се́льскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сяла. Сельская школа. Сельская электрастанцыя. Сельская гаспадарка. // Які жыве і працуе ў сяле, вёсцы. Сельская інтэлігенцыя. Сельскі карэспандэнт. // Уласцівы сялу, вёсцы, жыхарам сяла, вёскі. Сельскія звычаі. Сельскі ўклад жыцця. □ І твар Лявона быў звычайны — твар сельскага жыхара: абветраны, цёмна-карычневы, нібы выразаны з альховага карча. Шашкоў. // Які мае адносіны да кіравання і самакіравання сяла. Сельская абшчына. Сельскі сход. □ Гаспадар хаты, сельскі стараста, пісаў у хаце на кавалачку сіняй паперы загад. Чорны. З учарашняга дня дзядзька Якуб — старшыня. □ Санька — сакратар новай улады: сельскага Савета. Якімовіч.

2. Які знаходзіцца за горадам, не гарадскі. Сельская мясцовасць. // Уласцівы такой мясцовасці. Сельская прырода. Сельская цішыня.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уце́ха, ‑і, ДМ уцесе, ж.

1. Радасць, забава. Уцехі лепшай не згадаць малому: Кусалі яблыкі на дзве шчакі, Тапталі залацістую салому, Гарохавыя лушчылі стручкі. Гаўрусёў. // Задавальненне. Абудзіўшыся ўранку ад штуршка, Васіль убачыў над сабою Яўхіма Карча, які, мусіць, вяртаўся з начной уцехі. Мележ. [Усцін Тарасавіч:] Не таіся, было, што ты балюча крыўдзіў жанчын, браў ад іх толькі кароткія ўцехі. Марціновіч. // Той, хто (або тое, што) з’яўляецца крыніцай, прадметам задавальнення, радасці. Гэта, у школу праводзячы сына, Ад глыбінь усяго пачуцця Шэпча маці ўцесе адзінай: — Мір табе, дарагое дзіця! Глебка. — Сад быў яго [Захарыя] уцехай, крыніцай ягоных радасцей, месцам адпачынку. Самуйлёнак.

2. Той, хто (або тое, што) прыносіць радасць, задавальненне. [Жанчына:] — Толькі ў працы і знаходзіш уцеху. Шамякін. Вышамірскаму асталася адна ўцеха — успаміны. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раўнава́ць 1, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак.

1. што. Рабіць роўным, гладкім, прамым; выраўноўваць. Некалькі чалавек ачышчалі месца пад забудову — секлі кусты і раўнавалі грунт. Чорны. Хлопцы лёталі на веласіпедах, ганялі футбол, а я сядзеў і раўнаваў іржавыя цвікі ды складаў дошкі. Савіцкі.

2. каго-што. Лічыць роўным, аднолькавым у якіх‑н. адносінах. Пры ацэнцы ведаў нельга ўсіх раўнаваць.

раўнава́ць 2, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак., каго і без дап.

Адчуваць, выказваць рэўнасць. Сцяпан успомніў, як у восьмым класе закахаўся ў Кацю Васільчыкаву, жвавую, тоненькую дзяўчынку са светлымі косамі, і як смешна раўнаваў яе да свайго школьнага сябра Уладзіка, разважлівага і не па гадах сталага хлопца. М. Стральцоў. Ганне ўспомнілася, як хмурна глядзеў Васіль на яе зімою.. Як раўнаваў, дзівак, да Карча! Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пага́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Мярзотны, подлы. Паганы чалавек. □ Саўка і два яго канвойнікі застаюцца ззаду. Саўкава місія, паганая здрадніцкая місія, скончана. Колас. Партызаны .. вартавалі вёску ад паганых гасцей. Чорны. // Дрэнны, нядобры. Паганае надвор’е. □ Айцец Кірыл адмовіўся застацца выпіць чаю на дарогу, бо дзень кароткі, а дарога паганая. Колас. / Пра характар, звычкі, душэўны стан і пад. Паганы настрой. Паганы характар.

2. Прызначаны для смецця, нечыстот; брудны. Паганае вядро.

3. Які нельга есці, ядавіты. Паганы грыб.

4. Злы, куслівы (пра сабаку). [Мужык:] — Ёсць у нашага Піліпа сучка паганая, дык мы ўсе яе баімся. Якімовіч.

