ВАРАШЫ́ЛАЎ (Клімент Яфрэмавіч) (4.2.1881, с. Верхняе Луганскай вобл., Украіна — 2.12.1969),
савецкі парт., дзярж. і ваен. дзеяч, Маршал Сав. Саюза (1935). Двойчы Герой Сав. Саюза (1956 і 1968), Герой Сац. Працы (1960). У грамадз. вайну камандзір і чл.РВС шэрагу армій і франтоў. З 1925 нарком абароны СССР. З 1940 нам. старшыні СНКСССР, з 1946 — СМСССР. Чл. Палітбюро (Прэзідыума) ЦККПСС у 1926—60. У 1953—60 старшыня Прэзідыума Вярх. Савета СССР. Уваходзіў у бліжэйшае паліт. акружэнне І.В.Сталіна, адзін з арганізатараў масавых рэпрэсій 1930 — пач. 1950-х г. сярод ваенных. Уваходзіў у т.зв. антыпартыйную групу (В.М.Молатаў, Л.М.Кагановіч, Г.М.Малянкоў і інш.), аднак на пленуме ЦККПСС (чэрв. 1957) прызнаў свае памылкі і асудзіў фракцыйныя дзеянні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВІ́ТКА (Клімент Васілевіч) (4.2.1880, с. Хмялёў Роменскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 19.9.1953),
украінскі музыказнавец-фалькларыст, адзін з заснавальнікаў сав. этнамузыказнаўства. Скончыў Кіеўскі ун-т (1902). З 1922 узначальваў кабінет муз. этнаграфіі пры АН УССР у Кіеве. З 1933 праф., з 1937 адначасова кіраўнік Кабінета нар. музыкі Маскоўскай кансерваторыі. Найб. значныя працы па пытаннях метадалогіі музыказнаўчага даследавання ў галіне фальклору. Вывучаў ладаўтварэнне, рытміку, жанравую структуру муз.-паэт. фальклору слав., фіна-угорскіх, цюркскіх і інш. народаў. Запісаў больш як 6 тыс.нар. песень, у т. л. ад жонкі — Лесі Украінкі (зб. «Народныя мелодыі з голасу Лесі Украінкі», ч. 1—2, 1917—18; «Украінскія народныя мелодыі», 1922). На Беларусі запісваў каляндарныя, сямейна-абрадавыя і сямейна-быт. песні, апублікаваў арт. «Аб абласцях пашырэння некаторых тыпаў беларускіх каляндарных і вясельных песень» (1941). Зрабіў значны ўклад у вывучэнне нар.-інстр. культуры ўсх.-слав. народаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ДЫЧЫ (Medici),
славуты род, які правіў у г.Фларэнцыя ў 1434—1737 (з перапынкамі) і значна ўплываў на паліт. і эканам. жыццё сярэдневяковай Італіі; адзін з буйнейшых банкірскіх дамоў Еўропы ў 15 ст. Першы вядомы прадстаўнік роду Сальвестра М. (1331—88), які выкарыстаў паўстанне чомпі 1378 для ўзмацнення становішча роду. Гал. прадстаўнікі асн. дынастыі: Джавані ды Бічы М. (1360—1429), заснавальнік вядучай лініі роду, паклаў пачатак эканам. магутнасці М.; Казіма Старэйшы М. (1389—1464), першы правіцель Фларэнцыі (з 1434) з роду М., фінансіст, мецэнат; Ларэнца Пышны М. (1449—92), паэт, філосаф, мецэнат, з 1469 правіў у Фларэнцыі як тыран; сын Ларэнца Пышнага Джавані М. (1475—1521) у 1513—21 быў рымскім папам пад імем Льва X. Прадстаўнік пабочнай лініі: Казіма I М. (1519—74) у 1569 атрымаў ад папы рымскага тытул Вял. герцага Тасканскага. З роду М. паходзілі рымскі папа Клімент VII [1523—34], франц. каралевы Медычы Кацярына (жонка Генрыха II) і Марыя М. (1573—1642; жонка Генрыха IV).
раннехрысціянскія творы пра жыццё і вучэнне Ісуса Хрыста. Узніклі на мяжы 1—2 ст.н.э., аўтарамі Е. лічаць апосталаў або іх вучняў. Е. падзяляюцца на кананічныя — ад Матфея, Марка, Лукі і Іаана (уваходзяць у Новы Запавет) і апакрыфічныя (гл.Апокрыфы). На Беларусі Е. бытуюць з 10 ст. Найбольш стараж. Е., якія дайшлі да нас, — Тураўскае (11 ст.), Аршанскае (13 ст.), Полацкія (12—14 ст.), Мсціжскае (13—14 ст.), Друцкае, Лаўрышаўскае (14 ст.), Жыровіцкае (15 ст.), Шарашоўскае (16 ст.; гл. адпаведныя артыкулы). Евангельскія сюжэты, вобразы, прытчы, сімвалы шырока выкарыстоўвалі ў літ. і асветніцкай дзейнасці Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч, Ф.Скарына, В.Цяпінскі (першы надрукаваў Е. на старабел. мове), С.Будны, Л. і С.Зізаніі, Л.Карповіч, М.Сматрыцкі, А.Філіповіч і інш. Сюжэты, змест і вобразы Е. выкарыстоўвалі майстры скульптуры, жывапісу, кніжнай графікі, пісьменнікі (Сімяон Полацкі, М.Багдановіч, Я.Колас, К.Крапіва, У.Караткевіч і інш.).
Літ.:
Конан У. Ля вытокаў самапазнання: Станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору. Мн., 1989.
Да арт.Евангеллі. «Евангелле вучыцельнае» Каліста. Еўе. 1616.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМЕ́Р (Homēros),
паўлегендарны паэт Стараж. Грэцыі. З антычных часоў яму прыпісваецца аўтарства паэм «Іліяда» і «Адысея» — класічных узораў стараж.-грэч. эпасу, якія зрабілі вял. ўплыў на еўрап. і сусв. л-ру. Паводле легенды Гамер — сляпы вандроўны пясняр. Яго біяграфія, час і ўмовы стварэння паэм дакладна не высветлены, што спрыяла ўзнікненню т.зв. «гамераўскага пытання». Большасць сучасных даследчыкаў лічаць, што Гамер (ці іншы паэт, аўтар эпасу) жыў у г. Смірна (іанічная М. Азія) ці на в-ве Хіяс прыкладна ў 8 ст. да н.э.; выкарыстоўваючы фалькл. традыцыю — гераічныя песні, казанні і маст. сродкі нар. творчасці (яркія эпітэты, разгорнутыя параўнанні і інш.), ён стварыў «Іліяду». Паводле іх меркавання, «Адысея» з’явілася пазней (на мяжы 8—7 ст. або ў пач. 7 ст. да н.э.) і не належыць Гамеру. Абедзве паэмы грунтуюцца на матэрыяле міфаў пра Траянскую вайну, якая адбылася паміж траянцамі і грэкамі ў 13—12 ст. да н.э. «Іліяда» (назва ад г. Іліён (Троя)] апавядае пра падзеі дзесятага года вайны і ўслаўляе воінскую доблесць. У «Адысеі» пераважае быт. і казачны матэрыял, звязаны з падарожжамі, прыгодамі і вяртаннем Адысея на в-аў Ітака, услаўляецца чалавечы розум і прага да пазнання свету. Напісаныя гекзаметрам паэмы «Іліяда» і «Адысея» дэманструюць урачыстасць і велічнасць эпічнага стылю, з’яўляюцца выдатнымі ўзорамі паэтычнай творчасці. На Беларусі яны вядомы са стараж. часоў. На іх спасылаўся ў сваіх пропаведзях Клімент Смаляціч, Сімяон Полацкі назваў Гамера «пресловутым Омиром». Ф.Скарына выкарыстоўваў літ. форму экфразіса (маст. апісання твора), якая бярэ пачатак ад Гамера. Да «Іліяды» і «Адысеі» неаднаразова звяртаўся ў сваім творы «Пра свецкую ўладу» С.Будны. Цытаваў Гамера ў трактаце «Аб абавязках» С.Кашуцкі. На бел. мову ўрывак з «Іліяды» («Развітанне Гектара з Андрамахай») перакладаў Ю.Дрэйзін; цалкам пераклаў Б.Тарашкевіч, але захаваліся толькі ўрыўкі, фрагменты з «Адысеі» — А.Клышка.
Тв.:
Бел.пер. — У кн.: Тарашкевіч Б. Выбранае. Мн., 1991. С. 264—303;
Рус.пер. — Илиада;
Одиссея. М., 1967.
Літ.:
Лосев А.Ф. Гомер. М., 1960;
Сахарный Н.Л. Гомеровский эпос. М., 1976;
Ярхо В.Н. Гомеровский эпос // История всемирной литературы. М., 1983. Т. 1;
Малюковіч С.Д. Гамераўская традыцыя ў беларускай літаратуры // Славянские литературы в контексте мировой. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭ́Я (ад грэч. idea паняцце, уяўленне),
філасофская катэгорыя, якая ў розных формах свядомасці набыла неадназначны змест; зыходнае паняцце, пакладзенае ў аснову тэорыі, гіпотэзы, светапогляду.
Раннеант. філасофія (Парменід, Анаксагор, Дэмакрыт, Платон) тлумачыла І. як першааснову быцця, яго вобразы (эйдас) і ўзоры. Пазней Арыстоцель разглядаў іх як фарматворныя сутнасці ў іерархіі быцця, на вяршыні якой — форма форм, або Бог. Ант. канцэпцыі І. ў іх хрысц. інтэрпрэтацыі далі пачатак сярэдневяковым і неасхаластычным плыням філасофіі — рэалізму (традыцыя платанізму) і наміналізму (традыцыя арыстоцелізму). У кантэксце пантэістычнага светапогляду эпохі Адраджэння І. — духоўны, або боскі сэнс прыроды, грамадскага быцця і космасу ў цэлым. Філасофія новага часу (2-я пал. 17—19 ст.) усебакова развіла 2 канцэпцыі — рацыяналістычную (Р.Дэкарт, Г.Лейбніц, І.Кант), паводле якой І. ёсць прыроджаныя або апрыёрныя формы пазнання, і эмпірычную (Ф.Бэкан, Т.Гобс, Дж.Лок, Дж.Берклі, Д.Юм, П.Лафарг, К.Маркс, Ф.Энгельс), паводле якой І. — толькі адноснае, няпоўнае адлюстраванне матэрыяльнага быцця. У ням. класічнай філасофіі паняцце І. наблізілася да гнасеалагічнага і сацыяльнага ідэалу (Кант., І.Фіхтэ, Ф.Шэлінг), набыло значэнне боскай субстанцыі быцця (абсалютная ідэя Г.Гегеля). Рус. філасофія ўсеадзінства (У.Салаўёў, М.Лоскі, М.Бярдзяеў) імкнулася пераадолець апазіцыі тыпу ідэальнае-матэрыяльнае, рэлігія — навука, разумела І. як сэнс быцця і шлях яго адухаўлення.
