МАРКЕ́ ((Marquet) Альбер) (27.3.1875, г. Бардо, Францыя — 14.6.1947),

французскі жывапісец-пейзажыст. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1895—98) у Г.​Маро. У ранні перыяд зазнаў уплыў мадэрну (афармленне Сусв. выстаўкі ў Парыжы, 1900). У 1905—07 прымыкаў да фавізму («Кірмаш у Гаўры», «Пляж у Сент-Адрэс», «14 ліпеня ў Гаўры», «Сяржант каланіяльных войск»). Пазней пісаў пейзажы, адметныя лаканізмам малюнка, спакойнай яснасцю кампазіцыі, зладжанай гамай лёгкіх валёрных тонаў з выразнымі колеравымі акцэнтамі: «Гамбургскі порт», «Везувій», «Марына (Неапаль)» (усе 1909), «Нотр-Дам зімой», «Дажджлівы дзень у Парыжы» (абодва 1910), «Мост Сен-Мішэль» (1912), «Бужы» (1925), «Порт Гаўр» (1934), «Парыж уначы» (1938), «Набярэжная Канці ў снезе» (1947) і інш. Ствараў таксама партрэты, літаграфіі, малюнкі, кніжныя ілюстрацыі.

В.​Я.​Буйвал.

А.Марке. Марына (Неапаль). 1909.

т. 10, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРНАРДЭ́Н ДЭ СЕН-П’Е́Р ((Bernardin de Saint-Pierre) Жак Анры) (19.1.1737, г. Гаўр, Францыя — 21.1.1814),

французскі пісьменнік-сентыменталіст. Аўтар кн. нарысаў «Падарожжа на Іль-дэ-Франс» (1773), рамана-трактата «Аркадыя» (не скончаны, 1781), філас. эсэ «Эцюды аб прыродзе» (1784), «Гармоніі прыроды» (выд. 1815), сатыр.-філас. навел «Індыйская хаціна» (1791), «Сурацкая кавярня» (1791; рус. пер. Н.​М.​Карамзіна, 1792; пер. і перапрацоўка Л.​М.​Талстога, 1891). Як і для Ж.​Ж.​Русо, для Бернардэна дэ Сен-П’ера характэрны культ прыроды і пачуцця, жыцця ў згодзе з законамі прыроды і свайго сэрца. Раман-утопія «Поль і Віржыні» (1788) — гімн каханню і «натуральнаму чалавеку».

Тв.:

Рус. пер. — Поль и Виржиния: Роман. М., 1962.

Літ.:

Гуляев Н.А. Бернарден де Сен-Пьер // История зарубежной литературы XVIII в.: Страны Европы и США. М., 1984.

Г.​В.​Сініла.

т. 3, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЕГЕ́Р ((Honegger) Арцюр) (10.3.1892, г. Гаўр — 27.11.1955),

французскі кампазітар. Чл. Ін-та Францыі (1938). Буйнейшы майстар франц. музыкі 20 ст. У сваёй яркай, у многім наватарскай творчасці апіраўся на нац. традыцыі. На аснове сінтэзу элементаў розных мастацтваў стварыў новыя разнавіднасці сцэн. жанраў. З 1920-х г. працаваў пераважна ў оперна-аратарыяльным жанры (драм. араторыі «Цар Давід», 1921; «Жанна д’Арк на вогнішчы», 1935, паст. 1938, у Мінску 1971). З 1940-х г. пісаў пераважна сімф. музыку. Аўтар опер «Юдзіф» (паст. 1926), «Антыгона» (паст. 1927), «Арляня» (1937); сцэн. араторый «Крыкі свету» (1932), «Скокі мёртвых» (1938), драм. легенды «Нікала з Флю» (1941); «Каляднай кантаты» (1953); балетаў, аперэт; 5 сімфоній (1930—50); арк. твораў, у т. л. «Пасіфік 231» (1923) і «Рэгбі» (1928); канцэртаў; музыкі для т-ра, радыё і кіно. Адзін з арганізатараў і віцэ-прэзідэнт Міжнар. муз. савета, прэзідэнт Міжнар. федэрацыі і асацыяцыі аўтараў тэатр. музыкі.

Літ. тв.: Рус. пер. — Я — композитор. Л., 1963.

Літ.:

Филенко Г. Онеггер // Музыка XX века: Очерки. М., 1984. Ч. 2, кн. 4.

