БЕ́РЫНГ ((Bering) Вітус Іонасен) (1680, г. Хорсенс, Данія — 19.12.1741),

дацкі і рускі мараплавец. Запрошаны на рус. флот у 1703. Капітан-камандор. Кіраўнік 1-й (1725—30) і 2-й (1733-43) Камчацкіх экспедыцый, разам з памочнікам А.​І.​Чырыкавым абследаваў берагі Камчаткі, Чукоткі, прайшоў паміж Азіяй і Амерыкай, адкрыў некаторыя з Алеуцкіх а-воў, дасягнуў узбярэжжа Паўн. Амерыкі. Імем Берынга названы мора на Пн Ціхага ак., праліў, мыс на ўзбярэжжы Ахоцкага м., востраў з групы Камандорскіх а-воў, на якім Берынг памёр ад цынгі ў час вымушанай зімоўкі.

т. 3, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЫ́ГІН (Сцяпан Гаўрылавіч) (? — 1764),

расійскі даследчык Арктыкі, капітан-камандор (1762). У 1711—17 вучыўся ў Маскоўскай школе матэм. і навігацыйных навук. У 1733 склаў першы дапаможнік па навігацыі на рус. мове «Скарочаная навігацыя па карце дэ-Рэдукцыён». У 1736—37 кіраўнік аднаго з паўн. атрадаў Другой Камчацкай экспедыцыі. У 1737 разам з А.​Скуратавым абагнуў морам п-аў Ямал, прайшоў пралівам паміж ім і в-вам Белы (Малыгіна праліў) і дасягнуў вусця р. Об. У выніку падарожжаў атрада М. апісана гэта частка ўзбярэжжа Паўн. Ледавітага ак. і складзена карта ўзбярэжжа паміж рэкамі Пячора і Об.

т. 10, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНАВО́Й (Васіль Сямёнавіч) (н. 16.1. 1934, Масква),

расійскі акцёр. Нар. артыст СССР (1985). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчукіна (1957). Працуе ў т-ры імя Я.​Вахтангава. Акцёру ўласцівы прыгажосць і высакароднасць пластычнага малюнка ролі, рамант. пафас. Часта выконвае ролі ў амплуа «героя-палюбоўніка». Калаф («Прынцэса Турандот» К. Гоцы), Цэзар Актавіян («Антоній і Клеапатра» У. Шэкспіра), Казанова («Тры ўзросты Казановы» М. Цвятаевай). Зняўся ў кіна- і тэлефільмах: «Атэстат сталасці» (1954), «Пунсовыя ветразі» (1961), «Вайна і мір» (1966—67), «Ганна Карэніна» (1968), «Любоў Яравая» (1970), «Афіцэры» (1971), «Семнаццаць імгненняў вясны» (1973), «Ганна і Камандор» (1976), «Дзіўная жанчына» (1978), «Пятроўка, 38» і «Агарова, 6» (1980) і інш. Ленінская прэмія 1980 за чытанне дыктарскага тэксту ў фільме-эпапеі «Вялікая Айчынная» (1979). Аўтар успамінаў «Шчаслівыя сустрэчы» (2-е выд. 1986).

Літ.:

Войткевич Н.Р. Ступени творчества. Ставрополь, 1975.

т. 9, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЕ́РА, Валера-і-Алькала Галіяна (Valera y Alcalá Galiano) Хуан (18.10.1824, г. Кабра, Іспанія — 18.4.1905), іспанскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Чл. Каралеўскай акадэміі (1858). Па адукацыі юрыст. Быў на дыпламат. службе. У 1840-я г. выступіў як паэт і літ. крытык. Яго эстэт. погляды склаліся пад уплывам антычнага і рэнесансавага неаплатанізму. У раманах «Пепіта Хіменес» (1874), «Камандор Мендоса» (1877), «Донна Лус» (1879) выкрываў рэліг.-аскетычныя догмы. У рамане «Хуаніта Доўгая» (1895) паказаў, як каханне пераадольвае класава-саслоўныя перагародкі. Сац.-філас. аналіз краху, які перажывае інтэлігент пры сутыкненні з рэчаіснасцю, дадзены ў рамане «Ілюзіі доктара Фаусціна» (1875). Раман «Марсамор» (1899) — філас. прытча пра марнасць чалавечых жаданняў. Проза Валера, адметная незвычайным фармальным майстэрствам, псіхааналізам і філас. глыбінёй, — адна з вяршынь ісп. рэалізму 19 ст. Аўтар кніг літ.-крытычных артыкулаў. Пераклаў на ісп. мову «Фауст» І.​В.​Гётэ і «Дафніс і Хлоя» Лонга.

Тв.:

Рус. пер. — Хуанита Длинная. М., 1961;

Иллюзии доктора Фаустино. Л., 1970;

У кн.: Аларкон П.А. де. Треугольная шляпа;

Валера Х. Пепита Хименес;

Перес Гальдос Б. Донья Перфекта;

Бласко Ибаньес В. Кровь и песок. М., 1976.

К.​М.​Міхееў.

т. 3, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПІТА́Н (позналац. capitaneus военачальнік ад лац. caput галава),

1) воінскае званне (чын) афіцэрскага складу ва ўзбр. сілах многіх дзяржаў з сярэдніх вякоў да нашых дзён. Напачатку вядома ў Францыі як назва начальніка ваен. акругі, з 1558 яго сталі называць генерал-К., а камандзіра роты — К. У апошнім значэнні званне (чын) К. існавала ў арміях еўрап. краін, у т. л. ВКЛ, Польшчы, Рас. імперыі. У ваен. флатах званне (чын) К. паходзіць ад назвы пасады начальніка каманды карабля і звычайна мае некалькі ступеней. У рас. арміі існавалі званні (чыны): К. (16 ст. — 1917), К.-паручнік (1705—98) і штабс-К. (1801—1917); у ВМФ — К. камандор (1707—32, 1751—64, 1798—1827, у 1764—98 наз. К. брыгадзірскага рангу), К. 1-га рангу (1713—32, 1751—1917), К. 2-га рангу (1713—32, 1751—1917), К. 3-га рангу (1713—32), К. 4-га рангу (1713—17), К. карабля (1701—13), К.-лейтэнант (1713—1884, 1909—11). У 1935 ва ўзбр. сілах СССР адноўлены воінскія званні К. для каманднага складу сухап. войск, ВПС і берагавых часцей ВМФ, а таксама К. 1, 2, 3-га рангаў і К.-лейтэнант для камандзіраў карабельнага складу ВМФ. Ва ўзбр. сілах Рэспублікі Беларусь, а таксама ў інш. сілавых структурах дзяржавы званне К. адносіцца да малодшых афіцэраў. У ваен. флатах Рас. Федэрацыі, Украіны, Германіі і многіх інш. дзяржаў для афіцэраў карабельнага складу існуюць званні К. 1, 2, 3-га рангу (старшыя афіцэры) і К.-лейтэнант (малодшыя афіцэры).

2) Званне малодшага афіцэрскага складу міліцыі (паліцыі) у шэрагу краін свету, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь.

3) На суднах гандлёвага і рыбалоўнага (марскога і рачнога) флоту — старшая асоба ў экіпажы, на якую ўскладзена кіраванне суднам.

4) У Францыі ў 1622—1775 пасада камандзіра конных гвардзейцаў караля — каралеўскіх мушкецёраў.

т. 8, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)