АКТЫНАМІЦЭ́ТЫ, прамянёвыя грыбкі,

група грамдадатных бактэрый, якія ўтвараюць клеткі або гіфы. Каля 700 відаў: уласна актынаміцэты, мікабактэрыі, стрэптаміцэты і інш. Большасць актынаміцэтаў — сапратрофы; пашыраны ў глебе, вадаёмах і паветры, на раслінных рэштках.

Маюць нітачна-, палачка- ці кокападобную форму, бакавыя нарасці, большасць утварае міцэлій. Размнажаюцца спорамі або дзяленнем. Патагенныя для раслін, жывёл і чалавека віды выклікаюць актынамікоз, актынабацылёз, туберкулёз і інш. хваробы. Віды, якія прадуцыруюць антыбіётыкі, пігменты, вітаміны і інш., выкарыстоўваюцца ў мікрабіял. прам-сці.

т. 1, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛЕ́ЧНЫ СОК,

вадкасць, што змяшчаецца ў млечніках раслін. Звычайна малочнага колеру (адсюль назва), але бывае і інш. афарбоўкі (напр., у чыстацелу — аранжавы). З’яўляецца эмульсіяй, якая мае ў сабе клетачны сок, змешаны з тэрпеноідамі, алкалоідамі, танінамі, бялкамі, інш. рэчывамі, і знаходзіцца ў вакуолях. Можа мець амілапласты. У каўчуканосаў М.с. наз. латэксам натуральным (багаты на каўчук натуральны і гуту). У мякаці пладовых цел некат. грыбоў ёсць таўстасценныя гіфы (аналаг млечнікаў) з М.с. рознага колеру.

т. 10, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАБАКТЭ́РЫІ (Mycobacterium),

род бактэрый, роднасных актынаміцэтам. Каля 20 відаў. Пашыраны ў глебе, вадзе, харч. прадуктах.

Палачкі (0,2—0,6 × 1—10 мкм), часта злёгку скрыўленыя, галінастыя з уключэннямі ў выглядзе ружанцаў і гранул. Некат. віды ўтвараюць гіфы, якія распадаюцца на палачкі і кокі. Грамстаноўчыя, кіслотаўстойлівыя, нерухомыя. Маюць у сабе караціноіды, таму іх калоніі часта пігментаваныя (аранжавыя, жоўтыя, чырвоныя). Размнажаюцца дзяленнем клетак, спор не ўтвараюць. Сапрафітныя формы ўдзельнічаюць у мінералізацыі арган. рэшткаў, некат. акісляюць парафіны і вуглевадароды. Патагенныя віды выклікаюць хваробы чалавека (туберкулёз, лепру), жывёл і раслін.

т. 10, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКСАТРО́ФЫ [ад грэч. mixis змяшэнне + ...троф(ы)],

арганізмы са змяшаным харчаваннем, якое бывае аўтатрофнае — неарган. рэчывамі (хемасінтэз, фотасінтэз) і гетэратрофнае — арган. рэчывамі. М. — хларафіланосныя жгуцікавыя — аўтатрофныя арганізмы (гл. Аўтатрофы), якія ў забруджаных вадаёмах жывяцца арган. рэчывамі, што стымулюе іх рост і размнажэнне (некат. з іх могуць развівацца ў цемры, без фотасінтэзу). Некат. вышэйшыя зялёныя расліны (фотааўтатрофы) жывяцца таксама арган. рэчывамі (напр., расліны-паўпаразіты — званец, цяцюшнік і інш.). М. можна лічыць насякомаедныя расліны (расіца, тлушчанка і інш.), а таксама зялёныя мікатрофныя расліны (гл. Мікатрофы), якія засвойваюць у клетках гіфы грыбоў (напр., архідныя).

т. 10, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАТЭ́ЦЫЙ (ад грэч. apothēkion сховішча),

адкрытае пладовае цела некаторых сумчатых грыбоў (дыскаміцэтаў) і дыскаміцэтных лішайнікаў. Звычайна мае сподка-, чаша-, дыскападобную і інш. формы, зрэдку мае выгляд шапачкі на ножцы (напр., у смаржкоў). Верхні гіменіяльны слой (гіменій) афарбаваны ў розныя колеры і складаецца з парафізаў, сярод якіх знаходзяцца сумкі са спорамі. Гіменій звычайна падсцілае тонкі слой пераплеценых гіфаў (субгіменій, або гіпатэцый). У лішайнікаў у апатэцый часта ўключаецца ганідыяльны слой водарасцяў. Асаблівасці будовы і колеру апатэцыю — важная сістэматычная прыкмета для вызначэння таксонаў у мікалогіі.

Апатэцый сумчатага грыба з дыскаміцэтаў: 1 — гіфы; 2 — сумкі са спорамі.