т. 1, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЛАНТЫ́ЧНЫ АКІЯ́Н (лац. Mare Atlanticum, грэч. Atlantis),

частка Сусветнага ак. паміж Еўропай, Афрыкай, Антарктыдай, Паўд. і Паўн. Амерыкай. Другі па велічыні і глыбіні (пасля Ціхага акіяна) на Зямлі. Працягласць Атлантычнага акіяна з Пн на Пд каля 15 тыс. км. Пл. 91,6 млн. км², аб’ём вады 329,7 млн. м³. Сярэдняя глыб. каля 3600 м, найб. — 8742 м (жолаб Пуэрта-Рыка).

Берагі. Берагавая лінія моцна расчлянёная ў Паўн. паўшар’і, дзе размешчаны амаль усе моры і вял. залівы Атлантычнага акіяна (Балтыйскае, Паўночнае, Міжземнае, Карыбскае моры і інш. і буйн. залівы Біскайскі і Гвінейскі), і слаба парэзана ў Паўднёвым (мора Уэдэла, Скота, Лазарава — каля Антарктыды). Важная асаблівасць Атлантычнага акіяна — наяўнасць міжземных мораў (Мексіканскі заліў і Карыбскае м. на З і Сярэднеземнаморскі бас. на У).

Астравы. Агульная пл. астравоў 1070 тыс. км². Асн. група мацерыковага паходжання: Брытанскія, Канарскія, Зялёнага Мыса, Фалклендскія (Мальвінскія), В. Антыльскія, Ньюфаўндленд і часткова М. Антыльскія. Ёсць вулканічныя (Азорскія, Св. Алены, Трыстан-да-Кунья і інш.) і каралавыя (Багамскія і інш.).

Рэльеф дна і тэктанічная будова. У будове дна вылучаюцца падводная ўскраіна мацерыкоў (шэльф), мацерыковы схіл і ложа акіяна. Шэльф займае каля 10,3% пл. дна, мае слабы нахіл у бок адкрытага акіяна. Каля берагоў в-ва Грэнландыя, п-ва Лабрадор шырыня шэльфа дасягае 300—400 км. Параўнальна вузкая шэльфавая зона акаймоўвае Зах. Еўропу і берагі Зах. Афрыкі. Уздоўж аргенцінскага берага шырыня шэльфа 400 км і глыб. 140—150 м; каля вусця Амазонкі 300 км; уздоўж гвіянскага ўзбярэжжа 90 км. Шэльфавая зона ў паўд. ч. Карыбскага м. і ў раёне Антыльскіх а-воў развіта слаба. Мацерыковы схіл стромкі, парэзаны падводнымі каньёнамі, самы вял. з іх — Гудзон. Рэльеф ложа — спалучэнне падводных хрыбтоў, падняццяў і катлавін. У цэнтр. ч. акіяна ад в-ва Ісландыя да в-ва Буве на 18 тыс. км цягнецца S-падобны мерыдыянальны Сярэдзінна-Атлантычны хрыбет, які падзяляе Атлантычны акіян на ўсх. і зах. часткі (з глыбінёй над ім каля 3000 м; на У і З ад яго — 5000—6000 м). На Пн (каля Ісландыі) хрыбет мае назву Рэйк’янес, на Пд каля в-ва Буве хрыбет паварочвае на У і пераходзіць у Афрыканска-Антарктычны хрыбет. Там, дзе хрыбет уздымаецца на ўзр. мора, — астравы вулканічнага паходжання (Ісландыя, Азорскія, Сан-Паўлу і інш.). Важнейшая рыса будовы Сярэдзінна-Атлантычнага хр. — папярочныя разломы (Чарлі Гібса, Атлантыс, Кейн, Віма, Романш, Сан-Паўлу, Св. Алены і інш.), якія разбіваюць асн. хрыбет на асобныя блокі з шыротным зрушэннем іх адносна восі. На З і У ад Сярэдзінна-Атлантычнага хр. размешчаны падводныя ўзвышшы (Рыу-Гранды, Бермудскае), плато (Хатан, Зялёнага Мыса), хрыбты (Кітовы хрыбет, Паўднёва-Антыльскі хрыбет) і ўзвышшы, якія раздзяляюць катлавіны Паўночна-Амерыканскую, Бразільскую, Аргенцінскую, Заходне-Еўрапейскую, Канарскую, Ангольскую, Капскую і інш. з глыб. больш за 3000 м.

