САКАВІ́К (назва ад слова сок; пачынаецца рух сокаў у дрэвах),

бел. назва 3-га месяца каляндарнага года (31 дзень), пачатак вясны. 15 С. працягласць дня ў Мінску 11 гадз 46 мін, выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 33,9°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 291 МДж/м², радыяцыйны баланс 60 МДж/м². На тэр. Беларусі сярэднямесячная т-ра паветра -1,6 °C (-0,3 °C на Пд, -3,4 °C на ПнУ). Адносная вільготнасць 76—82%, колькасць вільготных дзён 8—13. Ападкаў 33—42 мм. У 2-й пал. С. адбываецца пераход сярэднясутачнай т-ры паветра праз 0 °C у бок павышэння, пачынаецца раставанне снегу і адтаванне глебы. Расталыя воды выклікаюць разводдзі на рэках. У сярэдзіне С. на Пд пачынаецца рух соку ў клёна вастралістага, у канцы месяца — у бярозы павіслай. Зацвітаюць падбел звычайны, вольха шэрая, ляшчына, ваўчаягада. Вяртаюцца з выраю шпакі, жаваранкі. У канцы С. пачынаецца ток глушцоў, цецерукоў. Паяўляецца прыплод у вавёрак, зайчых. Прачынаюцца ад зімовай спячкі мядзведзі, барсукі Пачынаецца веснавая лінька звяроў. На палях вядуцца падкормка азімых і веснавое ворыва. У садах фарміруюць кроны дрэў, вядуць барацьбу са шкоднымі насякомымі.

т. 14, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лы́ка 1, лы́ко, лэ́ко, лы́чка ’луб з карой маладых, лісцевых дрэў (ліпы, лазы), з якога плялі лапці’, ’вязка, нізка’ (ТСБМ, Шат., Бес., Яруш., Бяльк., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), лы́кі ’скруткі лыка’ (Касп.). Укр. ли́ко, рус. лы́ко, лы́ка (ж. род), польск. łyko ’тс’, lyka ’путы, няволя’, н.-, в.-луж. łyko, łyka ’лыка’, чэш. lýko ’тс’, ’вяроўка з лыка’, славац. lyko, славен. líkọ, lȋčje, серб.-харв. ли̏ка, устар. ли̏ко, макед. лико, лика, балг. ли́ко, лика́ ’тс’, ’вяроўка з лыка’, ’канапляная, шаўковая нітка’; рус. разан. лы́ко і макед. радопск. лика ’ліпа’. Прасл. lyko унутраны слой кары з маладых дрэў (ліпы)’ (Слаўскі, 5, 401–405 з аглядам л-ры). З і.-е. паралелей захаваліся толькі балт. з другасным ‑n‑: літ. lùnkas, лат. lûks ’лыка’, ст.-прус. lunkan ’тс’ і, паводле некаторых этымолагаў (гл. Фасмер, 2, 540–541), таксама ст.-інд. lúñcati ’рве, лушчыць, здзірае, лупіць’, ст.-в.-ням. lō (род. склон lōwes) ’мяздра, лыка’, — усе да і.-е. lū‑k‑o < *leuk‑ ’светлы’ (Трубачоў, Ремесл. терм., 164–166). Сюды ж лы́чышнік ’лычнік, які дзярэ лыкі на продаж’ (Бяльк.). Гл. таксама Скок (2, 301), Шустар-Шэўц, 11, 783; Бязлай, 2, 141; БЕР, 3, 400.

Лы́ка 2 ў выразе: лы́ка ты сьвіноя (Шат.). Да лыч 2 (гл.).

Лы́ка воўчае ’ваўчаягада звычайная, Daphne mezereum L.’ (віц., барыс., мін., Кіс.). Укр. лико вовче, польск. wilcze łyko, н.-луж. wʼelkowe łyko, чэш. vlčí lýko, серб.-харв. лико ву̀чје, балг. диво лико ’тс’, славен. volčja lika ’бружмель лясны’. Прасл. vl̥ʼčje lyko ’ваўчаягада звычайная’. Аналагічна ням. Wolfsbast ’тс’ (Слаўскі, 5, 404; Махэк, Jména, 152).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПОРЫ ГОДА, феналагічныя змены ў прыродзе.