т. 1, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУКАРА́ЛЬНЫЯ (Mucorales),

парадак зігаміцэтавых грыбоў. 8 сям., каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды. Пераважна сапратрофы; узбуджальнікі хвароб чалавека і жывёл, гнілі і цвілі пладоў, караняплодаў і інш. Трапляюцца на раслінных рэштках, глебе, харч. прадуктах, паразітуюць на грыбах.

Міцэлій добра развіты, галінасты, пераважна няклетачны, з узростам можа ўтвараць перагародкі, доўгія гіфы, рызоіды, хламідаспоры або распадацца на асобныя клеткі. Спарангіі шарападобнай формы, маюць нерухомыя споры або канідыі. Палавы працэс — зігагамія (зліццё 2 недыферэнцыраваных на гаметы клетак). Зігаспора з тоўстай абалонкай. Некат. віды маюць высокую ферментатыўную актыўнасць і выкарыстоўваюцца для атрымання антыбіётыкаў, дражджэй.

С.​І.​Бельская.

т. 11, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́БАВЫЯ ГРЫБЫ́,

група сям. базідыяльных грыбоў парадку афілафаральных. Вядома больш за 1 тыс. відаў, пашыраных па ўсім зямным шары. На Беларусі больш за 200 відаў і формаў з 62 родаў: карыёл, летыпор, грыфала, гіменахета, шчыліналіснік, фомес, дэдалея, аксіпор і інш. Губавыя грыбы — актыўныя разбуральнікі драўніны. Пераважна сапратрофы, растуць на адмерлай драўніне, пнях, радзей на глебе, пашкоджваюць драўляныя збудаванні (дамавыя грыбы). Некат. паразіты, пасяляюцца на жывых дрэвах (напр., фелінус, інанотус, фамітопсіс), зніжаюць выхад дзелавой драўніны. Драўніна з пач. стадыяй пашкоджання некат. губавымі грыбамі (напр., сапраўдным, кляновым) мае прывабны ўзорысты малюнак і ідзе на выраб муз. інструментаў, сувеніраў. Губавыя грыбы мінералізуюць арган. рэчывы, садзейнічаюць аднаўленню ўрадлівасці глебы. Некат. маюць антыбіятычныя і інш. ўласцівасці, выкарыстоўваюцца ў медыцыне (чага, сапраўдная губа, лістоўнічная губка, ганадэрма), ёсць ядомыя (бяляк, пячоначніца звычайная, серна-жоўтая губа).

Міцэлій шматгадовы, гіфы тонкія, разгалінаваныя. Пладовыя целы адна-, двух- і шматгадовыя, масай да 10 кг, распасцёртыя (да 1,5 м), распасцёрта-адагнутыя, сядзячыя, некат. дыферэнцыраваны на ножку і шляпку шапку*; кансістэнцыя мясістая, скурыстая або дравяністая; колер ад белага, жаўтаватага і шэрага да чырвонага, бурага і чорнага. Пры адміранні высыхаюць. Гіменафор звычайна трубчасты, радзей лабірынтападобны або пласціністы. Споры цыліндрычныя, эліпса- ці шарападобныя, разносяцца ветрам.

А.​І.​Галаўко.

т. 5, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІЛАФАРА́ЛЬНЫЯ, непласціністыя (Aphyllophorales),

парадак базідыяльных грыбоў з групы парадкаў гіменаміцэты. Уключае 20 сям., каля 300 родаў і 3 тыс. відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, пераважна ў лясных зонах. На Беларусі каля 300 відаў з 87 родаў і 16 сям.: балетопсідных, ганадэрмавых, гіменахетавых, каніяфоравых, картыцыевых, лахнакладыевых, лісічкавых, паліпоравых, порыевых, рагацікавых, скутыгеравых, стэрэумавых, тэлефоравых, фістулінавых, шызафілавых, вожыкавікавых. Большасць афілафаральных — сапратрофы. Жывуць на раслінных субстратах (адмерлай драўніне, лясным подсціле, на глебавым гумусе). Ёсць паразіты травяністых і дрэўных раслін, мікарызаўтваральнікі. Многія афілафаральныя (губавыя грыбы, дамавыя грыбы) разбураюць драўніну. Некат. віды (напр., флебія гіганцкая) выкарыстоўваюцца як біял. антаганісты шкодных разбуральнікаў драўніны — каранёвай губкі. Ёсць лек. (чага, лісічкі і інш.), ядомыя (бяляк, грыбная капуста, грыбная локшына, лось, пеўнік, стракач і інш.). Як рэдуцэнты (дэструктары) адмерлай драўніны і ападу афілафаральныя адыгрываюць вял. ролю ў кругавароце рэчываў.

