біялагічны заказнік на Беларусі, у Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл.Засн. ў 1996. Пл. 10 460 га. Створаны з мэтай захавання эталонных участкаў балотна-лугавых і лясных угоддзяў, стабілізацыі гідралагічнага рэжыму Дняпроўска-Бугскага балотна-карбанатна-саланчаковага комплексу. Расліннасць з бярозавага драбналесся з невял. лугамі; трыснягова-асакова-гіпнавае балота з бярозай пушыстай, вярбой попельнай і размарыналістай. На пагорках дрэвастоі з дуба, асіны, вольхі чорнай, граба, клёна, ліпы, ясеня, а таксама кустовыя віды: арэшнік, брызгліна бародаўчатая, жасцёр слабільны, каліна, крушына ломкая, свідзіна і інш. Фауна прадстаўлена млекакормячымі: андатра, бабёр, барсук, воўк, выдра, заяц-русак, дзік, казуля. ліс, лось, норка амер. сабака янотападобны, арнітафауна — відамі адкрытых прастораў, ляснымі, каляводнымі, балотнымі, сінантропнымі: крыжанкі, кулікі, луні лугавыя і камышовыя, пастушковыя, цецерукі, чыркі; з паўзуноў — чарапаха балотная; у энтамакомплексе 40 відаў матылёў. Занесеныя ў Чырв. кнігу: расліны — венерын чаравічак, гайнік цёмна-чырвоны, тайнік яйцападобны, жывёлы — аўсянка садовая, варакушка, журавель шэры, кулон вялікі, пустальга звычайная, сава балотная, саракуш шэры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
віды раслін, адносна якіх мясцовымі, дзярж. ці міжнар. актамі, пагадненнямі і канвенцыямі агавораны і дзейнічаюць спец. меры аховы. Звычайна гэта рэдкія для пэўнага рэгіёна і тыя, што знікаюць, асабліва карысныя ці каштоўныя па пэўных якасцях віды дзікарослых раслін, якім пад уплывам негатыўных прыродных ці антрапагенных уздзеянняў пагражае скарачэнне колькасці або знікненне з флоры. Асн. частка іх занесена ў міжнар., рэгіянальныя ці нац.Чырвоныя кнігі. У Чырв. кнізе Беларусі 180 відаў ахоўных раслін, у т. л. 156 сасудзістых (бяроза карлікавая, венерын чаравічак сапраўдны, кадзіла сармацкае, купальнік горны, цыбуля мядзведжая, гарлачык белы, піхта белая, пазнацвет асенні, пярэсна еўрапейская, хвошч вялікі і інш.), 15 мохападобных (андрэя скальная, меркія ірландская, сфагнум мяккі, цынклідотус дунайскі і інш.), 9 водарасцяў (гільдэнбрантыя рачная, нітэла грацыёзная, хара грубая і інш.), 17 відаў грыбоў (пархавік вялізны, спарасіс кучаравы, труфля летняя і інш.) і 17 лішайнікаў (лабарыя ямістая і лёгачная, уснея квітучая і інш.).