Філас., тэалагічная, грамадска-паліт. і эстэт. думка ў Беларусі адлюстроўвала асн. трактоўкі І., характэрныя для агульнаеўрап. філасофіі. Раннехрысц. (Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч) і рэнесансавыя (Ф.Скарына, Сімяон Полацкі), правасл. і уніяцкія палемісты (Мялецій Сматрыцкі, Хрыстафор Філалет, І.Пацей, І.Руцкі), не аналізуючы паняцця І., падразумявалі пад ім боска-ідэальны пачатак быцця. Філосафы-неасхаластыкі (17—1-я пал. 18 ст.) прытрымліваліся тамізму (арыстоцелізм у інтэрпрэтацыі Фамы Аквінскага) або неаплатанісцкай традыцыі айцоў царквы (А.Бандзевіч, А.Белабоцкі, Ф.Богуш, Б.Дабшэвіч і інш.). У эпоху Асветніцтва (канец 18—1-я чвэрць 19 ст.) І. разглядалася ў традыцыі Гобса і Лока як адлюстраванне рэчаў і падзей у працэсе пазнання (матэрыялістычная і натурфілас. плыні, М.Пачобут-Адляніцкі, Я.Снядэцкі) або як спалучэнне эмпірычнага адлюстраваная і здольнасці нематэрыяльнай субстанцыі — душы (А.Доўгірд). У кантэксце бел. л-ры і грамадскай думкі эпохі нацыянальнага адраджэння (пачынальнікі новай бел. л-ры В.Дунін-Марцінкевіч, К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч), творчасці філосафаў і публіцыстаў (А.Луцкевіч, І.Канчэўскі, У.Самойла), гісторыкаў і тэолагаў (А.Станкевіч) паняцце І. набыло значэнне нацыянальнай ідэі. У рамках асветніцкіх традыцый і ўдасканалення грамадскіх адносін, духоўнай свабоды чалавека разглядаюцца тэарэт. аспекты І. у працах М.А.Алексютовіча, А.А.Біралы, К.П.Буслава, Э.К.Дарашэвіча, У.М.Конана, С.А.Падокшына і інш. З ідэалогіяй рэвалюцыйнага Дэмакратызму, нац. вызваленчага руху звязвалі ажыццяўленне І. даследчыкі І.М.Лушчыцкі, Н.М.Махнач, А.С.Майхровіч, В.І.Яфрэмава і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОГ, багі,
у тэалогіі вярхоўная сутнасць, надзеленая вышэйшым розумам, абсалютнай дасканаласцю і ўсёмагутнасцю, што стварыла Сусвет і кіруе ім. У язычніцкай міфалогіі і політэістычных рэлігійных сістэмах багі — увасабленне касм. сіл і грамадска-культурных функцый. Паводле каталіцкай школы прамонатэізму, ва ўсіх язычнікаў поруч з «ніжэйшымі» багамі была вера ў адзінага найвышэйшага Бога. Прыхільнікі эвалюцыянізму прытрымліваліся эўгемерычнай традыцыі (ад імя стараж.-грэч. філосафа Эўгемера), бачылі ў багах сакралізаваных родапачынальнікаў, продкаў і герояў. З.Фрэйд і яго паслядоўнікі тлумачылі веру ў багоў сублімацыяй псіхал. перажыванняў, звязаных з вобразамі бацькоў. У развітых міфалогіях на багоў пераносілі функцыі Дэміурга (стваральніка Сусвету) і культ. героя (пачынальніка культуры).
Асноўны догмат монатэістычных рэлігій — іудаізму, хрысціянства, ісламу — вера ў адзінага Бога. Паводле Свяшчэннага Пісання і царк. паданняў, Бог — найвышэйшая трансцэндэнтная (па-за часам і прасторай) істота, Дэміург, уседзяржыцель, літасцівы айцец, спрадвечны і справядлівы суддзя, крыніца жыцця, увасабленне праўды, дабра і красы. У іудаізме Бог існуе ў адзінай асобе, якая ажыццяўляе свае мэты праз асобныя народы і гіст. асоб, пра сябе сведчыць праз анёлаў і прарокаў, утрымлівае Сусвет і кіруе жыццём не прымусова, а паводле свабоднай волі людзей. Гэта багаслоўская канцэпцыя набыла шматграннае развіццё ў хрысціянстве, аднак на аснове догмату Траістасці, паводле якога адзінасутны Бог існуе ў трох асобах-іпастасях — Бога-Айца (спрадвечны стваральнік Сусвету, яго духоўная сутнасць), Бога-Сына (Логаса, або абсалютнага Сэнсу, які ўвасобіўся ў Ісуса Хрыста) і Бога-Святога Духа — жыватворчага пачатку, духоўнай сутнасці ўсіх праяў касм. быцця на яго вышэйшых (анёльскім і людскім) узроўнях. Асноўнымі аргументамі на карысць быцця Бога ў тэалогіі служыць наяўнасць яго тварэння (Сусвету) і магчымасць цудаў як выніку прамога або ўскоснага ўздзеяння бога на зямное быццё, выхаду за межы яго прычынна-выніковых сувязяў. У іудаізме сувязь чалавека з Богам ажыццяўляецца праз анёлаў, у асобных выпадках — «тварам у твар» (сустрэча Майсея-Багавідца з Богам на Сінайскай гары). У хрысціянстве пра Бога сведчаць анёлы, прарокі, Свяшчэннае Пісанне, царк. паданні, тайна богаўвасаблення, нараджэнне і ўваход у зямную гісторыю Ісуса Хрыста. У ісламе асноўны сведка бога, яго звястун — прарок Мухамед. Гісторыя сусв. культуры ведае тры асн. тыпы рэлігійнай свядомасці — тэізм, дэізм, пантэізм, якія аспрэчваюцца разнастайнымі плынямі безрэлігійнай свядомасці (гл.Атэізм).
На Беларусі хрысціянскае богапазнанне сфарміравалася на аснове праваслаўя (Кірыла Тураўскі, Ефрасіння Полацкая, Клімент Смаляціч, М.Сматрыцкі, летапісная традыцыя 12—17 ст.), каталіцызму (езуіцкая і асветніцкая школы тэалогіі ў канцы 16 — пачатку 19 ст., А.Доўгірд), пратэстантызму (С.Будны), бел. рэлігійнага асветніцтва (Ф.Скарына, Сімяон Полацкі, А.Станкевіч), уніяцтва (І.Пацей, І.В.Руцкі, Р.Корсак, базыльянскі ордэн). У выніку фалькларызацыі біблейскіх сюжэтаў, евангельскай гісторыі і царк. паданняў вобразы Бога, Хрыста і хрысціянскіх святых набылі прыкметы міфалагічных, казачных і літ. персанажаў. У фальклоры Бог уяўляецца ў абліччы «вельмі гожага сівага дзеда». Калісьці ён «хадзіў па беламу свету, бо раней людзі былі вартыя таго; а цяпер надта грэшныя, Бог выракся іх».
Літ.:
Толковая Библия, или Комментарий на все книги... Ветхого и Нового Завета. Т. 1—3. Пб., 1904—13;
Булгаков С.Н. Православие: Очерки учения Православной Церкви. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТО́Н (Platon) Афінскі
(май 428, Афіны — 347 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф, заснавальнік платанізму. Належаў да афінскай арыстакратыі: бацька Арыстон паходзіў з роду афінскага цара Кодра, маці Перыктыёна — з роду заканадаўца Салона, аднаго з «сямі мудрацоў». Каля 408 да н.э. стаў вучнем і паслядоўнікам Сакрата. Пасля яго смерці выехаў у Мегары. Каля 387 заснаваў у Афінах уласную філас. школу — Акадэмію платонаўскую. Аўтар 34 філас. дыялогаў (большасць з іх — гутаркі Сакрата з вучнямі), прамовы «Апалогія» (абарона Сакрата), 13 лістоў, а таксама «Вызначэнняў», якія ў антычнасці прыпісваліся Спеўсіпу. Найб. вядомыя творы П.: «Крытон» (аб павазе да законаў), «Лахет» (аб мужнасці), «Эўтыфрон» (аб набожнасці), «Гіпій меншы» (аб хлусні і несправядлівасці), «Краціл» (аб мове), «Федон» (аб справядлівасці), «Тээтэт» (аб ведах), «Тымей» (касмалогія) і інш. У філас. сістэме П. вылучаны ўсе асн. састаўныя ч. ведаў: анталогія, касмалогія, гнасеалогія, этыка, эстэтыка. Першасным ён называў свет вечных, нязменных, самастойна існуючых сутнасцей — ідэй. Другаснай. вытворнай ад іх, лічыў усю разнастайнасць пачуццёва ўспрымальнага свету; кожная рэч — вынік спалучэння ідэі (узору) з бясформеннай матэрыяй; пачуццёвы свет як нараджэнне ідэй і матэрыі займае сярэдзіннае становішча паміж імі. На яго думку, упарадкаванасць быцця па-свойму выражае Космас, у якім на кожным кроку сустракаецца боскі розум (дэміург). З сумесі ідэй і матэрыі дэміург стварае сусв. душу, якая распаўсюджана па ўсёй прасторы. Успаміны бессмяротнай душы аб ідэях, якія яна сузірала да смерці, складаюць сутнасць працэсу пазнання, а яго найб. правільным метадам мыслення з’яўляецца дыялектыка. У аснове працэсу пазнання ляжыць любоў да ідэі — узыходжанне ад любові да асобных рэчаў і цел да любові ў сферы душ, а ад іх — у сферы чыстых ідэй («Федр», «Парменід», «Сафіст»). Паводле П., душа складаецца з 3 частак: вышэйшай — розум; сярэдняй — воля і высакародныя ўчынкі; ніжэйшай — захапленні і пачуццёвасць. У этыцы гэтаму адпавядаюць 3 асн. дабрачыннасці — мудрасць, мужнасць, разважнасць і пакорлівасць; іх носьбітамі з’яўляюцца адпаведна 3 саслоўі грамадства: філосафы і правіцелі, воіны і чыноўнікі, земляробы і рамеснікі. Лагічнае спалучэнне і раўнавага 3 дабрачыннасцей дае пачатак 4-й, агульнадзярж. дабрачыннасці — справядлівасці («Горгій», «Палітыка»). П. вылучаў 3 асн. формы праўлення: манархію, арыстакратыю і дэмакратыю. На яго думку, манархія (уладаранне аднаго) бывае законная (цар) або насільная (тыран); арыстакратыя (уладаранне нямногіх) — панаванне лепшых або алігархія (панаванне горшых); дэмакратыя (уладаранне ўсіх) — арганізаваная паводле законаў або беззаконная (насільная). Выступаў супраць паліт. дактрыны, якая абапіраецца на «права мацнейшага» і лічыць перамогу над сваімі праціўнікамі адзіным крытэрыем легітымнасці і адзінай крыніцай шчасця. На яго думку, умацаванню ідэальнай дзяржавы павінна служыць строгая сістэма адукацыі і выхавання грамадзян, якія не стануць злоўжываць паліт. дзейнасцю на ўласную карысць, будуць кіравацца ідэямі і вызнаваць сапраўднае дабро («Палітыка», «Дзяржава», «Законы»). Лічыў, што сапраўднай крыніцай жыцця для ўсяго жывога павінна стаць вечная прыгажосць, якая ўяўляе сабой зліццё ідэі і матэрыі, або разумнасці і задавальнення. Пры гэтым прыгажосць жыцця і прыгажосць рэальнага быцця вышэй за прыгажосць мастацтва, таму што быццё і жыццё ёсць перайманне вечных ідэй, а мастацтва ёсць перайманне быцця і жыцця, г. зн. перайманне пераймання («Іон», «Геній Большы» і інш.).
