ШАЛМЕ́Й, шаламай (ням. Schalmei),

1) старадаўні драўляны духавы язычковы муз. інструмент з падвойным пішчыкам.

Меў 6—8 пальцавых і клапанныя адтуліны. Гукарад пераважна дыятанічны. Сярод разнавіднасцей Ш.: дыскантавыя, сапранавыя; яны разам з померамі (сярэдняга дыяпазону) і бамбардамі (бамгартамі; нізкага дыяпазону) складалі групу інструментаў, пашыраную ў Зах. і Цэнтр. Еўропе ў 13—17 ст. Ш. — папярэднік габоя ў складзе разнастайных ансамбляў. У бел. крыніцах Ш. зафіксаваны ў 16—17 ст. (у Гродзенскай капэле Стафана Баторыя і інш.).

2) Паводле некат. крыніц, назва ўсіх сярэдневяковых прамых язычковых інструментаў.

3) Рэгістр аргана.

Літ.:

Левин С. Духовые инструменты в истории музыкальной культуры. 4.2. Л., 1983.

А.​В.​Фралоў.

т. 17, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУДА́,

народны духавы язычковы муз. інструмент. Са старажытнасці вядома пад рознымі назвамі ў многіх народаў свету; у Беларусі, Латвіі, Літве і на Украіне, радзей у Расіі пад назвай «Д.». Уяўляе сабой скураны мех з маленькай трубачкай-«соскай» для напаўнення яго паветрам і некалькімі ігравымі трубкамі («перабор» з 7 адтулінамі для выканання мелодыі і 1—2 бурдонныя трубкі«гукі»), якія маюць пішчык з адзінарным язычком з трысцінкі ці гусінага (індычага) пяра. У час ігры дудар націскае левым локцем на мех, паветра паступае ў трубкі і прымушае вібрыраваць язычкі. Гучанне моцнае і рэзкае. На Беларусі Д. была пашырана з 16 ст. на тэр. Віцебскай, частцы Віленскай і некат. паўн.-зах. і ўсх. паветаў Мінскай губерняў. Меладычная трубка найб. пашыранай двухгукавой Д. мае дыятанічны гукарад мажорнага нахілення; адзін гук строіўся ў актаву да меладычнай трубкі, другі — у квінту да першага. Д.«весялуха» была вельмі папулярным муз. інструментам, выкарыстоўвалася для суправаджэння танцаў, песень і прыпевак на сямейных і каляндарных святах, ігрышчах, кірмашах, у ансамблі са скрыпкай ці са скрыпкай, цымбаламі і бубнам. Апошняе публічнае выкананне на Д. адбылося ў 1951 г. ў Полацку.

Літ.:

Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Самозвучащие, ударные, духовые. Мн., 1979.

І.​Дз.​Назіна.

Дуда.

т. 6, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАМБО́Н (італьян. trombone ад tromba труба),

медны духавы муштуковы нетранспануючы муз. інструмент. Мае шырокія мензуру і канічны раструб, які ў вузкай частцы злучаны з рассоўным механізмам, што ўключае 2 нерухомыя трубкі (штангі), на якія насоўваецца U-падобная куліса. Рухомае прыстасаванне забяспечвае храматычны гукарад. Існуюць Т. рассоўны (цугтрамбон) і вентыльны. 6 разнавіднасцей — ад сапрана да кантрабаса. У наш час выкарыстоўваюцца тэнаравыя і тэнарава-басовыя, радзей басовыя Т. Ужываецца пераважна як арк. (Т. складае самаст. групу ў традыц. складзе эстр. аркестра «big band», эстр.-сімф.), зрэдку як сольны інструмент.

Продкам Т. лічыцца стараж.-рым. букцына (з сям’і труб). У інш. краінах Еўропы вядомы з 15 ст. Сям’я Т. сфарміравалася ў 16 ст.

На Беларусі Т. вядомы з 18 ст. ў складзе езуіцкіх капэл, з 19 ст. — у аматарскіх аркестрах навуч. устаноў: Гомельская муз. школа (Мацей Красоўскі, Ян Сураж), Мінская мужчынская гімназія (Восіп Шаскольскі), 1-е Мінскае гар. 4-класнае вучылішча (Шыменеў); духавога аркестра Мінскага вольна-пажарнага т-ва, ваен. аркестраў. З пач. 20 ст. пашыраны ў прафес. і аматарскіх аркестрах, ансамблях.

Літ.:

Вилковир Е. Практический курс инструментовки для духового оркестра. М., 1963;

Левин С. Духовые инструменты в истории музыкальной культуры. Л., 1973.

А.​Л.​Карацееў.

Трамбон рассоўны.

