ГА́ЙНІК (Epipactis),

род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўропы, Азіі, у Афрыцы і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляюцца гайнікі: балотны (Epipactis palustris), расце на балотах, забалочаных лугах, у хмызняках; чамярыцападобны (Epipactis helleborine), расце ў хваёвых, лісцевых і мяшаных лясах; цёмна-чырвоны (Epipactis atrorubens), расце ў лісцевых і хваёвых лясах, рэдкі від, занесены ў Чырв. кнігу.

Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным сцяблом выш. да 1 м і моцным паўзучым або пакарочаным карэнішчам. Лісце чаргаванае, простае, сядзячае, падоўжана-яйцападобнае. Кветкі паніклыя, двухполыя, белыя, ружовыя, цёмна-чырв., зеленаватыя і інш. колеру, пераважна ў аднабокіх рыхлых і доўгіх гронках. Плод — каробачка. Лек. і дэкар. расліны.

Гайнік балотны.

т. 4, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́КАВА,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл. Засн. ў 1994 з мэтай аховы лясных фармацый з наборам рэдкіх відаў раслін. Пл. 1523 га. Балоты нізіннага тыпу чаргуюцца з дубовымі, дубова-грабавымі, хваёва- і ясянёва-дубовымі лясамі. Папуляцыі раслін з Чырв. кнігі: зубніца клубняносная, пылкагалоўнік чырвоны, кадзіла сармацкае, касач сібірскі, лілея царскія кучары, гайнік цёмна-чырвоны, тайнік яйцападобны. Самая вял. на Беларусі папуляцыя венерынага чаравічка (каля 2 тыс. экз.). 3 лек. раслін пашыраны ландыш майскі, валяр’ян лекавы, дзівасіл, дзядкі аптэчныя, святаяннік прадзіраўлены і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 9, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕКАЛІ́НСКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Смалявіцкім р-не Мінскай вобл. Створаны ў 2000 з мэтай захавання ў натуральным стане лясных фармацый з рэдкімі і знікаючымі відамі раслін і жывёл. Пл. 2129 га. Рэльеф дробнаўзгорысты, градава-марэнны, узвышаны, з камамі. Хваёвыя (78%), яловыя (8,5%) і бярозавыя (13%) лясы. У флоры 583 віды сасудзістых раслін, у т. л. купальнік горны, баранец звычайны, гайнік цёмна-чырвоны, гарлянка пірамідальная, змеегалоўнік Руйша, ядрушка даўгарогая, лілея кучаравая, шпажнік чарапіцавы занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У фауне 20 відаў млекакормячых, 7 амфібій, 4 паўзуноў, 85 птушак, 164 насякомых (каршачок, жужалі рашэцісты і фіялетавы, пераліўніца вялікая і інш. занесены ў Чырв. кнігу Беларусі).

П.​І.​Лабанок.

т. 12, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДАКО́ВА,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл. Створаны ў 1991 для захавання ў натуральным стане унікальнага балотна-ляснога ландшафтнага комплексу поўдня Бел. Паазер’я з папуляцыямі гасп.-каштоўных, рэдкіх і знікаючых відаў раслін. Пл. 369 га. Рэльеф узгорысты. Лясы займаюць 82,5% тэр.: бярэзнікі чарнічныя, кіслічныя, арляковыя з дамешкамі хвоі, дубу, клёну, ліпы, ясеню; хвойнікі імшыстыя; чорнаалешнікі; кустоўе з ляшчыны, крушыны, ядлоўцу, каліны, чаромхі, брызгліны бародаўчатай, мяккай і лямцавай, барбарысу звычайнага, цёрну крывава-чырвонага, вярбы попельнай і чарнеючай. На сухадольных і вільготных лугах віды, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі: асака воласападобная і птушканожкавая, ятрышнік дрэмлік, гарычка крыжападобная, касач сібірскі, пярэсна еўрапейская, пустапялёснік зялёны, ядрушка даўгарогая, пальчатакарэннік балтыйскі, тайнік яйцападобны; у хвойніках — купальнік горны, гайнік цёмна-чырвоны і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАВЕ́ЖСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПАРК,

у Польшчы, ва ўсх. ч. Падляска-Белавежскіх нізін у Падляска-Мазурскім краі; частка ляснога масіву Белавежскай пушчы. Засн. ў 1947. Пл. 5317 га, у т. л. пад лесам 4904 га (92%). 89% пл. (4747 га) пад рэзерватам — зонай абсалютнай аховы. У флоры 632 віды сасудзістых раслін (у т. л. бяроза цёмная, мнаганожка звычайная, гайнік цёмна-чырвоны, пылкагалоўнік чырвоны, тайнік сэрцападобны, каменяломнік балотны), больш за 1000 відаў грыбоў, 250 лішайнікаў, 80 імхоў, водарасці. Сярод 11 тыс. відаў жывёл, што трапляюцца ў парку, тыповыя для гэтага рэгіёна прадстаўнікі млекакормячых, у т. л. ахоўныя зубр і бабёр, каля 200 птушак, 8,5 тыс. відаў насякомых, шматлікія паўзуны і земнаводныя. Ёсць музей прыроды, стараж. прысядзібны палацавы парк, дзе створаны закрыты рэзерват гадоўлі зуброў. Па рашэнні ЮНЕСКА з 1977 Белавежскі нацыянальны парк з’яўляецца біясферным (міжнародным) рэзерватам, уключаны ў спіс аб’ектаў сусветнай культ. і прыроднай спадчыны.

