карса́к, -ка́ м., зоол. корса́к

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ВАЎКАВЫ́СКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,

бел. рукапісны помнік 16 ст. Месца стварэння невядомае. Зробленая на кнізе ў 1751 прэсвітэрам «церкви Волковицкой» айцом Іаанам Савічам прыпіска дала магчымасць В.Шматаву звязаць Евангелле з Ваўкавыскам, аднак, магчыма, кніга знаходзілася ў в. Ваўкавічы Навагрудскага пав. (у прыпісцы ўпамінаецца пан Казімір Корсак, навагрудскі гарадскі суддзя). У 19 ст. А.Рачынскі вывез Евангелле з Віцебскага Маркавага манастыра ў Віленскую публічную б-ку. Ваўкавыскае евангелле — рэдкі ўзор рукапіснай бел. кнігі рэнесансавага стылю: шматколерныя раслінныя арнаменты ініцыялаў і заставак выходзяць на правыя і левыя палі рукапісу. Рукапіс пашкоджаны: няма пачатку Евангелляў ад Марка, Матфея, няправільна збрашураваны Саборнік 12 месяцаў і казанні евангелістаў на кожны дзень. Зберагаецца ў б-цы АН Літвы (Вільня).

М.В.Нікалаеў.

т. 4, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РСАКІ,

дзяржаўныя дзеячы, род уласнага герба «Корсак» (змененая «Катвіца») у ВКЛ. Паходзяць з полацкага баярства. Родапачынальнік Фёдар упамінаецца ў 1385, калі ён атрымаў ад полацкага кн. Андрэя Альгердавіча землі каля воз. Беразвеч. Яго сын Дзмітрый меў сыноў Саву, Якава (Яшку) і Васіля, якія ўзвысіліся пры вял. кн. Свідрыгайле [1430—32]. Ад Савы пайшла галіна, якая карысталася прозвішчам Савічы-К. і гербам «Ліс», дапоўненым выявай герба «Катвіца» ў клейнодзе. Найб. вядомыя К.:

Васіль Дзмітрыевіч (каля 1380—1452), намеснік полацкі пры Свідрыгайле, потым у яго радзе, калі апошні быў валынскім князем. Баркулаб (каля 1520—76), пасол у Маскву ў час Лівонскай вайны ў 1562, староста свіслацкі, дзісненскі. Праз шлюб з князёўнай П.Крошынскай набыў маёнткі ў Аршанскім пав., дзе заснаваў названае сваім імем мяст. Баркалабава. Іосіф (каля 1540—1618), полацкі войскі з 1570 і суддзя земскі з 1586, кашталян мінскі, потым полацкі з 1597. Ян Рыгоравіч (каля 1560—1625), полацкі харунжы з 1598, гараднічы да 1611, кашталян дэрпцкі з 1620, полацкі з 1621, у канцы жыцця ваявода смаленскі. Іосіф Львовіч (каля 1570—1643), мсціслаўскі староста з 1629 і ваявода з 1639, заснавальнік базыльянскага кляштара ў Беразвеччы і кармеліцкага ў Глыбокім. Рафаіл (свецкае імя Мікалай; каля 1595—28.8.1640), архімандрыт уніяцкіх манастыроў Віленскага св. Тройцы, Ануфрыеўскага, Кобрынскага св. Спаса, Жыдзічынскага, протаархімандрыт (генерал) базыльянскага ордэна (1626—40), епіскап галіцкі (1626—32) і турава-пінскі (1632—37), мітрапаліт грэка-каталіцкай царквы Рэчы Паспалітай (1636—40). Ян Раманавіч (каля 1620—97), полацкі падчашы з 1658, падкаморы з 1659, кашталян з 1661. Самуэль (каля 1745 — пасля снеж. 1795), грамадска-паліт. і вайсковы дзеяч ВКЛ. Пасол ад Навагрудскага ваяв. на сейм 1773, які зацвердзіў 1-ы падзел Рэчы Паспалітай. Уваходзіў у апазіцыю на чале з Т.Рэйтанам і С.Багушэвічам, якая імкнулася не дапусціць падзелу. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794, падпісаў віленскі акт паўстання 24.4.1794. Уваходзіў у Найвышэйшую літоўскую раду. Гл. таксама Корсак Т.