Донныя адклады. Найб. пашыраны арганагенныя адклады (фарамініферавыя ці глабігерынавыя глеі), якія займаюць 67,5% плошчы дна ад Ісландыі да 57—58° паўд. шыраты. Чырвоныя гліны (каля 25% плошчы) высцілаюць днішчы амаль усіх глыбакаводных катлавін. Тэрыгенныя адклады (жвірова-галечны матэрыял, гліны) пашыраны на шэльфе, мацерыковым схіле і шырокай паласой акаймоўваюць ложа акіяна каля ўзбярэжжаў ЗША, Бразіліі, Аргенціны, Антарктыды. Карысныя выкапні: золата і алмазы (у рачных вынасах паўд.-ўсх. часткі), фасфарыты (на шэльфе), нафта і газ (Венесуэльскі зал., Мексіканскі зал., Паўночнае м.), жал. руда (каля Ньюфаўндленда і інш.), алавяныя руды (каля берагоў Вялікабрытаніі), жалеза-марганцавыя канкрэцыі (каля Фларыды, Паўд. Афрыкі) і інш.

Клімат. Атлантычны акіян размешчаны з Пн на Пд амаль ва ўсіх кліматычных паясах — ад экватарыяльнага да субарктычнага на Пн і антарктычнага на Пд. Над ім развіваюцца 4 асн. цэнтры дзеяння атмасферы — Ісландскі і Антарктычны мінімумы, Паўн.-Атлантычны (Азорскі) і Паўд.-Атлантычны максімумы, якія ў раёне экватара падзелены зонай паніжанага ціску. Гэтыя цэнтры пры ўзаемадзеянні з іншымі абласцямі атм. ціску абумоўліваюць панаванне моцных зах. вятроў ва ўмераных шыротах і паўн.-ўсх. і паўд.-ўсх. вятроў (пасатаў) у субтрапічных і трапічных шыротах, адпаведна Паўн. і Паўд. паўшар’яў. Найб. моцныя вятры ва ўмераных шыротах Паўд. паўшар’я («равучыя саракавыя»). Для паўн. трапічных шырот характэрны т.зв. вест-індскія ураганы, якія пануюць з чэрв. да ліст. і перасякаюць акіян з У на З.

Гідралагічны рэжым. Паверхневыя цячэнні пад уплывам цыркуляцыі атмасферы ўтвараюць у субтрапічных і трапічных шыротах антыцыкланальны, а ў паўн. умераных і паўд. высокіх — цыкланальны кругаварот. Характэрная рыса Атлантычнага акіяна — магутная сістэма Гальфстрыма. Гальфстрым і яго працяг — Паўночна-Атлантычнае цячэнне — утвараюць адпаведна зах. і паўн. перыферыі паўн. антыцыкланальнага кругавароту, у якім усх. перыферыя — халоднае Канарскае цячэнне, паўд. — цёплае Паўночнае Пасатнае цячэнне. Паўночны цыкланальны кругаварот складаецца цячэннямі — цёплымі Паўн.-Атлантычным і Ірмінгера і халодным Лабрадорскім, якое паступае з м. Бафіна. У паўд. частцы атлантычны антыцыкланальны кругаварот утвараецца на Пн з З цёплымі Паўд. Пасатным і Бразільскім. Цыкланальны кругаварот развіваецца каля 50° паўд. ш. з цэнтрам у м. Уэдэла. Атлантычныя цыркуляцыі паўн. і паўд. частак Атлантычнага акіяна падзяляюцца летам на Пн ад экватара Міжпасатным (Экватарыяльным) проціцячэннем, якое зімой зменьваецца агульным зах. пераносам паверхневых водаў. Больш пастаяннай мяжой з’яўляецца на экватары падпаверхневае проціцячэнне Ламаносава. Т-ра вады на паверхні Атлантычнага акіяна зімой (у лютым у паўн., у жніўні ў паўд. частцы) ад 28 °C на экватары да 6 °C на 60° паўн. ш. І -1 °C на 60° паўд. ш., летам (у жніўні ў паўн., у лют. у паўд. частцы) адпаведна ад 26 °C да 10 °C і каля О °C. Салёнасць 34—37,3‰. Самая вял. шчыльнасць вады больш за 1027 кг/м³ на ПнУ і Пд; да экватара змяншаецца да 1022,5 кг/м³. Прылівы пераважаюць паўсутачныя (да 18 м у зал. Фанды). У асобных раёнах прылівы мяшаныя і суткавыя (ад 0,5 да 2,2 м). Ільды ў паўн. частцы Атлантычнага акіяна ўтвараюцца толькі ва ўнутр. морах умераных шырот (Балтыйскім, Паўночным, Азоўскім і інш.). Вялікая колькасць ільдоў і айсбергаў выносіцца ў адкрыты акіян з Паўн. Ледавітага ак. (да 30° паўн. ш.), утвараецца каля Антарктыды і ў м. Уэдэла, дасягаючы 35° паўд. ш.