Т.​А.​Сабалеўская.

т. 2, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАНЕ́Ц,

біялагічны заказнік на Беларусі, у Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл. Засн. ў 1996. Пл. 10 460 га. Створаны з мэтай захавання эталонных участкаў балотна-лугавых і лясных угоддзяў, стабілізацыі гідралагічнага рэжыму Дняпроўска-Бугскага балотна-карбанатна-саланчаковага комплексу. Расліннасць з бярозавага драбналесся з невял. лугамі; трыснягова-асакова-гіпнавае балота з бярозай пушыстай, вярбой попельнай і размарыналістай. На пагорках дрэвастоі з дуба, асіны, вольхі чорнай, граба, клёна, ліпы, ясеня, а таксама кустовыя віды: арэшнік, брызгліна бародаўчатая, жасцёр слабільны, каліна, крушына ломкая, свідзіна і інш. Фауна прадстаўлена млекакормячымі: андатра, бабёр, барсук, воўк, выдра, заяц-русак, дзік, казуля. ліс, лось, норка амер. сабака янотападобны, арнітафауна — відамі адкрытых прастораў, ляснымі, каляводнымі, балотнымі, сінантропнымі: крыжанкі, кулікі, луні лугавыя і камышовыя, пастушковыя, цецерукі, чыркі; з паўзуноў — чарапаха балотная; у энтамакомплексе 40 відаў матылёў. Занесеныя ў Чырв. кнігу: расліны — венерын чаравічак, гайнік цёмна-чырвоны, тайнік яйцападобны, жывёлы — аўсянка садовая, варакушка, журавель шэры, кулон вялікі, пустальга звычайная, сава балотная, саракуш шэры.

П.​Д.​Лабанок.

т. 7, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

віды раслін, адносна якіх мясцовымі, дзярж. ці міжнар. актамі, пагадненнямі і канвенцыямі агавораны і дзейнічаюць спец. меры аховы. Звычайна гэта рэдкія для пэўнага рэгіёна і тыя, што знікаюць, асабліва карысныя ці каштоўныя па пэўных якасцях віды дзікарослых раслін, якім пад уплывам негатыўных прыродных ці антрапагенных уздзеянняў пагражае скарачэнне колькасці або знікненне з флоры. Асн. частка іх занесена ў міжнар., рэгіянальныя ці нац. Чырвоныя кнігі. У Чырв. кнізе Беларусі 180 відаў ахоўных раслін, у т. л. 156 сасудзістых (бяроза карлікавая, венерын чаравічак сапраўдны, кадзіла сармацкае, купальнік горны, цыбуля мядзведжая, гарлачык белы, піхта белая, пазнацвет асенні, пярэсна еўрапейская, хвошч вялікі і інш.), 15 мохападобных (андрэя скальная, меркія ірландская, сфагнум мяккі, цынклідотус дунайскі і інш.), 9 водарасцяў (гільдэнбрантыя рачная, нітэла грацыёзная, хара грубая і інш.), 17 відаў грыбоў (пархавік вялізны, спарасіс кучаравы, труфля летняя і інш.) і 17 лішайнікаў (лабарыя ямістая і лёгачная, уснея квітучая і інш.).

Г.​У.​Вынаеў.

Ахоўныя расліны Беларусі: 1 — гарычка веснавая; 2 — тлушчанка звычайная; 3 — венерын чаравічак сапраўдны; 4 — пярэсна еўрапейская; 5 — купальнік горны; 6 — ятрышнік дрэмлік; 7 — ятрышнік мужчынскі; 8 — чараўнік двухлісты; 9 — наперстаўка буйнакветная; 10 — пылкагалоўнік даўгалісты; 11 — пылкагалоўнік чырвоны; 12 — кураслеп лясны; 13 — сон шыракалісты (сон-трава); 14 — цыбуля мядзведжая (чарамша); 15 — лілея кучаравая (царскія кучары); 16 — луннік ажываючы; 17 — лінея паўночная; 18 — неатыянта клабучковая; 19 — каменяломнік зярністы; 20 — астранцыя вялікая.
Ахоўныя расліны Беларусі: 1 — лабелія Дортмана: 2 — раўнаплоднік пылюшнікавы; 3 — альдраванда пухіраватая; 4 — сальвінія плывучая; 5 — гайнік цёмна-чырвоны; 6 — кадзіла сармацкае; 7 — зубніца клубняносная; 8 — плюшч звычайны; 9 — вадзяны арэх плывучы; 10 — шпажнік чарапіцавы; 11 — рададэндран жоўты; 12 — званочак шыракалісты; 13 — рагулькі высокія; 14 — касач бязлісты; 15 — гарлачык белы; 16 — першацвет веснавы; 17 — пералеска высакародная (пячоначніца звычайная); 18 — валжанка двухдомная; 19 — палушнік азёрны; 20 — ворлікі звычайныя.

т. 2, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)