т. 8, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРА́НСКАЕ НАГО́Р’Е,

адно з найбольшых Пярэднеазіяцкіх нагор’яў, у Іране (​2тэр.), Афганістане, Пакістане, часткова ў Іраку і на Пд Туркменіі. Пл. каля 2,7 млн. км². Размешчана паміж Месапатамскай нізінай на З далінай р. Інд на У. Працягласць з Пн на Пд 1500 км, з 3 на У 2500 км. Сфарміравалася у межах альпійска-гімалайскай геасінклінальнай вобласці ў выніку альпійскага і больш ранняга арагенезу. Вонкавы край створаны горнымі дугамі. На Пн яны складаюцца з гор Эльбурс (г. Дэмавенд — 5604 м), Туркмена-Харасанскіх, Парапаміз і Гіндукуш, на Пд — Загрос (г. Зердкух — 4548 м) і Мекран, на У — Сулейманавы горы. Унутраная ч. нагор’я, у аснове якой ляжаць палеазойскія сярэдзінныя масівы, занята раўнінамі і катлавінамі, што перамяжаюцца з сярэдневышыннымі гарамі (Сярэднеіранскія, Усх.-Іранскія, Сярэднеафганскія горы выш. да 1500—2500 м). Сярод пустынных унутр. раўнін вылучаюцца Дэштэ-Кевір, Дэштэ-Лут, Дашты-Марго з глініста-друзавымі грунтамі і пясчаная Рэгістан. Радовішчы нафты, руд каляровых металаў, каменнага вугалю, серы. Клімат субтрапічны кантынентальны, сухі. Сярэдняя т-ра студз. ад -3 °C на Пн да 13 °C на Пд. У ліп. т-ры 25—32 °C. Ападкі ва ўнутр. раёнах да 100 мм, на паўн. схілах Эльбурса да 2000 мм, на вонкавых схілах Сулейманавых гор 700—800 мм за год. У гарах Загрос міжземнаморскі клімат з зімовымі ападкамі да 700 мм за год. Рэкі Гільменд, Сефідруд, Карун, Герыруд — малаводныя, выкарыстоўваюцца для арашэння. Ва ўнутр. ч. нагор’я азёры Дэр’ячэйс-Немек, Хамун. Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць. І.н. — ачаг фарміравання спецыфічнай флоры нагорных ксерафітаў «іранскай фрыганы» — калючага падушкападобнага хмызняку (астрагал, аканталімон і інш.). На паветраных вільготных схілах лясная расліннасць (у гарах Эльбурса — платан, жалезнае дрэва, дуб каштаналісты, самшыт і інш.). На ўсх. схілах гор Сулейманавы і Кіртхар участкі саванн, рэдкалессі і лістападныя лясы. У аазісах Пд растуць фінікавыя пальмы. Багаты жывёльны свет: леапард, буры мядзведзь, казуля, горны казёл, баран, ліс-корсак, гіена; паўзуны (гюрза, кобра, пясчаная гадзюка); грызуны; насякомыя; павукападобныя (тарантулы, каракурты, скарпіёны).

М.В.Лаўрыновіч.

