БА́ЛЬЦАР (Balzer) Освальд Мар’ян (23.11.1858, г. Ходараў Львоўскай вобл., Украіна — 11.1.1933),

польскі гісторык. Чл. Кракаўскай АН (1888). Вучыўся ў Львоўскім і Кракаўскім ун-тах (1878—81). З 1887 праф. польскага права Львоўскага ун-та. З 1891 дырэктар Львоўскага краявога архіва. Заснавальнік (1901) Польскага навук. т-ва ў Львове, рэдактар (1891—94) час. «Kwartalnik Historyczny» («Гістарычны штоквартальнік»). Аўтар прац па гісторыі дзяржавы і права Польшчы і ВКЛ. Прадстаўнік т.зв. эвалюцыйнай тэорыі ўтварэння дзяржаўнасці, імкнуўся даказаць паходжанне польскай дзяржаўнасці непасрэдна з радавых адносін.

Дз.​У.​Караў.

т. 2, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРБАШО́Ў Аляксандр Іпалітавіч (1858—?),

рускі гісторык. Скончыў Пецярбургскі ун-т. Выкладаў у сярэдніх навуч. установах Пецярбурга. З 1886 магістр рус. гісторыі [дысертацыя «Вітаўт і яго палітыка да Грунвальдскай бітвы (1410 г.)», Спб., 1885]. Вывучаў унутр. і знешнюю палітыку Вітаўта, барацьбу народаў ВКЛ супраць Тэўтонскага ордэна. Шырока выкарыстоўваў бел.-літ. летапісы. Працы Барбашова скіраваны супраць польскай гістарыяграфічнай традыцыі ў вывучэнні гісторыі ВКЛ 14—16 ст. ВКЛ трактавалася ў іх як частка Рус. дзяржавы.

Тв.:

Витовт: Последние двадцать лет княжения 1410—1430. СПб., 1891.

Дз.​У.​Караў.

т. 2, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ПА-ДАНІЛЕ́ЎСКІ Аляксандр Сяргеевіч (27.1.1863, с. Удачнае Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 7.2.1919),

расійскі гісторык. Чл. Пецярбургскай АН (1899). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1886); з 1890 прыват-дацэнт (пазней праф.) гэтага ун-та. Прадстаўнік дзяржаўнай школы ў рас. гістарыяграфіі. Даследаваў скіфскія старажытнасці, эканам. лад сярэдневяковага Вял. Ноўгарада, гісторыю Маск. дзяржавы і Рас. імперыі 18—19 ст., уплыў «лаціна-польскай» адукаванасці Рэчы Паспалітай на рас. грамадскую думку 17—1-й чвэрці 18 ст.; публікаваў і аналізаваў гіст. крыніцы.

Тв.:

История русской общественной мысли и культуры, XVII—XVIII вв. М., 1990.

Дз.​У.​Караў.

т. 9, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАСТАСЕ́ВІЧ Васіль Рыгоравіч (11.3.1775, Кіеў — 28.2.1845),

бібліёграф, перакладчык, выдавец. Скончыў Кіеўскую акадэмію (1793). З 1795 на вайск. службе, з 1802 у Мін-ве нар. асветы, у 1803—10 пісьмавод папячыцеля Віленскай навуч. акругі А.​Чартарыйскага, у 1809—16 у Камісіі складання законаў, у 1826—28 у Гал. цэнзурным камітэце. У 1811—12 выдаваў час. «Улей», дзе надрукаваў першы ў Расіі тэарэт. артыкул па бібліяграфіі. З 1817 адзін з сакратароў М.​П.​Румянцава, уваходзіў у Румянцаўскі гурток. У 1811 ажыццявіў навук. выданне Статута ВКЛ 1588. Пераклаў з польск. мовы на рускую палітэканамічныя працы В. і І.​Страйноўскіх.

Дз.​У.​Караў.

т. 1, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЧАРД II (Richard; 6.1.1367, г. Бардо, Францыя — 14.2.1400),

кароль Англіі [1377—99]. Апошні з дынастыі Плантагенетаў. Уступіў на трон у 12-гадовым узросце (краінай правіў савет). З 1389 правіў самастойна, абапіраючыся на парламент і ч. знаці. Заключыў мір з Францыяй (1397). З 1397 усталяваў аднаасобнае праўленне, падпарадкаваў сабе парламент, выгнаў з краіны свайго брата Генрыха IV Ланкастэрскага і пазбавіў яго спадчынных правоў. Сваіх б. праціўнікаў караў штрафамі і канфіскацыяй іх маёмасці, што выклікала мяцеж буйных феадалаў. У 1399 скінуты, у 1400 забіты ці памёр ад голаду ў зняволенні. Герой гіст. драмы У.​Шэкспіра «Рычард II» (1595).