На Беларусі з вучэннем П. знаёміліся па шматлікіх перакладных зборніках выслоўяў ант. філосафаў, пісьменнікаў, айцоў царквы («Пчала», «Ізмарагд» і інш.). Паводле сведчанняў сучаснікаў, Клімент Смаляціч напісаў некалькі твораў «ад Аміра і ад Арыстоцеля і ад Платона», якія да нас не дайшлі. У эпоху Адраджэння і Асветніцтва бел. мысліцелі звярталіся да ідэй П. і неаплатанізму ў пошуках пазітыўнай праграмы абнаўлення дзярж.-прававых ін-таў, маральнага ўдасканалення грамадства (Ф.Скарына, М.Сматрыцкі, А.Волан, Б.Дабшэвіч, К.Лышчынскі, К.Нарбут і інш.). Напр., С.Будны ў духу сац.-паліт. і этычных поглядаў П. (дыялогі «Дзяржава», «Законы»), крытыкаваў тыранію, развіваў ідэі аб дыялектыцы закону і беззаконня, палітыкі і маралі. Ф.Карпінскі ў «Гутарках Платона» распрацаваў маральна-гуманіст. канцэпцыю, асновай якой з’яўляецца сардэчнасць, праяўленне чалавечай любові і чалавечага шчасця. Сімяон Полацкі спасылаўся на платонаўскі твор «Тээтэт» у сваіх разважаннях аб ролі пазнання і ведаў, маральных каштоўнасцей асобы. І.Капіевіч, А.Скарульскі на аснове філас.-ідэаліст. канцэпцый П. вялі палеміку з атамістычным вучэннем Дэмакрыта, Леўкіпа, Эпікура. Эстэт. вучэнне П. паўплывала на погляды асветнікаў Беларусі і Літвы (Ф.Галянскі, Л.Бароўскі, Е.Славацкі, А.Фіялкоўскі). Яго творы ўключаліся ў школьныя праграмы, вывучаліся ў брацкіх, кальвінісцкіх, арыянскіх школах, езуіцкіх калегіумах і акадэміях Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІГАЗНА́ЎСТВА,
навука пра кнігу як з’яву культуры і яе бытаванне ў грамадстве. У вызначэнні К. існуе некалькі падыходаў: як комплексная грамадская навука пра кнігу і кніжную справу, якая вывучае працэсы стварэння, распаўсюджвання і выкарыстання твораў пісьменства і друку; як комплекс адносна самаст. дысцыплін (тэорыі і арганізацыі кнігавыдання, кнігагандлю, бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства і інш.); як асобная вузкаспецыяльная навука пра гісторыю кнігі і тэорыю яе грамадскіх дачыненняў. Сінонімамі К. ў розныя часы былі тэрміны «бібліялогія», «бібліягнозія», «бібліясофія». У кнігазнаўчых даследаваннях гіст. кірунку вылучаюць гісторыю пісьма, рукапіснай кнігі (кадыкалогія), друкаванай кнігі, гісторыю мастацтва кнігі і бібліяфільства. Сярод дапаможных гісторыка-кніжных дысцыплін — палеаграфія, археаграфія, крыніцазнаўства, філіграналогія (гл.Вадзяныя знакі), бібліяпегія (вывучэнне пераплётаў) і інш.
Пачынальнікам К. лічаць аўстр. бібліёграфа М.Дэніса, які адзін з першых ужыў тэрмін «К.». Яго погляды развілі аўстр. і франц. спецыялісты кніжнай справы 18 ст. У Расіі першымі тэарэтыкамі К. былі В.С.Сопікаў, В.Р.Анастасевіч, М.М.Лісоўскі, А.М.Лавягін, М.А.Рубакін, М.М.Куфаеў. У 1894—96 у Маскве выдаваўся штомесячны час. «Книговедение». Уздым К. пачаўся ў канцы 1950-х г. Праблемамі К. займаецца ЮНЕСКА (з 1982 выдае серыю «Даследаванні пра кнігу і чытанне»).
На Беларусі зараджэнне К. цесна звязана з развіццём пісьменства. Гуманістычную ролю кнігі абгрунтоўвалі Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч, Аўрамій Смаленскі. Мэтам дэмакратызацыі і ўзвышэння кнігі, яе эстэтычнай прыгажосці, зразумеласці і даступнасці служыў Ф.Скарына. У прадмовах, пасляслоўях, каментарыях да сваіх выданняў Скарына і яго паслядоўнікі С.Будны, В.Цяпінскі, браты Мамонічы, друкары брацкіх друкарняў высока ўзнялі кніжную справу Беларусі, сцвердзілі значнасць бел. кніжнасці ў агульным рэчышчы еўрап. Адраджэння. Кнігазнаўчая праца праводзілася ў Віленскай акадэміі, калегіумах, буйных манастырскіх і прыватных бібліятэках. Многія з прадстаўнікоў магнацкіх родаў Радзівілаў, Сапегаў, Хадкевічаў, Алелькавічаў, Зяновічаў, Храптовічаў і інш. выдатна разумелі значэнне кнігі ў адукацыі і культуры. Добрае веданне юрыд. л-ры свайго часу Л.Сапега выкарыстоўваў пры ўкладанні і рэдагаванні Статута ВКЛ 1588. Кнігазнаўчы кірунак мелі вопісы бібліятэк. Вопіс б-кі Слуцкага Троіцкага манастыра 1494 — першы з вядомых на Беларусі. У аналагічным вопісе б-кі Супрасльскага манастыра 1557 улічана і часткова апісана афармленне 211 кніг, у т. л. каваных золатам, серабром і інш. У 19 ст. развіццё К. на Беларусі звязана з Віленскім ун-там і дзейнасцю ў ім І.Лялевеля, які ў працах «Дзве бібліяграфічныя кнігі» (т. 1—2, 1823—26) і «Гісторыя бібліятэк» (1827) асвятляў тэарэт. пытанні К. як комплекснай навукі пра кнігу. У 1829 А.М.Багаткевіч чытаў у Віленскім ун-це фактычна першы ў Рас. імперыі курс К. У 19 ст. вялася работа па апісанні бел. старадрукаў, стварэнні каталогаў прыватных і грамадскіх бібліятэк, кнігарняў (П.А.Гільтэбрант, Ф.М.Дабранскі, А.І.Мілавідаў, С.Л.Пташыцкі, Р.А.Зямкевіч і інш.). Асобныя аспекты К. і гісторыі стараж.бел. кніжнасці разглядаліся ў працах П.У.Уладзімірава «Доктар Францыск Скарына. Яго пераклады, друкаваныя выданні, і мова» (1888) і Я.Ф.Карскага «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22). У 1920-я г. на ніве бел. К. працавалі Ю.І.Бібіла, Дз.І.Даўгяла, М.В.Мялешка, У.І.Пічэта, М.М.Шчакаціхін, Б.І.Эпімах-Шыпіла. Многія працы выходзілі за межамі БССР, у т. л. «Матэрыялы да крыўскай гісторапісі: Доля кнігасховаў і архіваў зямель крыўскіх і беларускіх Вялікага княства Літоўскага» А.Шлюбскага (Коўна, 1925), «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» В.Ю.Ластоўскага (Коўна, 1926) — першая вял. анталогія па гісторыі бел. кніжна-літаратурнага і дакументальнага пісьменства 10 — пач. 19 ст. У БССР у 1926 выйшла калектыўнае даследаванне «Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925». У 1926—29 у Мінску працавала Беларускае таварыства бібліяфілаў, якое выдала першую ў БССР працу аб кніжных знаках (кніга Шлюбскага «Exlibris’ы А.Тычыны», 1928). У цяперашні час пытанні К. распрацоўваюць б-кі: Нацыянальная Беларусі, Цэнтр.-навук.АН Беларусі, Прэзідэнцкая, БДУ, Нац. кніжная палата Беларусі, Бел.ун-т культуры, кафедры гуманітарнага профілю ВНУ. Шмат зрабілі ў галіне К. вучоныя С.Х.Александровіч, М.Б.Батвіннік, Г.Я.Галенчанка, А.П. і В.П.Грыцкевічы, Л.І.Збралевіч, А.К.Каўка, Г.В.Кісялёў, У.М.Конан, Ю.А.Лабынцаў, А.В.Мальдзіс, Я.Л.Неміроўскі, М.В.Нікалаеў, С.А.Падокшын, Т.І.Рошчына, І.В.Саверчанка, В.У.Скалабан, В.А.Чамярыцкі, В.Ф.Шматаў, Я.Я.Янушкевіч і інш. Артыкулы па К. друкуюцца ў штогодніку «Пытанні бібліяграфазнаўства і бібліятэказнаўства» (выдаецца з 1980). Значны абагульняльны і канкрэтна-гіст. матэрыял па К. сістэматызаваны ў фундаментальных выданнях, тэматычных зборніках і манаграфіях, прысвечаных 500-годдзю Скарыны: «Біблія Скарыны» (факс. выд., т. 1—3, 1990—91), «Францыск Скарына і яго час: Энцыкл.давед.» (1988), «Францыск Скарына: Жыццё і дзейнасць: Паказ. л-ры» Неміроўскага і Л.А.Осіпчыка (1990), «Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар» Галенчанкі (1993) і інш. Выдатны ўзор вынікаў працы бел. кнігазнаўцаў — выданне да 400-годдзя зацвярджэння Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 (1989). У наш час даследаванне важных праблем К. суправаджаецца выхадам адпаведных серый кнігазнаўчых выданняў. Вызначэнню зместу паняццяў «нацыянальны дакумент», «кніжная спадчына Беларусі» і інш.