т. 15, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРТЭПІЯ́НА (італьян. fortepiano ад forte гучна + piano ціха),

струнны ўдарна-клавішны муз. інструмент. У пач. 18 ст. з’явілася амаль адначасова ў Італіі, Францыі і Германіі; да 1820-х г. набыло сучасны выгляд. Сучаснае Ф. прадстаўлена ў 2 разнавіднасцях: раяль і піяніна. Мае драўляны корпус з рэзананснай дэкай, чыгунную раму (у раялі размешчана ў гарыз. плоскасці, у піяніна — у верт.), над якой перакрыжавана нацягнуты струны, малаточкавы механізм з двайной рэпетыцыяй, клавіятуру, 2—3 педалі. Храматычны гукарад у дыяпазоне больш за 7 актаў (A2 — a​4 або c​5). Сіла і паўната гучання, выразныя тэхн., дынамічныя і тэмбравыя магчымасці, зручнасць узнаўлення разнастайнай фактуры абумовілі універсальнае прызначэнне Ф. як сольнага, ансамблевага, акампанавальнага, часам і арк. інструмента. Росквіт фп. выканальніцтва — 19—20 ст. На Беларусі Ф. пашырана з канца 18 ст., паступова выцесніўшы клавесін і клавікорд. У 1840—50-я г. паявіліся першыя фп. творы (А.​Абрамовіч). У 1864 у Мінску была адкрыта фп. фабрыка І.​Бяляўскага. У наш час вырабляюць на Барысаўскім прадпрыемстве муз. інструментаў.

Літ.:

Алексеев А. История фортепианного искусства. Ч. 1—2. М., 1962—67;

Бражников М. Фортепиано. М., 1967;

Гл. таксама пры арт. Клавесін.

І.​Дз.​Назіна.

Да арт. Фартэпіяна. Канцэртны раяль.

т. 16, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІТА́РА (ісп. guitarra ад грэч. kithara кіфара, цытра),

струнны шчыпковы муз. інструмент тыпу лютні. Сучасная гітара складаецца з драўлянага корпуса з глыбокімі выемкамі па баках і плоскімі дэкамі (на верхняй — круглая рэзанатарная адтуліна), шыйкі з грыфам (на грыфе 19—24 метал. лады), галоўкі з калкамі. Струны (6) металічныя ці нейлонавыя (адпаведна 4 ці 3 ніжнія абвіты метал. каніцеллю), часам двайныя рады струн (2 верхнія настройваюцца ва унісон, 4 ніжняя — у актаву). Звычайная настройка: E(D)-A-d-g-h-e​1 (натуецца на актаву вышэй). З пач. 19 ст. вядома 7-струнная, т.зв. руская гітара квартава-тэрцавай настройкі: D-G-н-d-g-h-d​1. Гукарад храматычны. Прыёмы гуказдабывання: шчыпок вял. пальцам ніжніх струн, указальным, сярэднім і безыменным — верхніх, бразганне па ўсіх струнах, зашчыпванне плектрам. Гучанне гітары мяккае, тэмбрава разнастайнае, добра спалучаецца з чалавечым голасам і некат. муз. інструментамі. Выкарыстоўваецца як сольны інструмент і для акампанементу.

Інструменты тыпу гітары былі вядомы ў Іспаніі з 13 ст. У інш. краінах Еўропы гітара пашырана з сярэдзіны 18 ст. Да таго часу адносяцца і найб. раннія сведчанні пра яе на Беларусі (выява на фрэсках Слонімскай сінагогі). Спачатку бытавала сярод магнатаў і шляхты, у 19 ст. — інш. слаёў насельніцтва. З 1920—30-х г. у бел. нар. муз. практыцы разам з мандалінай, балалайкай, скрыпкай і басэтляй уключалася ў склад т.зв. струннай музыкі. У апошні час у эстраднай музыцы і джазе выкарыстоўваюць электрагітары з некалькімі гуказдымальнікамі і т.зв. тэмбраблокам. Сярод вядомых прафес. гітарыстаў А.Сеговія, А.Сіхра, А.Іваноў-Крамской, з бел. — Я.​Грыдзюшка, У.Захараў, В.​Жывалеўскі.

І.​Дз.​Назіна.

Да арт. Гітара. Гітарыст Мастак В.​А.​Трапінін. 1823.

т. 5, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫМБА́ЛЫ (польск. cymbaly ад лац. cymbalum, грэч. kymbalon),

струнны ўдарны муз. інструмент. Мае драўляны плоскі корпус трапецападобнай формы, над верхняй дэкай якога нацягнуты метал. струны (па 2—3 у хоры ў фабр., 3—8 у нар.). Перасоўная падстаўка дзеліць Ц. на 2 няроўныя часткі (у прапорцыі 2:3). Гук здабываецца ўдарамі па струнах 2 палачкамі (малаточкамі, кручкамі), а таксама шчыпком. Пры ігры Ц. кладуць на калені ці на стол, спец. ножкі-падстаўкі. Існуюць у нар. і прафес. музыцы як сольны і ансамблевы інструмент.

Першыя выявы Ц. вядомы на асірыйскіх і вавілонскіх помніках. Былі пашыраны ў многіх народаў свету, у т. л. на Украіне, у Малдове (цамбал), Арменіі (сантур), Грузіі (сантуры, цынцыла), Узбекістане (чанг). З 16 ст. вядомы ў Зах. Еўропе пад рознымі назвамі, у т. л. хакбрэт.

