ЛО́ДЖЫЯ (італьян. loggia ад стараж.-верхненям. laubja альтанка),

памяшканне, адкрытае з аднаго ці некалькіх бакоў, дзе сцяну замяняюць каланада, аркада, парапет і інш. Можа быць асобным збудаваннем (Л. дэі Ланцы ў Фларэнцыі, Італія, каля 1376—80, арх. Бенчы ды Чоне, С.Таленці) або часткай будынка. Служыць крытым балконам ці ўваходам і пластычна ўзбагачае фасад будынка. Л. вядомы са старажытнасці (у архітэктуры Стараж. Грэцыі і Рыма). У эпоху Адраджэння пашыраны ў выглядзе адкрытага з аднаго ці некалькіх бакоў будынка тыпу галерэі (Л. дэль Кансільё ў г. Верона, Італія, 1475—92, арх. Фра Джакондэ). Шырока выкарыстоўваецца ў сучаснай архітэктуры (у жылых будынках і будынках санаторна-курортных устаноў, інтэрнатах, гасцініцах і інш.). Бываюць радавыя (з адным адкрытым бокам), вуглавыя, часткова вынесеныя.

Лоджыя дэль Кансільё ў г. Верона (Італія). 1475—92. Арх. Фра Джаконуэ.

т. 9, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДЫ А́ЗІІ У Азіі жыве каля 3630 млн. чал.

(ацэнка на пач. 1998). У антрапал. і моўных адносінах гэта адзін з самых складаных рэгіёнаў зямнога шара. Людзі засялілі асн. раёны Пярэдняй, Паўд., Усх. і Паўд.-Усх. Азіі на ранніх этапах гісторыі чалавецтва. У Паўд.-Зах. Азіі, магчыма, адбывалася фарміраванне чалавека сучаснага тыпу (Homo sapiens). У перыяд верхняга палеаліту людзі рассяліліся на большай ч. Азіі. Праз яе тэрыторыю яны праніклі ў Амерыку, Аўстралію, Акіянію. Найстараж. цывілізацыі ўзніклі ў Месапатаміі, далінах Інда і Хуанхэ. У Азіі ёсць прадстаўнікі ўсіх 3 вял. рас. Да мангалоіднай расы належыць амаль усё насельніцтва Усх., Цэнтр. і Паўд.-Усх. Азіі, невял. групы насельніцтва Паўн., Паўд. і Пярэдняй Азіі. Яны падзяляюцца на 2 асн. групы — усходнюю (каля 1270 млн.) і паўднёвую (каля 1100 млн.). Да еўрапеоіднай расы (каля 980 млн.) адносяцца розныя тыпы яе паўд. адгалінавання (пярэднеазіяцкі, або арменоідны, індаафганскі і інш.),

народы Паўн. і Пярэдняй Азіі, Паўн. Індыі. Прадстаўнікі аўстралоіднай расы (каля 10 млн.) жывуць у горных раёнах Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі. У зоне стараж. кантактаў паміж еўрапеоідамі і аўстралоідамі ўтварыўся паўд.-індыйскі расавы тып (каля 280 млн.).