тэарэт. пытанням прысвечана серыя «Здабыткі: Дакументальныя помнікі Беларусі», рэстытуцыі кніжных каштоўнасцей — серыя «Вяртанне», міжнар. славяназнаўчай праграме «Гісторыя кніжнай культуры Падляшша» — аднайм. серыя, комплексным праблемам культуры і гісторыі — серыя «Беларусіка=Albaruthenica». Выходзяць серыі: «З гісторыяй на «Вы», «Скарыніч: Літ.-навук. гадавік», «Шляхам гадоў: Гіст.-літ.зб.». Пошукам кнігалюбаў і лёсу асобных рарытэтаў прысвечана выданне «Свіцязь: Альманах бібліяфілаў Беларусі» (1989). Пытанні гісторыі кніжнай справы на Беларусі асвятляюцца ў выданнях суседніх краін: «Друкары старажытнай Польшчы з XV да XVIII ст. Сш. 5. Вялікае княства Літоўскае» (1959), «400 гадоў рускага кнігадрукавання» (1964), «Украінская кніга» (1965), «Слоўнік дзеячаў польскай кнігі» (1972), «Кнігазнаўства: Энцыкл. слоўнік», «Гісторыя кнігі Літвы: Паказ. л-ры, 1659—1982» (абодва 1982). У бел. замежжы кнігазнаўчыя даследаванні вялі Бел.бібліягр. служба (Германія), Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане, даследчыкі М.Панькоў, М.Вакар, Л.Акіншэвіч, В.Тумаш (С.Брага), А.Надсон, В. і З.Кіпелі, Я.Запруднік, А.Ружанец-Ружанцоў і інш.Найб. значныя працы — «Мова ў гісторыі беларускага пісьменства» (т. 1, Мюнхен; Лондан, 1974—75; т. 2, Кліўленд, 1978) А.Калубовіча, «Пяць стагоддзяў Скарыніяны, XVI—XX» (Нью-Йорк, 1989) Тумаша.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛГА́РЫЯ, Рэспубліка Балгарыя,
дзяржава на ПдУ Еўропы, ва ўсх.ч. Балканскага п-ва. Мяжуе на Пн з Румыніяй, на З з Югаславіяй і Македоніяй, на Пд з Грэцыяй і Турцыяй. На У абмываецца Чорным м.Пл. 110,99 тыс.км². Нас. 8800 тыс.чал. (1994). Дзярж. мова — балгарская. Сталіца — г.Сафія. Краіна падзяляецца на 9 абласцей. Нац. свята — 3 сак. (Дзень вызвалення ад асманскага ярма).
Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1991 Балгарыя — рэспубліка з парламенцкім праўленнем. Вярх. орган заканадаўчай улады — аднапалатны Народны сход (240 чл.), які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем на 4 гады (пры зацвярджэнні канстытуцыі дзейнічае пад назвай Вялікі нар. сход, колькасць дэпутатаў павялічана да 400). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеаг. галасаваннем на 5 гадоў; узначальвае ўзбр. сілы, прызначае прэм’ер-міністра і міністраў, валодае правам вета на пастановы парламента. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які зацвярджаецца Нар. сходам.
Прырода. Поўнач Балгарыі займае Дунайская раўніна, якая на Пд абмяжоўваецца самым доўгім горным ланцугом краіны — Стара-Планіна выш. да 2376 м (г. Боцеў). Сярэдняя Балгарыя — невял. горныя масівы, міжгорныя катлавіны (Сафійская, Казанлыкская, Дзімітроўская) і Верхнефракійская нізіна. На ПдЗ — Рыла-Радопскі масіў, у складзе якога масіў Рыла (г. Мусала, 2925 м — найвышэйшы пункт Балгарыі і Балканскага п-ва), хрыбет Пірын, горы Радопы.
Карысныя выкапні: жал., свінцова-цынкавыя, медныя, хромавыя, марганцавыя, сярэбраныя руды, лігніты, буры і каменны вугаль. Ёсць невял. запасы нафты і прыроднага газу, а таксама каменная соль, вапняк, каалін, мінер. воды і інш. Клімат умерана кантынентальны з гарачым летам і мяккай зімой. У Сафіі сярэдняя т-раліп. 21 °C, студз. -2 °C, на ўзбярэжжы ў Варне адпаведна 23 °C і 1 °C. Каля 650 мм ападкаў за год (на раўнінах і нізінах 450—600 мм, у гарах 850—1000 мм). Рэкі Струма і Марыца ўпадаюць у Эгейскае м., Дунай, рэкі ўзбярэжжа — у Чорнае. Запасы гідраэнергіі — 10 млрд.кВт. Пад лясамі 28% тэрыторыі, пераважаюць шыракалістыя (дуб, бук, граб). На схілах гор хваёвыя лясы (хвоя, елка, піхта). Пашыраны хмызнякі, альпійскія лугі.
Насельніцтва. Этнічны склад: 85,3% балгары, 8,5 туркі, 2,6 цыганы, 2,5% македонцы; жывуць таксама армяне, рускія, грэкі, румыны і інш. Паводле веравызнання праваслаўныя (каля 90%), мусульмане (каля 9%), а таксама католікі, пратэстанты, іудзеі. 68% насельніцтва жыве ў гарадах. Самыя вял. гарады (тыс.ж., 1992): Сафія (1141), Плоўдзіў (379), Варна (316), Бургас (212), Русе (190). Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 79 чал. на 1 км², на нізінах, раўнінах, у міжгорных катлавінах больш за 100—200, у гарах да 20—40 чал. на 1 км².
Гісторыя. Тэр. Балгарыі заселена чалавекам у сярэднім палеаліце. У 7—6 ст. да н.э. ў фракійскіх плямёнаў (стараж. насельнікаў балг. зямель) пачалося станаўленне класавага грамадства. У 4—1 ст. да нашай эры фракійцы змагаліся з македонцамі, пасля з рымлянамі, якія з 46 да нашай эры сталі гаспадарыць на Балканах. Пры падзеле Рымскай імперыі (395 нашай эры) тэр. Балгарыі адышла да Візантыі. З канца 5 — пач. 6 ст. на Балканскі п-аў пранікаюць слав. плямёны (склавіны і анты). Класавая дыферэнцыяцыя сярод славян і імкненні Візантыі аднавіць сваё панаванне на занятых славянамі землях паскорылі працэс фарміравання дзяржавы. У прыдунайскіх землях склаўся саюз Сямі слав. плямёнаў. У 680 дружыны цюркскіх пратабалгар на чале з ханам Аспарухам перайшлі Дунай, перамаглі візантыйцаў, заключылі пагадненне з правадырамі Сямі слав. плямёнаў і ўтварылі аб’яднаную славяна-балг. дзяржаву. У 681 Візантыя прызнала яе незалежнасць. Хрысціянства, якое з 2-й пал. 9 ст. стала афіц. рэлігіяй дзяржавы, паспрыяла паляпшэнню яе міжнар. становішча, фарміраванню балг. народнасці. Пры цару Сіямоне [893—927] Балгарыя ў выніку войнаў з Візантыяй павялічыла сваю тэрыторыю, дасягнула значнага паліт., эканам. і культ. росквіту. Але пагаршэнне эканам. становішча сялян вылілася ў 10 ст. ў шырокі грамадскі рух у форме рэліг. ерасі — багамільства (гл.Багамілы). Аслабленая гэтым рухам і феад. міжусобіцамі Балгарыя ў 1018 зноў трапіла пад уладу Візантыі. На барацьбу супраць яе балгары падымаліся ў 1040, 1072, 1074, 1079, 1084; усенар. паўстанне 1185—87 на чале з братамі Асенем і Пятром вымусіла Візантыю прызнаць у 1187 незалежнасць балг. дзяржавы. За гады праўлення цара Івана Асеня II [1218—41] у выніку яго ваен. і дыпламат. поспехаў значна пашырана тэр. Балгарыі (далучана б.ч. Фракіі, Македонія, Албанія), яна стала самай моцнай дзяржавай на Балканах. У 2-й пал. 13 ст.феад. адносіны ў краіне дасягнулі высокай ступені развіцця. Аднак жорсткая эксплуатацыя, набегі тат. ордаў даводзілі сялянства да галечы. У 1277—80 у краіне ўспыхнула антыфеад. паўстанне на чале з пастухом Івайлам. Феад. міжусобіцы прывялі Балгарыю да распаду на 2 царствы і княства, тэрыторыі якіх у 14 ст. сталі аб’ектам захопніцкай палітыкі Асманскай імперыі. У 1393 туркі захапілі г. Тырнава, пазней Тырнаўскае і Відзінскае царствы, у канцы 14 ст. — княства Дабруджу. Феад. эксплуатацыя народа дапоўнілася жорсткім нац і рэліг. прыгнётам. Балгары ўпарта змагаліся супраць тур. панавання (паўстанне на чале з Канстанцінам і Фружынам 1404, Тырнаўскія паўстанні 1598 і 1686, Чыпраўскае 1688, інш.). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў Балгарыі зарадзіліся капіталіст. адносіны. Гарады сталі гандл.-прамысл. цэнтрамі. Вырасла нац. самасвядомасць балгар. У 1830-я г.нац. рух набыў форму барацьбы за нац. свецкую школу, у 1840—60-я г. — за стварэнне незалежнай балг. царквы (у 1870 Балгарыя атрымала аўтаномную царк. арг-цыю). Супраць тур. феадалаў узняліся сяляне (паўстанні 1835—36, 1841, 1850, 1856). У барацьбе за сваю незалежнасць балгары апіраліся на дапамогу рас. войскаў, якія актыўна падтрымлівалі іх у рус.-тур. войнах 1806—12, 1828—29, 1853—56.
