ІГЕЛЬСТРО́М Канстанцін Густававіч (Яўстаф’евіч, 8.5.1799, г.п. Шумскае Цярнопальскай вобл., Украіна — 13.11.1851),
дзекабрыст. Служыў капітанам у Літоўскім піянерным сапёрным батальёне. Арганізатар і адзін з кіраўнікоў т-ва «Ваенныя сябры». Адыграў значную ролю ў падрыхтоўцы Літоўскага піянернага батальёна выступлення 1825; батальён, адной з рот якога камандаваў І., першы адмовіўся ад прысягі Мікалаю I (24.12.1825). 27.12.1825 арыштаваны, зняволены ў беластоцкую турму. У 1827 пазбаўлены дваранства і прыгавораны да 10 гадоў катаргі ў Сібіры. З крас. 1836 радавы ў асобным Каўказскім корпусе. 13.2.1843 звольнены ў адстаўку ў чыне паручніка.
В.В.Швед.
т. 7, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮШНЕ́ЎСКІ Аляксей Пятровіч (23.3.1786, Падольская губ., Украіна — 22.1.1844),
дзекабрыст. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. З 1805 служыў у Калегіі замежных спраў. З 1819 ген.-інтэндант 2-й арміі, з 1823 стацкі саветнік. Чл. «Саюза працвітання», адзін з заснавальнікаў «Паўднёвага таварыства дзекабрыстаў» і член яго дырэкторыі (1822), прадстаўнік радыкальнага крыла дзекабрыстаў, рэспубліканец. Удзельнічаў у напісанні «Рускай праўды» П.І.Песцеля. З 1839 на пасяленні, займаўся пед. дзейнасцю.
Літ.:
Букчин С.В. К мечам рванулись наши руки. 2 изд. Мн., 1985;
Декабристы: Биогр. справ. М., 1988.
т. 18, кн. 1, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬКАНЕ́Ц Мар’ян Фёдаравіч (каля 1799 — ?),
дзекабрыст. З дваран Віленскай губ. У 1814—19 выхоўваўся ў Дваранскім палку пры 2-м кадэцкім корпусе; выпушчаны прапаршчыкам у Нясвіжскі карабінерны полк. З 1824 паручнік. У 1825 прыняты ў тайнае т-ва «Ваенныя сябры». Удзельнічаў у падрыхтоўцы выступлення Літ. піянернага батальёна (1825). 22.3.1826 арыштаваны, знаходзіўся пад следствам у Беластоку. Прыгавораны да пакарання смерцю. Па царскай канфірмацыі (1827) пазбаўлены чыноў, дваранства, разжалаваны ў радавыя. На 6 месяцаў зняволены ў Бабруйскую крэпасць, потым служыў у Грузіі, Каўказскім асобным корпусе, у 1830 — у 10-м лінейным батальёне. Далейшы лёс невядомы.
В.В.Швед.
т. 4, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАХО́ЎСКІ Пётр Рыгоравіч (1799, Смаленская губ. — 25.7.1826),
расійскі рэвалюцыянер-дзекабрыст. Паручнік у адстаўцы (1821). У 1816—19 на дзеючай вайск. службе. Са снеж. 1824 у Пецярбургу. З пач. 1825 чл. Паўночнага таварыства дзекабрыстаў, выступаў за ліквідацыю самаўладства, знішчэнне царскай сям’і і ўстанаўленне рэсп. ладу ў Расіі, удзельнічаў у падрыхтоўцы планаў паўстання. 14.12.1825 на Сенацкай плошчы заклікаў салдат не прысягаць Мікалаю I, забіў пецярбургскага ген.-губернатара М.А.Міларадавіча, параніў 2 афіцэраў. 15.12.1825 арыштаваны, зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. У пісьмах, напісаных у зняволенні, абгрунтаваў свае паліт. погляды і даў крытычны аналіз тагачаснага дзярж. ладу Расіі. Павешаны паводле прыгавору Вярх. суда.
т. 8, с. 191
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУ́САЎ Сцяпан Пятровіч (1803?—?),
дзекабрыст, прапаршчык Палтаўскага пях. палка. У 1824 прыняты ў Т-ва з’яднаных славян. 18.2.1826 у Бабруйску ў час агляду Палтаўскага палка заклікаў салдат узняцца на барацьбу супраць царызму. Арыштаваны і закаваным у кайданы дастаўлены ў Магілёў, але ваенна-судовая камісія вырашыла судзіць яго пры Палтаўскім палку. На следстве не прызнаўся ў прыналежнасці да тайнага т-ва і нікога не выдаў. Прыгавораны да смяротнага пакарання, якое заменена пажыццёвай катаргай. Пакаранне адбываў у Бабруйскай крэпасці. У 1863 пераведзены ў разрад «тэрміновых вязняў». Далейшы лёс невядомы.
Літ.:
Швед В.В. Беларускія старонкі гісторыі дзекабрыстаў. Мн., 1998.
В.В.Швед.
