ДА́ЦКІ ПРАЛІ́Ў,

праліў паміж а-вамі Грэнландыя і Ісландыя. Злучае Грэнландскае м. з Атлантычным ак. Даўж. каля 530 км, шыр. 287 км, найменшая глыб. на фарватэры 120 м. Праз Д.п. уздоўж берагоў Грэнландыі з Пн на Пд праходзіць халоднае Усх.-Грэнландскае цячэнне, уздоўж берагоў Ісландыі з Пд на Пн — галіна цёплага Ірмінгера цячэння.

т. 6, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУ́НДРАВЫЯ ГЛЕ́БЫ,

група глеб, якія распаўсюджаны пераважна ў раўнінных і горных тундрах. Фарміруюцца ва ўмовах халоднага клімату, пастаяннага пераўвільгатнення на пародах цяжкага мех. складу, пад малапрадукцыйным расл. покрывам. Звычайна маламоцныя, грубагумусныя, з нізкай мікрабіял. актыўнасцю, часта адзначаюцца прыкметы мярзлотных з’яў. Падзяляюцца на глеевыя, падзолістыя, дзярновыя, перагнойна-карбанатныя і інш. Пашыраны ў паўн. ч. Паўн. Амерыкі і Еўразіі, на в-ве Грэнландыя, некат. астравах Паўн. Ледавітага акіяна.

т. 16, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭНЛА́НДСКАЕ МО́РА,

ускраіннае мора Паўн. Ледавітага ак., паміж а-вамі Грэнландыя, Ісландыя, Ян-Маен, Мядзведжы і Шпіцберген. Пл. 1195 тыс. км². Найб. глыб. 5527 м. У зах. частцы халоднае Усх.-Грэнландскае цячэнне, ва ўсходняй — цёплае Шпіцбергенскае цячэнне. Т-ра вады летам ад 0 °C на ПнЗ да 6 °C на Пд, зімой ад 1—2 да -1 °C. Салёнасць 32—34 ‰. Прылівы паўсутачныя (да 4,4 м). Рыбалоўства (траска, палтус, мойва); промысел грэнландскага цюленя. Гал. парты: Лонгйір і Барэнцбург (в-аў Шпіцберген), Акурэйры (в-аў Ісландыя).

т. 5, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСЛА́НДСКАЯ ДЭПРЭ́СІЯ, ісландскі цыклон, ісландскі мінімум,

вобласць нізкага атм. ціску над паўн. ч. Атлантычнага ак., з цэнтрам каля в-ва Ісландыя. Адзін з важнейшых цэнтраў дзейнасці атмасферы ў Паўн. паўшар’і з перавагай глыбокіх і ўстойлівых цыклонаў над антыцыклонамі, праяўляецца пераважна зімой (у студз. ціск ніжэй за 996 мб). Акрамя асн. цэнтра, зімой праяўляюцца другарадныя цэнтры на З ад в-ва Грэнландыя і над Баранцавым м. Садзейнічае фарміраванню акіянічнага клімату ў Зах. Еўропе. На надвор’е Беларусі ўплываюць перыферыйныя ч. І.д., якія прыносяць з сабой вільготнае ўмеранае паветра Атлантыкі і выклікаюць пацяпленне.

т. 7, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЯЛІ́Т (ад крыя... + грэч. lithos камень),

мінерал класа галагенідаў, фтарыд натрыю і алюмінію, Na3(AlF6; прымесі крэмнію, жалеза, магнію, калію, стронцыю, торыю. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае зярністыя агрэгаты, прожылкі, дробныя лінзы, гнёзды. Бясколерны, белы, жоўты да чорнага, зрэдку ружовы або зеленаваты. Паўпразрысты да празрыстага. Бляск ад шклянога да тлуставатага. Цв. 2,5. Шчыльн. 2,97 г/см³. Крохкі. Трапляецца ў шчолачных гранітах і палевашпатавых альбіт-рыбекітавых метасаматытах. Сыравіна для вытв-сці шкла, эмалі, фарфору; выкарыстоўваюць як флюс пры атрыманні метал. алюмінію, інсектыцыд. Адзінае буйное радовішча Івігтут (Грэнландыя).