т. 7, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗЫЛЬЯ́НЕ,

каталіцкія манахі ўсх. абраду, якія жывуць паводле т.зв. статута св. Васіля (Базыля) Вялікага (распрацаваны ў 4 ст.). Існуюць у Еўропе і на Б.Усходзе з ранняга сярэднявечча. У 16 ст. зарганізаваны ў адзіны ордэн. Вылучаецца некалькі асн. базыльянскіх абрадаў: Гротаферата (італа-албанскі), св. Збаўцы і св. Яна Хрысціцеля, Мелкіцкі (у Ліване, Палесціне і Егіпце), св. Іасафата (на Украіне, у Румыніі). На Беларусі базыльяне з’явіліся ў 17 ст. ў выніку царк. рэформаў уніяцкага мітрапаліта І.В.Руцкага. Першая місія манахаў-кармелітаў, выкліканая Руцкім у 1605, заклала базыльянскі ордэн у Свята-Троіцкім кляштары ў Вільні. На далейшае фарміраванне ордэна ў ВКЛ і ў Рэчы Паспалітай зрабілі ўплыў езуіты. У 1617 Навагрудская кангрэгацыя зацвердзіла стварэнне базыльянскага ордэна ў Рэчы Паспалітай і прыняла рэгулы (статут) новага ордэна, распрацаваныя Руцкім, які быў абраны 1-м протаархімандрытам (генералам) базыльянаў. Паводле рэгулаў протаархімандрыт ордэна падпарадкоўваўся папу рымскаму праз уніяцкага мітрапаліта. Протаархімандрытамі базыльянаў былі Руцкі (1617—21), Леў Крэўза Ржавускі (1621—26), Рафаіл Корсак (1626—36), Пахомій Война Аранскі (з 1636), Антоній Сялява (з 1652), Якуб Суша (з 1661), Гаўрыіл Календа (з 1666), Пахомій Агілевіч (1675—79), Стафан Мартышкевіч Бусінскі (1679—86), Язэп Пяткевіч (1686—90), Сымон Агурцэвіч (з 1690), Якім Кушэвіч (з 1694), Леў Кішка (1703—13), Васіль Працэвіч (1713—17), Максімілян Вятржынскі (1717—19), Антон Завадскі (з 1719), Карнелій Сталпавіцкі-Лябецкі (да 1727), Антанін Таміловіч (1729—36), Патрыцый Жураўскі (1739—43), Палікарп Мігуневіч (1743—47), Іпацій Білінскі (1747—51; 1759—72), Ераклій Лісянскі (1751—59), Парфірый Скарбек Важынскі (1772—80 і з 1788), Язэп Маргулец (1780—85), Ерафей Карчынскі (1786—88), Максімілян Вільчынскі (да 1793), Афанасій Фалькоўскі (да 1802), Юстын Гусакоўскі (да 1804, калі пасада протаархімандрыта была скасавана). У 1743 ордэн падзелены на 2 правінцыі: Літоўскую (уваходзілі землі княства, у т. л. Беларусі) і Рускую (або Польскую, каронную). Ордэнам кіравалі протаархімандрыт, правінцыялы (кіраўнікі правінцый), 4 кансультары і сакратар. Вышэйшай заканад. уладай былі кангрэгацыі (з удзелам мітрапаліта), іерархіі базыльянаў. Кангрэгацыі склікаліся раз на 4 гады ў любым буйным цэнтры базыльянаў, найчасцей у Навагрудку (1617, 1671, 1686, 1703, 1717, 1719, 1730), Жыровічах (1629, 1631, 1658, 1659, 1661, 1675, 1679, 1694), Вільні (1636, 1642, 1646, 1650, 1667, 1713). У 1635 базыльяне атрымалі прывілей караля Уладзіслава IV, паводле якога біскупамі уніяцкай царквы маглі выбірацца толькі манахі-азыльяне, што ўзмацніла пазіцыі ордэна. Расла колькасць кляштараў. У 1772 у кожнай правінцыі было па 72 кляштары, больш за 600 манахаў. Базыльяне актыўна займаліся адукац. дзейнасцю. Прывілеем 1613 кароль Жыгімонт III Ваза дазволіў базыльянам адкрываць школы са статутам пач. і сярэдніх навуч. устаноў з выкладаннем на бел. мове. Базыльяне распрацавалі сістэму свецкай адукацыі пераважна лінгвістычнага багаслоўскага і агульнагуманітарнага кірунку. У 18 ст. буйнейшыя базыльянскія школы мелі па 300—500 вучняў. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 існавалі 4 правінцыі; акрамя 2 існуючых утварыліся Беларуская (на далучаных да Расіі землях) і Галіцкая (на тэр. Аўстрыі). У 1785 ордэну базыльянаў, які стаў сур’ёзнай перашкодай на шляху афіц. палітыкі праваславізацыі і русіфікацыі Беларусі, было забаронена выбіраць правінцыяла і протаархімандрыта, улада над ім была перададзена архібіскупу А.Лісоўскаму, прыхільніку ўсх. абраднасці. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай кантакты базыльянаў з Рымам спынены, ордэн ператварыўся ў групу адасобленых кляштараў без ордэнскай цэнтралізацыі. У 1822 паводле загаду цара Аляксандра І закрыты кляштары базыльянаў, пры якіх існавалі навіцыяты, школы або філасофскія і багаслоўскія класы, а на іх базе створаны правасл. духоўныя вучылішчы. Паводле ўказу Мікалая І ад 9.10.1827 ліквідавана базыльянскае манаства, а ў 1828 ліквідаваны і кляштары базыльянаў. Толькі Свята-Троіцкі віленскі кляштар з семінарыяй праіснаваў да 1839, калі на Полацкім дзярж. саборы была скасавана уніяцкая царква. У 1870 забаронены апошнія кляштары базыльянаў на тэр. Польшчы. Базыльяне захаваліся ў Аўстра-Венгрыі (14 кляштараў у Галіцыі і 7 у Венгрыі). На Украіне базыльяне афіцыйна дзейнічалі да 1946, калі на Львоўскім саборы была ліквідавана Украінская грэка-каталіцкая царква. З таго часу базыльяне разам з усёй царквой перайшлі на нелегальнае становішча. У канцы 1980-х г. яны аднавілі сваю дзейнасць. На Беларусі базыльянства не адрадзілася, аднак невял. частка манахаў праходзяць навіцыят ва ўкраінскіх базыльянскіх кляштарах.