Вясна. Пачаткам ранняй вясны і цёплага перыяду (з 15 сак. на ПдЗ і з 30 сак. на ПнУ) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 0 °C у бок павышэння. У асобныя гады (1 раз у 10 гадоў) вясна можа наступаць на 15—17 дзён раней ці пазней сярэдніх дат. За апошняе дзесяцігоддзе 20 ст. ў выніку пацяплення клімату сярэдняя дата пераходу т-ры праз 0 °C адзначаецца на 25—28 дзён раней за шматгадовыя даты. У перыяд ранняй вясны днём сонечна, растае снег (адліга), адтайвае глеба, з’яўляюцца першыя праталіны. Назіраецца набраканне кветкавых пупышак у асобных відаў хмызнякоў (ваўчаягада, брэднік), адрастанне шматгадовых ягаднікаў і зацвітанне першацветаў (падбелу). Прылятаюць шпакі, жаваранкі, прачынаюцца мурашкі, асобныя віды мух, дробныя матылі. У паніжэннях рэльефу і на цяжкіх сугліністых глебах, асабліва ў паўн.-зах. раёнах, узнікаюць ачагі пашкоджання азімых ад вымакання. Пачаткам ажыўлення вясны (з 5 на ПдЗ і з 20 красавіка на ПнУ) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра вышэй за 5 °C; супадае з поўным раставаннем снегу і адтаваннем глебы. Пачынаецца рух сокаў у лісцевых дрэў. Памяншаецца воблачнасць, больш становіцца ясных дзён. Пачынаюць пыліць ляшчына звычайная, вольха, зацвітае ваўчаягада, прарастае трава, адрастаюць парасткі ў хмызняку. Прылятаюць дразды, заранкі, пеначкі. Павышаецца актыўнасць пчол, чмялёў, матылёў. Настае мяккапластычны стан глебы, які вызначае пачатак веснавых палявых работ і апрацоўкі глебы; верхні пласт глебы (10 см) праграецца да 5 °C, складваюцца аптымальныя запасы вільгаці ў глебе, што вызначае пачатак сяўбы ранніх яравых культур. Пачаткам разгару вясны або актыўнай вегетацыі с.-г. раслін (з 25 крас. на ПдЗ і з 5 мая на Пн) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 10 °C у бок павышэння. Супадае з разгортваннем лісця ў большасці дрэў, хмызнякоў. Заканчваецца цвіценне першацветаў, аднаўляецца актыўная жыццядзейнасць раслін і жывёл. Пачынаюць пыліць таполі, цвітуць пладовыя дрэвы і ягадныя кусты. У лесе інтэнсіўны спеў птушак. Павелічэнне сонечнай радыяцыі спрыяе с.-г. работам, ідзе пасадка бульбы, гародніны, дэкар. раслін.

Лета. Пачаткам лета (з 10 мая на Пд і з 18 мая на Пн) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 12 °C у бок павышэння. Супадае з зацвітаннем хвоі і рабіны звычайнай, дрэвы поўнасцю ўкрыты лісцем. У лесе заканчваецца цвіценне елкі еўрапейскай і дуба звычайнага. Выспявае і рассейваецца насенне кісліцы, квітнеюць травяністыя расліны ў дубровах, хвойніках, цвіце большасць збожжавых, шыпшына, маліна. Пара расплоджвання жывёл, актыўнасці камароў, выкормлівання птушанят. Поўным летам (з 23 мая па 1 верасня на Пд і з 7 чэрвеня па 24 жніўня на Пн) лічаць перыяд з устойлівай сярэднясутачнай т-рай паветра вышэй за 15 °C (самы цёплы перыяд года). Пачатак супадае з выспяваннем пладоў лясных суніц. Перыяд вегетацыі, плоданашэння. Пара сенакосу, нарыхтоўкі кармоў, збору ягад і грыбоў, уборкі збожжавых. Насякомыя вельмі актыўныя. У канцы паяўляюцца першыя пажоўклыя лісты. Пачаткам спаду лета (з 2 верасня на Пд і з 25 жніўня на Пн) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры ніжэй за 15 °C. Супадае з выспяваннем брусніц, пажаўценнем бярозы павіслай. Выспявае насенне елкі, дуба звычайнага. ляшчыны, другасна цвітуць лугавыя травы. Ночы больш доўгія і халодныя, раніцы халаднаватыя. Паяўляюцца першыя замаразкі на глебе. Птушкі збіраюцца ў вырай, вядуцца ўборачныя работы, высяваюцца азімыя, збор брусніц і грыбоў.

