ма́лпа, ‑ы, ж.

1. Млекакормячая жывёліна, якая па будове свайго цела з’яўляецца самай блізкай да чалавека.

2. Разм. груб. Аб вельмі непрыгожым чалавеку.

•••

Чалавекападобныя малпы — сямейства малпаў, да якога адносяцца гарыла, арангутан, шымпанзе і гібон.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КІНАБА́ЛУ (Kinabalu),

горны масіў на Пн в-ва Калімантан, у Малайзіі. Выш. да 4101 м (найвыш. ў Малайскім архіпелагу). Складзены пераважна з гранітаў і гранадыярытаў. Трапічныя вечназялёныя і лістападныя лясы, вышэй 3500 м — хмызнякі і лугі. Фауна: гібон, арангутанг, суматранскі насарог, замбар, барадаты дзік, бантэнг, каля 600 відаў птушак. Нац. парк.

т. 8, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛПЫ (Anthropoidea, або Simia),

падатрад млекакормячых атр. прыматаў. 2 групы (140 відаў): шыраканосыя малпы і вузканосыя М., або М. Старога Свету. Вузканосых М. 3 сям.: ніжэйшыя вузканосыя — мартышкі, вышэйшыя вузканосыя — чалавекападобныя і людзі — гамініды. М. паходзяць з палеацэну і эацэну (60—25 млн. гадоў назад) ад выкапнёвых даўгапятаў Еўропы і Паўн. Амерыкі. Пашыраны ў.Еўропе (1 від), Паўд. Азіі, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы, Афрыцы. Жывуць пераважна ў лясах і гарах тропікаў. Большасць відаў вядзе стадны спосаб жыцця, пераважна дрэвавы (акрамя гелад, маготаў, павіянаў). У Чырв. кнізе МСАП — каля 60 відаў.

Ад даўж. 15 см і масы каля 70 г (ігрунка карлікавая) да 2 м і 300 кг (гарыла). Валасяное покрыва развітое (акрамя твару і вушных ракавін), развітая мімічная мускулатура. Будова мозга складаная, кара са шматлікімі звілінамі і барознамі. У вузканосых М. ноздры скіраваны ўніз. Вял. палец кісці ў іх проціпастаўлены астатнім пальцам; маюць пазногці. Усёедныя. Нараджаюць 1 дзіцяня (у ігрунак 2—3). Гл. таксама Арангутан, Гарыла, Гібоны, Мартышкі, Павіяны, Шымпанзе.

Э.Р.Самусенка.

Малпы 1 — гульман; 2 — уакары лысы; 3 — ігрунка львіная; 4 — макак ільвінахвосты; 5 — гібон беларукі; 6 — равун рыжы.

т. 10, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)