На Беларусі — адзін з асн. традыц. нар. інструментаў. Першыя звесткі адносяцца да 16 ст., сустракаюцца ў «Бібліі» Ф.​Скарыны (2-я кн. «Царстваў»). Выкарыстоўваліся ў паказах батлейкі, часта ўпамінаюцца ў нар. песнях. Нар. Ц. бываюць рознага памеру («палавінка», «паўтарачка», «цэлыя») і дыяпазону (ад 1,5 да 2,5 актаў); у ніжнім рэгістры маюць прыкметы натуральных ладоў, у сярэднім — няпоўны храматычны гукарад. У залежнасці ад ігры (сола ці ў нар. ансамблі) адрозніваюць строі «просты», «любіцельскі» і «скрыпічны», «гармонікавы» («баянны»). Гук нар. Ц. моцны, працяглы (у адрозненне ад прафесіяналаў нар. музыканты не глушаць струны). Ц. выраблялі нар. майстры І.​Новік, В.​Рогач, П.​Грабянькоў, В.​Пратасевіч і інш. Як прафес. інструмент Ц. існуюць з пач. 20 ст. У выніку ўдасканалення Ц. на іх выконваюць у пералажэннях складаныя, буйнамаштабныя творы муз. класікі і сучасных бел. кампазітараў (Л.​Абеліёвіча, Г.​Вагнера, В.​Войціка, Я.​Глебава, А.​Клеванца, Дз.​Смольскага, Э.​Тырманд, К.​Цесакова, Л.​Шлег, А.​Янчанкі і інш.). Значны ўплыў на развіццё выканальніцтва і стварэнне рэпертуару для Ц. зрабіў І.Жыновіч. Сям’я Ц. у аснове Дзяржаўнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь, самадз. і прафес. нар. аркестраў і ансамбляў. Класы ігры на Ц. існуюць у Бел. акадэміі музыкі, муз. вучылішчах і школах Беларусі. Сярод бел. выканаўцаў: А.Астрамецкі, В.Бурковіч, М.Шмелькін і інш. Выраб Ц. наладжаны на Барысаўскім прадпрыемстве муз. інструментаў.

Літ.:

Жинович И.И. Школа игры на цимбалах. 2 изд. Мн., 1974;

Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Струнные. Мн., 1982.

З.​М.​Насценка.

Цымбалы.
Сям’я рэканструяваных цымбалаў.

т. 17, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЬМІЗА́ЦЫЯ (італьян. solmisazione ад назвы муз. гукаў соль і мі), сальфеджыо, сальфеджыраванне,

спевы мелодый з вымаўленнем назваў гукаў, адзін з прыёмаў муз. навучання. Існуюць 2 роды С. — адносная і абсалютная. Пры адноснай С. за кожнай ступенню гукарада замацоўваецца пэўная назва незалежна ад абсалютнай вышыні. Самыя стараж. сістэмы С.: кітайская (5-ступеневая), індыйская (7-ступеневая), грэчаская (4-ступеневая), сярэдневяковая зах.-еўрап. (уведзена Гвіда д’Арэца, 6-ступеневая са складовымі назвамі ut, re, mi, fa, sol, la). Усе яны былі адносныя. У сістэме гексахордаў для С. мелодый з вял. дыяпазонам ужывалася мутацыя; пры гэтым гукі атрымлівалі назвы адносна новага вышыннага стану (увесь гукарад «надбудоўваўся» пры перамяшчэнні гексахорда на кварту ці квінту ўверх ці ўніз, адсюль паняцце адноснай С.). Італьян. тэарэтык Дж.​Доні для зручнасці спеваў замяніў склад ut складам do (каля 1540). Увядзенне склада si пры дабаўленні да гукарада 7-й ступені (Х.​Вальрант, каля 1547) зрабіла залішняй мутацыю ў межах адной танальнасці. У 16—19 ст. ў Германіі і Францыі існавалі адносныя сістэмы С. з назвамі лічбаў. На Беларусі выкарыстоўваецца адносная С. са складовымі назвамі ё, лэ, ві, на, зо, ра, ці. Абсалютная С. — спевы мелодыі з назвай абсалютнай вышыні гукаў. У Францыі ў пач. 18 ст. выкарыстоўвалі склады ut, re, mi, fa, sol, la, si для абазначэння гукаў c, d, e, f, g, a, h. Гэты спосаб наз. натуральным сальфеджыраваннем, бо ў ім не браліся пад увагу знакі альтэрацыі. Абсалютная С. пашырылася пасля выдання «Сальфеджый для навучання ў кансерваторыі музыкі ў Парыжы», складзеныя Л.​Керубіні, Ф.​Гасекам, Э.​Мегюлем і інш. (1802). У 19—20 ст. распрацоўвалася мноства сістэм С. Пад С. часам разумеюць рытмізаванае чытанне нот без інтанавання, у адрозненне ад тэрміна «сальфеджыо» («Курс сальфеджый» К.​Альбрэхта, 1880). Такое тлумачэнне не адпавядае сучаснаму міжнар. выкарыстанню тэрміна «С.».