Азію насяляе больш за 1 тыс. народаў, якія знаходзяцца на розных ступенях этн. развіцця. 122 народы налічваюць больш за 1 млн. чал. кожны, іх агульная колькасць 3325 млн. чал., або 92% усяго насельніцтва Азіі, з іх 5 народаў налічваюць больш за 100 млн. чал. (кітайцы 1120, хіндустанцы -244, бенгальцы 190, японцы 124, панджабцы 100) і 38 народаў — больш за 10 млн. чал. [біхарцы 97,6, тамілы 91,1, яванцы 89, тэлугу 75, тай 70, карэйцы 69,7, маратхі 66,5, в’етнамцы 61,5, туркі 50, гуджаратцы 47, малаялі 35, каннара 35, м’янма 33,3, орыя 33,3, афганцы 30,5, бісая 26,8, персы (іранцы) 25,5, рускія 25, сунды 24,5, малайцы 21, курды 18, лао 18, узбекі 18, раджастханцы 17,4, азербайджанцы 17, сіндхі 16,7, чжуан 16, асамцы 15,8, йеменцы 15, іракцы 14,5, тагалы 13,4, непальцы 13,3, сінгалы 12,7, мадурцы 10,8, саудаўцы 10,3, сірыйцы 10,1, кхмеры 10, маньчжуры 10). Краіны Азіі пераважна шматнацыянальныя. Аднародныя ў нац. адносінах Японія, Бангладэш, Карэя, Арменія, Манголія і большасць араб. краін. Народы, якія гавораць на кітайска-тыбецкіх, тайскіх, в’етнамскай, мяо-яоскіх, мон-кхмерскіх, мунда і дравідыйскіх мовах, жывуць толькі ў Азіі. Вялікія групы народаў гавораць на індаеўрапейскіх, семіцкіх, алтайскіх і інданезійскіх мовах. Ізаляванае становішча ў сістэме моўнай класіфікацыі займаюць японцы і карэйцы (зрэдку адносяць да алтайскай макрасям’і), айны, андаманцы, бурышы, кеты, ніўхі, юкагіры. Азіяцкія народы, якія гавораць на індаеўрапейскіх мовах, адносяць да індыйскай (індаарыйскай), іранскай і інш. моўных груп. Народы інд. групы (каля 920 млн. чал.) — хіндустанцы, бенгальцы, маратхі, біхарцы, панджабцы, гуджаратцы, орыя, раджастханцы, сінгалы, сіндхі, асамцы, непальцы, кашмірцы і інш. — жывуць пераважна ў паўн. і цэнтр. ч. Індастана; народы іранскай групы (каля 95 млн.) — персы, таджыкі, гілянцы, луры, афганцы, курды, белуджы, хазарэйцы, асеціны і інш. — насяляюць большую ч. Ірана, і Афганістана, шэраг раёнаў у Турцыі, Пакістане, на Каўказе.

3 індаеўрап. моўнай сям’і ў Азіі жывуць рускія — прадстаўнікі ўсх.-слав. падгрупы (Урал, Сібір, Д. Усход, Паўн. Казахстан і інш.); разам з імі ў меншай колькасці — украінцы і беларусы. Да індаеўрап. моўнай сям’і належаць таксама грэкі (Кіпр), армяне (Арменія), немцы (Зах. Сібір, Паўн. Казахстан). У семіцкую групу (гавораць на афраазійскіх, або семіта-хаміцкіх мовах; каля 75 млн.) уваходзяць арабы, асірыйцы і яўрэі Ізраіля. На алтайскіх мовах гавораць народы: цюркамоўныя (120 млн.) — туркі, азербайджанцы, казахі, узбекі, туркмены, кіргізы, каракалпакі, татары, башкіры, тувінцы, хакасы, якуты, уйгуры, цюркскія плямёны Ірана і інш. — жывуць на большай ч. Турцыі, у Сярэдняй і Цэнтр. Азіі, на Урале і ў Сібіры, у паўн. ч. Ірана і Афганістана; манголамоўныя (каля 10 млн.) — манголы Манголіі і Кітая, бураты; тунгуса-маньчжурскія (каля 11 млн., у т. л. 10 млн. уласна маньчжуры, якія гавораць пераважна на кіт. мове) — у Паўн.-Усх. Кітаі, а таксама ў Сібіры і на Д. Усходзе Расіі (эвенкі, эвены, нанайцы, ульчы і інш). З гэтымі народамі некат. даследчыкі збліжаюць карэйцаў і японцаў (генет. сувязі моў не высветлены).