Восень. Пачаткам восені (з 20 вер. на Пд і з 11 вер. на Пн — залатая восень) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 12 °C у бок паніжэння. Супадае з выспяваннем журавін. Канец вегетацыі ў большасці раслін, акрамя шматгадовых. У паветры замаразкі. Масавая ўборка бульбы. Птушкі адлятаюць у вырай. Разгар грыбнога сезона. У ласёў шлюбны перыяд. Амаль штогод «бабіна лета». Пачаткам глыбокай восені (з 3 кастрычніка на ПдЗ і з 21 верасня на ПнУ) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра ніжэй за 10 °C. Супадае з лістападам лісцевых дрэў, з поўным пажаўценнем лістоўніцы і лісця ў клёна. Ападае і рассейваецца насенне ў дрэў і хмызнякоў, заканчваецца цвіценне восеньскіх кветак, узыходзіць рунь. Адлятаюць вадаплаўныя птушкі. З Пн прылятаюць снегіры. Жывёльны і расл. свет рыхтуецца да зімы. Часцей замаразкі, імжыць дождж, выпадае першы снег. Пачаткам зазімку (з 30 на ПдЗ і з 20 кастрычніка на ПнУ) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачных т-р паветра праз 5 °C у бок паніжэння. Супадае з канцом лістападу ў вольхі, лістоўніцы, клёна, рабіны лясной. Дрэвы амаль поўнасцю агаляюцца. Частыя і інтэнсіўныя замаразкі.

Зіма. Пачаткам зімы (з 30 на ПдЗ і з 15 лістапада на ПнУ) лічаць дату ўстойлівага пераходу праз 0 °C да адмоўных сярэднясутачных т-р. Супадае з масавым ападаннем пладоў ліпы і глогу. Частыя адлігі. Паяўляюцца першыя льдзінкі на вадаёмах. Падсезон глыбокай зімы (перыяд з 25 снежня па 20 лютага на ПдЗ і з 13 снежня па 4 сакавіка на ПнУ) лічаць перыяд з сярэднясутачнай т-рай паветра ніжэй за -5 °C. Самы халодны і доўгі з падсезонаў. Супадае з глыбокім прамярзаннем глебы, макс. намнажэннем снегу. У цёплыя зімы, калі бываюць частыя і інтэнсіўныя адлігі, устойлівае снегавое покрыва на Пд Беларусі не ўстанаўліваецца. У перыяды рэзкай змены т-ра паветра (ад адліг да моцных маразоў) церпяць азімыя і пладова-ягадныя культуры. У маласнежныя зімы і ў спалучэнні з нізкімі адмоўнымі т-рамі (-15 °C і ніжэй) зрэджваюцца азімыя культуры і шматгадовыя травы. Пры вельмі нізкіх т-рах (ніжэй за -30 °C) магчыма іх вымярзанне. Пачаткам прадвесня — канец зімы (з 20 лютага на ПдЗ і з 5 сакавіка на ПнУ) лічаць устойлівы пераход сярэднясутачных т-р праз -5 °C у бок павышэння. Расце сонечная радыяцыя. часцей адлігі, днём капеж. Зрэдку ствараюцца ўмовы для выправання азімых культур.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)