Н.​Г.​Мазурына.

т. 14, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРАЖЫТНАЯ МУЗЫКА.

Развіццё стараж. прафес. муз. мастацтва на тэрыторыі Беларусі звязана з працэсамі хрысціянізацыі, якія садзейнічалі асіміляцыі візант. духоўнай музыкі, паўплывалі на жанры царк. спеваў (антыфон, ірмас, трапар, канон, стыхіра і інш.), на аднагалосую акапэльную манеру выканання, муз. тэрміналогію. На царк. харавую культуру апасродкавана ўплывалі фалькл. традыцыі, асаблівасці моўнай прасодыі (пазней быт. свецкай музыкі). Паступова фарміраваліся асновы муз. прафесіяналізму. Арыгінальныя старабел. знаменныя спевы фіксаваліся неўменнай сярэдневяковай натацыяй у рукапісных зборніках (пераважна манастырскіх). Блізкасць да агульнаеўрап. нар. традыцый у сярэдневякоўі праяўлялася ў дзейнасці скамарохаў — вандроўных акцёраў-прафесіяналаў, творчасць якіх уяўляла сабой сінтэз мастацтваў. Яны былі музыкамі (гусляры, дудары, выканаўцы на сапелях, бубнах, жалейцы, суры, пазней — на скрыпцы і цымбалах) і спевакамі, акрабатамі, гімнастамі, ілюзіяністамі, дрэсіроўшчыкамі звяроў, якія выступалі на плошчах гарадоў, мястэчак, вёсак, у замках, корчмах і інш. Сярод іх вядомы скамарохі-дамрачэі (выканаўцы гіст. песень, былін пад акампанемент домры), скамарохі-пацешнікі (выконвалі драм., жартоўныя і сатыр. сцэнкі, пантамімы, танцы і інш.). Як носьбіты вуснапаэт. і муз. нар. традыцый, яны ўдзельнічалі ў разнастайных нар. абрадах і святах.

Вытокі праваслаўнай музыкі ўсх. славян — візант. і балг. царкоўная музыка, якая прыйшла на Беларусь разам з хрысціянствам. 10—14 ст. характарызуюцца прыстасаваннем візант. пеўчай гімнаграфіі да мясцовых умоў. Значная роля ў стараж. ўсх.-хрысціянскім богаслужэнні на Беларусі належала грэч. мове, засвойвалася візант. царк. музыка, выпрацоўваліся арыгінальныя знакі неўменнай натацыі, сістэма асмагласся з уласцівым комплексам папевак, усталяваўся радок як норма ўсяго стараж.-рус. знаменнага спеву. Засвойваўся аднагалосы богаслужэбны праваслаўны спеў. Дамінуючая роля належала тэксту песнапенняў. З канца 10 ст. сярод пеўчых школ на Беларусі вылучыліся Полацкая і Віцебская (з 992), Смаленская (з 1001), Тураўская (з 1005). Першапачаткова практычнай тэорыяй пеўчага мастацтва і яго семіяграфіі былі абрыс знакаў безлінейнай натацыі, царк. ўставы, служэбнікі і «падобнікі» (першыя практычныя дапаможнікі па спевах). Аформілася сістэма знамёнаў, якая склалася ў 14 ст. У ВКЛ першапачаткова захоўваліся традыцыі стараж.-рус. знаменнага спеву. На 15 ст. прыпадае росквіт пеўчай праваслаўнай культуры Беларусі: пачалі фіксавацца аўтары песнапенняў і складальнікі рукапісных нотных зборнікаў (палеаграфічная прыкмета бел. пеўчых рукапісаў — ірмалояў); з’явіліся першыя пеўчыя азбукі, павялічылася колькасць знамёнаў, пашырыўся гукарад у бок высокіх гукаў, развіваліся разнастайныя напевы, муз.-пеўчая тэрміналогія. Паглыбляліся мясц. адрозненні напеваў, цесная сувязь бел. пеўчай гімнаграфіі з нар.-песеннай творчасцю і побытавай культурай. Зараджаліся і развіваліся арыгінальныя знаменныя спевы, якія былі ў шырокім побыце пеўчай практыкі 15—16 ст. і зафіксаваны ў рукапісных зборніках («Супрасльскі ірмалой», 1598—1601). Шырока выкарыстоўваліся грэч., балг., сербскі спевы. Пераасэнсоўвалася семантыка неўменнай натацыі. Зарадзілася квадратная лінейная натацыя ў сувязі з пераходам стараж.-рус. спеву на новы зах.-еўрап. ўзровень і шматгалосую сістэму запісу. У гэты час адбыўся паступовы адыход бел. муз. гімнаграфіі ад норм асмагласся. Зарадзіліся і развіваліся духоўныя канты (псальмы), якія фіксаваліся ў ранніх рукапісных канцыяналах, багагласніках, катэхізісах.