Літ.:

Коялович М.О. История воссоединения западнорусских униатов старых времен. Спб., 1873;

Бобровский П.О. Русская греко-униатская церковь в царствование императора Александра I. Спб., 1890.

І.М.Дубянецкая.

т. 2, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ГРЭ́КА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ЦАРКВА́,

каталіцкая царква ўсх. абраду на тэр. Беларусі. Усталявалася ў выніку заключэння Брэсцкай уніі 1596, па ўмовах якой правасл. царква (гл. Праваслаўе) прыняла дагматыку каталіцкага веравызнання (гл. Каталіцызм), захаваўшы ўсх. грэка-візант. рытуалы і традыц. правасл. абраднасць. Пры гэтым яна не ўвайшла ў склад польскай каталіцкай царквы, а стала часткай самаст. уніяцкай царквы (гл. Уніяцтва) Рэчы Паспалітай, падпарадкаванай непасрэдна папу рымскаму (гл. таксама Каталіцкія цэрквы ўсходняга абраду). Пераход правасл. беларусаў ва уніяцкае веравызнанне адбываўся паступова, пераадольваючы на першым часе значнае непрыняцце і нават супраціўленне з боку часткі правасл. духавенства і яго прыхільнікаў, асабліва мяшчан. Але шырокая асветніцка-адукац. дзейнасць, увага да нац.-культ. традыцый, выкарыстанне ў рэліг. жыцці бел. мовы спрыялі павелічэнню ўплыву Беларускай грэка-каталіцкай царквы, і да канца 18 ст. яна ахоплівала больш за 80% насельніцтва Беларусі. Унутраную арг-цыю Беларускай грэка-каталіцкай царквы ў 17—18 ст. складалі Наваградска-Літоўская мітрапаліцкая, Полацкая, Пінска-Тураўская і Смаленская епархіі, частка Уладзімірска-Берасцейскай епархіі (Брэсцкае Палессе). Першая з іх ахоплівала Віленскае, Трокскае, Наваградскае, Мінскае і Кіеўскае ваяв. Кафедральнымі саборамі грэка-католікаў былі Барысаглебская царква ў Навагрудку, Успенская царква ў Вільні і Успенская царква ў Мінску. У пач. 18 ст. ў мітрапаліцкай епархіі было каля тысячы уніяцкіх цэркваў, якія знаходзіліся пад кіраўніцтвам мясц. дэканаў (благачынных). Полацкая уніяцкая епархія ўключала Полацкае, Віцебскае, Мсціслаўскае, Курляндскае ваяв. і Лівонію. У Пінска-Тураўскую епархію ўваходзіў толькі Пінскі пав. Смаленская епархія (арганізавана ў 1625) уключала Смаленскае ваяв., Северскую і Чарнігаўскую землі (фактычна перастала існаваць у 1667 пасля далучэння Смаленска да Расіі). У пач. 17 ст. ў Віленскім Троіцкім манастыры быў арганізаваны уніяцкі манаскі ордэн базыльян (гл. Базыльяне), пачалося актыўнае фундаванне уніяцкіх цэркваў і кляштараў, пры многіх з іх ствараліся друкарні, школы, калегіі. Навучанне ў такіх школах і калегіях вялося на бел. мове, нават у самыя неспрыяльныя для яе часы. У друкарнях базыльян было надрукавана шмат катэхізісаў, малітоўнікаў, службоўнікаў, напісаных на бел. мове, а таксама павучанняў, казанняў, палемічных твораў і інш. л-ры на бел., польскай, лац. і царк.-слав. мовах. Перад 1-м падзелам Рэчы Паспалітай (1772) на Беларусі было каля 150 базыльянскіх кляштараў; пасля падзелу шматлікія кляштары і культ.-асв. цэнтры пры іх прыходзілі ў заняпад і ліквідаваліся. 22.4.1794 быў выдадзены ўказ Кацярыны II аб «искоренении Унии» на падставе таго, что бел. сяляне-уніяты і святары актыўна ўдзельнічалі ў паўстанні 1794 пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі. У 1795 скасаваны ўсе уніяцкія епархіі, акрамя Полацкай. Пры Паўле І былі заснаваны 2 новыя епархіі — Брэсцкая і Луцкая (1798), але уніяцкая царква была пазбаўлена самастойнасці і падпарадкавана Рымска-каталіцкай калегіі ў Пецярбургу. У 1809 арганізавана Віленская епархія, а ў 1828 замест існаваўшых 4 епархій створаны Літоўская (цэнтр — Жыровічы) і Беларуская (цэнтр — Полацк). У склад Літоўскай епархіі ўвайшлі уніяты, якія жылі ў Гродзенскай і Віленскай губ., Беластоцкай вобл., у паўн. паветах Валынскай і ў Падольскай губ. У Беларускай епархіі былі уніяцкія цэрквы і уніяты, якія жылі ў Віцебскай і Магілёўскай губ., 8 паветах Мінскай і Валынскай губ., уніяты Кіеўскай губ. і 6 уніяцкіх цэркваў у Курляндыі. У 1832 указам імператара Мікалая І скасаваны ордэн базыльян, зачынены уніяцкія кляштарныя школы, забаронена друкаванне і распаўсюджванне уніяцкіх кніг. У канцы 18 — 1-й трэці 19 ст. да правасл. царквы было далучана каля 2 млн. уніятаў. На Полацкім саборы 1839 была прынята пастанова аб скасаванні Брэсцкай уніі, ўз’яднанні з «Праваслаўна-Кафалічнай Усходняй царквой» і падпарадкаванні уніяцкай царквы «Свяцейшаму Кіруючаму Усерасійскаму Сіноду»; гэты акт быў зацверджаны правасл. Сінодам і імператарам. Была задушана спроба спыніць рэліг. ўціск і захаваць уніяцкую царкву ў час паўстання 1863—64 пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага.