т. 13, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРША́ДСКІ Сяргей Аляксандравіч (18.3.1850, г. Бярдзянск Запарожскай вобл., Украіна — 1896),

юрыст, гісторык. Магістр дзярж. права (1883). Скончыў Новарасійскі ун-т (Адэса, 1872). З 1878 выкладчык Пецярбургскага ун-та, адначасова Ваенна-юрыд. акадэміі і імператарскага Аляксандраўскага ліцэя. Нам. старшыні гіст. т-ва пры Пецярбургскім ун-це. Вывучаў па першакрыніцах (пераважна акты Метрыкі ВКЛ) гісторыю яўрэяў Літвы і Беларусі. Асн. працы: «Руска-яўрэйскі архіў: Дакументы і матэрыялы для гісторыі яўрэяў у Расіі» (т. 1—2, 1882), «Літоўскія яўрэі: Гісторыя іх юрыдычнага і грамадскага становішча ў Літве ад Вітаўта да Люблінскай уніі, 1388—1569 г.» (1883), «Лекцыі па гісторыі філасофіі права» (1885).

Дз.​У.​Караў.

т. 3, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЦЭ́ВІЧ Ігнат Сымонавіч (псеўд. Жэгота з Малой Бераставіцы; 1780, в. Малая Бераставіца Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. — 18.2.1845),

гісторык, археограф, архівіст. Вучыўся ў Кёнігсбергскім ун-це (1803—05), скончыў Віленскі ун-т (1811). У 1813—17 выкладчык у Беластоцкай гімназіі, з 1818 у Віленскім ун-це, з 1827 прафесар. У 1828 абвінавачаны ва ўдзеле ў студэнцкай арг-цыі «Плямёны сарматаў» і высланы на радзіму. З 1834 у Пецярбургу, супрацоўнік Археаграфічнай камісіі, Румянцаўскага музея. Даследаваў архівы і б-кі Пецярбурга, Дэрпта, Рыгі, Кёнігсберга, Варшавы, рукапісныя зборы прыватных асоб у Гродзенскай губ. Аўтар артыкулаў па гісторыі ВКЛ, гал. праца «Гісторыя Літвы» не надрукавана.

Дз.​У.​Караў.

т. 1, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУХА́НАЎ Павел Аляксандравіч (17.1.1798—28.12.1871),

расійскі дзярж. і вайсковы дзеяч, гісторык. Правадз. тайны саветнік, чл. Дзярж. савета (1861). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це і Школе калонаважатых. З 1815 служыў у Генштабе. Удзельнік рус.-тур. вайны 1828—29, задушэння паўстання 1830—31 у Польшчы, Літве і Беларусі. У 1834 пакінуў вайсковую службу, заняўся публікацыяй рукапісаў, якія набыў у Польшчы. З 1842 віцэ-прэзідэнт Савета нар. адукацыі ў Польскім каралеўстве, з 1844 папячыцель Варшаўскай навуч. акругі, з 1856 гал. дырэктар урадавай камісіі ўнутр. і духоўных спраў. З 1869 старшыня Археаграфічнай камісіі ў Пецярбургу. Апублікаваў шмат дакументаў па гісторыі Польшчы і рас.-польскіх адносінах.

Д.​У.​Караў.

т. 11, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТУКА́ЛІЧ Уладзімір Казіміравіч (9.11.1858, г. Екабпілс, Латвія — 18.10.1918),

бел. гісторык і краязнавец, літаратуразнавец. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1883), удзельнічаў у рэв. руху. Працаваў у казённай палаце ў Слоніме, Гродне, Віцебску (памочнік прысяжнага паверанага). Чл. Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. У 1886—1900 друкаваўся ў газ. «Русский курьер» як літаратуразнавец (пад псеўд. Вяневіч). Аўтар прац «Да пытання аб арганізацыі універсітэта ў Віцебску» (1903), «А.​П.​Сапуноў. Да 25-годдзя яго навуковай і літаратурнай дзейнасці» (1905), «М.​Я.​Нікіфароўскі, 1845—1910 гг.» (1910), артыкулаў па краязнаўстве Беларусі, гісторыі бел. гарадоў. Быў у сяброўскіх адносінах з І.​Я.​Рэпіным.

Літ.:

Падліпскі А. Летапісец Віцебшчыны. Мн., 1993.

Дз.​У.​Караў.

т. 15, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНО́ВІЧ Уладзімір Баніфатавіч (30.1.1834, с. Камсамольскае Вінніцкай вобл., Украіна — 21.3.1908),

украінскі гісторык, археолаг, этнограф, археограф; адзін з заснавальнікаў укр. нац. гістарыяграфіі. Праф. Кіеўскага ун-та (з 1878). У 1863—80 гал. рэд. Часовай камісіі для разбору стараж. актаў у Кіеве, з 1881 старшыня гіст. т-ва Нестара-летапісца. Апублікаваў шэраг мемуарных і эпісталярных крыніц, у т. л. «Дыярыуш» Ф.​Еўлашоўскага, «Гістарычныя песні маларускага народа» (т. 1—2, 1874—75, з М.​П.​Драгаманавым). Працы па гісторыі Украіны, Беларусі і Літвы склалі зб. «Манаграфіі па гісторыі Заходняй і Паўднёва-Заходняй Расіі» (т. 1, 1885). Аўтар прац па археалогіі Украіны. Падкрэсліваў бяскласавасць і дэмакратызм укр. народа, ідэалізаваў казацтва.

Дз.​У.​Караў.

т. 1, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)