прадэманстрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

Наглядна, публічна паказаць. Прадэманстраваць кінафільм. □ Прадстаўнікі Беларусі прадэманстравалі цікавыя праграмы, прысвечаныя прапагандзе спорту і турызму. «Звязда». На стале ў Панцеляймона Кандратавіча ляжаў кавалак рэйкі, тол. Ён тут жа прадэманстраваў, як і дзе трэба закладваць тол, падрываць рэйкі, каб іх нельга ўжо было выкарыстаць. Дзенісевіч. // Знарок падкрэсліць, праявіць, паказаць. Адзін бюргер выпіў залпам двухлітровы збан. Прычым прадэманстраваў сваю лоўкасць, падняў збан адной рукою, што не так лёгка зрабіць. Гурскі. [Юнак] стараўся прыслужыць.. [дзяўчыне], прадэманстраваць сваю адданасць і вернасць. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Спрыт ‘дасканаласць, умельства’, ‘фізічная лоўкасць, паваротлівасць, хуткасць у руках’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ), ‘кемлівасць’ (Ласт.), спры́тны, спры́тнасць (Касп., Байк. і Некр., Гарэц., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС). З польск. spryt, sprytny (Кюнэ, Poln., 99 з літ-рай), якое выступае ў польскай мове з XVIII ст. як запазычанне з франц. esprit ‘дух; задума, розум; здольнасць, талент і да т. п.’; гл. Брукнер, 510; Борысь, 571. Ужо Карскі (Белорусы, 146) сумняваўся ў этымалогіі, прапанаванай упершыню Ліндэ, схіляючыся да выказанай раней Міклашычам (266) думкі пра сувязь з прыць (гл.). Мартынаў (Лекс. Палесся, 16–17) звязвае з гоц. sprauto ‘хутка’, чаму пярэчыць Смулкова (Бел.-польск. ізал., 118–119), якая бачыць тут налажэнне значэнняў розных па паходжанні слоў — паланізмаў спрыт, спрытны і прыткі, прытны (гл.). Гл. таксама Фасмер, 3, 391–392; Булахаў, Бел. мова, 57.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

папрабава́ць, ‑прабую, ‑прабуеш, ‑прабуе і папро́баваць, ‑пробую, ‑пробуеш, ‑пробуе; зак.

1. што і чаго. Праверыць стан або якасць чаго‑н. Папрабаваць пальцам лязо. □ На гэтым плывуне, ратуючы будынак, папрабавала свае сілы не адна брыгада. Чыгрынаў. Коннік наганяў Кандрата і ўжо трымаў напагатове шаблю. Яму проста хацелася папрабаваць лоўкасць і сілу свайго ўдару. Колас. // З’есці або выпіць чаго‑н. для пробы, паспытаць. Камандзір батальёна, як гаспадар, запрашаў, хто заходзіў сюды, папрабаваць мядку. Колас. Тут на дзвярах замок ніколі не вісіць, І хто б ні ехаў, зблізку ці здалёку, — Заходзьце ў маю хату адпачыць, Папрабаваць бярозавага соку. Русак.

2. чаго; перан. Зведаць у жыцці, на практыцы, на сваім вопыце. Шмат чаго папрабаваў ён на сваім вяку.

3. з інф. Зрабіць спробу чаго‑н. Настаўнік крыху падумаў. — Ведаеш што, Сцёпа, папрабуй ты на рабфак паступіць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вага́ ’вага́; ва́гі; лоўкасць, сіла; важнасць’ (Шн. Песні, КЭС). Агульнаславянскае запазычанне са ст.-в.-ням. wâga, н.-в.-ням. Wage ’вагі’. Гэта пашыраная версія выклікае, аднак, сумненне, паколькі для запазычання са ст.-в.-ням. зашырокі арэал распаўсюджання слова ў славянскіх мовах, параўн. рус. вага, укр. вага, польск. waga, в.-луж. waha, н.-луж. waga, чэш. váha, славац. váha, макед. вага, серб.-харв. ва́гаты ’ўзважваць’. Да ўсходніх славян слова прыйшло, відаць, праз польскую мову (Фасмер, 1, 263) разам з шэрагам новаўтварэнняў на польскай глебе і польскіх ка́лек нямецкіх слоў (Брукнер, 598–599). На беларускай глебе зараз суіснуюць шматлікія словы з гэтым коранем, але рознага паходжання — запазычанні, калькі, уласнабеларускія ўтварэнні і інш.: важыць, адвага, раўнавага, разважлівы, вагар, важкі, важны, падвага, стальвага і інш. Запазычаннем з польск. (і далей са ст.-в.-ням.) лічыў бел. вага Карскі (Труды, 310; Белорусы, 151). Гісторыю слова гл. Булыка, БЛ, 11, 73–74. Параўн. Міклашыч, 374; Уленбек, AfslPh, 15, 492; Кіпарскі, Gemeinsl., 267; Праабражэнскі, 1, 99–100; Гараеў, 37; Клюге, 393; Фік-Торп, 383; Махэк₂, 674; Голуб-Ліер, 500; Шанскі, 1, В, 5; Рудніцкі, 1, 288–289; Скок, 3, 558–559; Кюнэ, Poln., 112.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

спрыт, ‑у, М спрыце, м.

1. Дасканаласць, умельства. [Хлопцы] абсядалі дзядзьку Алеся з усіх бакоў і сачылі за спрытам яго рук, уменнем не траціць дарэмна ніводнага руху. Кулакоўскі.

2. Фізічная лоўкасць, паваротлівасць; хуткасць у рухах. Салому цяпер скідвалі проста на ток, рабіць было лёгка і зручна, усе трое [Хоня, Міканор і Алёша] як бы хвалілася спрытам адзін перад адным. Мележ. Ведай — лесаруба цяжкая работа. Трэба спрыт і дужасць смольны лес валіць. Хведаровіч. [Станіслаў] паставіў чамаданы і, са спрытам юнака пераскочыўшы плот, падбег да грушы. Скрыпка. // Уменне, майстэрства (у якой‑н. галіне). Так майстар, вопытам багаты, І спрыт і веды ўсе свае У школе хлопцам і дзяўчатам Для славы іх перадае. Астрэйка. Раённыя кіраўнікі заўважылі гаспадарскі спрыт Пракопа Касянка, і райком партыі вырашыў пусціць яго на павышэнне. Сабаленка. [Язэп] заўважыў, што Іван Мацвеевіч мае вялікі спрыт у гутарцы. Бядуля. // Здатнасць, схільнасць да чаго‑н. На рыбу .. [дзядзька] меў нейкі асаблівы спрыт. С. Александровіч. [Падлоўчы] ўспамінаў .. свае маладыя кавалерскія гады, свой жывы і гарачы нораў, свой спрыт да паненак. Колас.

3. Абаротлівасць, уменне ўладжваць справы; здольнасць знаходзіць выхад з любога становішча. Там, дзе не хапае ведаў, выратоўвае спрыт напалам з нахабствам. Лобан. — Ну хто б падумаў, што столькі здагадлівасці і спрыту можа быць у школьніка, — пазіраючы на Косціка, гаварыла Наста. Пальчэўскі. Патрэбна шмат поту і спрыту, Каб цэнты на хлеб наскрабці. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)