Флора і фауна. Атлантычны акіян насяляюць каля 2000 тыс. відаў раслін і жывёл. Да глыб. 100—200 м донная расліннасць (ламінарыі, зялёныя і чырв. водарасці). У трапічным поясе сіне-зялёныя, у палярным — дыятомавыя водарасці, у Саргасавым м. вял. колькасць саргасавых. Значную масу планктону складаюць ракападобныя — амфіподы і эраўзііды, крыль Кітоў і ластаногіх каля 100 відаў. Агульная колькасць відаў рыб перавышае 15 тысяч. Фауна трапічных шырот — радыялярыі, сіфанафоры, медузы, крабы, лятучыя рыбы, акулы, марскія чарапахі і кашалоты; умераных і палярных — весланогія ракападобныя і крыланогія малюскі, селядзец, трасковыя і камбалавыя рыбы, кіты, ластаногія і інш. Глыбакаводная фауна — ігласкурыя рыбы, губкі, гідроіды. Марскіх птушак мала; у Антарктыцы — фрэгаты, альбатросы, пінгвіны і інш.

Гаспадарчае выкарыстанне. Атлантычны акіян дае 35% сусв. ўлову рыбы. Гал. прамысловыя віды: траска, мойва, селядзец, стаўрыда, марскі акунь, скумбрыя, тунец; значнае месца належыць беспазваночным (крэветкі, вустрыцы, мідыі, кальмары). Прамысловыя раёны: паўн.-ўсх., цэнтр.-ўсх. і паўд.-заходні. Вядзецца здабыча нафты і газу (Венесуэльскі, Мексіканскі, Гвінейскі залівы, Паўн. і Міжземнае моры), серы (Мексіканскі зал.), жал. руды (каля п-ва Ньюфаўндленд, Фінляндыі і інш.), каменнага вугалю (прыбярэжныя раёны Канады і Вялікабрытаніі) і інш. Прыліўная электрастанцыя ў вусці р. Ранс (Францыя). На долю Атлантычнага акіяна прыпадае прыблізна ​2/3 аб’ёму сусв. марскога гандлю. Самая шчыльная сетка акіянскіх шляхоў паміж 35—40 і 55—60° паўн. ш. (маршруты паміж партамі Еўропы і Паўн. Амерыкі). Над паўн. часткай Атлантычнага акіяна пралягаюць асн. трансатлантычныя авіялініі, па дне пракладзены тэлеграфныя кабелі (агульная даўж. каля 200 тыс. км). Развіты прыморская рэкрэацыя і марскі турызм. Важнейшыя парты: Ротэрдам (Нідэрланды), Антверпен (Бельгія), Марсель, Гаўр (Францыя), Гамбург (Германія), Лондан (Вялікабрытанія), Генуя (Італія), Новарасійск, Санкт-Пецярбург (Расія), Ільічоўск, Адэса (Украіна), Рыга (Латвія), Дакар (Сенегал), Кейптаун (ПАР), Буэнас-Айрэс (Аргенціна), Нью-Йорк, Х’юстан, Новы Арлеан, Філадэльфія (ЗША).

Літ.:

Леонтьев О.К. Физическая география Мирового океана. М., 1982;

Слевич С.Б. Океан: ресурсы и хозяйство Л., 1988;

Богданов Д.В. Океаны и моря накануне XXI века. М., 1991.

А.​М.​Вітчанка.

Рэльеф дна Атлантычнага акіяна.