Уніяцкімі мітрапалітамі былі Міхаіл Рагоза (1595—99), Ігнацій Пацей (1599—1613), Іосіф Веніямін-Руцкі (1613—37), Рафаіл Корсак (1637—43), Антоній Сялява (1643—45), Гаўрыіл Календа (1656—74), Кіпрыян Жахоўскі (1674—93), Фларыян Грабніцкі (1746—62), Іраклій Лісоўскі (1804—09), Іасафат Булгак (1812—39) і інш.

Пасля 1921, калі Зах. Беларусь увайшла ў склад Польшчы, на яе тэрыторыі пачалося адраджэнне Беларускай грэка-каталіцкай царквы. Было арганізавана 30 уніяцкіх прыходаў, актыўна дзейнічалі Друйскі і Альберцінскі кляштары. Пачаў выдавацца час. «Да злучэння». У 1923 у Ватыкане ўтворана спец. камісія па справах Уніі на тэр. ўсх. Польшчы. Але адм. пакаранні, рэпрэсіі, высяленні вернікаў-уніятаў спынілі працэс аднаўлення грэка-каталіцкай царквы. У 1946 у БССР уніяцтва было ліквідавана, захавалася толькі некалькі абшчын за мяжой.

У 1990 Беларуская грэка-каталіцкая царква адноўлена і атрымала афіц. прызнанне з боку папы рымскага Іаана Паўла II. У 1994 Ватыканам афіцыйна зацверджаны богаслужэбныя тэксты ў перакладзе на бел. мову, усе святары атрымалі афіц. намінацыі на свае парафіі. Дэканам грэка-каталіцкай царквы Беларусі прызначаны Ян Матусевіч. На Беларусі (на 1.1.1996) дзейнічала 11 грэка-каталіцкіх (уніяцкіх) абшчын. Выдаюцца час. «Унія», грэка-каталіцкія малітоўнікі і календары, інш. духоўна-рэліг. л-ра.

Літ.:

Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Ч. 1—3. Буэнос-Айрес, 1966 (репринт. Мн., 1990);

Драгун Ю. Уніяцкая царква Беларусі і дзяржаўная палітыка // З гісторыяй на «Вы». Мн., 1994;

Киркор А.К. Исторические судьбы Белорусского Полесья // Живописная Россия: Литовское и Белорусское Полесье: Репринт. 2 изд. Мн., 1994;

Міхаліна. Жыцьцярыс сьвятое пакутніцы Уніі // Унія. 1990. № 1.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 2, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)