Свядо́мы ‘здольны думаць і разважаць, здольны рабіць асэнсаваны выбар’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Некр. і Байк., Касп.), све́дамы ‘які ведае справу, работу, навуку’ (Ласт.), ст.-бел. сведомый ‘навучаны, умелы; дасведчаны’ (Ст.-бел. лексікон), укр. свідо́мий ‘абазнаны, дасведчаны’, рус. дыял. све́домый ‘вядомы, знаёмы’, стараж.-рус. съвѣдомыи ‘вядомы, знаны, выпрабаваны’: куряне сведоми къмети (Слова пра паход Ігаравы), ст.-чэш. svědomý ‘свядомы, знаны’, польск. świadomy ‘тс’, в.-луж. svědomy ‘свядомы, абазнаны’. Утворана ад прасл. *sъvěděti ‘знаць’, што да *věděti ‘тс’ (гл. ведаць), дзеепрыметнік цяп. ч. *sъ‑vědomъ ‘які добра ўсведамляе’ (Сной у Бязлай, 3, 348). Формы з перагаласоўкай і націскам на другім складзе хутчэй за ўсё запазычаны з польскай мовы. Назоўнік сьве́дамʼе ‘яснае разуменне; усведамленне, прызнанне’ (Стан.) вядомы, паводле некаторых крыніц (гл. там жа), яшчэ ў старабеларускай, відаць, самастойна ўтвораны і не звязаны з польск. świadomie ‘сумленне’, якое лічыцца лексічным ці семантычным багемізмам (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 382).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Славу́ты ‘агульнавядомы; праслаўлены’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Байк. і Некр.), сюды ж ст.-бел. словутичъ ‘слаўны, славуты (пры звароце да каго-небудзь’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. славу́тний ‘тс’, рус. дыял. слову́тный ‘славуты, шанаваны, багаты’, преслову́тый ‘праслаўлены’, стараж.-рус. словутьнъ, ст.-рус. Словутичь — эпітэт Дняпра, польск. sławętny, sławetny (набліжана да sława — Брукнер, 499), каш. słavutny, słavuty, чэш., славац. slovutný. Дэрываты ад *slovǫtъ, першаснага незалежнага дзеепрыметніка цяп. часу ад прасл. *slovǫ, *sluti, гл. слыць (Фасмер, 3, 673; Махэк₂, 557). Паўночнаславянская інавацыя *slovǫtъ, *slovǫtьnъ. Славэ́тны ‘знаны, праслаўлены’ (Ласт.) запазычана з польскай. Гл. яшчэ Басай-Сяткоўскі, Słownik, 320–321 (адмаўляецца чэшскае паходжанне слова).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)