т. 2, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́Ж (Paris),

горад, сталіца Францыі. Знаходзіцца на р. Сена, пры ўпадзенні ў яе рэк Марна і Уаза. 2152 тыс. ж. (1997). Разам з прыгарадамі (Версаль, Сен-Дэні, Іўры, Аржанцёй, Дрансі, Булонь-Біянкур, Мантрой і інш.) утварае самастойны дэпартамент Вял. П. (нас. каля 10 млн. чал.). Гал. горад гіст. вобласці Іль-дэ-Франс. Гал. трансп. вузел краіны (16 чыгунак і больш за 20 аўтадарог). Міжнар. аэрапорты: Шарль дэ Голь, Буржэ, Арлі. Сена звязвае П. з морам (аванпорт Гаўр). Гал. эканам., навук. і культ. цэнтр краіны. Галіны прам-сці — разнастайнае машынабудаванне (асабліва станка-, аўта- і авіябудаванне), вырабы дакладнай механікі і оптыкі, электронная, эл.-тэхн., ваенная, хім. (гумавая, фармацэўтычная, выраб фотаматэрыялаў, пластмас і інш.), харч., паліграф., папяровая, мэблевая прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў і інш. П. — міжнар. заканадаўца мод, выпускаецца больш за 30% гатовага адзення ў краіне. Сусветную вядомасць мае выраб прадметаў туалету, галантарэйных і ювелірных вырабаў, сувеніраў. У П. больш за 50% банкаў краіны, гораду належыць вядучая роля ва ўнутр. і знешнім гандлі Францыі. Рэгулярна праводзяцца міжнар. кірмашы. Горад наведваюць штогод больш за 15 млн. турыстаў. Метрапалітэн. Месцазнаходжанне ЮНЕСКА і інш. міжнар. арг-цый.

Засн. на месцы паселішча гальскага племя парызіяў (адсюль назва). Пад назвай Лютэцыя згадваецца Юліем Цэзарам (53 да н.э.). У 355—363 н.э. рэзідэнцыя рым. імператара Юліяна Адступніка. З 497 пад уладай франкаў, рэзідэнцыя (з 508) караля Хлодвіга I. Пры Каралінгах цэнтр графства. У 855—886 вытрымаў аблогу нарманаў. З 987 сталіца франц. дзяржавы. У гады праўлення караля Філіпа II Аўгуста горад абнесены сценамі, забрукаваны вуліцы, будаваўся Луўр. У 1215 засн. ун-т. У 13—14 ст. буйны гандл. і рамесніцкі цэнтр, найбольшы горад у Еўропе (у пач. 14 ст. 100 тыс. чал.). У 1348 эпідэмія чумы знішчыла ​1/3 яго жыхароў. Парыжане ўдзельнічалі ў парыжскім паўстанні 1357—58, паўстаннях 1382 і 1413. У Стогадовую вайну 1337—1453 горад заняты (1420—36) англ. войскамі. У 1420-я г. — сярэдзіне 16 ст. П. страціў ролю паліт. цэнтра, які перамясціўся ў луарскія замкі (рэзідэнцыя франц. каралёў). У час рэлігійных войнаў 16 ст. П. — апора каталіцызму. У 1572 тут адбылося масавае знішчэнне гугенотаў (гл. Варфаламееўская ноч). У П. разгортваліся гал. падзеі Фронды (1648—53). У 1682 каралеўская рэзідэнцыя з П. перанесена ў Версаль (да 1789). З 2-й пал. 17 ст. П. — сусветны цэнтр навукі, л-ры і мастацтва. 14.7.1789 у П. адбыўся штурм Бастыліі, падзенне якой стала пачаткам Французскай рэвалюцыі 1789—99 (у гады рэвалюцыі П. атрымаў правы муніцыпальнага самакіравання; у час праўлення Напалеона I (1804—1814] пазбаўлены гэтых правоў). У сак. 1814 і ліп. 1815 П. акупіраваны войскамі антыфранц. кааліцыі. Адыгрываў важнейшую ролю ў Франц. рэвалюцыях 1830 і 1848. У 1847 у горадзе 1 млн. жыхароў. У 1853 пракладзены праспекты і бульвары, удасканалена сістэма водазабеспячэння і асвятлення (32 тыс. газавых ліхтароў). Месца правядзення сусв. выставак (1855, 1867, 1889, 1900, 1937). У франка-прускую вайну 1870—71 вытрымаў аблогу ням. войск; у горадзе ўсталявалася Парыжская камуна 1871. У 1896 у П. 2,5 млн. чал. У 1-ю сусв. вайну горад пацярпеў ад ням. бамбардзіровак. У П. праводзіліся II (1900) і VIII (1924) Алімпійскія гульні. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны (1940) ням. войскамі, цэнтр руху Супраціўлення. Вызвалены ў выніку Парыжскага паўстання 1944. У 1949—67 у П. знаходзілася штаб-кватэра НАТО. П. — месца правядзення шматлікіх міжнар. сустрэч, падпісання шэрагу міжнар. пагадненняў і дагавораў.