Нац.-вызв. рух узмацніўся ў 2-й пал. 19 ст. Яго ўзначалілі дзеячы балг. адраджэння дэмакраты Г.С.Ракоўскі, Л.Каравелаў, В.Леўскі, Х.Боцеў. У 1869 арганізаваны Балг.рэв.к-т. Адбыліся Старазагорскае паўстанне 1875 і самае масавае выступленне балг. народа супраць тур. панавання — Красавіцкае паўстанне 1876. Абодва яны задушаны, пераможаны і атрад Боцева, у падрыхтоўцы і ўзбраенні якога актыўна ўдзельнічаў беларус М.К.Судзілоўскі. Нечуваныя зверствы тур. войскаў у час разгрому паўстанняў выклікалі абурэнне прагрэс. грамадскасці свету. Шырокі рух у падтрымку балг. народа разгарнуўся на Беларусі. Толькі ў Мінскай губ. было сабрана больш за 13 тыс.руб. Каб удзельнічаць у барацьбе на баку балгар, з Беларусі выехалі добраахвотнікі. Падзеі ў Балгарыі абвастрылі Усходні крызіс, які прывёў да рус.-тур. вайны 1877—78. У час яе воіны 54-га пях. Мінскага палка ў ліку першых фарсіравалі Дунай 27.6.1877 і вызвалілі г. Свіштоў. Перадавы атрад рас. арміі на Балканах узначальваў ураджэнец Беларусі ген.-лейт. І.У.Гурка. Беларусы ўдзельнічалі ў гераічнай абароне Шыпкінскага перавалу, у баях за Плеўну і Стара-Загору. Сан-Стэфанскі мірны дагавор 1878, якім скончылася вайна, прадугледжваў стварэнне самаст.балг. дзяржавы. Але пад націскам зах. краін Берлінскі кангрэс 1878 прыняў рашэнне падзяліць Балгарыю на васальнае ад Турцыі Балг. княства і аўтаномную Усх. Румелію ў межах Тур. імперыі. Фракія і Македонія зноў адышлі да Турцыі. Тым не менш у выніку вайны 1877—78 былі закладзены асновы самаст.нац.балг. дзяржавы, прынята Тырнаўская канстытуцыя 1879. На трон Балг. княства выбраны (па рэкамендацыі краін — удзельніц Берлінскага кангрэсу 1878) ням. прынц Аляксандр Батэнберг [1879—86), які ў 1881 адмяніў канстытуцыю, а ў знешняй палітыцы імкнуўся зблізіць Балгарыю з Аўстра-Венгрыяй і Германіяй. Патрыят. рух супраць падзелу краіны перарос у вер. 1885 ва ўзбр. паўстанне, у выніку якога Усх. Румелія ўз’ядналася з Балг. княствам. Уладу ў краіне захапілі колы, што падтрымлівалі палітыку Аўстра-Венгрыі і Германіі. Яны пасадзілі на трон ням. прынца Фердынанда I Кобургскага [1887—1918].
У 1891 пад кіраўніцтвам Дз.Благоевазасн.Балг.с.-д. партыя. Пасля Бурж. рэвалюцыі 1908 у Турцыі Балгарыя пазбавілася ад васальнай залежнасці і ў кастр. 1908 абвясціла поўную незалежнасць; Фердынанд прыняў тытул «цара балгар». У 1912 Балгарыя заключыла саюзныя дагаворы з Сербіяй, Грэцыяй і Чарнагорыяй (гл.Балканскі саюз 1912), накіраваныя супраць Турцыі і аўстра-венг. экспансіі на Балканах. У 2-й Балканскай вайне (гл.Балканскія войны 1912—13) Балгарыя была пераможана і страціла частку сваіх тэрыторый, набытых у 1-й Балканскай вайне. У 1-й сусв. вайне Балгарыя ўдзельнічала на баку Германіі і Аўстра-Венгрыі. Паводле Нёіскага мірнага дагавора 1919 Балгарыю акупіравалі войскі Антанты. Краіны-пераможцы анексіравалі каля 11,3 тыс.км² яе тэрыторыі і прымусілі выплаціць вялікую рэпарацыю.
Уладайскае паўстанне 1918 супраць манархічнай улады, у якім удзельнічала каля 30 тыс.рэв. настроеных салдатаў, было задушана з дапамогай ням. войскаў. Але цар Фердынанд адмовіўся ад трона на карысць сына Барыса III. На выбарах у Нар. сход 28.3.1920 перамог Балг. земляробчы нар. саюз (ВЗНС), лідэр якога А.Стамбалійскі ўтварыў аднапартыйны ўрад, прыняў шэраг дэмакр. законаў. 9.6.1923 правыя сілы на чале з А.Цанкавым ажыццявілі дзярж. пераварот. Арганізаванае камуністамі 23.9.1923 узбр. паўстанне жорстка задушана, рэформы Стамбалійскага адменены, Балг.камуніст. партыя, дэмакр. партыі і арг-цыі забаронены.
У выніку выбараў у Нар. сход 21.6.1931 да ўлады прыйшоў урад Нар. блока (кааліцыі бурж. партый і ВЗНС), але прыкметных змен ва ўнутр. і знешняй палітыцы не адбылося. Каб умацаваць пазіцыі буржуазіі, Ваен. ліга (аб’ядноўвала рэакц. афіцэрства) і паліт. група «Звяно» 19.5.1934 учынілі дзярж. пераварот (распушчаны Нар. сход, усе паліт. партыі і прафсаюзы), што стала перадумовай усталявання ў Балгарыі манарха-фаш. дыктатуры.
У час 2-й сусв. вайны кіраўніцтва краіны на чале з царом Барысам III падпісала ў сак. 1941 пратакол пра далучэнне Балгарыі да траістага саюза фаш. дзяржаў. У распараджэнне герм. камандавання былі аддадзены ўсе матэрыяльныя рэсурсы краіны, аэрадромы, чыгункі. Да Балгарыі далучаны тэр., страчаныя ў 1919. 13.12.1941 Балгарыя абвясціла вайну Вялікабрытаніі і ЗША. У краіне разгарнуўся антыфаш. рух, фарміраваліся партыз. атрады, якія ў 1943 аб’ядналіся ў адзіную Нар.-вызв. паўстанцкую армію. 17.7.1942 абвешчана праграма Айч. фронту: скінуць манарха-фаш. рэжым, устанавіць нар.-дэмакр. ўладу. 5.9.1944 урад СССР абвясціў правячым колам Балгарыі вайну. У ноч на 9.9.1944 антыфаш. сілы скінулі існуючы рэжым (гл.Вераснёўскае ўзброенае народнае паўстанне 1944), да ўлады прыйшоў кааліцыйны ўрад Айч. фронту, які аб’явіў вайну фаш. Германіі, Балгарыя далучылася да дзяржаў-саюзніц. На падставе рэферэндуму 8.9.1946 ліквідавана манархія, Балгарыя абвешчана Нар. Рэспублікай (15.9.1946). Пасля выбараў у Вял.нар. сход з 27.10.1946 урад узначаліў Г.Дзімітроў.
Пасляваеннае развіццё Балгарыі адбывалася па шляху абвяшчэння будаўніцтва сацыяліст. грамадства пад кіраўніцтвам кампартыі, нацыяналізацыі прам-сці, агр. рэформаў. У Балгарыі ўсталяваўся таталітарны рэжым: у 1947 ліквідавана апазіцыя камуніст. ўраду, яе лідэр Н.Петкаў пакараны смерцю. Пасля смерці Г.Дзімітрова (1949) В.Чарвенкаў пачаў масавыя чысткі, спыненыя ў 1954 Т.Жыўкавым. З канца 1970 — пач. 1980-х г. у Балгарыі стаў паглыбляцца крызіс у эканам. і культ. жыцці. Ён яшчэ больш абвастрыўся ў 1984 у сувязі з асіміляцыйнымі дзеяннямі балг. улад супраць насельніцтва тур. паходжання. З канца 1980-х г. у Балгарыі разгарнуліся пераўтварэнні, накіраваныя на злом і ліквідацыю ранейшага рэжыму і вынікаў яго кіравання. У 1989 створана дэмакр. апазіцыя, адпраўлены ў адстаўку Жыўкаў. З ліст. 1990 краіна стала наз. Рэспублікай Балгарыя. У ліп. 1991 прынята новая канстытуцыя. У выніку парламенцкіх выбараў у кастр. 1991 да ўлады прыйшоў Саюз дэмакр. сіл, які ўзяў курс на ўмацаванне дэмакратыі і пераход да рыначнай сістэмы; прыняты закон аб паліт. партыях і арг-цыях, аб зямлі, прыватызацыі і інш. У ліку прыярытэтных задач вызначаны інтэграцыя з еўрап.паліт. і эканам. структурамі, супрацоўніцтва з інш. краінамі на двухбаковай і рэгіянальнай аснове. Прэзідэнт краіны з 19.1.1992 Ж.Жэлеў. Балгарыя чл.ААН з 1955, удзельніца хельсінскага працэсу, уваходзіць прыкладна ў 300 міжнар. арг-цый. Беларусь і Балгарыя маюць даўнія традыцыі дружбы і шматбаковых сувязяў — гандаль і тавараабмен, абмен вопытам, сувязі ў галіне навукі, л-ры і мастацтва, турызму і спорту, дэкады балг. культуры на Беларусі і бел. культуры ў Балгарыі, дапамога Балгарыі бел. народу ў пераадоленні вынікаў Чарнобыльскай катастрофы і інш. На Беларусі і ў Балгарыі працуюць т-вы дружбы і культ. сувязяў. Афіц.Дыпламат. адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Балгарыяй ўстаноўлены 26.3.1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. У Балгарыі зарэгістравана каля 80 партый і паліт. рухаў, у т. л. Саюз дэмакр. сіл (аб’ядноўвае каля 20 партый і рухаў), Балгарская сацыяліст. партыя, Рух за правы і свабоды, Балгарская сац.-дэмакр. партыя, Балгарскі земляробчы нар. саюз. Арганізатары прафс. руху ў краіне — Канфедэрацыя незалежных сіндыкатаў Балгарыі і Канфедэрацыя працы «Падкрэпа».
