Віццё ’прывязь з дубцоў, пры дапамозе якой звязваюцца скручаныя (звітыя) бярозавыя (дубовыя, лазовыя) дубцы, што ўжываюцца пры звязванні чаго-небудзь’ (Янк. II, З нар. сл., Шатал.). Першапачаткова зборны назоўнік ад *віць; параўн. ст.-бел. вить, виць ’лаза, скрутак шнуроў’ (< польск. wić ’тс’, Булыка, Запазыч., 65).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трасця́ніца ‘арэшнік’: бегла цераз трасьця́ніцу, гарэхаў табе нарва́ла (Сцяшк. Сл.). Вытворнае ад тросць1 (гл.), самае пашыранае значэнне якога — сцяблістыя расліны, параўн. трысцянка (гл.), укр. тростяни́ця ‘травяністая расліна сямейства злакавых, Scolochloa Link.’, дыял. тро́щі ‘хмыз, дубцы’, а таксама мікратапонімы Трасцяне́ц ‘пералесак’, Трасцянкі́ ‘лес’ (Мікратапанімія Бел.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мачы́ць, мачу, мочыш, мочыць; незак., каго-што.

1. Рабіць мокрым, вільготным. На аўсе яшчэ не абсохла раса. Яна мочыць і халодзіць ногі. Крапіва. [Чалавек] быў па пояс мокры: з ног мачыла збажына, а зверху адзежына правяла. Чорны.

2. Трымаць што‑н. у чым‑н. вадкім, прамочваць, насычаць вадкасцю, каб надаць адпаведныя якасці, уласцівасці. Ля дзвярэй — лаўка, а побач з ёю — цэбар. У ім мачылі дубцы. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Палоссе ’ліпавая кара’ (Мат. Гом.), палосься ’лыка’ (Касп.), палоссе, палоссе, палосье ’лыка; тонкія дубцы, з якіх плятуць кошыкі’ (Сл. ПЗБ), полосы ’пакроеныя палоскі з ліпавай, лазовай і інш. кары’ (ТС), полоссе ’тс’ (Сл. Брэс.), полосе ’лыка’ (Нар. сл.), полыссе ’тс’ (З нар. сл., драгіч.), полосяный *з лыка’ (З нар. сл., драгіч.). Зборны назоўнік ад паласа (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ві́ца ’прывязь з дубцоў, пры дапамозе якой звязваецца бярвенне з пакладзенымі на іх жэрдкамі’ (З нар. сл.). Рус. ви́ца ’дубец, галузка; скрутак дубцоў для звязвання чаго-небудзь’, польск. wić ’дубец, галузка’, серб.-харв. ви̏цкаст ’стройны, гібкі’, славен. vjȋǎдубцы івы, якімі ўмацоўваецца саламяная страха’, балг. ви́ца ’гнуткі дубец’, макед. вица ’тс’. Да віць (Міклашыч, 390; Праабражэнскі, 1, 86; Фасмер, 1, 324; БЕР, 156). Літ. vycas, лат. vica ’івавая галузка’, эст. vits ’дубец’ запазычаны з слав. (Фрэнкель, 1237).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́бры1 ’лазовыя дубцы, якімі сплятаюць нерат’ (Жыв. НС). Перанос паводле знешняга падабенства. Гл. рабро.

Рэ́бры2 ’басаножкі’ (Мат. Гом.). Відавочна, ад рабро (гл.), перанос паводле знешняга падабенства. Падобная семантычная мадэль у рус. ре́мни ’сандалі’. Але нельга выключыць, што лексема ўтворана шляхам фанетычных змен паводле народнай этымалогіі на базе першапачатковага трэпы, трэбы ’абутак на драўлянай падэшве; басаножкі’, дрэпы ’абутак на драўлянай падэшве’ (ЛА, 4). На семантыку маглі паўплываць дрэбы, драбы (гл.) ’рэбры ў кошыку’ (ЛА, 4). Гл. далей трэпы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вярба́ ’расліна, Salix L., Salix alba L., Salix fragilis L.’ (БРС, Кіс., Яруш., Бяльк., Касп., Гарэц.), вэрба́ ’вярба’ (Бес.), укр. верба, рус. верба ’тс’, астрах, ’назва любога дрэва’, польск. wierzba, каш. věřba ’вярба’, н.-луж., в.-луж. wjerba, чэш. vrba, славац. vŕba, славен. vŕba, серб.-харв. вр́ба, макед. врба, балг. върба ’вярба’, ст.-слав. врьба, врьбиѥ. Прасл. vьrbá ’лаза, гнуткая расліна’. Да першаснага значэння параўн. такія формы, як вербалоз і інш. Прасл. лексема роднасная да літ. vir̄bas ’дубец, сцябло, лазіна’, лат. vir̂bs ’палачка’, прус. wirbe ’канат, ліна’, грэч. ραπίς, ράβδος ’дубец’, лац. verbēnaдубцы лаўра’, verberaдубцы, якімі секлі, каралі’, ст.-в.-ням. rëba ’вінаградная лаза’. Узыходзіць да і.-е. *u̯erbes < u̯er‑ ’гнуць, віць’ (Траўтман, 360). Гл. яшчэ Праабражэнскі, 1, 72; Міклашыч, 383; Мюленбах-Эндзелін, 4, 602; Вальдэ, 819; Брукнер, 617; Скок, 3, 620; Фасмер, 1, 293; Младэнаў, 91; БЕР, 1, 208; Шанскі, 1, В, 54–55. Махэк₂ (699) і КЭСРЯ (74) лічаць vьrbá суфіксальным утварэннем, дзе ‑ba надае значэнне зборнасці. Аб суфіксе ‑ba гл. яшчэ Мартынаў, Дерив., 16–19. Сюды ж ніц., гродз., гом. вербалоз ’вярба казіная’, маг., гродз. ’вярба пяцітычынкавая’ (Кіс.), вярбо́вы (БРС, КТС, Шат.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

