КСЕРАФІ́ЛЫ [ад грэч. xēros сухі + ...філ(ы)],
сухалюбы, расліны і жывёлы, прыстасаваныя да сухіх месцапражыванняў. Вызначаюцца развітымі механізмамі рэгуляцыі воднага абмену, здольнасцю затрымліваць ваду ў тканках, могуць працяглы час існаваць без яе папаўнення. Найб. тыповыя К. пашыраны ў зонах пустынь, паўпустынь, сухіх стэпаў і лесастэпаў. Гл. таксама Ксерафіты.
Сярод К.-жывёл вылучаюць прадстаўнікоў розных груп: саранчовыя, паўзуны, дрофы, саксаульная сойка, многія грызуны, вярблюды, тушканчыкі, дробныя драпежнікі. Сярод жывёл Беларусі рысамі ксерафільнасці вылучаюцца многія насякомыя (напр., жукі-чарнацелкі, шкодная чарапашка), большасць паўзуноў, некат. птушкі (валасянкі) і звяры.
т. 8, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
гіграфі́ты
(ад гігра- + -фіты)
расліны, якія растуць у месцах павышанай вільготнасці, напр. гелафіты (параўн. ксерафіты, мезафіты).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
геміксерафі́ты
(ад гемі- + ксерафіты)
расліны засушлівых мясцін, якія не пераносяць працяглага абязводжвання і маюць карані, што дасягаюць грунтавых вод.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
НА́МІБ (Namib),
прыакіянічная пустыня на Пд Афрыкі. У асн. у Намібіі, ад г. Намібе (Ангола) на Пн да вусця р. Оліфантс (прыток р. Аранжавая) на Пд. Даўж. 2100 км, шыр. 50—130 км. Ступеньчатая раўніна выш. да 1000—1200 м на У. Паўн. Н. (да мыса Крос) пераважна друзаватая і галечнікавая, цэнтр. Н. (да бухты Людэрыц) — пясчаная, з дзюнамі выпі. да 30—40 м, паўд. ч. — камяністая. Клімат акіянічны, пустынны, з незвычайна нізкімі т-рамі паветра для гэтых шырот. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца 17—19 °C, самага халоднага — 12—13 °C. Ападкаў менш за 100 мм за год пры вял. вільготнасці паветра. Частыя туманы. Транзітныя рэкі Кунене і Аранжавая, часовыя вадацёкі. У месцах неглыбокага залягання грунтавых вод растуць ксерафіты і сукуленты: акацыі, малачаі, алоэ, вельвічыя. Радовішчы алмазаў (раён бухты Людэрыц), уранавых руд. Нац. паркі Наміб і Бераг Шкілетаў.
т. 11, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСУХАЎСТО́ЙЛІВАСЦЬ раслін,
эвалюцыйна замацаваная здольнасць раслін пераносіць абязводжванне і перагрэў тканак, што выклікаецца глебавай або паветранай засухай; генетычна абумоўленая прыкмета. Можа ўзмацняцца ў працэсе адаптацыі. Расліны падзяляюць на пайкілагідрыдныя, якія не здольны рэгуляваць свой водны рэжым (напр., імхі, сіне-зялёныя водарасці, лішайнікі, некат. віды папарацей), і гамеагідрыдныя, што могуць падтрымліваць сваю вільготнасць (б.ч. кветкавых раслін і с.-г. культуры). Найб. высокай З. валодаюць ксерафіты, да якіх належаць усе дзікарослыя расліны стэпаў, пустынь і паўпустынь. Некат. з іх, напр. сукуленты, вызначаюцца гарачаўстойлівасцю і здольны пераносіць т-ру да 60 °C і вышэй (большасць культурных раслін — мезафітаў — гінуць пры т-ры каля 45—48 °C). Устойлівасць раслін да засухі павышаюць спец. прыстасаванні, якія абмяжоўваюць выпарэнне вады з тканак (магутная каранёвая сістэма, драбнаклетачнасць, тоўстая кутыкула, апушэнне, васковы налёт і інш.). З. павялічваецца па меры развіцця раслін і змяншаецца на генератыўнай яго фазе. Сярод культ. форм найб. засухаўстойлівыя шафран пасяўны, гарбуз, проса, ячмень, сланечнік; менш вынослівыя пшаніца, авёс. Павышэнне З. с.-г. культур дасягаецца агратэхн. прыёмамі, накіраванымі на барацьбу з засухай, селекцыяй на высокую З., правільным севазваротам, угнаеннем глебы і інш.
т. 7, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫ РЭЖЫ́М РАСЛІ́Н,
працэс водаабмену паміж раслінамі і навакольным асяроддзем, неабходны для падтрымання іх жыццядзейнасці; частка агульнага абмену рэчываў. Вызначаецца і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з генетычна замацаванымі асаблівасцямі ўнутр. будовы і функцыямі раслін (анатама-марфал. структура, відавая і сартавая спецыфіка фізіял. функцый) і знешнімі экалагічнымі ўмовамі (вільготнасць і т-ра глебы і паветра, рэльеф, уласцівасці глебы і інш.). Складаецца з паслядоўных і цесна звязаных працэсаў паступлення вады ў карані раслін з глебы, падымання яе па каранях і сцёблах у лісце і інш. органы, выпарэння лішняй вады лісцем у атмасферу (транспірацыі). Паступленне, перамяшчэнне і выпарэнне вады ў раслінным арганізме складаюць яго водны баланс (суадносіны паміж колькасцю вады, якую расліна атрымлівае і якую траціць за адзін прамежак часу). У розныя гадзіны сутак, а таксама перыяды вегетацыі гэтыя суадносіны неаднолькавыя. Нястача і лішак вады адмоўна адбіваюцца на росце і развіцці раслін. Нармальны стан вышэйшых раслін характарызуецца наяўнасцю невял. воднага дэфіцыту (5—6% ад поўнай вільгаценасычанасці клетак), якому адпавядае найб. высокая інтэнсіўнасць фотасінтэзу. Паводле ўмоў увільгатнення (напр., воднага рэжыму глебы) і прыстасаванняў да яго вылучаюць экалагічныя групы раслін: гідрафіты, гіграфіты, мезафіты, ксерафіты, сукуленты. Водны рэжым раслін уплывае на біял. прадукцыйнасць, колькасць і якасць ураджаю с.-г. раслін.
Л.Г.Емяльянаў.
т. 4, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)