Гаспадарка. Балгарыя — індустрыяльна-агр. дзяржава. Удз. в.прамысловасці ў агульнай прадукцыі больш за 90%. Аснова энергетыкі — здабыча вугалю (каля 32 млн.т за год, у т. л. лігніту каля 28 млн.т). Гал. басейны: Усх.-Марыцкі і Зах.-Марыцкі, Перніцкі, Бобаўдальскі, Балканскі, Чарнаморскі. Найбольшыя ЦЭЦ (у Сафіі, Дзімітроўградзе) працуюць на лігнітах. Каля ⅓ электраэнергіі дае АЭС Казладуй (на ПнЗ). У гарах, пераважна на Пд, каскады невялікіх ГЭС. Выпрацоўка электраэнергіі каля 42 млрд. КВт∙гадз. Імпартуюцца каменны вугаль, кокс, нафта, газ.Асн. сыравінная база для каляровай металургіі — радовішчы Усх. Радопаў (Мадан, Рудазем). Найб. яе камбінаты ў Кырджалі і каля Плоўдзіва (свінец, цынк, рэдкія металы), у Злаціцы і Сафіі (медзь), у Шумене (алюміній). Чорная металургія ў Сафійска-Перніцкім раёне (камбінаты ў Крамікаўцах і Перніку). Выплаўка сталі 1,6 млн.т, імпарт. жал. руды 0,5 млн.т, здабыча 0,32 млн.т (1992). У машынабудаванні развіта вытв-сць абсталявання падымальна-трансп. і для харчова-смакавай прам-сці, электра- і мотакараў, электраабсталявання (акумулятараў, электраматораў і інш.). Выпускаецца выліч. і радыёэлектронная тэхніка. Прадпрыемствы трактарнай (Карлава), станкабуд. і электратэхн. (Сафія), суднабуд. (Варна, Бургас, Русе), аўтамаб. (Шумен, Ловеч, Плоўдзіў) прам-сці. Буйнейшыя цэнтры машынабудавання — Сафія, Русе, Плоўдзіў, Варна. Хім.прам-сць на базе радовішчаў вугалю, каменнай солі і пірытаў. Вытв-сць азотных угнаенняў (911 тыс.т, 1991) у Дзімітроўградзе і Стара-Загоры, складаных і фосфарных у Дзеўні, нафтахімія ў Бургасе і Плевене, выраб сінт. валокнаў у Бургасе, Ямбале, Відзіне, штучных валокнаў і тканін у Свіштове, соды і хлору ў Дзівіне. Вытв-сць каўстычнай соды 521,8 тыс.т, кальцыніраванай — 1046 тыс.т (1992), буд. матэрыялаў (цэмент, цэгла, блочныя вырабы). Лёгкая і харч.прам-сць дае каля палавіны ўсяго аб’ёму прамысл. прадукцыі. Тэкст.прам-сць сканцэнтравана ў Сафіі, Габраве, Слівене, Плоўдзіве. Ёсць прадпрыемствы швейнай, гарбарна-футравай і абутковай прам-сці. У харч. прам-сці высокая ўдз. в. тытунёвай, кансервавай, вінаробчай (2458 тыс. гекталітраў віна ў 1992), цукр. і алейнай вытв-сці. У Карлаве атрымліваюць ружавы алей. У сельскай гаспадарцы вядучая галіна — раслінаводства. С.-г. землі займаюць больш за палавіну тэрыторыі (6,1 млн.га), з іх 60% ворыва, 11% сады, вінаграднікі, агароды. Арашаецца больш за 1 млн.га. Асн. масівы разараных зямель на Ніжнедунайскай раўніне, Верхнефракійскай нізіне і ў Дабруджы (на ПнУ). Каля 60% пасяўных плошчаў пад збожжавымі. Валавы збор (1992, тыс.т): пшаніцы — 3270, кукурузы — 2300, ячменю — 1100, рысу — 20, бульбы — 550, перцу — 220, памідораў — 472, тытуню — 72, сланечніку — 470, цукр. буракоў — 868. Вырошчваюць таксама бавоўнік, кармавую люцэрну і кукурузу, у Карлаўскай і Казанлыкскай катлавінах — эфіраалейныя культуры (ружа, мята, лаванда). Садоўніцтва (яблыкі, слівы, персікі) і вінаградарства (700 тыс.т, 1992) у перадгор’ях і ў Кюстэндзільскай катлавіне. Цукр. буракі і сланечнік вырошчваюць на Пн, тытунь, бавоўнік, каноплі, а таксама гародніну (памідоры, перац, баклажаны) — у катлавінах сярэдняй і паўднёвай ч. краіны. Жывёлагадоўля (1992, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 1,3, свіней 3, авечак 6,7, птушкі 21. У гарах пераважае экстэнсіўная горнапашавая жывёлагадоўля. Транспарт. Даўжыня чыгунак (1992) — каля 4,3 тыс.км, з іх 61,4% электрыфікавана. Агульная працягласць аўтадарог амаль 37 тыс.км. 70% перавозак ажыццяўляецца аўтатранспартам, 17% — па чыгунках. Марскі і рачны транспарт. Гал. марскія парты Бургас і Варна, дунайскі порт Русе. Чыг. паромная пераправа Варна—Ільічоўск (Украіна). Міжнар.авіяц. лініі праз Сафію, Варну. Гандаль больш як са 100 краінамі. Экспарт прадукцыі машынабудавання, соды і хім. угнаенняў, тытунёвых вырабаў, агародніны і садавіны, вінаграду; імпарт энерганосьбітаў, сыравіны для хім. прам-сці, аўтамабіляў, тавараў нар. ўжытку. Беларусь пастаўляе ў Балгарыю шыны для аўтамабіляў і с.-г. тэхнікі, быт. халадзільную тэхніку, трактары, экскаватары, падшыпнікі, шпалеры, ільняныя тканіны і інш.; атрымлівае з Балгарыі аўтапагрузчыкі, медыкаменты, акумулятары, цукар і інш.харч. тавары, тытунёвыя вырабы. Адна з важнейшых крыніц даходаў краіны — замежны турызм (каля 10 млн.чал. штогод). Найб. вядомыя курорты: Залатыя Пяскі, Дружба, Албена (каля Варны), Сонечны Бераг (каля Бургаса); горныя курорты — Боравец, Пампорава. Грашовая адзінка — леў.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 70, у жанчын 77 гадоў. Смяротнасць 11 на 1 тыс. чалавек. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі 1 на 97 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 312 чал. Узровень нараджальнасці 12 на 1 тыс. чалавек. Дзіцячая смяротнасць 12 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі Балгарыі ўключае: дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў; адзіную школу з 2 ступенямі — базавай (пач. — 4 гады і няпоўная сярэдняя — 4 гады) і поўнай сярэдняй адукацыі (узрост абавязковага навучання ад 6—7 да 16 гадоў); прафес. і вышэйшыя (у т. л. няпоўныя вышэйшыя) навуч. Ўстановы. Базавыя і поўныя сярэднія школы падпарадкоўваюцца органам мясц. самакіравання і маюць права самастойна вызначаць мэты і метады навучання. Буйнейшыя ВНУ: ун-ты «Клімент Охрыдскі» ў Сафіі, «Паісій Хілендарскі» ў Плоўдзіве, «Кірыла і Мяфодзій» у Тырнаве; эканам. і механіка-электратэхн. ін-ты ў Сафіі. Сярод няпоўных ВНУ — 16 настаўніцкіх ін-таў, ін-т сувязі, бібліятэчны. Буйнейшыя б-кі: Нар.б-ка імя Кірылы і Мяфодзія, б-ка ун-та «Клімент Охрыдскі», б-каБалг.АН, Нар.б-ка ў Плоўдзіве. Музеі: Нац.маст. галерэя, этнагр., археал., ваенна-гіст. ў Плевене, археал. і этнагр. музеі ў Плоўдзіве і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў Балг.АН (засн. ў 1869), Акадэміі с.-г. Навук, н.-д. ін-тах, ва ун-тах.
Друк, радыё, тэлебачанне. Штодзённа выходзіць 19 цэнтр. газет, з іх буйнейшыя: «24 часа» («24 гадзіны»), «Дума», «Демокрация» («Дэмакратыя»). Тэле- і радыёвяшчаннем ахоплена больш за 90% тэр. краіны. Разам з цэнтр/ тэлебачаннем дзейнічаюць 4 мясц. тэлецэнтры (у Варне, Плоўдзіве, Русе, Благоеўградзе). Самыя буйныя інфарм. агенцтвы: Балгарскае тэлеграфнае агенцтва (БТА), Сафія-прэс.