Кітайская і тыбета-бірманская групы складаюць кітайска-тыбецкую сям’ю народаў (гл. Кітайска-тыбецкія мовы). У першую (1130 млн.) уваходзяць кітайцы і хуэй, жывуць пераважна на У Кітая, у другую (каля 75 млн.) — тыбетцы, м’янма (бірманцы), іцзу, карэны, розныя гімалайскія народы і інш., жывуць на ПдЗ Кітая, у Непале, на ПнУ Індыі, у М’янме. У Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі вылучаюць сям’ю аўстраазіяцкіх моў (каля 150 млн.), якая падзяляецца на 8 моўных груп. Найбольшыя народы — в’етнамцы, кхмеры, санталы, мунда, мяо. Там жывуць і народы паратайскай сям’і (каля 130 млн.) — тай (сіямцы), лао, чжуан, шан, буі і інш. Народы сям’і дравідыйскіх моў (каля 340 млн.) насяляюць Паўд. Індыю, найб. з іх тамілы, малаялі, каннара, тэлугу, гонды.

Астравы Паўд.-Усх. Азіі (Малайскі архіпелаг і Філіпінскія) і п-аў Малаку насяляюць народы інданезійскай групы сям’і аўстранезійскіх моў, гавораць на інданез. мовах (каля 300 млн. — яванцы, сунды, мадурцы, балійцы, бугі, макасары, бісая, тагалы, ілокі, мінангкабау, батакі, бікол, балійцы, малайцы Малайзіі і Інданезіі, банджары і інш.). На ПнЗ Азіі, у сярэдняй ч. бас. р. Об жывуць ханты і мансі — прадстаўнікі угорскай групы угра-фінскай моўнай сям’і. На Пн ад іх жывуць ненцы, нганасаны, селькупы, энцы, якія складаюць самадзійскую моўную сям’ю. На Каўказе жывуць народы, якія гавораць на іберыйска-каўказскіх мовах, у Паўн.Усх. Азіі — чукоцка-камчацкай і эскімоса-алеуцкай сем’яў, на У Інданезіі — папуаскіх сем’яў. У канцы 20 ст. ў Азіі паскорыліся працэсы нац. кансалідацыі, аб’яднання дробных этн. супольнасцей у вял. групы, плямён і племянных груп — у народнасці, ператварэння гэтых народнасцей у нацыі. У Азіі ўзніклі ўсе т.зв. сусв. рэлігіі. Іслам вызнае большасць насельніцтва Зах., Сярэдняй і Цэнтр. Азіі, Пакістана, Бангладэш, Інданезіі, Малайзіі. Ёсць мусульмане ў Індыі (99 млн.), Кітаі (27 млн.), на Філіпінах (5 млн.), у азіяцкай ч. Расіі (2 млн.), Тайландзе (2 млн.), Шры-Ланцы (1,5 млн.) і інш. Усяго ў краінах Азіі жыве каля 800 млн. мусульман. Будызм (каля 320 млн. вернікаў), які раней быў пашыраны ва ўсёй Паўд., Усх. і Паўд.-Усх. Азіі, пануе толькі ў М’янме, В’етнаме, Тайландзе, Лаосе, Камбоджы і ў Шры-Ланцы, пашыраны ў Кітаі (у тыбетцаў і манголаў у форме ламаізму) і Японіі (разам з сінтаізмам). У Кітаі распаўсюджаны таксама даасізм і канфуцыянства. У Індыі большасць насельніцтва вызнае індуізм (каля 80% насельніцтва краіны). Індуісты ёсць таксама ў Непале (17 млн.), Бангладэш (15 млн.), Шры-Ланцы (2,5 млн.), Інданезіі (4 млн.) і інш. Прыхільнікі хрысціянства пераважаюць ў Арменіі, Грузіі, Расіі, на Кіпры і Філіпінах, у Ізраілі — прыхільнікі іудаізму. У некат. народаў Азіі зберагліся свае племянныя рэлігіі.

Літ.:

Народы и религии мира: Энцикл. М., 1999;

Народы мира: Ист.-этногр. справ. М., 1988;

Народы России: Энцикл. М., 1994.

І.Я.Афнагель.

