ЛУКА́ ЛЕ́ЙДЭНСКІ, Лукас ван Лейдэн (Lucas van Leyden; 1489 або 1494, г. Лейдэн, Нідэрланды — 1533),

нідэрландскі гравёр і жывапісец эпохі Адраджэння. Вучыўся ў свайго бацькі Х.​Якабса (1504—08) і К.​Энгелбрэктса. Зазнаў уплывы А.​Дзюрэра і М.​Раймондзі. У творчасці імкнуўся да спалучэння дакладнасці перадачы фігур і дэталей, псіхал. выразнасці вобразаў і цэласнасці кампазіцыі. У ранні перыяд працаваў як майстар разцовай гравюры на медзі («Магамет і манах Сергій», 1508; «Кароўніца», 1510; «Танец Магдаліны», 1519; «Вергілій у кашы», 1523), пазней звярнуўся да афорта і дрэварыта. У жывапісе ствараў жанравыя сцэны («Гульня ў шахматы», каля 1508—10; «Гульня ў карты», каля 1521), рэліг. кампазіцыі («Св. Антоній», 1511; «Пропаведзь у царкве», 1521; трыпціхі «Страшны суд», 1526—27, «Вылячэнне іерыхонскага сляпога», 1531), партрэты, у т. л. аўтапартрэт (каля 1514).

Лука Лейдэнскі. Танец Магдаліны. 1519.
Лука Лейдэнскі. Страшны суд. 1526—27.

т. 9, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУХА́МЕД, Магамет (каля 570, г. Мекка — 632),

арабскі рэліг. і паліт. дзеяч, заснавальнік ісламу. Тагачасных крыніц пра жыццё М. не захавалася. Паводле біяграфіі, складзенай у 9 ст., ён паходзіў з араб. роду Бану-хашым з племя курэйшытаў, рана асірацеў. Напачатку быў пастухом, потым прыказчыкам. У Аравіі і па-за яе межамі азнаёміўся з хрысц., іудзейскім і некат. інш. рэліг. і паліт. вучэннямі. Паводле мусульм. уяўленняў, М. — прарок і пасланнік Алаха, праз якога людзям перададзены тэкст свяшчэннай кнігі мусульман — Карана. Каля 610 М. выступіў з пропаведдзю ісламу. Вёў жорсткую барацьбу супраць традыцыйна язычніцкай Меккі, абапіраючыся на дапамогу некаторых плямён Ясрыба (Медыны). У 622 перасяліўся ў Ясрыб, дзе выбраны правіцелем горада, ваяводам і вярх. суддзёй (гэты год лічыцца пачаткам мусульм. эры). У Ясрыбе ён знішчыў апазіцыю з боку іудзеяў, усталяваў монатэізм ісламу і ўладу арабаў. Стварыў у Аравіі супольніцтва, заснаванае на прыналежнасці да адзінай веры, а не на кроўнай сувязі. З 631 амаль усе навакольныя плямёны падпарадкаваліся яму і перайшлі ў іслам. Утварылася магутная цэнтралізаваная тэакратычная дзяржава, якая пачала праводзіць захопніцкую палітыку ў розных кірунках. Памёр і пахаваны ў Медыне, яго грабніца стала другой (пасля Каабы) святыняй ісламу.

Літ.:

Панова В.Ф., Вахтин Ю.Б. Жизнь Мухаммеда. М., 1991.

А.​А.​Цітавец.

т. 11, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́НІ ((Rossini) Джаакіна Антоніо) (29.2.1792, г. Пезара, Італія — 13.11.1868),

італьянскі кампазітар. Скончыў Балонскі муз. ліцэй (1810). З 1815 кампазітар т-ра «Сан-Карла» ў Неапалі, дырэктар Італьян. т-ра ў Парыжы, з 1826 каралеўскі кампазітар і гал. інспектар спеваў. У мастацтве Р. арганічна ўвасоблены традыцыі італьян. нар.-песеннай культуры. З яго імем звязаны росквіт італьян. нац. оперы. Найб. поўна талент Р. раскрыўся ў операх-буф, якія вылучаюцца дасціпнасцю, яскравасцю муз. характарыстык, тэмпераментнасцю і дэмакратычнасцю музыкі, адзінствам драм. і муз. развіцця: «Шаўковая лесвіца» (паст. 1812), «Італьянка ў Алжыры» (паст. 1813), «Севільскі цырульнік» (паст. 1816; ставілася ў Нац. акад. т-ры оперы Беларусі). У шэрагу опер-серыя, у т. л. «Майсей у Егіпце» (паст. 1818), «Магамет II» (паст. 1820), узмацніў ролю масавых хар. сцэн і ансамбляў, спрасціў вак. партыі, узбагаціў функцыі аркестра. Уздым патрыят. руху ў Італіі найб. выразна адлюстраваны ў героіка-рамант. оперы «Вільгельм Тэль» (паст. 1829). Сярод інш. твораў опера-серыя «Сарока-зладзейка», муз. камедыя «Папялушка» (абедзве паст. ў 1817) і інш. Пісаў таксама царк. музыку, кантаты, гімны, камерна-вак. і інстр. творы.

Літ. тв.: Рус. пер. — Избранные письма. Высказывания. Воспоминания. Л., 1968.

Літ.:

Синявер Л.С. Джоаккино Россини М.,1964;

Бронфин Е.Ф. Джоаккино Россини. 2 изд. Л., 1986.

Г.​С.​Глушчанка.

Дж.Расіні.

т. 13, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ісла́м

(ар. islam = адданне сябе волі Алаха)

адна з сусветных рэлігій (нараўне з хрысціянствам і будызмам), якая ўзнікла ў 7 ст. у Аравіі і пашырылася ў краінах Сярэд. і Блізкага Усходу, Паўн. Афрыкі, Паўд.-Усх. Азіі; заснавальнікам рэлігіі лічыцца Магамет (гл. магаметанства, мусульманства).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)