т. 18, кн. 2, с. 667

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАД у музыцы,

абстрактна-лагічная сістэма, якая арганізуе гукавышынны бок музыкі на аснове колькасных (гукарадных) і якасных (функцыянальных) паказчыкаў і рэалізуе сябе ў працэсе інтанавання. Гукарад Л. — мелодыкаінтэрвальная схема, што прадстаўляе яго гукі ў паступенным парадку; функцыянальнасць заключаецца ў падзеле элементаў Л. на ўстойлівыя (цэнтр сістэмы) і няўстойлівыя (падпарадкаваныя ім). На падставе гэтых гал. характарыстык вылучаюць канкрэтныя віды Л. — т. зв. лады. Вызначальнымі з’яўляюцца тып гукарада (ангемітоніка, дыятоніка, храматыка, прамежкавыя формы), будова ўстойлівага (танічнага) цэнтра (меладычны тон, кансананс-трохгучча, сугучча-дысананс) і размяшчэнне гэтага цэнтра на пэўнай ступені гукарада (на аснове аднаго гукарада магчымы розныя лады). Ступень абагульнення рэальнага працэсу інтанавання неаднолькавая на розных узроўнях праяўлення Л. Ладаінтанацыйны ўзровень, што ўпарадкоўвае вышынныя суадносіны ў непасрэдным разгортванні музыкі ў рамках дробных пабудоў (папевак, асобных меладычных зваротаў), найб. блізкі да пачуццёвай канкрэтнасці інтанацыі. На ладафункцыянальным узроўні ладавая інтанацыйнасць рэтраспектыўна абагульняецца, гукарадны ж узровень найб. абстрактны. Эвалюцыя Л. адлюстроўвае развіццё муз. мыслення і звязана з колькасным павелічэннем аб’ёму і гукавога матэрыялу і якасным ускладненнем прынцыпаў яго арганізацыі. Пачатковыя этапы эвалюцыі прасочваюцца ў муз. фальклоры многіх народаў: вылучэнне апорных тонаў у першабытным экмелічным (без замацаванай вышыні гукаў) глісандаванні; манадыйны Л. у межах вузкааб’ёмных гукарадоў (алігатонікі); манадыйны Л. на аснове развітой гукараднай сістэмы ангемітонікі і дыятонікі. Гіст. формы Л.: апяванне цэнтр. тона (устою) блізкімі па вышыні гукамі, мадальныя (манадыйныя) Л., звязаныя з прынцыпамі мелодыі-мадэлі (модуса, папеўкі). Прафес. еўрап. музыка напачатку апіралася на традыцыі фалькл. ладаўтварэння (з характэрнай для яго ладавай пераменнасцю), аднак у сувязі з ускладненнем характару шматгалосся актыўна развіваюцца і новыя прынцыпы Л Шматгалосае раскрыццё меладычных (манадыйных) Л. змяняецца танальна-гарманічнай сістэмай (гл. Мажора-мінорная сістэма, Танальнасць) — асновай еўрап. музыкі новага часу, што апіраецца на 2 Л. — мажор і мінор. Прафес. муз. мастацтва 20 ст. вызначаецца разнастайнасцю канкрэтных форм і прынцыпаў Л., спалучэннем вядомых раней і істотна новых з’яў, у т. л. і тых (у серыйнай тэхніцы, канкрэтнай музыцы, электроннай музыцы, санорыцы), якія цяжка ці немагчыма аднесці да сферы Л.

Першае навук. абгрунтаванне Л. ў еўрап. музыцы далі прадстаўнікі піфагарэйскай школы ў Стараж. Грэцыі ў 6—4 ст. да н.э. Сваю тэорыю Л. вылучыла еўрап. сярэдневякоўе. Ладавыя заканамернасці танальна-гарманічнай сістэмы ўпершыню асэнсаваў і вытлумачыў Ж.Ф.Рамо, у рамках сістэмы якога паняцце «Л.» цесна сутыкаецца з паняццямі «гармонія» і «танальнасць». Пытанні Л. ў практыцы ўсх.-слав. партэсных спеваў абагульнены ў працах І.​Шайдуры (1-я пал. 17 ст.) і М.Дулецкага («Граматыка мусікійская»). У 19—20 ст. вял. ўвагу ладаваму боку музыкі аддавалі рус. тэарэтыкі У.​Адоеўскі, А.​Сяроў, П.​Сакальскі, Дз.​Разумоўскі, А.​Кастальскі, Б.​Яворскі, Б.​Асаф’еў, В.​Бяляеў, К.​Квітка, Ю.​Цюлін, Х.​Кушнароў, М.​Бражнікаў, М.​Успенскі, А.​Далжанскі, Л.​Мазель, Ю.​Кон, Ю.​Халопаў. На Беларусі да праблем Л. звярталіся музыказнаўцы А.​Друкт, Б.​Златавярхоўнікаў, Т.​Мдывані, Р.​Сергіенка, Н.​Юдзеніч, В.​Ялатаў і інш.