т. 11, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЗІЯ (грэч. Asia, напэўна ад асірыйскага асу усход),

самая вялікая па плошчы (каля 43,4 млн. км²) частка свету. Размешчана ў паўн. ч. Усх. паўшар’я. Крайнія пункты Азіі: на Пн мыс Чэлюскін, 77°43 паўн. ш.; на Пд мыс Піяй, 1°16 паўн. ш.; на З мыс Баба 26°10 усх. д.; на У мыс Дзяжнёва, 169°40 зах. д. Разам з Еўропай утварае адзін мацярык Еўропы—Азіі. Мяжа на сушы паміж Азіяй і Еўропай праходзіць па ўсх. падножжы Уральскіх гор, р. Эмба, паўн. беразе Каспійскага мора, Кума-Маныцкай упадзіне, Чорным м., праліве Басфор, Мармуровым м. і праліве Дарданелы. З Афрыкай злучана Суэцкім перашыйкам, ад Паўн. Амерыкі аддзелена Берынгавым пралівам. На Пн абмываецца Паўн. Ледавітым, на У — Ціхім, на Пд — Індыйскім акіянамі і іх ускраіннымі морамі. На З унутр. моры Атлантычнага ак. — Міжземнае і Эгейскае — абмываюць п-аў М.Азія. Берагі Азіі горныя і нізінныя намыўныя, паднятыя тэрасаваныя і апушчаныя (інгрэсіўныя). На У астраўным узбярэжжам характэрны вулканічныя рысы, берагам трапічных мораў — каралавыя рыфы. Паўастравы займаюць 8 млн. км², астравы — 2,5 млн. км². На Пн Азіі п-вы Ямал, Таймыр; на У — Чукоцкі, Камчатка, Карэя; на Пд — Індакітай з Малакай, Індастан, Аравійскі; на З — М.Азія. У Паўн. Ледавітым ак. а-вы Паўн. Зямля, Новасібірскія, Урангеля; у Ціхім — а-вы і ланцугі вял. а-воў: Курыльскія, Сахалін, Японскія, Рукю, Тайвань, Філіпінскія. На Пд Азіі в-аў Шры-Ланка і Малайскі архіпелаг; на З у Міжземным м. в-аў Кіпр. Найб. аддаленасць унутр. раёнаў Азіі ад акіянаў 2 — 2,5 тыс. км. Прыродныя раёны: Паўн. Азіі, Усх. Азія, Цэнтр., Сярэдняя Азія, Паўд. Азія і Зах. Азія (пра кожны гл. асобны арт.).

Рэльеф. Азія — узвышаная ч. свету (сярэдняя выш. 950 м). Пераважаюць горы і пласкагор’і, якія займаюць 75% тэр. У Азіі знаходзяцца найвыш. горныя сістэмы (выш. многіх хрыбтоў у Цэнтр. Азіі больш за 5000—7000 м) і вяршыня свету — 8848 м, Джамалунгма, або Эверэст, у Гімалаях. Горы Азіі ўтвараюць 2 вял. паясы: адзін выцягнуўся ў субшыротным напрамку ад Пярэднеазіяцкіх нагор’яў да хрыбтоў Індакітая і а-воў Малайскага архіпелага і ўключае Таўр, Каўказ, Загрос, Капетдаг, Сулейманавы горы, Гіндукуш, Памір, Каракарум, Тыбет, Гімалаі, горы М’янмы, Суматры і Явы. На У ад яго адыходзяць горныя хрыбты Куньлунь, Наньшань і Цыньлін. Другі пояс гор цягнецца з ПдЗ на ПдУ ад Цянь-Шаня да Чукоткі і ўключае Алтай, Саяны, горы Забайкалля, Станавы хр., Джугджур, Калымскае і Чукоцкае нагор’і. Зах. адгалінаванні паўн. ч. гэтага пояса — хрыбты Верхаянскі і Чэрскага. Уздоўж усх. ўзбярэжжа паласа гор мерыдыянальнага напрамку: Каракскае нагор’е, Сярэдзінны хр. Камчаткі, Сіхатэ-Алінь, Маньчжура-Карэйскія і Анамскія горы. Вял. нагор’і Азіі Тыбецкае, Памір, Пярэднеазіяцкія (Малаазіяцкае, Армянскае, Іранскае), пласкагор’і Сярэднесібірскае, Аравійскага п-ва, Дэкан. Нізінныя раўніны Зах.-Сібірская, Туранская, Паўн.-Сібірская, Вял. Кітайская раўніна, Месапатамская, Інда-Гангская; высокія (у Цэнтр. Азіі) — Кашгарская, Джунгарская. На Камчатцы, а-вах Усх. Азіі і Малайскага архіпелага шмат дзеючых вулканаў.