т. 8, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭСКІМО́СЫ,

этнічная супольнасць, група народаў Арктыкі: на Алясцы (ЗША, 38 тыс. чал.) і ў Паўн. Канадзе (28 тыс. чал.; саманазва ў Амерыцы інуіт), Даніі (в-аў Грэнландыя, саманазва каладліт, 47 тыс. чал.) і Рас. Федэрацыі (Чукоцкая аўт. акруга Магаданскай вобл., 1,5 тыс. чал.; саманазва юпігыт, югыт — «сапраўдныя людзі»). Агульная колькасць 115 тыс. чал. (сярэдзіна 1990-х г.). Гавораць на эскімоскай мове. Гал. традыцыйны занятак — паляванне на марскога звера, займаюцца таксама рыбалоўствам, збіральніцтвам, паляваннем у тундры. Э. захоўваюць традыц. вераванні, шаманізм, ёсць хрысціяне.

т. 18, кн. 1, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЙСБЕРГ (англ. iceberg), ледзяная гара,

вялікі масіў мацерыковага або шэльфавага лёду, які плавае ў акіяне, моры або ляжыць на мелі. Утвараецца ад абломвання ледавіка, што спускаецца ў ваду. Над вадой узвышаюцца да 70—100 м, б. ч. аб’ёму (да 90%) пад вадой. Асн. раёны ўтварэння айсберга — шэльфавыя ледавікі Антарктыды, а-вы Канадскага Арктычнага архіпелага, Грэнландыя. Могуць служыць крыніцай прэснай вады пры буксіроўцы да засушлівых прыбярэжных раёнаў Аўстраліі, Паўд. Амерыкі, Афрыкі і Аравійскага п-ва. Сутыкненне з айсбергам — прычына гібелі многа суднаў («Тытанік» у 1912, «Хедтафт» у 1959).

Утварэнне айсберга.
Айсберг каля берагоў Грэнландыі.

т. 1, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ФІН (Baffin) Уільям (1584, Лондан? — 23.1.1622),

англійскі арктычны даследчык. У 1612—16 у якасці штурмана плаваў у пошуках Паўн.-Зах. праходу: у 1615 даследаваў Гудзонаў зал., у 1616 — мора на З ад Грэнландыі (гл. Бафіна мора). У час гэтага падарожжа адкрыў і даў назвы пралівам Сміта, Джонса і Ланкастэра; адкрыў п-аў Хейс (Грэнландыя), вял. ўчасткі а-воў Элсмір і Дэвон у Канадскім Арктычным архіпелагу. Імем Бафіна названы таксама адзін з а-воў у гэтым архіпелагу (Бафінава Зямля). Яго пазнейшыя падарожжы (1616—21) былі на У. Загінуў пры аблозе в-ва Армуз.

т. 2, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ФІНА МО́РА (Baffin Bay),

паўзамкнёнае мора Паўн. Ледавітага ак., паміж в-вам Грэнландыя і ўсх. берагамі Канадскага Арктычнага архіпелага. Злучаецца на Пд Дэвісавым прал. з Атлантычным ак. Пл. 689 тыс. км², найб. глыб. 2414 м.

У Бафіна моры вялікія а-вы Байлат і Дыска, на ПнУ зал. Мелвіл. Клімат арктычны. Т-ра вады на паверхні летам ад 5 да 0 °C, зімой ніжэй за -1 °C. Большую ч. года Бафіна мора занята плывучымі льдамі і прыпаем. Шматлікія айсбергі. Салёнасць 30—34‰. Прылівы паўсутачныя (да 4 м). Рыбалоўства (траска, селядзец, палтус, пікша, камбала). Названа ў гонар У.Бафіна.

т. 2, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІТЫ́НІЯ (Bithynia),

род прэснаводных бруханогіх малюскаў сям. гідрабіід. Каля 20 відаў у Еўразіі і на в-ве Грэнландыя. Занесены ў Паўн. Амерыку. Жывуць у стаячых і праточных вадаёмах, на раслінах, камянях, у глеі. На Беларусі 2 віды: бітынія шчупальцавая (B. tentaculata) пашырана ў рэках, азёрах, вадасховішчах; бітынія Ліча (B. leachi) — рэдкі від, адзначаны ў азёрах Нарач, Дрывяты, Мястра, некаторых вадаёмах Палесся.

Ракавіна выш. да 15 мм, яйцападобная або авальна-канічная, гладкая, радзей спіральнай формы. Раздзельнаполыя. Адкладваюць яйцы. Кормяцца водарасцямі, рэшткамі раслін і жывёл. Корм для рыб. Ачышчаюць вадаёмы. Некаторыя — прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей, у прыватнасці кашэчай двухвусткі (узбуджальнік апістархозу).

Ракавіна бітыніі шчупальцавай.

т. 3, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)