агалі́цца, агалюся, аголішся, аголіцца; зак.

1. Зняўшы адзенне, стаць голым. // Скінуць покрыва, лісце, ігліцу. Кусты агаліліся і зрабіліся непрыгожымі — адны дубцы тырчаць. Якімовіч. // Адкрыцца вачам, пазбавіўшыся покрыва, верхняга слоя. Іншы раз за доўгі пагодлівы дзень так аголіцца і выгарыць на сонцы бераг, што, здаецца, і курыцы тут ужо не напасеш. Кулакоўскі. Вясне так рады малышы. І каля хат, дзе грэла сонца І агаліліся пяскі, Звіняць, як медзь, іх галаскі. Колас.

2. перан. Выявіць сваю сутнасць, свой сапраўдны змест; стаць відавочным.

3. Стаць даступным, адкрытым для праціўніка. Фронт агаліўся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кру́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Зроблены, прыгатаваны шляхам скручвання. Кручаная пража. Кручаныя дубцы.

2. Разм. Хворы на шаленства (пра жывёл). Кручаны сабака. // Нясталых, несур’ёзных паводзін (пра чалавека). — І скажыце, ці не дурны, ці не кручаны хлопец. Як да вайны трэба было ў школу хадзіць ды вучыцца, дык яго за кніжку не загнаць было. А цяпер дзень і ноч чытае. Арабей. Хлопцы пакеплівалі з Макара, расказвалі такое, ад чаго Макар чырванеў, згараў ад сораму і крыўды ды кляўся, што ніколі не гляне на кручаную няверную Ядвісю. Асіпенка.

3. перан. Няроўны, неспакойны, заблытаны. — Жыццё тваё, чалавеча... Якое яно.. нейкае кручанае. Дуброўскі.

4. Разм. З няроўнымі сцёбламі, касымі слаямі (пра дрэва, драўніну). Хмызняк быў нейкі нялюдскі: каравы, кручаны, цвёрды, як жалеза. Маўр. // Кучаравы, пакручасты (пра валасы).

•••

Кручаны мяч гл. мяч.

Кручаны ўдар гл. удар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПЛЯЦЕ́ННЕ МАСТА́ЦКАЕ,

выраб рэчаў утылітарнага і дэкар. характару злучэннем палос эластычнага матэрыялу пад прамым ці косым вуглом; від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і народных мастацкіх промыслаў. Адрозніваюць П. ручное і машыннае. Матэрыялы для П. — лаза, салома, чарот, карані дрэў, лыка, мачала, бяроста, лучына, стружкі, дубцы арэшніку, ядлоўцу, рабіны, скура, ніткі і інш. У 1970—80-я г. шырока ўжываюцца і сінтэт. матэрыялы. Пашырана ў многіх народаў, папярэднічала ткацтву. Шырока вядома маст. пляценне народаў Усходу, а таксама пляценне карункаў у Расіі.

