, рыжаватая, чорная, у некат. уздоўж спіны цёмная паласа, на галаве «шапачка», на твары бакенбарды, вусы, барада. Канечнасці кароткія, дужыя. Усёедныя. Нараджаюць 1, зрэдку 2 дзіцяняці. Выкарыстоўваюцца ў мед. эксперыментах.

Э.​Р.​Самусенка.

Макака рэзус.

т. 9, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЗААПА́РК.

Засн. як заасад у 1984 у Мінску ў пойме р. Свіслач аматарамі прыроды Мінскага аўтамабільнага з-да (ініцыятар Ф.​І.​Рэўзін). З 1995 сучасная назва. З 1997 дзярж. прадпрыемства. Пл. 17,5 га. Працуюць секцыі: млекакормячых, птушак, паўзуноў, кармлення, вет.; гурток юннатаў. Трымае больш за 600 экз. жывёл каля 110 відаў (1999). Сярод іх: тупайя, мартышка, макака-рэзус, лама, высакародны алень, дзік, дзікабраз, шыншыла, буры мядзведзь, воўк, ліса, пясец, рысь, насуха, тхор, чаротавы кот, султанка, паўлін, асаед, беркут, пустальга, філін, удаў, браз. вуж, жаба-ваданос, квакша, экзатычныя беспазваночныя і інш.; жывёлы, занесеныя ў Чырв. кнігу МСАП: еўрап. муфлон, аліўкавы агуці, даўгахвосты сурок, караткавухі слановы скакунчык, каралеўскі і залаты фазаны, мандарынка, арлан-белахвост, цёмны тыгравы пітон і інш. Многія жывёлы размнажаюцца.

Ю.​В.​Рабаў.

т. 10, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)