Захаваліся руіны амфітэатра 1 ст. і тэрм 2—3 ст. У 6—11 ст. П. быў абкружаны кальцом кляштараў: Сен-Жэрмен-л’Аксеруа, Сен-Жэрве, Сен-Мартэн-дэ-Шан, бенедыкцінцаў на Манмартры, Сен-Віктор, Сен-Марсель, Нотр-Дам-дэ-Шан. У 12—13 ст. гар. раёны па абодвух берагах р. Сена абнесены каменнай сцяной. У забудове сучаснага П. захавалася сярэдневяковая радыяльна-кальцавая планіроўка. Радыяльныя магістралі перасякаюцца кольцамі бульвараў, пракладзеных на месцы б. крапасных сцен. Гіст. ядро П. складаюць 3 цэнтры: дзярж. і рэліг. на в-ве Сітэ, універсітэцкі на левым беразе і гандл.-рамесны на правым беразе р. Сена. У 16—17 ст. у хаатычную сярэдневяковую забудову ўнесены элементы рацыянальнай планіроўкі, склаліся гал. рэнесансавыя і класіцыстычныя ансамблі, плошчы Вагезаў (б. Каралеўская; 1606—12), Вандомская (1685—1701), Перамог (1685—86, абедзве арх. Ж.​Ардуэн-Мансар). У 18 — пач. 19 ст. рэканструяваны цэнтр, створаны плошчы Людовіка XV (цяпер Згоды; 1755—63, арх. Ж.​А.​Габрыэль) і Карузель з трыумфальнай аркай (1806, арх. Ш.​Персье, П.​Фантэн), пабудавана больш за 50 застаў, т.зв. прапілеяў П. (захаваліся 4, 1784—89, арх. К.​Н.​Леду). У 1853—96 упарадкавана сетка гал. магістралей, створаны новыя плошчы (Рэспублікі, 1854—62), скверы і лесапаркі, у т. л. Булонскі і Венсенскі лясы, бульвары, азялененыя вуліцы з добраўпарадкаванымі рэспектабельнымі будынкамі. Берагі Сены ў раёне «Вялікага П.» злучаюць 60 мастоў. У канцы 19 — пач. 20 ст. інтэнсіўна раслі жылыя раёны ўскраін, пракладзены метрапалітэн (1-я чарга ў 1897—1904, афармленне ўваходаў у стылі мадэрн, арх. Э.​Гімар). У 1920—30-я г. забудаваны прыгарады (комплексы ў Ле-Прэ-Сен-Жэрве, Пантэне, Дрансі), у 1950-я г. створаны буйныя жылыя масівы Бабіньі, Баньё, Масі-Антані, Баньёле і інш. У 1960—90-я г. забудоўваюцца жылыя раёны на перыферыі П. (Крэтэй, Нантэр), рэканструюецца цэнтр. Гал. арх. ансамблі: на в-ве Сітэ — Парыжскай Божай Маці сабор, Палац правасуддзя (1783—86, арх. П.​Дэмезон, Ж.​Д.​Антуан) з гатычнай капліцай Сент-Шапель (1243—48); на левым беразе Сены — Дом інвалідаў (з 1671, арх. Л.​Бруан і інш.) з саборам (1671—1708; паводле інш. звестак, 1680—1706; у інтэр’еры грабніца Напалеона 1, 1843—60), адкрыты на Эспланаду (плошчу) інвалідаў (1704—20) з мостам Аляксандра III (1896—1900); Марсава поле (сучасная планіроўка 1908—28, арх. К.​Фарміге) з Эйфелевай вежай, Пантэон (б. касцёл Сент-Жэнеўеў, 1755—89, арх. Ж.​Ж.​Суфло), б-ка Сент-Жэнеўеў (1843—50, арх. А.​Лабруст); на правым беразе Сены — пл. Згоды, на якой перасякаюцца гал. гар. восі, Луўр, Елісейскія палі (17 ст., арх. А.