Літаратура. Узнікла ў 2-й пал. 9 ст. і звязана з дзейнасцю першых слав. асветнікаў, стваральнікаў слав. пісьменнасці Кірылы і Мяфодзія. Росквіт стараж.балг. л-ры (9—10 ст.) звязаны з охрыдскай і праслаўскай літ. школамі (Клімент Охрыдскі, Канстанцін Праслаўскі, Іаан Экзарх, Чарнарызец Храбр). Жанрава разнастайная л-ра сярэднявечча (жыціі, службы, філас., філал. творы, проза і паэзія) мела царкоўна-дыдактычны характар. У 10 ст. ўзнікла т.зв. багамільская (ерэтычная) л-ра (жыціі, апокрыфы, легенды і паданні). Значны ўклад у развіццё культ. і літ. жыцця позняга сярэднявечча зрабілі прадстаўнікі тырнаўскай літ. школы (Кіпрыян, Грыгорый Цамблак, Канстанцін Касцянецкі, стваральнік школы, рэфарматар правапісу, дзеяч асветы і л-ры Яўфімій Тырнаўскі). Турэцкі прыгнёт не садзейнічаў развіццю л-ры. Кніжная дзейнасць пры цэрквах і манастырах (Уладзіслаў Граматык, Поп Пеё, Матэй Граматык) стала сродкам пашырэння ведаў і фарміравання нац. самасвядомасці. Духоўнае жыццё народа адлюстроўваў фальклор (юнацкія, гайдуцкія, гіст. песні, балады, легенды, казкі). У 17—18 ст. бытавалі дамаскіны — зборнікі пропаведзяў грэч. епіскапа 16 ст. Дамаскіна Студыта, перакладзеныя на дыялекты стараж.балг. мовы. Пачынальнік Балг. адраджэння (2-я пал. 18 — 1878) Паісій Хілендарскі ў «Гісторыі славяна-балгарскай» (1762) упершыню ў балг. л-ры адлюстраваў ідэі тагачаснай эпохі, барацьбу за нац. мову, асвету, незалежнасць. Асветніцкія творы яго паслядоўнікаў засведчылі пераход л-ры ад традыц. агіяграфіі да мемуараў і сентыментальнага рамана Новага часу. Эстэт. канцэпцыю асобы тагачаснай гіст. эпохі ўвасобіў Сафроній Урачанскі («Жыццё і пакуты грэшнага Сафронія», 1805). У 1820—40-я г. развівалася навук., філал. і маральна-дыдактычная л-ра, з’явіліся першыя перыяд. выданні. У л-ры 1850—70-х г. адлюстраваны ўздым нац.-вызв. барацьбы, асн. кірункі тагачаснага паліт., культ. жыцця — асветніцкі (П.Славейкаў) і рэвалюцыйны (Д.Чынтулаў, Г.Ракоўскі). Прадстаўнік рэаліст. л-ры Л.Каравелаў. Вяршыняй паэзіі адраджэння стала творчасць Х.Боцева. У гэты перыяд зараджаліся новыя літ. жанры: байка і павучальнае апавяданне (П.Бярон, Элін Пялін), фельетон (А.Канстанцінаў), аповесць (Т.Влайкаў), літ. крытыка (Дз.Благоеў, К.Крысцеў), дакумент. проза (З.Стаянаў), драма (П.Явараў), раман (І.Вазаў). На мяжы 19 і 20 ст. з’явіліся мадэрнісцкія тэндэнцыі (у крытыцы — Крысцеў, у маст. л-ры — Славейкаў), узнік сімвалізм (Явараў, Т.Траянаў, Х.Ясенаў), індывідуалістычныя дэкадэнцкія настроі (Славейкаў, Дз.Дэбелянаў). Пасля паўстання 1923 пашырылася т.зв. вераснёўская л-ра, скіраваная супраць фашызму (Г.Мілеў, А.Разцветнікаў, А.Страшыміраў, Л.Стаянаў і інш.). Пасля 2-й сусв. вайны ў л-ры запанаваў сацыяліст. рэалізм (заснавальнік Х.Смірненскі). У маст. творах асвятляліся сац.-паліт., маральна-псіхал. праблемы, тэмы вясковага і гар. жыцця і побыту. Значных поспехаў дасягнуў балг. раман: гіст.-рэв. (Дз.Талеў), сац.-псіхал. (С.Даскалоў, Дз.Дзімаў, Э.Станеў), маральна-этычны (К.Калчаў, А.Гуляшкі, П.Вежынаў). З пач. 1960-х г. развіваюцца малыя празаічныя жанры: «мікрараман», аповесць, апавяданне, навела (І.Пятроў, М.Хайтаў, І.Радзічкаў); пейзажная, інтымная, філас. паэзія (А.Германаў, Л.Леўчаў, Л.Даскалова і інш.); лірычная (Дз.Фучаджыеў, І.Давыдкаў, Д.Жоцеў, С.Паптонеў, Б.Дзімітрова) і дакумент. (Е.Каранфілаў, М.Хрыстозаў) проза. У л-ры апошніх гадоў выяўляецца пратэст супраць разбурэння сувязяў паміж людзьмі, дэфармацыі духоўнага свету чалавека (Фучаджыеў, Б.Томаў і інш.), спроба асэнсаваць значнасць гіст. працэсаў, складаную дынаміку жыцця і вастрыню маральна-этычных праблем.
Бел.-балг. сувязі зарадзіліся яшчэ да прыняцця хрысціянства на Беларусі, калі сюды пачалі трапляць балг. кнігі. У 14 ст. творы прадстаўнікоў тырнаўскай літ. школы спрыялі станаўленню жанраў бел. л-ры (напр., аратарскай прозы, на Беларусі жыў Цамблак). У 19 ст. сувязі ўзмацніліся (В.Дунін-Марцінкевіч прысвяціў балг. народу верш «Славяне ў XIX стагоддзі», 1856; вызваленне Балгарыі вітаў Я.Купала вершамі «Забраны край», «На вялікім свеце...». У 1920—30-я г. ў балг. перыёдыцы з’явіліся артыкулы пра творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, Ц.Гартнага, М.Чарота, А.Александровіча, у беларускай — вершы Боцева, Смірненскага, Н.Ланкава, артыкулы Г.Бакалава, З.Снежкі. Асобнымі кнігамі выдадзены творы Канстанцінава, М.Марчэўскага, С.Лілянава. Пасля 2-й сусв. вайны сувязі і ўзаемаўплывы паглыбіліся (праводзіліся дні нац. культур, сімпозіумы перакладчыкаў і інш.). Выходзілі анталогіі паэзіі і прозы, выданні асобных аўтараў, працы даследчыкаў па пытаннях нац. л-ры і ўзаемасувязяў. На бел. мове апублікаваны празаічныя творы Вазава, Гуляшкі, Даскалова, Караславава, Вежынава, кніга лірыкі Н.Вылчава, зб-кі сучаснай балг. паэзіі, твораў для дзяцей, нар. песень, казак. З артыкуламі пра балг. л-ру выступілі Н.Гілевіч, Л.Цімашкова, В.Цімафеева. На балг. мове выдадзены зб-кі вершаў Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Куляшова, П.Броўкі, М.Танка, П.Панчанкі, Гілевіча, Р.Барадуліна, празаічныя творы А.Адамовіча, Я.Брыля, У.Калесніка, В.Быкава, І.Шамякіна і інш. На балг. мову бел. творы перакладалі Н.Вылчаў, Давыдкаў, Германаў, Г.Вылчаў, Х.Бербераў, на бел. мову балг. творы — Гілевіч, Барадулін, В.Нікіфаровіч, В.Куляшова і інш.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. З эпох неаліту і бронзы (4—2-е тыс. да нашай эры) на тэр. Балгарыі выяўлены гліняныя посуд з геам. арнаментам, фігуркі людзей і жывёл, ад ранняга жал. веку — мегалітычныя збудаванні (дальмены ў гарах Странджа, Сакар і Усх. Радопы), наскальныя малюнкі з выявамі людзей і жывёл. На чарнаморскім узбярэжжы зберагліся рэшткі стараж.-грэч. гарадоў (Апалоніі, Месембрыі, цяпер г. Нясебыр) з ант. скульптурай. Зберагліся рэшткі гарадоў і крэпасцяў рым. эпохі (Рацыарыя, Эскус, 1—2 ст.н. э.), царква св. Георгія ў Сафіі і грабніца ў Сілістры (4 ст.). У перыяд візант. панавання тут будаваліся хрысц. храмы (Старая мітраполія ў Нясебыры, ку́пальная базіліка св. Сафіі ў г. Сафія, 5—6 ст.). З утварэннем Балг. царства (681—1018) пачало фарміравацца ўласна балг. мастацтва, якое складвалася на аснове культуры стараж. славян і протабалгар пад уплывам ант. і візант. традыцый. Сярод першых помнікаў балг. дойлідства — рэшткі крапасных сцен і палацаў 9—10 ст. у Плісцы і Прэславе. Інтэр’еры палацаў з мармуровымі каланадамі былі ўпрыгожаны плітамі і карнізамі з разным геам. узорам, скульптурай з медзі і каменю. Унікальны помнік 9 ст. — велічны барэльеф, высечаны на скале каля с. Мадара, т.зв. «Мадарскі коннік». Царк. архітэктура 9—10 ст. мела візант. прататыпы (Вял. базіліка ў Плісцы, т.зв. круглая царква ў Прэславе), маляўнічае дэкар. ўбранне. Уздым мастацтва Балгарыі пачаўся ў эпоху Другога Балг. царства (1187—1396), калі гал.Маст. цэнтрам стала Тырнава (сучасны г. Вяліка-Тырнава). Дойлідства гэтага часу адметнае свабоднай трактоўкай візант. традыцый, дэкар. вытанчанасцю (цэрквы 12—14 ст. у Вяліка-Тырнаве і Нясебыры). Высокага ўзроўню дасягнулі манум. жывапіс, сценапіс (царква ў с. Баяна, 1259, цяпер у межах г. Сафія), мініяцюры «Хронікі Манасія» і «Евангелле Івана Аляксандра» (сярэдзіна 14 ст.), ювелірнае мастацтва, разьба па дрэве і інш.маст. рамёствы. З тур. нашэсцем у канцы 14 ст. многія помнікі знішчаны, стараж.-балг. мастацтва заняпала. Новы ўздым культуры пачаўся ў эпоху Балг. адраджэння. У гарадах будаваліся дамы, цэрквы, масты, гадзіннікавыя вежы, перабудоўваліся манастыры (Рыльскі манастыр). У канцы 18 ст. склаліся нац. тыпы жылых дамоў з каменным цокальным і фахверкавым 2-м паверхам, з мноствам галерэй, эркераў, балконаў, з размалёўкай на атынкаваных фасадах і ў інтэр’ерах, прыгожай разной столлю (дамы ў Плоўдзіве, Вяліка-Тырнаве і інш.). Заснавальнікамі свецкага мастацтва Балгарыі сталі жывапісцы З.Зограф, С.Даспеўскі, Н.Паўлавіч.