На Беларусі вядома з неаліту (выяўлены рэшткі сплеценых з лыка сетак, адбіткі плеценых вырабаў на гліне). Найб. захаваліся вырабы 19—1-й пал. 20 ст. Пашырана было пляценне з лазы. На Палессі з яе плялі агароджы (пляцень), сцены гасп. пабудоў. Простай, спіральнай, крыжовай, раброва-крыжовай тэхнікамі П. выраблялі лазовыя палукашкі для вазоў і саней, рыбалоўныя снасці (каробкі, бучы, венцеры), посуд на збожжа, агародніну (кашы, кашолкі, сявенькі, карзіны), мэблю (крэслы, калыскі, падстаўкі пад вазоны, карабы на бялізну) і інш. Разнастайным камбінаваннем тэхнік П. вызначаецца мэбля, кузавы выязных вазкоў. Каркас вязалі з тоўстых прутоў, якія скрыжоўваліся пад розным вуглом і ўтваралі розныя геам. фігуры, потым яго перапляталі тонкімі дубцамі, нярэдка чаргуючы белыя, ачышчаныя ад кары, з неакоранымі, таніравалі лазу ў больш цёмны колер, абпальвалі на агні, аздаблялі выпаленымі ўзорамі. Вырабамі мэблі з лазы славіліся майстры Магілёва, Гомеля, Суража (Віцебскі р-н), кузаваў — Давыд-Гарадка (Столінскі р-н), Лахвы (Лунінецкі р-н). З саламяных жгутоў, пераплеценых лазой, выраблялі шыяны, карабы, сявенькі, кублы, гарцы; з саломы плялі шкатулкі, цацкі, сумкі, капелюшы (гл. Саломка мастацкая). З сасновай лучыны (дранкі) выраблялі посуд на садавіну і гародніну, карабы для пераноскі сена (Паазер’е), з бяросты — заплечныя кашалі для збору грыбоў, сумкі, вярэнькі (Палессе), ёю ж апляталі ганчарны посуд для малака і малочных прадуктаў (берасцянкі). З рагозу (пераважна на Палессі) выраблялі лёгкія, эластычныя сумкі і кашолкі. Дробныя вырабы: каробачкі для рукадзелля, карзінкі, сумачкі, фруктоўніцы — плялі з карэньчыкаў хваёвых дрэў, арэшніку. З лыка, вяровак плялі лапці, са скуры дэталі конскай вупражы, бізуны. Узоры П. вызначаюцца прыгожым шахматным, спіральным, дыяганальным малюнкам. Вял. пашырэнне мела П. з тэкстыльных матэрыялаў: нітак, шнуроў, вяровак і інш. Найб. простым прыёмам з’яўляецца віццё (суканне) — злучэнне дзвюх ці болей пасмаў у шнур. Суканыя шнуры і вяровачкі выкарыстоўваліся як дэкар. элементы на адзенні (разнастайныя нашыўкі), абрусах, ручніках (для кутасоў, махроў). З каляровых нітак вілі шнуркі для завязак на адзенні і паяскоў. Плоскія пляцёнкі з трох (у выглядзе касы) і больш нітак выкарыстоўвалі для вырабу паясоў, завязак, шнуркоў, нашывак на адзенне. Больш складаны від пляцення засн. на выгінанні суцэльных нітак у петлі, якія пераплятаюцца паміж сабой удоўж і ўпоперак (вязанне). Разнастайныя рэчы утылітарнага і маст. характару вырабляліся ў тэхніцы вузельчыкавага П. — завязвання вузлоў рознай канфігурацыі. З дапамогай чаўнака (ігліцы) і дошчачкі вязалі рыбацкія сеткі (Паазер’е). Такім чынам сплеценыя сеткі, нацягнутыя на раму, прызначаныя для абрусаў, сурвэтаў, пакрывалаў, аздаблялі вышыўкай насцілам ці крыжыкам з каляровых шарсцяных нітак. З развіццём прамысловасці П. захоўваецца як від дэкар.-прыкладнога мастацтва і займае значнае месца ў маст. прамысловасці рэспублікі. Сурвэткі, абрусы, лазовыя кошыкі на садавіну і гародніну, цукерачніцы, хлебніцы, саламяныя капелюшы, шкатулкі і інш. плеценыя вырабы выпускаюць ф-кі маст. вырабаў. Некат. вытв. аб’яднанні вырабляюць мэблю з лазы. Шырокую папулярнасць набыло вузельчыкавае П. — макрамэ. Найб. вядомыя бел. майстры П.: Т.​Агафоненка, К.​Арцёменка, А.​Белановіч, С.​Галанчанка, В.​Гаўрылюк, Л.​Главацкая, М.​Кулак, Н.​Ліцюк, Л.​Лось, У.​Лук’янец, Г.​Сапун, Л.​Скрыпнічэнка, В.​Сташкевіч, Т.​Федаркова і інш.

Літ.:

Беларусы. Т. 1. Прамысловыя і рамесныя заняткі. Мн., 1995;

Сахута Я. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Пляценне мастацкае. Саламяны посуд. 1-я пал. 20 ст. Цэнтральная Беларусь.
Да арт. Пляценне мастацкае. Т.​Агафоненка. Маска «Казёл». 1978.
Да арт. Пляценне мастацкае. Посуд з сасновай лучыны. Вёска Шахноўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобл. 1982.

т. 12, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)