ГЛАБІ́Н,

бялковая частка гемаглабіну. Сувязь паміж гемам і глабінам устойлівая, разбураецца толькі ў кіслым асяроддзі. Пасля адшчаплення гема бялок траціць натыўныя якасці. Скорасць сінтэзу глабіну ў арганізме вельмі вялікая, што звязана з інтэнсіўным аднаўленнем эрытрацытаў. Генетычна абумоўленыя анамаліі ў сінтэзе глабіну вызначаюць некаторыя хваробы крыві (серпападобнаклетачную анемію і інш.).

т. 5, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕВАРУ́КАСЦЬ,

пераважнае карыстанне левай рукой пры выкананні розных дзеянняў. Абумоўлена генетычна дэтэрмінаваным дамінаваннем правага (а не левага, як у праўшы) паўшар’я галаўнога мозга. Выяўляецца ў канцы першага года жыцця. Назіраецца ў 1—7% людзей. Леварукія дзеці ў фіз. і псіхічным развіцці не адстаюць ад праварукіх, насільнае перавыхаванне не рэкамендуецца.

т. 9, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯТЫ́П (ад бія... + тып),

1) сукупнасць асобін у складзе папуляцыі (унутрыпапуляцыйная групоўка) з падобным генатыпам. У 1920—30-я г. Біятып разглядаўся як самая дробная таксанамічная катэгорыя, з якой складаецца від (гл. Экатып). Зрэдку да біятыпу адносяць групу асобін, падобных фенатыпічна, але не абавязкова генетычна ідэнтычных.

2) Тое, што жыццёвая форма.

т. 3, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

монагібры́д

(ад мона- + гібрыд)

арганізм, які паходзіць ад бацькоў, што генетычна адрозніваюцца паміж сабой толькі адной прыметай (параўн. полігібрыд).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

клон

(гр. klon = парастак)

генетычна аднароднае патомства расліннага або жывёльнага арганізма, якое ўтвараецца ў выніку вегетатыўнага размнажэння або непалавога дзялення клетак.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ІЯНЕ́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура мезаліту (8,5—7 тыс. г. назад) у міжрэччы р. Волга і Ака. Генетычна звязана з грэнскай культурай паўн. і цэнтр. часткі Верхняга Падняпроўя Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам і збіральніцтвам. Жытлы наземныя або крыху заглыбленыя ў зямлю, акруглай ці авальнай формы. Характэрны крамянёвыя наканечнікі стрэл грэнскага тыпу, адшчэпы, скрабкі, вуглавыя разцы, вастрыі са скошаным краем, нуклеўсы.

У.​П.​Ксяндзоў.

т. 7, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

хіме́ра, ‑ы, ж.

1. У старажытнагрэчаскай міфалогіі — пачвара, якая дыхае агнём, з ільвінай галавой, казліным тулавам і хвастом дракона. // У сярэдневяковым мастацтве — скульптурны відарыс фантастычных істот, якія ўвасаблялі цёмныя сілы, заганы і з’яўляліся часткай скульптурнага аздаблення гатычных сабораў.

2. Кніжн. Неажыццявімая мара; мудрагелістая фантазія.

3. Марская рыба сямейства хімеравых, падобная на акулу, з цыліндрычным тулавам, доўгім хвастом і вялікімі плаўнікамі.

4. Спец. Арганізм, які складаецца з генетычна неаднародных тканак.

[Грэч. chimaira.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

А,

першая літара бел. алфавіта і інш. алфавітаў на лац. і рус. аснове. Графічнае напісанне паходзіць ад кірыліцкага (аз), якое генетычна звязана з грэч. α (альфа), а праз яго з фінікійскім 𐤀 (алеф). У кірыліцы мела і лікавае значэнне 1, з дадатковымі значкамі — 1000, — 10 000, — 100 000, — 1 000 000. У сучаснай бел. мове літара «а» абазначае галосны гук «а» сярэдняга раду ніжняга пад’ёму.

т. 1, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІЯЛІ́ТЫ [ад грэч. ophis змяя + ...літ(ы)],

асноўныя і ультраасноўныя інтрузіўныя (дуніты, перыдатыты, піраксеніты, габра), эфузіўныя (пераважна базальты і іх туфы) і асадкавыя (глыбакаводныя асадкі акіянскага тыпу) горныя пароды, якія трапляюцца разам. Афіяліты разглядаюць як рэлікты акіянскай кары геал. мінулага, перамешчаныя на ўскраіны мацерыкоў. Важна даследаваць афіяліты, каб выяўляць радовішчы рудаў, генетычна звязаныя з пародамі афіялітавага комплексу (хрому, нікелю, плаціны, золата, ртуці і інш.), а таксама вывучаць развіццё зямной кары.

т. 2, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАХРАМАЦІ́Н (ад гетэра... + храмацін),

участкі кандэнсаванага храмаціну, які захоўваецца на працягу клетачнага цыкла. Стан гетэрахрамаціну вызначаецца кампактызацыяй ДНК і яе трывалай сувяззю з бялкамі (гістонамі). Інтэнсіўна афарбоўваецца ядз. фарбавальнікамі, уранілацэтатам і ў інтэрфазных ядрах відзён пад светлавым і электронным мікраскопамі як сетка цёмнага рэчыва. Ёсць у цэнтрамеры, целамеры, ядзеркавым арганізатары. Генетычна інертны. Абагачаны сатэлітнай ДНК і ўздзейнічае на актыўнасць генаў у сумежным эўхрамаціне. Гетэрахрамацін лічаць адказным за адгезію (зліпанне) сястрынскіх храматыд, за сінапс храмасом і рэкамбінацыю генаў пры красінговеры.

т. 5, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)