Геалагічная будова. У тэктанічных адносінах Азія складаецца з шэрагу стараж. платформаў (Сібірскай, Індыйскай, Кітайска-Карэйскай і Афрыкана-Аравійскай) і больш маладых складкавых структур. У абласцях іх распасцірання дакембрыйскія крышт. пароды выступаюць на паверхню ці перакрыты асадкавымі тоўшчамі. Уздоўж краёў Сібірскай платформы невял. тэр. займаюць структуры байкальскага ўзросту (Усх. Саян, Енісейскі краж, Прыбайкалле і Забайкалле). Да структур каледонскай складкавасці адносяцца паўн. дугі Цянь-Шаня, цэнтр. ч. Казахскага драбнасопачніка, паўн.-ўсх. раёны Кітая. Герцынская складкавасць ахапіла вял. тэр. Азіі, у выніку ўтварыліся Урал, паўн. ч. Алтая, Салаір, Цянь-Шань, Куньлунь, Наньшань. Мезазойскія структуры пашыраны ў Паўн.-Усх. Сібіры, Забайкаллі, Індакітаі. Маладыя кайназойскія геал. структуры альпійскай складкавасці фарміраваліся ў Альпійскім і Ціхаакіянскім складкавых паясах, у выніку ўзніклі асн. рысы размяшчэння горных сістэм. Склалася шыротная горная сістэма, што працягнулася праз усю Азію (Каўказ, Памір, Гімалаі і інш.). Каля падножжа маладых гор сфарміраваліся Месапатамскі, Інда-Гангскі і інш. вялізныя краявыя (перадгорныя) прагіны. Карысныя выкапні. У Азіі больш як палавіна сусветных запасаў нафты. Асн. нафтагазаносныя раёны: у краінах Персідскага заліва (Саудаўская Аравія, Аман, Кувейт, Катар, Іран), у Расіі (Зах. Сібір, Сахалін), а таксама ў Азербайджане, Казахстане, на а-вах Малайскага архіпелага (Суматра, Калімантан) і ў Кітаі. Найб. радовішчы каменнага вугалю ў Расіі (Кузнецкі, Канска-Ачынскі, Ленскі, Паўд. Якуцкі бас.), у Казахстане (Карагандзінскі бас.), Кітаі, Індыі, Карэі. Значныя паклады жал. руды ў Расіі (Прыангар’е, Паўд. Сібір), Казахстане (Кустанайская вобл., Цэнтр. Казахстан), Кітаі, Карэі, Індыі. Буйн. радовішчы марганцу ў Індыі і Грузіі; волава ў Паўд.-Усх. Азіі (М’янма, Тайланд, а-вы Інданезіі); медзі ў Казахстане (Джэзказган); нікелю ў Расіі (раён г. Нарыльска); графіту ў Расіі (Усх. Сібір) і Шры-Ланцы; слюды ў Расіі (Усх. Сібір) і Індыі; фасфарытаў у Казахстане і Кітаі; баксітаў — у Казахстане, Расіі (Паўд. Сібір), паўн.-ўсх. Кітаі, Індыі; золата ў Расіі, Узбекістане, Казахстане; алмазаў у Расіі [Саха (Якуція)]. Буйныя радовішчы кухоннай солі ў Расіі, Казахстане, Туркменістане, Турцыі, Іране, Пакістане.