Літ.:

Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки. Мн., 1964;

Бершадская Т. Принципы ладовой классификации // Сов. музыка. 1971. № 8;

Яе ж. Лекции по гармонии. Л., 1978;

Кон Ю.Г. Вопросы анализа современной музыки. Л., 1982.

А.​А.​Друкт.

т. 9, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЫКА 16-18 ст.

У эпоху Адраджэння ўзмацнілася роля свецкага кампанента ў муз. культуры Беларусі. Гал. асяродкам развіцця прафес. муз. мастацтва заставаўся храм. На Беларусі, дзе гістарычна адбылося перакрыжаванне канфесіянальных плыней, у 16—18 ст. склалася спецыфічнае поліканфесіянальнае асяроддзе, у якім правасл. музыка суіснавала з каталіцкай, пратэстанцкай і уніяцкай, а таксама з музыкай нехрысціянскіх канфесій. З канца 16 ст. з традыц. правасл. спевамі суіснавалі супрасльскі і кіеўска-літоўскі і бел. спевы, а таксама рэгіянальныя: віцебскі, куцеінскі, магілёўскі, мірскі, нясвіжскі, слуцкі і інш. З 2-й пал. 16—17 ст. характэрны ўплывы каталіцызму. Некаторыя бел. манастыры былі перавезены ў Расію, у т. л. Куцеінскі з-пад Оршы, які стаў асновай аднаго з культурных цэнтраў Расіі — Новаіерусалімскага манастыра, дзе склалася новаіерусалімская школа стваральнікаў тэкстаў і мелодый, кантаў і псальм. Бел. распеўшчыкі (васпевакі) уваходзілі ў склад хароў патрыяршых гасударавых пеўчых дзякоў. Бел. тэарэтыкі разам з укр. і рас. пад кіраўніцтвам наўгародца І.​Шайдура распрацавалі сістэму кінаварных памет, тэарэтычна замацавалі і абгрунтавалі пашыраны ў той час у пеўчай практыцы гукарад (з чатырох сугалоссяў). Значны ўклад у развіццё правасл. царк. спеву зрабілі маскоўскія Іверскі і Новадзявочы манастыры, якія цалкам складаліся з беларусаў. Імі створаны новыя рукапісы, песнапенні і бел. (літоўскія) спевы, у т. л. вяцкі, іверскі, старасіманаўскі і інш. У маскоўскіх харах спявалі бел. «васпевакі» Я.​Канюхоўскі, Я.​Календа, І.​Дзякоўскі, І.​Кокля з Полацка, дзяк Тызенгауз з Вільні, А.​Беражанскі і інш. Беларусы А.​Мезянец стварыў адзіную тэарэтычную працу (выконвала ролю падручніка) па знаменным спеве: «Извещение о согласнейших пометах» (1668), Ц.​Макар’еўскі з-пад Оршы — «Ключ разумення» (канец 17 ст.). Бел. пеўчае мастацтва і кантавая культура паўплывалі на ўсю рас. літургічную музыку. З сярэдзіны 17 ст. ўвесь царк. спеў у Маскве знаходзіўся цалкам у руках «выхадцаў з Польшчы і Літвы», якія былі і настаўнікамі. Херувімскія бел. спевы ўвайшлі ў літургію Іаана Златавуста, розныя рэдакцыі ўкр. і рус. ірмалояў, рус. ўстаўныя пеўчыя кнігі. Мелодыя канта беларуса Е.​Славінецкага «Радуйся радасць» стала асновай рас. херувімскай. Са знаёмствам бел. і ўкр. кантавай культуры ў расійскую прыйшоў шматгалосы, партэсны спеў, што садзейнічала пераходу ўсёй рас. пеўчай культуры на новы зах.-еўрап. ўзровень. У канцы 16 ст. вылучаліся бел. хары Віленскага, Нясвіжскага, Слуцкага, Мінскага, Магілёўскага, Аршанскага, Куцеінскага і інш. брацтваў, якія выконвалі духоўныя і свецкія творы на 4—6, 8 і 12 галасоў. Бел. манастыры (Супрасльскі, Благавешчанскі, Жыровіцкі, Магілёўскі і інш.) і цэрквы былі культурна-асветніцкімі цэнтрамі і апорай праваслаўя. У Супрасльскім манастыры быў запісаны ўвесь корпус правасл. песнапенняў (складальнік Б.​Анісімовіч), выйшлі антыкаталіцкія і антыуніяцкія рукапісныя палемічныя артыкулы. Правасл. асновы набажэнства і спеваў захаваліся ва уніяцкіх, асабліва базыльянскіх, манастырах (у 17 ст. ў Жыровіцкім манастыры створана некалькі рукапісных ірмалояў). У канцы 18 ст. ствараліся новыя рукапісныя пеўчыя зборнікі з квадратнай лінейнай і неўменнай натацыямі, а таксама спісы з больш стараж. рукапісаў, пашыраліся гуманіст. і дэмакр. духоўныя канты, развівалася багатая бел. народнапесенная і інстр. творчасць. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы 18 ст. бел. царк. музыка, захоўваючы свае лакальныя асаблівасці, развівалася ў рэчышчы рас. богаслужэбнага (літургічнага) спеву. У цэрквах гучалі кананічныя ўстаўныя песнапенні, зацверджаныя Сінодам.