​Ленотр, забудавана пераважна ў канцы 19 ст.), пл. дэ Голя з трыумфальнай аркай (1806—37, рэльефы), якія ўтвараюць анфіладу плошчаў цэнтра П. Сярод арх. помнікаў гатычныя касцёлы Сен-Жэрмен-дэ-Прэ (11—17 ст.) і Сен-П’ер-дэ-Манмартр (1147), атэлі Клюні (1498) і Карнавале (1544, арх. П.​Леско, скульпт. Ж.​Гужон, абодва цяпер музеі); палацы Люксембургскі (Сенат; 1615—20, арх. С. дэ Брос), Каралеўскі (Пале-Руаяль; 1629—36, арх. Ж.​Лемерсье) і Бурбонскі (цяпер Палата дэпутатаў; 1722); комплексы будынкаў Сарбоны (з 1635, арх. Лемерсье і інш), кляштара Валь-дэ-Грас (1645—1710, арх. Ф.​Мансар, Лемерсье, П.​Лемюэ і інш.), Калеж чатырох нацый (цяпер Ін-т Францыі; 1661, арх. Л.​Лево), касцёл Сен-Сюльпіс (1646—1749), базіліка Сакрэ-Кёр на ўзгорку ў раёне Манмартра (1875, арх. П.​Абадзі), т-р «Гранд-апера» (1861—75, арх. Ш.​Гарнье; размалёўка плафона глядзельнай залы М.​Шагала, 1964), палац Шаё (1936—37, арх. Л.​Азема і інш.). Найб. значны горадабудаўнічы ансамбль 20 ст. — грамадска-дзелавы цэнтр квартала Дэфанс, які ўключае Нац. цэнтр прам-сці і тэхнікі (1958, арх. Б.​Зерфюс і інш.), вышынны дзелавы цэнтр Мен-Манпарнас (1964—73, арх. Э.​Бадуэн і інш.), комплекс «Фронт Сены» (з 1965), Вял. арку (1982, арх. І.О. фон Шпрэкельсен), шматлікія небаскробы і інш. Сярод жылых і грамадскіх пабудоў: т-р Елісейскіх палёў (1911—13, арх. А. і Г. Перэ, рэльефы А.​Бурдэля, размалёўкі М.​Дэні), вілы Ла-Рош (1923), Стайн (1927), у Пуасі (1929—31, усе арх. Ле Карбюзье), будынкі ЮНЕСКА (1953—57, арх. М.​Броер, Зерфюс і інш., інж. П.​Л.​Нерві), цэнтр «Італі» (з 1968), амёбападобныя жылыя дамы ў парку Дэфанс (1976—90, арх. Э.​Аё), Нац. цэнтр мастацтва і культуры імя Ж.​Пампіду (1977, арх. Р.​Піяно, Р.​Роджэрс і інш.), разбудова Луўра (1981—93). Каля П. ў Марне-ла-Вале пабудаваны вял. лунапарк «Еўрадыснейленд» (1992). У П. фантаны «Нявінных» (1547—49, арх. Леско, скульпт. Гужон), «4 пары года» (1739—45, скульпт. Э.​Бушардон) і інш. Набярэжная Сены з помнікамі архітэктуры ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Найважнейшыя помнікі П.: Калона Напалеона I на Вандомскай пл. (1806—10, арх. Ж.​Б.​Лепер, Ж.​Гандуэн), А. дэ Бальзаку (1893—97) і В.​Гюго (1866—1900, абодва скульпт. А.​Радэн), маршалу М.​Нею (1852—53), рэльеф «Марсельеза» на трыумфальнай арцы (1833—36, абодва Ф.​Руд), Сцяна камунараў на могілках Пер-Лашэз (1909, П.​Маро-Вацье), магіла Невядомага салдата пад аркай Зоркі (1921), мемарыялы Пакутнікаў Супраціўлення на ўзгорку Мон-Валер’ен (1960—61) і тым, што загінулі ў фаш. канцлагерах (на в-ве Сітэ, 1961).