Клімат. Азія размешчана ва ўсіх кліматычных паясах — ад арктычнага да экватарыяльнага. На б.ч. Азіі пераважае кантынентальны клімат. Зімой над Азіяй фарміруецца ўстойлівая вобласць высокага ціску — Азіяцкі антыцыклон. Летам пануюць кантынентальныя трапічныя і ўмераныя паветраныя масы. На У і Пд Азіі развіта мусонная цыркуляцыя (гл. Мусоны). Сярэдняя т-ра студз. ад -20 °C на Пн да 25 °C каля экватара. Найб. нізкія зімовыя т-ры ў раёнах Аймякона і Верхаянска (да -70 °C, полюс холаду Паўн. паўшар’я). У ліпені на Пн т-ра ніжэй за 10 °C, у Цэнтр. Азіі 30 °C і больш. Макс. колькасць ападкаў на наветраных схілах гор Паўд. і Усх. Азіі (напр., у Чэрапунджы, у Індыі, да 12 000 мм за год); у экватарыяльных раёнах — больш за 2000 мм, у субтрапічных і ўмераных мусонных паясах — 600—2000 мм; ва ўнутр. кантынентальных раёнах — менш за 350 мм; у пустынях Аравійскага п-ва і Цэнтр. Азіі — менш як 150 мм за год. Клімат Азіі пустынна-арктычны і субарктычны на Пн; ва ўмераным поясе — рэзка кантынентальны, сухі (Усх. Сібір), умерана кантынентальны (Зах. Сібір); пустынны ў Сярэдняй Азіі, Казахстане і паўн. ч. Цэнтр. Азіі; умераны мусонны на У; міжземнаморскі ў субрапічным поясе (зах. ўскраіна М.Азіі); субтрапічны горна-стэпавы і пустынны на б.ч. М.Азіі; вільготны субтрапічны на У Закаўказзя (Калхідская ніз.); высакагорны пустынны на Паміры, Каракаруме, Тыбеце і інш.; субтрапічны мусонны на ўсх. ускраінах Азіі; трапічны пустынны клімат ва ўнутр. раёнах Зах., Сярэдняй Азіі, Зах. Пакістана; субэкватарыяльны ў Індастане, Індакітаі, усх. раёнах в-ва Ява, экватарыяльны на Зондскіх а-вах і п-ве Малака.

Унутраныя воды. Азія — краіна вялікіх рэк, займае першае месца ў свеце па сумарным аб’ёме сцёку. Водныя рэсурсы размешчаны нераўнамерна. У Паўн. Ледавіты ак. цякуць Об з Іртышом, Енісей з Ангарой і Ніжняй Тунгускай, Лена з Алданам і Вілюем, Яна, Індыгірка, Калыма; у Ціхі ак. — Анадыр, Амур з Сунгары, Усуры і Аргунню, Хуанхэ, Янцзы (самая доўгая і мнагаводная ў Азіі, 5800 км), Сінзян, Меконг і Менам; у Індыйскі ак. — Салуін, Іравадзі, Брахмапутра, Ганг і Інд, а таксама Шат-эль-Араб (утвораны зліццём Тыгра і Еўфрата). Да рэк абласцей унутр. сцёку належаць Амудар’я, Сырдар’я, Чу, Ілі, Кура і інш. Ва ўмераных шыротах рэкі замярзаюць зімой і разліваюцца вясной. Рэкам мусоннай ч. Азіі характэрны летні макс. сцёк, міжземнаморскіх раёнаў — зімовы; рэкі экватарыяльных раёнаў паўнаводныя круглы год. Выкарыстоўваюцца як трансп. артэрыі і для ірыгацыі, маюць значныя энергарэсурсы. Буйныя азёры — Каспійскае і Аральскае моры — з’яўляюцца рэшткамі вял. мораў, у тэктанічных упадзінах ляжаць воз. Байкал (самае глыбокае, 1629 м), Ісык-Куль, Хубсугул, Урмія, Цялецкае; некаторыя азёры ўзніклі ў выніку абвалаў (Сарэзскае), карставых працэсаў (воз. Зах. Таўр). У бяссцёкавых упадзінах шмат салёных азёраў (Кукунор, Туз і інш.). На в-ве Паўн. Зямля, у гарах Памір, Гімалаі, Каракарум, Гіндукуш і інш. ёсць ледавікі. Агульная іх пл. 118,4 тыс. км². Значную тэр. Паўн., Зах. і Усх. Сібіры (каля 11 тыс. км²) займае шматгадовая мерзлата.