На Беларусі з канца 14 ст. з’явілася каталіцкая музыка як неад’емны кампанент лацінскага абраду. Муз. афармленне каталіцкіх набажэнстваў складалася з стылістычна розных кампанентаў: архаічнага грыгарыянскага харала, вакальна-харавых твораў a cappella з інстр. суправаджэннем, інстр., у т. л. арганных кампазіцый, рэлігійных песень. Пранікненне каталіцызму садзейнічала культываванню на Беларусі арганнай музыкі: цыклы месы-ардынарыя, рэквіема, асобныя інтроіты, градуалы, секвенцыі, камуніо і інш., спевы афіцыя. З 16 ст. характэрны росквіт каталіцкай муз. традыцыі на Беларусі. Музыка, у т. л. інстр., была абавязковым прадметам у навук. каталіцкіх установах усіх узроўняў. Вядучая роля ў муз.-адукац. дзейнасці належала ордэну езуітаў. Каталіцкая царква на Беларусі развівалася ў цесных сувязях з еўрап. каталіцкімі ўстановамі ў рэчышчы агульнаеўрап. тэндэнцый і з’яўлялася інтэгральнай часткай еўрап. муз. традыцыі. На Беларусі суіснавалі розныя традыцыі муз. афармлення каталіцкіх набажэнстваў: высокапрафес. езуіцкая (арыентаваная на апошнія еўрап. навацыі), дамініканская (кансерватыўна-ахоўная), францысканская (разлічаная на дапасаванне да густаў простых вернікаў) і інш. Віленская езуіцкая акадэмія была цэнтрам каталіцкай музыкі, у ёй працавалі еўрап. адукаваныя кампазітары і музыканты (Я.​Брант, С.​Лаўксмін, М.​Радаў, Ш.​Берант, М.​Крэчмер і інш.). У 17 ст. на Беларусі пашырылася нотадрукаванне: «Песні» Я.​Бранта (1601), «Спеўнік» В.​Барташэўскага (1613), «Літаніі» Ш.​Беранта (1638, 1639), харальныя «Градуал» (1667, 1693, 1742) і «Антыфанарый» (1667, 1694, 1742; складзены С.​Лаўксмінам). Першы ў ВКЛ падручнік па тэорыі харальных спеваў на лац. мове «Тэорыя і практыка музыкі» С.​Лаўксміна (1667, 1669, 1693). Большасць твораў каталіцкай музыкі 18 ст. францысканскага паходжання. У літургічных жанрах у 2-й пал. 18 ст. працавалі манах-францысканец Шымкевіч, музыканты са Слонімскай капэлы М.​К.​Агінскага (Ён, Л.​Грабенбаўэр).

Пратэстанцкая канфесія таксама значна паўплывала на фарміраванне муз.-прафес. мастацтва Беларусі. Яе пранікненне на бел. землі і развіццё прыйшліся на сярэдзіну 16 ст. пад уплывам ідэй Рэфармацыі, якія ахапілі значную частку тутэйшай арыстакратыі. Наймацней уплыў на муз. мастацтва выявіўся ў выдавецкай дзейнасці пратэстантаў: выданнем першага на Беларусі нотнага выдання «Берасцейскі канцыянал» (1558), «Нясвіжскага канцыянала» (1563) і інш.

У канцы 15 — пач. 16 ст. на Беларусі пачала фарміравацца уніяцкая муз. традыцыя. Яна звязана з прынцыповымі зменамі ў правасл. музыцы, з моцным уплывам зах.-еўрап. муз. культуры, прыняццем зах. сістэмы ноталінейнага запісу муз. кампазіцый, спевамі шматгалосых партэсных твораў, арыентаваных на заходнееўрап. канцэртны стыль. Муз.-літургічная практыка уніятаў, пабудаваная паводле каталіцкай мадэлі, складалася з традыц. бел.-ўкр. знаменнага спеву, шматгалосых харавых кампазіцый поліфанічнага ці гамафонна-гарманічнага складу (a cappella з інстр. суправаджэннем), простых напаўфальклорных песень у выкананні вернікаў. Мэтанакіраванае і паслядоўнае выкананне уніятамі стараж. пеўчых традыцый бел.-ўкр. знаменнага спеву захаваліся ў рукапісных ірмалоях 17—18 ст. з Супрасля, Жыровічаў, Смаленска, а таксама ў першых слав. нотных друках, прызначаных для уніяцкіх цэркваў: Львоўскія (1700, 1709) і Пачаеўскія (1766, 1793) ірмалоі, Асмагласнікі (1776, 1793). Для уніяцкай музыкі характэрна шырокае выкарыстанне аргана і інстр. капэл. Арган Жыровіцкага базыльянскага кляштара лічыўся адным з найлепшых інструментаў 17 ст. У Супраслі быў выдадзены першы збор рэліг. песень усх. славян — «Багагласнік» (1790). Сярод цэнтраў уніяцкай муз. культуры Супрасльскі, Жыровіцкі, Віленскі базыльянскія манастыры. З 16 ст. на Беларусі побач з хрысціянскімі дзейнічалі і нехрысціянскія канфесіі — іудаізм і іслам са сваімі муз. традыцыямі.

