*Апла́тва, опла́тва ’абчасанае бервяно ў апошнім вянцы зруба над бэлькамі’ (Шушк.). Польск. oplatwa ’тс’, укр. платва верхняя бэлька ў зрубе’, славац. platva ’плоскі кавалак матэрыялу, якім што-небудзь закрываюць’. Зважаючы на ўкраінскую і славацкую формы, можна дапусціць другаснасць пачатковага о‑ як фанетычнай пратэзы, хаця гэта і не неабходна. Ад дзеяслова (а)плаціць з суф. ‑тва (параўн. малітва); роднасна слову плот ’агароджа’, плыт. Іншая магчымасць: ад дзеяслова *пластаць ’дзяліць на пласты (плахі)’, на што ўказвае чэш. plastva ’пласт’, давала б тлумачэнне слова як больш старажытнага. Узаемаадносіны беларускага, украінскага, польскага, славацкага слоў няясныя: тут магчыма захаванне старога агульнага слова, а таксама адлюстраванне ўзаемных уплываў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЛОСЬ (Еўдакія Якаўлеўна) (1.3.1929, в. Старына Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 3.7.1977),

бел. паэтэса. Скончыла Мінскі пед. ін-т (1955), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1960). Працавала ў Вучэбна-пед. выдавецтве Беларусі, у рэдакцыях газет і часопісаў. Друкавалася з 1948. Першы зб. паэзіі «Сакавік» (1958). Выдала кнігі паэзіі «Палачанка» (1962), «Людзі добрыя» (1963), «Хараство» (1965), «Яснавокія мальвы» (1967), «Перавал» (1971), «Галінка з яблыкам» (1973), «Лірыка ліпеня» (1977). Тонкі лірызм, шчырасць і непасрэднасць, арыентацыя на перажытае — рысы яе творчасці. Аўтар паэм «Гавораць несмяротныя» (1961), «Мой свет» (1962), «Мая Хатынь» (1971), «Высакосны год» (1973), «Мінчанка» (1974), «Матчына трывога» (1975) і інш.

У зб-ках прозы «Пацеркі» (1966), «Травіца брат-сястрыца» (1970) актуальныя маральна-этычныя праблемы жыцця сучаснікаў. Пісала для дзяцей (кн. «Абутая ёлачка», 1961; «Казка пра Ласку», 1963; «Вяселікі», 1964; «Зайчык-выхваляйчык», 1970; «Дванаццаць загадак», 1974). Творы для дзяцей вызначаюцца веданнем дзіцячай псіхалогіі, даступнасцю зместу. Яе імем названа Ушацкая раённая б-ка, у Віцебску ёй пастаўлены помнік.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1979;

Вянцы зруба: Выбранае. Мн., 1969;

Лірыка. Мн., 1975;

Смачныя літары. Мн., 1978;

Валошка на мяжы. Мн., 1984.

Літ.:

Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;

Гніламёдаў У. Ля аднаго вогнішча. Мн., 1984.

У.​В.​Гніламёдаў.

Е.Я.Лось.

т. 9, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Раса́да ’маладыя расліны, што вырасцілі для перасадкі’ (ТСБМ, Касп., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), рыса́да, расса́да (Бяльк.), раса́дзіна ’каліва расады’ (Ян.). Параўн. рус. расса́да ’тс’, польск. rosada ’тс’, ст.-польск. rozsada ’тс’, славен. razsad, rošada ’тс’, літ. rasoda ’расліна’. Ад агульнаслав. ‑сад‑ у значэнні ’працэс пасадкі раслін’ > *roz‑sad(a) > *rossad(a) > rosad(а), адсюль зборнае значэнне раса́да для маладых раслін, для таго, што рассаджваюць. Для адзначэння асобнай расліны з расады назіраюцца розныя формаўтваральныя мадэлі, у тым ліку беспрыставачныя: параўн. польск. sadzonka, чэш. sadno, славен. sadíka, серб. sádno ’тс’. Сюды ж вытворныя раса́днік ’скрынка з зямлёй для вырошчвання расады’, ’гадавальнік’ (ТСБМ, Ласт., Сл. ПЗБ), ’гародчык’ (Бяльк.), расса́днік ’крыніца з’яўлення, размнажэння чаго-небудзь’ (ТСБМ). Відаць, другаснае ўтварэнне раса́днік ’зруб у 3–4 вянцы — аснова печы’ (Нік. Очерки), дзе фіксуецца і першаснае раса́днік ’парнік’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

палажы́ць, ‑лажу, ‑ложыш, ‑дажыць; зак., каго-што.

1. Тое, што і пакласці (у 1, 2, 4, 5, 7, 8 і 9 знач.).

2. Нанесці зверху слой чаго‑н. Палажыць грунт на палатно.