Глебы і расліннасць. На раўнінах паўн. і сярэдняй ч. Азіі ярка выяўлена шыротная занальнасць. На Пн уздоўж узбярэжжа Паўн. Ледавітага ак. распасціраюцца арктычныя пустыні, тундра і лесатундра са слаба развітымі тундрава-глеевымі глебамі, на якіх растуць імхі, лішайнікі, ягаднікі, нізкарослыя дрэвы. Далей на Пд тундра і лесатундра змяняюцца вял. паласой зоны тайгі (цемнахвойнай на З — елка, сасна і светлахвойнай на У — піхта, лістоўніца, кедр) з пераважна падзолістымі мярзлотна-таежнымі глебамі. Тайга змяняецца лісцевымі (бярозавымі) лясамі, потым лесастэпам і стэпам з чарназёмнымі і каштанавымі глебамі, а на Д. Усходзе — шыракалістымі лясамі з дубу, клёну, грабу, ліпы. Паўпустыні і пустыні з шэразёмнымі глебамі пашыраны на Аравійскім п-ве, у раёнах Іранскага нагор’я, Сярэдняй і Цэнтр. Азіі (Каракумы, Кызылкум, Гобі, Такла-Макан), дзе характэрна пустынна-стэпавая расліннасць: злакі, палын, саланчакі. У субтропіках Зах. Азіі міжземнаморская ксерафітная расліннасць на карычневых глебах, ва Усх. Азіі — мусонныя мяшаныя і шыракалістыя лясы на жаўтазёмах і чырваназёмах. У тропіках Усх. і Паўн. Азіі мусонныя лістападныя лясы і саванны на чырвона-жоўтых фералітных глебах; на наветраных схілах гор зялёныя лясы. На п-ве Індастан своеасаблівыя чорныя глебы сухіх саваннаў — рэгуры. У экватарыяльных шыротах (Інданезія) мнагаярусныя забалочаныя лясы (гілеі). У гарах вышынная пояснасць: у Паўн. Азіі пераважаюць чорная тайга і тундра, у Сярэдняй і Цэнтр. Азіі — горныя стэп і пустыні, у Паўд. Азіі — горныя трапічныя лясы. Азія — радзіма большасці культ. раслін.

Жывёльны свет вельмі разнастайны і падпарадкаваны шыротнай занальнасці і вышыннай пояснасці. Некаторыя жывёлы маюць вял. арэалы (у ваўка і ліса амаль уся Азія). Самы бедны жывёльны свет на паўн. акіянскіх узбярэжжах і ў тундры (лемінгі, пясцы; з птушак — белая сава, белая курапатка, гусі, гагі); на ўзбярэжжах і ў лядовых прасторах — белы мядзведзь; у морах — морж, цюлень, розныя віды рыб. У лясной зоне водзяцца лось, алені (паўн. алень; на Пд марал і ізюбр), казуля, кабарга, расамаха, буры мядзведзь, рысь, собаль, куніца, гарнастай, вавёрка. Для фауны стэпаў, пустынь і горных пустынь характэрны антылопы (сайгак, джэйран), дзікія бараны і казуля; з драпежнікаў — барс, гепард, паласатая гіена, шакал. Захаваліся кулан, конь Пржэвальскага, дзікі двухгорбы вярблюд, шмат грызуноў (тушканчыкі, суслікі), надзвычай шматлікія паўзуны: яшчаркі (агамы, геконы, вараны), змеі (гюрза, кобра); некалькі відаў чарапах. Небяспечныя павукападобныя: скарпіёны, каракурт, тарантул, фалангі. У Цэнтр. Азіі водзяцца дзікі як, чырвоны воўк, снежны барс; у шыракалістых лясах — плямісты алень, янотападобны сабака, харза, чорны мядзведзь, бамбукавы мядзведзь. На Пд некалькі відаў малпаў: макакі, гібоны, у Інданезіі — арангутангі. У саваннах і экватарыяльных лясах жывуць слон, насарог, дзікі бык (буйвал), тапір, антылопы і інш. Для вывучэння і аховы прыроды ў многіх краінах створаны запаведнікі.