Міцэлій развіваецца ў субстраце. Гіфы шматлікія, бясколерныя або злёгку афарбаваныя, у некаторых відаў утвараюць грыбныя шнурочкі і плеўкі. Пладовыя целы разнастайнай формы (распасцёртыя, прамастойныя. булавападобныя, цыліндрычныя, разгалінаваныя, шапкападобныя з цэнтр. або эксцэнтрычнай ножкай, сядзячыя, паўкруглыя, капыта-, кансолепадобныя, прымацаваныя бокам ці зачаткавай бакавой ножкай), памераў (ад некалькіх мм да 1 м), колеру і кансістэнцыі (мяккамясістыя, рыхла- або шчыльналямцавыя, плеўкавыя, валакністыя, скурыстыя, коркавыя, дзеравяністыя). Гіменафор гладкі, складкаваты, сеткаваты, шыпаваты, трубчасты, бародаўчаты, лабірынтападобны, зубчастарассечаны. Гіменіяльны слой складаецца з базідый, шматлікіх базідыёл, гіфід, нярэдка са спец. стэрыльных клетак — цыстыдаў, глеяцыстыдаў, шчацінак. Базідыі з 4, радзей 2, 6 або 8 спорамі. Базідыяспоры бясколерныя ці афарбаваныя, з гладкай або шыпаватай, бародаўчатай абалонкай.

А.​М.​Капіч.

т. 2, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗІДЫЯ́ЛЬНЫЯ ГРЫБЫ́, базідыяміцэты (Basidiomycetes),

клас вышэйшых грыбоў з асаблівымі органамі размнажэння — базідыямі. У эвалюц. развіцці — сістэматычная група, паралельная сумчатым грыбам. У аснове класіфікацыі базідыяльных грыбоў асаблівасці будовы базідый і пладовых цел. Уключаюць 3 падкласы (гетэрабазідыяміцэты, тэліяспораміцэты, холабазідыяміцэты), 2 групы парадкаў (гастэраміцэты і гіменаміцэты), 20 парадкаў, каля 30 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя Антарктыды. На Беларусі каля 2 тыс. відаў з 12 парадкаў (агарыкальныя, аўрыкулярыяльныя, афілафаральныя, галаўнёвыя грыбы, гіменагастральныя, дакрыміцэтальныя, дрыжалкавыя, іржаўныя грыбы, нідулярыяльныя, лікапердальныя, склерадэрматальныя, фаляльныя). Да базідыяльных грыбоў належаць мікраскапічныя формы і грыбы з буйнымі пладовымі целамі — макраміцэты. Большасць базідыяльных грыбоў — сапратрофы, мікарызаўтваральнікі, многія — паразіты раслін, узбуджальнікі хвароб с.-г. культур (галаўнёвыя і іржаўныя грыбы), гнілі драўніны (губавыя грыбы, дамавыя грыбы), ёсць ядомыя (апенька, баравік, масляк, падасінавік, сыраежка і інш.), лек. (чага, вясёлка) і ядавітыя (мухаморы). Некаторыя віды (шампіньёны, дрэўнавушка і інш.) уведзены ў прамысл. культываванне.

Для базідыяльных грыбоў характэрна поўная страта спецыялізаваных палавых клетак. Канідыяльнае (бясполае) споранашэнне трапляецца рэдка; палавое споранашэнне — базідыяспоры. Палавы працэс ідзе па тыпе саматагаміі праз зліццё дзвюх вегетатыўных (саматычных) клетак гаплоіднага міцэлію, што вырастае з базідыяспораў. Характэрная марфалагічная асаблівасць базідыяльных грыбоў — наяўнасць спражак — дугападобных структур каля папярочных перагародак, што падзяляюць клеткі гіфы. На дыкарыятычным міцэліі ў большасці базідыяміцэтаў фарміруюцца пладовыя целы, на паверхні або ўнутры якіх утвараюцца базідыі. Пладовыя целы базідыяльных грыбоў розных тыпаў: гіменіяльныя (спараносны слой — гіменій — на паверхні цела) і гастэральныя (гіменій унутры цела, замкнёнага да поўнага выспявання базідыяспораў); формы — плоскія, канічныя, капытападобныя, плеўкавыя, распасцёртыя на субстраце, падзеленыя на шапку і ножку; кансістэнцыі — мясістыя, дравяністыя, шчыльналямцавыя, скурыстыя.

А.​М.​Капіч.

Базідыяльныя грыбы: 1 — развіццё холабазідый і базідыяспораў (а — холабазідыя; б — базідыяспора); 2 — тыпы базідый (а — холабазідыя; б, в, г — гетэрабазідыі, д — фрагмабазідыя); 3 — цыкл развіцця шапкавага грыба (а — базідыяспоры, б — гаплоідны міцэлій, в — дыкарыяфітны міцэлій, г — пладовае цела, д — базідыя з базідыяспорамі); 4 — гіменій (а — цыстыда, б — парафіза, в — базідыя з базідыяспорамі).

т. 2, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)