т. 15, с. 539
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯСТУ́ЖАЎ-РУ́МІН Міхаіл Паўлавіч (4.6.1801, с. Кудрашкі Ніжагародскай губ. — 25.7.1826),
дзекабрыст. З дваран. Пасля паўстання ў кастр. 1820 Сямёнаўскага палка і расфарміравання яго пераведзены ў Палтаўскі пяхотны полк, які з 1823 размяшчаўся ў Бабруйскай крэпасці. Падпаручнік (1824). З 1828 1823 у Паўднёвым таварыстве дзекабрыстаў. Разам з С.І.Мураўёвым-Апосталам узначальваў Васількаўскую ўправу, з ім і інш. распрацаваў Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823. Перапісваў і распаўсюджваў «Рускую праўду» П.І.Песцеля. Сааўтар 2 планаў паўстання ў Белай Царкве. Прыхільнік знішчэння самадзяржаўя і ўстанаўлення рэспублікі. Уваходзіў у штаб Чарнігаўскага палка паўстання, з Мураўёвым-Апосталам склаў рэв. катэхізіс і адозву да народа. 3.1.1826 арыштаваны і дастаўлены ў Магілёў, 15 студз. адпраўлены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Паводле прыгавору Вярх. крымінальнага суда навешаны.
т. 3, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАНВІ́ЗІН Міхаіл Аляксандравіч (31.8.1788, в. Мар’іна Раменскага р-на Маскоўскай вобл. — 12.5.1854),
дзекабрыст, ген.-маёр (1820). Пляменнік Дз.А.Фанвізіна. Вучыўся ў пансіёне пры Маскоўскім ун-це. З 1801 афіцэр гвардыі. Удзельнік Аўстэрліцкай бітвы 1805, рус.-швед. вайны 1808—09, вайны 1812 і замежных паходаў рус. арміі 1813—14. У 1816 уступіў у «Саюз выратавання». З 1818 адзін з кіраўнікоў Маскоўскай управы «Саюза працвітання», чл. Паўночнага т-ва (1821). Быў праціўнікам царазабойства, у поглядах на будучыню Расіі вагаўся паміж рэспублікай і канстытуцыйнай манархіяй. Пасля 1822 адышоў ад дзейнасці ў тайных арг-цыях. У 1826 асуджаны на 8 гадоў катаргі і ссылку, вярнуўся ў 1853. Аўтар успамінаў і шэрагу артыкулаў па паліт. гісторыі і філасофіі.
т. 16, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВА́ЛА-ШВЯЙКО́ЎСКІ Іван Сямёнавіч (кастр. 1787—22.5.1845),
дзекабрыст. З дваран Смаленскай губ. Вучыўся ў Маск. універсітэцкім пансіёне. З 1801 на вайск. службе, палкоўнік (1825). Удзельнік кампаніі 1805—07 супраць Францыі, рус.-тур. вайны 1806—12, вайны 1812, замежных паходаў 1813—14. З жн. 1825 камандзір Смаленскага пях. палка. Служыў у Бабруйску, дзе ў 1823 уступіў у Паўд. т-ва. Ажыццяўляў сувязі з Паўн. і Польскім патрыят. т-вамі. З С.І.Мураўёвым-Апосталам і М.П.Бястужавым-Руміным распрацаваў Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823. Прыхільнік царазабойства, аднак у час паўстання Чарнігаўскага палка (снеж. 1825) адмовіўся прыняць у ім удзел. Засуджаны па справе дзекабрыстаў да 20 гадоў катаргі 22.8.1826, 10.7.1839 вызвалены і адпраўлены на пасяленне ў Табольскую губ.
т. 11, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУБЯЦКО́Й Сяргей Пятровіч (9.9.1790, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 4.12.1860),
дзекабрыст, князь, палкоўнік. З роду Трубяцкіх. Служыў з 1808 у Сямёнаўскім, з 1821 — у Праабражэнскім палках. Удзельнік вайны 1812, замежных паходаў рус. арміі 1813—14. Адзін з заснавальнікаў тайных таварыстваў — «Саюза выратавання», «Саюза працвітання», Паўночнага таварыства дзекабрыстаў. Спачатку прыхільнік канстытуцыйнай манархіі, потым — рэспублікі, у перагаворах з кіраўнікамі Паўд. т-ва дзекабрыстаў даў згоду на агульнае выступленне ў 1826. Напярэдадні выступлення дзекабрыстаў выбраны дыктатарам — кіраўніком рэвалюц. войск, але 26.12.1825 на Сенацкую плошчу не з’явіўся, бо лічыў паўстанне недастаткова падрыхтаваным. Прыгавораны Вярхоўным судом да пакарання смерцю, замененага вечнай катаргай, якую адбываў у Нерчынскіх капальнях і Чыцінскай турме. З 1839 на пасяленні ў Іркуцкай губ. У 1856 амнісціраваны. Аўтар «Запісак» (1906).
т. 15, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯКУ́ШКІН Іван Дзмітрыевіч (9.1.1794—23.8.1857),
дзекабрыст; адзін са стваральнікаў «Саюза выратавання» і «Саюза працвітання». З дваран Смаленскай губ. Скончыў Маскоўскі ун-т (1811). Удзельнік вайны 1812 і замежных паходаў рус. арміі 1813—14. Вызначыўся ў бітвах пры Барадзіно і Кульме. З 1818 у адстаўцы. З 1821 чл. «Паўночнага таварыства дзекабрыстаў». Прыхільнік канстытуцыйнай манархіі. Распрацаваў план адмены прыгону з надзяленнем сялян зямлёю за выкуп. 9.1.1826 арыштаваны і асуджаны да 20 гадоў катаргі (пазней скарочана да 10 гадоў). У Сібіры ствараў ланкастэрскія школы і выкладаў у іх, складаў падручнікі, вёў навук. працу па метэаралогіі, батаніцы. Аўтар працы «Што такое жыццё» (1849), «Запісак...» (1-е выд. А.І.Герцэна ў Лондане ў 1862), арт. пра дзекабрыстаў. Амнісціраваны ў 1856.
Тв.:
Записки, статьи, письма. М., 1951.
т. 18, кн. 1, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)