3. Будуючы, узвесці на нейкую вышыню. Улетку .. [сын і маці] нанялі цесляра дзеда Архіпа, і той памаленьку палажыў яшчэ два вянцы на зруб. Краўчанка. // Наслаць, пралажыць, укласці. Палажыць падлогу. □ Амаль што не каля кожнай хаты ляжалі кучы бярвенняў і гнілі, але нікому не прыходзіла ў галаву палажыць кладачку хоць супраць свае хаты. Колас.

4. Спец. Надаць якое‑н. становішча, напрамак (самалёту, судну). Палажыў [Пішчыкаў] машыну на крыло і спікіраваўшы строма, з першага ўдару падпаліў флагмана. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вяне́ц, ‑нца, м.

1. Карона, якую трымаюць над галовамі маладых у час вянчання ў царкве. [Вашыновіч:] — Я сам за шафера быў, вянец трымаў. Чорны. // Вянчанне. Малодшая ж [дачка] хітрэйшай, Відаць, была, — махнула ў Кустанай І там сышлася з камбайнерам, Па сэрцу, без вянца. Корбан.

2. Уст. Каштоўны галаўны ўбор, які надзяваўся ў знак высокага звання або асаблівых заслуг. Царскі вянец.

3. чаго, перан. Апошняя, вышэйшая ступень, верх чаго‑н. [Дзянісаў:] — Думка застаецца думкай. Вянцом яе заўсёды з’яўляецца справа. Гамолка. Чалавек — ён цар прыроды. Чалавек — вянец тварэння. Зарыцкі.

4. Радужны круг вакол сонца, месяца, зорак. Мароз на небе ставіць троны, Вянцы на месяц ускладае. Колас.

5. Тое, што і вянок (у 2 знач.). Анупрэй са сваімі сынамі перасыпаў сцены хаты, падняўшы яе на некалькі вянцоў. Бядуля. Бялеюць укопаныя ў зямлю дубовыя слупы вялікай будыніны, у якую пакладзена некалькі вянцоў. Паслядовіч.

•••

Ісці пад вянец гл. ісці.

Стаяць пад вянцом гл. стаяць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хіста́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Калыхацца, ківацца з боку ў бок. [Зыбін] слухаў лагодны, супакойлівы шум зялёных вершалін соснаў, што плаўна хісталіся над ім. Мележ. А .. [збожжа] рознымі колерамі гарыць, да пояса кланяецца — хістаецца ў бакі... Каваль. // Дрыжаць, мігаць (пра агонь, святло і пад.). Белае полымя дрыгацела, хісталася, падымалася і ападала, і вось-вось, здавалася, пагасне. Колас. Туман дыміўся вечаровы, Між дрэў Хістаўся маладзік. Скурко.

2. Ківацца пры хадзьбе з боку ў бок. Як макаўка ад ветру на градзе, Хістаецца дзіцё ва ўсе бакі: Памкнецца крок ступіць — і тут жа ўпадзе, Які ж для ўсіх ты, першы крок, цяжкі! Непачаловіч. Знябыўся, пахудзеў [Пятрусь], рана яго разгнаілася, без сну і яды хістаецца, а не кінуў яе [Ганны] палякам. Нікановіч. // Калыхацца, калывацца ў бакі ў час руху. Воз хістаўся і рыпеў па выбоістай дарозе. Лупсякоў. Вагон гушкаўся, уздрыгваў, хістаўся ў бакі. Васілёнак.

3. Ківацца ў выніку нетрывалага, ненадзейнага прымацавання да чаго‑н., умацавання ў што‑н. або ў выніку трухлявасці і пад. Пад акном ад падлогі чарнелі два вянцы, гнілі; сям-там высыпаў грыбок.. Гніль лезла і вышэй, падтачыла падаконнік, — ён хістаўся пад локцямі ў Аркадзя. Пташнікаў. А зубы ў хлопцаў ад сцюжы ды без вітамінаў хістаюцца, крывавяць і баляць. Грахоўскі. // перан. Траціць ранейшае значэнне, сілу, устойлівасць. Польскі трон хістаўся пад напорам знаці, А яе не турак, дык швед калашмаціў. Бажко.

4. перан. Быць у нерашучасці; вагацца. Нейкі момант.. [Васіль] хістаўся: гаварыць Януку ўсё, як ёсць, ці не гаварыць? Кулакоўскі. Так, пакуль прыедзе бацька, усё будзе ўжо зроблена, і яму не будзе магчымасці ні думаць, ні сумнявацца, ні хістацца. Краўчанка.

5. Быць няўстойлівым, непастаянным; мяняцца. Цэны хістаюцца. Тэмпература паветра хістаецца ад 13 да 18°.

6. Зал. да хістаць (у 1, 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)