Свецкая вак. і інстр. музыка звязана з княжацкім замкавым, ваен., гар. побытам. З 16 ст. пры каралеўскіх, велікакняжацкіх і магнацкіх дварах ствараліся муз. асяродкі, у якіх працавалі таленавітыя мясц. і замежныя музыканты. У Гродне з 1543 для абслугоўвання ўрачыстасцей знаці дзейнічала «Літоўская капэла» (у складзе 15 музыкантаў, відаць, мясц. паходжання), пры двары Стафана Баторыя ў 1580-я г. існавала капэла, пры якой працавалі аўтары вак. і інстр. (пераважна лютневых) твораў Крыштоф Клабан і Войцех Длугорай. Пры дварах магнатаў і вял. князёў у 16 ст. працавалі таксама: славянскія кампазітары Цыпрыян Базылік і Вацлаў з Шамотул, Мікалай Гамулка і Ян Брант, венгерскі лютніст і кампазітар Валянцін Бакфарк, многія італьян. музыканты, у іх ліку вядомыя кампазітары Лука Марэнцыё, Джавані Баціста Качола, лютніст і кампазітар Дыямед Като, арганіст Антоній Мафон. Пры дварах мясц. арыстакратыі выконваліся аўтарскія і ананімныя творы, узоры якіх захаваліся ў «Віленскім сшытку» і Астрамечаўскім рукапісе (т.зв. «Полацкім сшытку»; абодва 17 ст.). У 16—18 ст. муз. афармленне характэрна для тэатральных пастановак навучальных устаноў розных канфесій у гарадах і мястэчках Беларусі, у т. л. Брэсце, Гродне, Жыровічах, Магілёве, Мінску, Оршы, Полацку, Слоніме. У школьных спектаклях, прымеркаваных да рэлігійных і свецкіх свят, выконвалася вак. (канты, псальмы, гімны, песні) і інстр. (муз. найгрышы, танцы) музыка, адпаведная зместу і характару п’ес. У інтэрмедыях і інтэрлюдыях, што разыгрываліся паміж асноўнымі часткамі дзеі, часам выкарыстоўвалі нар. мелодыі. Па меры развіцця школьнага т-ра роля музыкі ў пастаноўках вырасла, пачалі выконваць оперныя творы. Захавалася рукапісная партытура аднаго з іх — «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» Р.​Вардоцкага і М.​Цяцерскага (Забельскі дамініканскі калегіум, 1789), які арганічна яднае рысы школьнай пастаноўкі і ўласна оперы. З 2-й пал. 18 ст. пры магнацкіх дварах узнікалі і пашыраліся муз. асяродкі, якія ядналі муз. т-ры, аркестры-капэлы і муз.-тэатр. школы. Сярод найб. муз. цэнтраў: Нясвіж і Слуцк (Радзівілаў), Слонім (М.​Казіміра Агінскага), Гродна (А.​Тызенгаўза), Шклоў (С.​Зорыча) і Дзярэчын (Сапегаў). На сцэнах магнацкіх т-раў ставіліся сусветная оперная класіка, а таксама першыя мясц. оперы, у т. л. «Агатка, або Прыезд пана» Я.​Голанда і М.​Радзівіла. На канцэртах гучалі сімфанічныя і камерныя творы італьян., франц., аўстра-ням. кампазітараў, а таксама кампазіцыі мясц. аўтараў. У магнацкія цэнтры запрашалі кампазітараў і выканаўцаў з розных краін. Працавалі таленавітыя мясц. музыканты Ежы Бакановіч, Лявон Сітанскі, Ян Ценціловіч, будучыя вядомыя кампазітары (В.​Казлоўскі). Развівалася таксама аматарскае выканальніцтва і творчасць (М.​Радзівіл, М.​Казімір Агінскі). У канцы 18 ст. ў сувязі з сац.-паліт. падзеямі і разбурэннем ранейшай інфраструктуры магнацка-арыстакратычнай культуры большасць магнацкіх муз. асяродкаў спыніла сваё існаванне і саступіла месца новым формам муз. жыцця. Дзейнасць магнацкіх «музычных сядзіб» спрыяла развіццю на Беларусі розных форм муз. творчасці, выканальніцтва і адукацыі, росту муз. прафесіяналізму, станаўленню тэатр.-канцэртных жанраў, творчаму засваенню норм еўрап. муз. класіцызму.

т. 18, кн. 2, с. 668

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)