ГАРАДЗЕ́ЦКІ БОЙ 1943.

Адбыўся 30.11.1943 паміж 425-м партыз. палком і карным атрадам гітлераўцаў у в. Гарадзец Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Камандаванню палка стала вядома, што карнікі занялі в. Гарадзец, жыхароў гэтай і суседніх вёсак (больш за 70 чал.) зачынілі ў трох хлявах і 1 снежня збіраліся спаліць. 1-ы батальён партыз. палка на чале з П.М.Цагельнікавым хутка дабраўся да ўскраіны Гарадзецкага лесу. Атрымаўшы даныя разведкі пра ўзбраенне гарнізона і выставіўшы засады на дарогах да вёскі, партызаны атакавалі ворага. У выніку бою 66 з 70 карнікаў былі знішчаны, мясц. жыхары выратаваны.

т. 5, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́НЦЫГ Май Вольфавіч

(н. 27.4.1930, Мінск),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1973). Нар. мастак Беларусі (1995). Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1952), Маскоўскі маст. ін-т імя Сурыкава (1958). З 1958 выкладае ў Бел. АМ (праф. з 1980). Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу. Сярод работ: тэматычныя карціны «Раніца новага Мінска» (1959), «Партызанскае вяселле» (1968), «Купалаўскія радкі» (1972), «Легенда Беларусі» (1975), «І памятае свет уратаваны...» (1985—95); лірычныя пейзажы «Стары і новы Мінск» (1963), «Цішыня» (1976), «Бацькаўшчына мая» (1982), «Мая Лагойшчына» (1985), серыя «Віцебск — радзіма Шагала» (1994); нацюрморты «Бэз» (1962), «Аб Вялікай Айчыннай...» (1968), «Ялінка» (1971), «Палітра новабудоўляў» (1979); партрэты «Сталявар» (1956), «Кінарэжысёр Э.Клімаў» (1985), пісьменнікаў А.Адамовіча і В.Быкава (абодва 1986) і інш. 3 твораў манум. жывапісу: мазаічнае пано ў кінатэатры «Партызан» (1966), мазаіка ў гасцініцы «Юбілейная» (1969, з Б.Няпомняшчым) — абодва ў Мінску. Творам Д. ўласцівы арыгінальныя кампазіцыйныя рашэнні, драматургічнасць зместу. Канструктыўна-пластычнае валоданне колерам, спалучэнне прыёмаў манум. і станковага мастацтваў, метафарычнасці і канкрэтыкі дазваляюць яму ствараць яркія маст. вобразы, поўна раскрыць сваю творчую індывідуальнасць. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1968.

Літ.:

Сурский О.А М.В.Данциг. М., 1975;

Крэпак Б.А Май Данцыг. Мн., 1976;

Петэрсан С. Убачым новыя творы // Мастацтва. 1995. № 9.

Л.Ф.Салавей.

М.В.Данцыг.
М.Данцыг. І памятае свет выратаваны... 1985—95.

т. 6, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

трапяткі́, ‑ая, ‑ое.

1. Які пастаянна варушыцца, дрыжыць; дрыгатлівы. Трапяткая асіна. □ Бяроза лісцем трапяткім Мне не ківае пад акном. Астрэйка. Самастойнае жыццё пачыналася на голым месцы, пад трапяткім дахам палаткі, пры святле зыркага кастра, у нялёгкай рабоце. Грахоўскі. Лёгкі ветрык пасеяў з поўдня, скалыхнуў трапяткое лісце, і зашумела яно ціхімі галасамі, зліваючыся са звонам хвалі. Шахавец. // Які гойдаецца, трапеча (пра хвалі, ваду і пад.). На трапяткой плыні ракі, да самага Аксенімага ганка, месяц высцілаў роўную малочную дарожку. Ракітны. // Мігатлівы, няроўны (пра полымя, святло). Падсвечнік стаяў на слупку ля печы, таму кволае трапяткое святло амаль што раўнамерна расплывалася па ўсёй хаце. Кулакоўскі. Агонь з печы кідаў на .. твар [маці] трапяткое святло, і маці ад гэтага здавалася нейкай пастарэлай і няшчаснай. Хомчанка. / Пра зоркі. Месяц-маладзік яшчэ не ўзыходзіў, і цёмнае неба, усеянае безліччу трапяткіх зорак, здавалася бяздонна глыбокім. Сіўцоў. На спакойнай сіні нябёсаў загарэліся першыя трапяткія зоркі. Бяганская. // Які бесперапынна ўздрыгвае, рухаецца. [Мятлік] быў блізка ўжо зусім, .. [Стэфка] бачыла нават сінія крайчыкі яго трапяткіх крыльцаў. Савіцкі. // Які ўзмоцнена, часта пульсуе, б’ецца (пра сэрца); часты, напружаны (пра дыханне, пульс і пад.). Не ведаў Стась, што мама ішла ўслед за ім і з трапяткім сэрцам сачыла за кожным яго самастойным крокам. Гарбук. З трапяткім сэрцам .. [Барташэвіч] падышоў да генеральскай брамкі. Карпюк. // Перарывісты, няроўны, дрыжачы (пра голас, гук). — Саша! Саша! — крычаў над ім Юткевіч трапяткім устурбаваным і разам з тым радасным шэптам. — Мы выратаваны, Саша. Мікуліч.

2. Ахоплены моцным хваляваннем пад уздзеяннем якога‑н. пачуцця; усхваляваны. А я нёс .. [Мальвіну], лёгкую і трапяткую, жадаючы аднаго: каб гэта канава цягнулася да самай вёскі... Сачанка. А .. [Вера], гнуткая і трапяткая, уздрыгнула ўсім целам, рукамі абвіла .. шыю [Смірына]. Алешка. Пятро Гаўрылавіч строга нахмурыўся — і .. [Міхаліна] змоўкла, трапяткая, узбуджаная, спалоханая, што знікае апошняя надзея. Шамякін. // Які выражае хваляванне. Хацелася [Івану] растварыцца, знікнуць у трапяткіх абдымках [дзяўчыны], сплыць у вечнасць з патокам, увабраць з зямлі ўсю яе моц і самому стаць зямною магутнасцю — шчодрай, ціхай, пяшчотнай. Быкаў. Потым моцна сціснуў [Артур] пад сталом .. трапяткую гарачую руку [Іны]. Ваданосаў. // Поўны душэўнага хвалявання. Мірыцца з палонам дубовым не хочуць Палкі навальнічныя слоў. Патрэбны ім шчырыя сэрцы і вочы, Людзей трапяткая любоў. Панчанка. З пачуццём трапяткім, нібы ўслед за юнацтвам сваім, Крок у крок я за імі [камсамольцамі] ішоў, падпяваючы ім. Куляшоў. // перан. Прасякнуты шчырасцю, сардэчнасцю. Каб соль не страціла Ўласцівую ёй солкасць, А песня — гукаў трапяткіх і кволых, .. На свеце існуе Мастацтва. Дзяргай. [Захар Крымянец] хадзіў і думаў: «Дзе ж вы, людзі, пераступаўшыя праз гэты парог? Дзе ты, чалавеча, чыя рука вывела гэтыя трапяткія словы: «Памру, але не здамся ненавіснікам чалавечага роду!» Лынькоў.

3. Разм. Жвавы, бадзёры, рухавы. Анікея ў вёсцы ўсур’ёз не прымаў ніхто. Быў ён вераб’інага росту, трапяткі, непаседлівы. Навуменка. / Пра птушак, жывёл і пад. Купаюцца ў прасторах блакітнага неба, спяваючы радасную песню жыцця, трапяткія жаваранкі. Сяргейчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)