МІ́НСКІ МАТО́РНЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў 1960 у Мінску. 1-я чарга (дызельны корпус № 1, цэх алюмініевага ліцця) пушчана ў 1963. З 1983 галаўное прадпрыемства вытв. аб’яднання «Мінскі маторны завод», у якое ўваходзяць таксама Барысаўскі з-д агрэгатаў і з-д-філіял у г. Стоўбцы. Прадукцыя з-да — дызельныя рухавікі розных мадыфікацый; выкарыстоўваецца на трактарах «Беларусь» Мінскага трактарнага завода, на гусенічных цягачах-транспарцёрах, збожжаўборачных камбайнах; 4- і 6-цыліндравыя дызелі магутнасцю ад 57 да 136 к.с. і 130—270 к.с. — на аўтобусах «МАЗ Неаплан», пагрузчыках канцэрна «Амкадор», кормаўборачных камбайнах ВА «Гомсельмаш», экскаватарах, асфальтаўкладчыках, дарожных машынах.

т. 10, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

wysokoprężny

высокага ціску;

silnik wysokoprężny — рухавік Дызеля; дызельны рухавік

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

рухаві́к, ‑а, м.

1. Машына, якая ператварае які‑н. від энергіі ў механічную энергію; машына, якая прыводзіць у рух што‑н. Паравы рухавік. Рэактыўны рухавік. Дызельны рухавік.

2. чаго. Сіла, якая пабуджае да чаго‑н., садзейнічае росту, развіццю чаго‑н.

•••

Рухавік унутранага згарання — рухавік, у якім паліва згарае ўнутры цыліндра пад поршнем.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДЫ́ЗЕЛЬ, дызельны рухавік,

рухавік унутранага згарання, у якім дызельнае паліва загараецца ад уздзеяння высокай т-ры паветра, сціснутага поршнем. Названы ў гонар Р.Дызеля. Адрозніваюць Д. двух- і чатырохтактавыя; з аб’ёмным і плёначным сумесеўтварэннем; паводле канструкцыі камеры згарання — з нераздзеленай камерай, перадкамерныя, віхракамерныя, паветракамерныя і інш.

У Д. з нераздзеленай камерай згарання паліва ўпырскваецца непасрэдна ў цыліндр, дзе раўнамерна распыляецца; у астатніх — сумесеўтварэнне залежыць ад завіхрэнняў паветра, якія ўзнікаюць з-за асаблівасцей канструкцыі. Удзельны расход паліва ў найб. дасканалых Д. да 190 г/(кВтгадз); ккдз да 44%; ступень сціскання паветра да 20; магутнасць да 30 тыс. кВт, павышаюць яе наддувам. Д. выкарыстоўваюцца на транспарце, у энергетыцы (гл. напр., Дызельная электрастанцыя).

В.​А.​Сяргеенка.

Дызель: 1 — фарсунка; 2 — клапан; 3 — цыліндр з поршнем; 4 — паліўная помпа; 5 — каленчаты вал.

т. 6, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́НЗА,

горад, цэнтр Пензенскай вобл. ў Расіі. На Прыволжскім узв., на р. Сура (прыток Волгі). Нас. 534,6 тыс. ж. (1996). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне (з-ды: дызельны, кампрэсарны, вылічальных электронных машын, гадзіннікавы, хім., тэкст. машынабудавання, веласіпедны і інш.), харч., лёгкая, дрэваапр., папяровая. Ф-ка піяніна, з-д мед. прэпаратаў. 5 ВНУ. 2 тэатры. Музеі: краязн., нар. творчасці, карцінная галерэя. Батанічны сад.

Засн. ў 1663 як вартавы пункт на паўд. ускраіне Рас. дзяржавы. Неаднойчы на горад нападалі татары і нагайцы. У 1670 узята атрадамі С.Разіна. З 1719 цэнтр Пензенскай правінцыі ў складзе Казанскай губ. У 1723 засн. гар. магістрат (да 1866). У жн. 1774 праз П. прайшла армія Е.Пугачова. З 1780 цэнтр намесніцтва, з 1796 — губерні. У 1797—1801 павятовы, з 1801 губ. горад Саратаўскай губ. У 1874 праз П. прайшла Сызрана-Вяземская чыгунка. З 1928 цэнтр Пензенскай акругі Сярэдняволжскага краю, з 1930 раённы цэнтр Сярэдняволжскага, потым Куйбышаўскага краю, з 1937 — Тамбоўскай вобл., з 1939 цэнтр Пензенскай вобласці.

т. 12, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

стэнд, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Шчыт для экспанатаў, картаграм і пад. Стэнды выстаўкі. □ [Віталія:] — Будзе дваццацігоддзе Перамогі — стэнд герояў зробім, цябе, мама, — на першае месца. Шамякін. Глядзяць са стэндаў паважаныя людзі — былыя выхаванцы універсітэта. Шахавец.

2. Спецыяльная ўстаноўка для зборкі і выпрабавання машын. Выпрабавальны стэнд. □ Уладзімір Русак рэгулюе дызельны паліўны насос на стэндзе паліўнай апаратуры. «Маладосць».

3. Спецыяльна абсталяванае месца для спартыўнай і вучэбнай стральбы шротам па мішэнях — талерачках. Спаборніцтвы на стэндзе.

[Англ. stand.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)