Пасля вызвалення Балгарыі ад асманскага ярма пачалася рэканструкцыя гар. Цэнтраў, узводзіліся грамадскія будынкі ў духу эклектызму і ў неавізантыйскім стылі. У выяўл. мастацтве канца 19 — пач. 20 ст. развіваецца кірунак дэмакр. рэалізму (А.Мітаў, І.Ангелаў, І.Мырквічка, Я.Вешын). У 1920—30-я г.нац. традыцыі развівалі Х.Станчаў, У.Дзімітроў-Майстара, С.Венеў, І.Мілеў, П.Георгіеў, партрэтны і пейзажны жывапіс — І.Пятроў, Дз.Узунаў, П.Младэнаў і інш. У архітэктуры пластычную выразнасць і нац. своеасаблівасць пабудоў вызначае выкарыстанне традыц. для Балгарыі арх. элементаў (балконаў, эркераў, лоджый). У 1970-я г. пабудаваны новыя жылыя раёны ў Сафіі, Плоўдзіве і інш., курортныя комплексы «Сонечны бераг», «Залатыя Пяскі». Паводле новых планаў забудоўваліся вял. гарады, новыя прамысл. цэнтры (Дзімітроўград, Мадан і інш.).
У пошуку новых выразных рашэнняў да стараж.нац. мастацкіх традыцый звяртаюцца жывапісцы І.Кіркаў, Д.Кіраў, С.Русеў, Л.Дзіманаў, К.Ісінаў, А.Пятроў, скульптары А.Ніколаў, І.Фунеў, М.Маркаў, графікі Б.Ангелушаў, П.Вылкаў, манументалісты А.Стаменаў і інш. У дэкар.-прыкладным мастацтве (кераміка, тканіны, дываны, разьба па дрэве) сучасныя маст. прынцыпы спалучаюцца з нар. традыцыямі.
Музыка. Балгарская нар. музыка склалася на аснове фальклору стараж. славян і інш. народаў, што жылі на тэр. Балгарыі. Зберагліся старадаўнія абрадавыя, працоўныя, пастухоўскія песні (пераважна аднагалосыя), рытуальныя песнапенні і танцы з архаічнай мелодыкай і складанай нерэгулярнай рытмікай. З 18 ст. пашыраны гайдуцкія песні, з 19 ст. — песні нац. адраджэння, пазней пралетарскія, антыфаш. і партыз. песні. Сярод інструментаў: струнна-смычковы — гадулка, струнна-шчыпковы — тамбур; духавыя — гайда, кавал. Пасля прыняцця праваслаўя ў 9 ст. склалася балг.царк.-пеўчая традыцыя. Свецкае мастацтва фарміруецца з сярэдзіны 19 ст. Заснавальнікі нац. кампазітарскай школы: Э.Манолаў (аўтар першай балг. оперы «Жабрачка», 1900, не скончана), А.Букараштліеў, Д.Хрыстаў, Н.Атанасаў (аўтар першай балг. сімфоніі). Значнае месца належыць операм Г.Атанасава (1910—20-я г.), творам П.Уладзігерава (опера «Цар Калаян», інстр. канцэрты), Л.Піпкава (опера «Дзевяць братоў Яны», вак.-сімф. паэма «Вяселле», 1-я сімфонія), П.Стайнава, Ф.Куцева, В.Стаянава (опера «Саламбо»), М.Галемінава (балет «Несцінарка») і інш. Пасля 2-й сусв. вайны вядучыя кампазітары Піпкаў, П. і А.Уладзігеравы, Стаянаў, Куцеў, Галемінаў, П.Хаджыеў, А.Райчаў, К.Іліеў (і дырыжор), Д.Хрыстаў, Г.Мінчаў. Праводзяцца міжнар. фестывалі і конкурсы. Працуюць 10 муз. т-раў, у т. л. Сафійская нар. опера, больш за 15 сімф. і камерных аркестраў, Саюз балг. кампазітараў (1947), Саюз балг.муз. дзеячаў (1965), Ін-т музыказнаўства пры Балг.АН (1948), Балг.дзярж. кансерваторыя (1954) і інш.
Тэатр. Вытокі балг.т-ра ў нар. гульнях, асабліва ў «кукерах». Першыя публічныя тэатр. паказы ў 1856 у Ломе і Шумене. У 1866 драматург Д.Войнікаў засн.балг. трупу ў Брэіле (Румынія). Прафес.т-р узнік пасля вызвалення Балгарыі ад тур. прыгнёту (першая трупа ў Плоўдзіве, 1883). У 1887 засн. «Плоўдзіўская аматарская трупа» (з 1888 працавала як драм. трупа «Аснова» ў Сафіі). У 1892 на яе базе створана дзярж.драм. трупа «Сляза і смех» (з 1904 Нар.т-р імя І.Вазава), дзе ставіліся п’есы балг. драматургаў — Вазава, В.Друмева, А.Страшымірава і інш. У перыяд уздыму балг.т-ра (1904—12) сфарміравалася рэаліст. акцёрскае мастацтва. Яго заснавальнікі — выхаванцы рус.тэатр. школ А.Будзеўская, К.Сарафаў, Г.Кіраў, М.Масаліцінаў. Пасля 2-й сусв. вайны развівалася нац. драматургія, ствараліся новыя тэатр. калектывы, ставіліся п’есы замежных аўтараў, у т. л. беларускіх: «Цудоўная дудка» В.Вольскага (Нар.т-р моладзі ў Сафіі), «Канстанцін Заслонаў» (Нар.т-р імя Вазава) і «Калі ты чалавек» (Нар.т-р моладзі) А.Маўзона, «Лявоніха на арбіце» (Сафійскі т-р сатыры), «Зацюканы апостал» (т-ры Сафійскі сатыры і Відзінскі) і «Трыбунал» (т-ры Сафіі, Варны, Тырговіштэ) А.Макаёнка, «Амністыя» (у многіх т-рах) М.Матукоўскага. Сярод акцёраў: А.Караміцеў, С.Гецаў, Л.Кабакчыеў, Г.Калаянчаў, Ц.Манева, І.Кондаў; сярод рэжысёраў: Ф.Філіпаў, К.Мірскі, М.Андонаў, В.Цанкоў, Л.Даніэль. Л.Гройс, Я.Агнянава. У 1948 засн. вышэйшы ін-ттэатр. мастацтва.
Кіно. Вытворчасць дакумент. і хранік. фільмаў пачалася з 1907, мастацкіх — з 1915. У 1919 утворана акц.т-ва «Лунафільм». У 1930-я г. ставіліся камедыі, меладрамы, гіст. фільмы. У 1933 выпушчаны першы гукавы фільм «Бунт раба». У 1939 створана дзярж. кінафірма «Балгарская справа». З канца 1940-х г. разам з вопытнымі (Л.Мартынавіч, З.Жандаў) пачалі працаваць рэжысёры, што заклалі асновы сучаснага нац. кінамастацтва (Д.Дакоўскі, Б.Шараліеў, Х.Піскаў, Р.Вылчанаў, Б.Жалязкава і інш.), створана аб’яднанне «Балгарская кінематаграфія». У 1950-я г. ўзмацняюцца ідэалаг. матывы [«Калін Арол», «Трывога», «Песні пра чалавека», «Неспакойны чалавек», «Героі Шынкі» (сумесна з СССР), «Зоркі» (з ГДР)]. З канца 1950-х г., з прыходам рэжысёраў Г.Дзюлгерава, Л.Стайкава, М.Ніколава і інш., пачынаюцца пошукі творчых сродкаў спасціжэння псіхалогіі чалавека і нац. характару [«На маленькім востраве», «Якія маладыя мы былі», «Сонца і цень», «Тытунь» (у сав. пракаце «Канец «Нікаціяны»), «Выкрадальнік персікаў», «Ланцуг», «Цар і генерал» і інш.]. Здымаліся гіст. фільмы для моладзі, камедыі, развіваліся жанры лірычнага дэтэктыва, кінааповесці («Бывайце, сябры», «Чорныя анёлы», «Матрыярхат», «Бар’ер», «Раўнавага», «Хан Аспарух»), У 1976 зняты сумесна бел.-балг. фільм «Братушка» (рэж. І.Дабралюбаў). Развіваецца дакумент., навук.-папулярнае і анімацыйнае кіно. У 1952 арганізаваны Саюз балгарскіх кінематаграфістаў. Кінастудыі працуюць у Варне (з 1962) і Плоўдзіве (з 1975).
Герб і сцяг Балгарыі.Да арт.Балгарыя. Цясніна р. Лева ў гарах Стара-Планіна.Да арт.Балгарыя. Залаты скарб з с. Вылчытрын (Плевенская акруга). 8 ст. да н.э.Да арт.Балгарыя. Радопы ў Кырджалійскай акрузе.Да арт.Балгарыя. Горад Слівен.Да арт.Балгарыя. Нафтаперапрацоўчы завод у Бургасе.Да арт.Балгарыя. Шыпка. Помнікі рускім воінам і балгарскім апалчэнцам, якія загінулі ў руска-турэцкай вайне 1877—78.Да арт.Балгарыя. Сланечнікавыя палі на Дунайскай раўніне.Да арт.Балгарыя. Плошча «9 верасня» ў Сафіі. Фрагмент.Да арт.Балгарыя. Бачкаўскі манастыр.Да арт.Балгарыя. Царква Старая мітраполія ў г. Нясебыр. 6 ст.Да арт.Балгарыя. Севастакратар Калаян. Фрагмент размалёўкі царквы ў с. Баяна. 1259.Да арт.Балгарыя. З.Зограф. Аўтапартрэт. 1840-я г.Да арт.Балгарыя. Фрагмент размалёўкі Казанлыкскай пахавальні. 4—3 ст. да н.э.Да арт.Балгарыя. Храм-помнік Аляксандра Неўскага ў Сафіі. Арх. А.Памяранцаў. 1904—12.Да арт.Балгарыя. Помнік Вызваліцелям у Сафіі. Скульптар А.Цокі. 1907.Да арт.Балгарыя. Я.Вешын. Вяртанне з кірмашу. 1898.Да арт.Балгарыя. У.Дзімітраў-Майстара. Сялянская дзяўчына. 1930-я г.Да арт.Балгарыя. Царква Пантакратара ў г. Нясебыр. 14 ст.Да арт.Балгарыя. Курорт Залатыя Пяскі.