5. Уст. Нехрысціянскі, язычніцкі. Паганыя ідалы. // Забаронены рэлігіяй. Паганая ежа. □ — Нібы чорт зеллем паганым падкурыў хату Супрона Дразда і Змітрука Карча, — казалі сяляне, чуючы кожны дзень сварку. Чарот.

6. Разм. Не варты ўвагі. І зусім незразумела, навошта было падымаць такі шум з-за гэтай паганай двойкі? Краўчанка.

7. у знач. наз. пага́нае, ‑ага, н. Што‑н. дрэннае, нядобрае. Васіль увесь сціснуўся, насцярожыўся, чакаючы самага паганага. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насадзі́ць 1, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак.

1. што. Зрабіць пасадку дрэў, раслін; стварыць шляхам пасадкі. Насадзіць сад. □ Ля клуба разбілі вялікую клумбу. Насадзілі парк. «Беларусь». // чаго. Пасадзіць у нейкай колькасці. Зноў маладых каштанаў шмат Мы працавіта насадзілі. Танк. Усцяж плоту Фёдар пасадзіў агрэсту, парэчак, маліны. Кірэенка.

2. каго-чаго. Напоўніць кім‑, чым‑н., саджаючы куды‑н., у што‑н. Насадзіць поўную машыну людзей.

3. перан.; што. Увесці, распаўсюдзіць. Насадзіць культуру.

4. перан.; каго-што. Пасяліць, размясціць у нейкай колькасці каго‑, што‑н. Насадзіць асаднікаў. Насадзіць ваенныя базы.

насадзі́ць 2, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак., каго-што.

1. Моцна, шчыльна надзець на што‑н. Насадзіць сякеру на тапарышча. Насадзіць вілкі на ражон. □ Вадзік пасадзіў на кручок чарвяка, закінуў вуду. Гамолка. Засыпаў у стрэльбу [дзед Талаш] добрую порцыю пораху, туга забіў яго.. Палажыў штук шэсць гранкулек, і калі ўсё было гатова, тады пасадзіў на брамку пістон і ўжо болей цвёрдымі і ўпэўненымі крокамі накіраваўся ў Макушы. Колас.

2. перан. Разм. Узбіўшыся на што‑н. вострае, параніць. [Васіль:] — У Карча вараны жарабец нагу на цвік пасадзіў... Кульгае... Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шмато́к, ‑тка, м.

1. Абрэзак, абрывак (скуры, тканіны і пад.). Да прыходу Тараса.. [Зося і Маша] нешта кроілі, і на канапе былі раскіданы зялёныя і чырвоныя, адмыслова выкраеныя шматкі. Шамякін. Ляжаў.. [Заранік] у невялікім пакойчыку на ложку, распрануты і накрыты коўдрай, пашытай з рознакаляровых шматкоў. Хадкевіч. // толькі мн. (шматкі́, ‑оў). Лахманы; кавалкі, кускі чаго‑н. Замест кажуха з плеч у Зіны звісалі нейкія рваныя шматкі — так яго пасеклі кулямі і асколкамі. Карпюк. Косцік накінуўся з кулакамі на брата, парваў малюнак на шматкі і пачаў таптаць яго нагамі. С. Александровіч.

2. Жмут чаго‑н. Ля лазовага карча ваўкі, напэўна, схапілі соннага зайчыка, бо на снягу былі відаць кропелькі крыві і валяліся шматкі поўсці. Федасеенка.

3. Асобны невялікі кавалак, камяк чаго‑н. Узяў кошык, акраец хлеба і жаўтлявы, мяккаваты шматок сала, вышчарблены братаў складанчык на шнурку. М. Стральцоў. Ля берага ад невялікіх хваль пагойдваліся шматкі наздраватай рудой пены. Гамолка. Па баках узрываюцца міны, уздымаючы клубы пылу і раскідаючы шматкі зямлі. Колас. // Пра невялікую, нязначную частку чаго‑н. Там-сям віднеў травы шматок Сярод пяскоў рудых. Астрэйка. На шэрым полі там-сям шматкі ярка-зялёнай азіміны, у лагчынах — ніцыя, без лістка вербы. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)