У П. 13 ун-таў (створаны ў 1972 у выніку рэформы Парыжскага ун-та), Калеж дэ Франс, Вышэйшая практычная школа, Нац. політэхн. ін-т, Вышэйшая нармальная школа, Каталіцкі ін-т П., 2 кансерваторыі, Нац. вышэйшая школа выяўл. мастацтваў і інш.; Ін-т Францыі ў складзе 5 акадэмій, у т. л. Франц. акадэмія (з 1635), Акадэмія л-ры (з 1664), Акадэмія навук (з 1666); шматлікія НДІ і навук. т-вы, у т. л. Пастэраўскі ін-т, Ін-т арабскага свету, Ін-т радыю. Нац. б-ка і Нац. архівы. Буйнейшыя выд-вы, у т. л. Ашэт (з 1826), Ларус (з 1865). Каля 100 музеяў, у т. л. Луўр, Нац. музей сучаснага мастацтва, Музей чалавека, музеі Бальзака, Гюго, П.​Пікасо, А.​Радэна; шматлікія маст. галерэі. Каля 90 тэатраў, у т. л. «Камеды Франсэз», Парыжская опера; больш за 300 кінатэатраў. Бат. сад (з 1635; адзін з найстарэйшых у Еўропе).

Беларусы ў Парыжы. З часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай тут вучыліся некат. ўраджэнцы Беларусі, у т. л. Т.Касцюшка. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у П. з’явіліся і паліт. эмігранты з бел. зямель: удзельнікі паўстанняў 1794 (у т. л. М.К.Агінскі), 1830—31 (І.Дамейка і інш.), 1863—64 (В.Урублеўскі, К.​Далеўскі, Г.Корвін-Крукоўская і інш. рэвалюцыянеры, якія сталі ўдзельнікамі Парыжскай камуны 1871). Тут вучыліся мастацтву Н.Орда і інш. ўраджэнцы Беларусі, жылі мастакі В.Ваньковіч, М.Шагал і інш. Арганізаваная нац.-культ. дзейнасць беларусаў П. пачалася з узнікненнем у 1930 «Беларускага хаўрусу». У 1938 у П. створана «Бел. жаночая грамада імя А.​Пашкевіч (Цёткі)», стала выдавацца бел. газета «Рэха». Пасля 2-й сусв. вайны ў П. выдавалася першая з пасляваен. беларускамоўных газет у замежжы — «Беларускія навіны» (1945—47). З 1947 выходзілі бел. рэліг. час. «Божым шляхам» і штомесячнік «Моладзь», тут дзейнічаў старшыня Рады БНР М.Абрамчык. У канцы 1940 — пач. 1950-х г. у П. знаходзілася штаб-кватэра Сусветнага аб’яднання беларускай эміграцыі. З 2-й пал. 1950-х г. у сувязі з пераездам у інш. краіны ч. беларусаў іх грамадскае і нац.-культ. жыццё ў П. паступова згортвалася. У 1970 зноў актывізаваўся «Бел. хаўрус» (з 1991 яго старшыня — мастак М.Навумовіч). У 1980—90-я г. ў П. пераехалі В.Забораў, В.Дзёмкіна, мастак М.​Паўлоўскі і інш. Цяпер у П. жыве каля 1,3 тыс. беларусаў (асн. частка беларусаў Францыі). Дзейнічае бел. каталіцкая місія.

Літ.:

Париж.: Пер. с фр. М., 1976;

Favier J. Paris: Deux mille ans d’histoire. Paris, 1997;

Rouleau B. Paris: histoire d’un espace. Paris, 1997;

Лялькоў І. Gallia Albaruthensie, або Пяць стагодзьдзяў беларускае прысутнасьці ў Францыі // Спадчына. 1999. № 2.

Дз.​М.​Чаркасаў (гісторыя), Т.​А.​Папоўская (беларусы ў Парыжы).

Набярэжная Сены ў Парыжы.
Да арт. Парыж. Від на востраў Сітэ. Фрагмент мініяцюры з «Раскошнага часаслова герцага Берыйскага». Браты Лімбург. 1409—16.
Парыж. Калона Напалеона I на Вандомскай плошчы.
Парыж. Трыумфальная арка на плошчы дэ Голя.
Парыж. Вялікая арка ў квартале Дэфанс. 1982.

т. 12, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)