Насельніцтва. У Азіі жыве каля 3,4 млрд. чал. (1994). 80% насельніцтва Азіі сканцэнтравана ў Кітаі, Індыі, Інданезіі, Пакістане і Японіі, дзе шчыльнасць насельніцтва дасягае 200—300 (часам 1500) чал. на 1 км², найб. нізкая шчыльнасць у Сібіры, Цэнтр. і Зах. Азіі (у асобных раёнах няма пастаяннага насельніцтва). У Азіі жывуць прадстаўнікі 3 асн. расаў: мангалоіднай (Усх., Паўд.-Усх., Цэнтр. і часткова Паўд. Азіі, карэнныя жыхары Сібіры і Д.Усходу), еўрапеоіднай (Усх., Паўд.-Усх., Цэнтр. і часткова Паўн. Азіі, карэнныя жыхары Сібіры і Д. Усходу) і акіянскай галіны экватарыяльнай расы (Паўд.-Усх. і Паўд. Азіі). Ёсць пераходныя антрапалагічныя тыпы: пярэднеазіяцкі, пантыйскі, інда-афганскі і інш. Большасць насельніцтва Азіі вызнае іслам (народы Пярэдняй Азіі, малайцы, яванцы і інш. народы Паўд.-Усх. Азіі) і будызм (манголы, карэйцы, кітайцы, японцы, в’етнамцы і інш.); распаўсюджана таксама хрысціянства (рускія, армяне, грузіны, філіпінцы, ч. арабаў Лівана і в’етнамцаў, альфуры), індуізм (насельніцтва Паўд. Азіі), даасізм і канфуцыянства (у Кітаі), сінтаізм (у Японіі), часткова джайнізм і сікхізм (у Індыі), іудаізм (у Ізраілі). У карэйцаў, в’етнамцаў і інш. захаваліся і анімістычныя вераванні.

Палітычны падзел. У межах Азіі і на прылеглых а-вах размешчаны дзяржавы: Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Азербайджан, Аман, Арменія, Афганістан, Бангладэш, Бахрэйн, Бруней, Бутан, В’етнам, Грузія, ч. Егіпта, Ізраіль, Іарданія, Індыя, Інданезія, Ірак, Іран, Йемен, Казахстан, Камбоджа, Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка, Катар, Кіпр, Кітай, Кувейт, Кыргызстан, Лаос, Ліван, Малайзія, Мальдывы, Манголія, М’янма, Непал, Пакістан, Палесціна (тэр. Зах. берага р. Іардан і сектар Газа), Расійская Федэрацыя, Рэспубліка Карэя, Саудаўская Аравія, Сінгапур, Сірыя, Таджыкістан, Тайланд, б.ч. Турцыі, Туркменістан, Філіпіны, Шры-Ланка, Японія, а таксама тэр. Аамынь (уладанне Партугаліі) і Сянган (Ганконг; уладанне Вялікабрытаніі).

Літ.:

Власова Т.В. Физическая география материков. 3 изд. М., 1976;

Физическая география материков и океанов. М., 1988;

Народы мира: Ист.-этногр. справочник. М., 1988;

Страны и народы: Зарубежная Азия: Общ. обзор;

Юго-Западная Азия. М., 1979;

Страны и народы: Советский Союз: Общ. обзор;

Российская Федерация. М., 1983.

Да арт. Азія. Каменная пустыня.
Да арт. Азія. Лістоўнічная тайга ў Заходняй Сібіры (злева); джунглі Малайзіі.
Да арт. Азія. Даліна Гейзераў на Камчатцы.
Да арт. Азія. Вільготныя субтропікі Закаўказзя.
Да арт. Азія. Пясчаная пустыня ў Сярэдняй Азіі.
Да арт. Азія. Пік Кхумбутсе ў Гімалаях.

т. 1, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)