АНЕ́ГІН (Onegin; сапр. Хофман; Hoffman) Сігрыд
(1.6.1891, Стакгольм — 16.6.1943),
нямецкая спявачка (кантральта, мецца-сапрана). Жонка рус. піяніста і кампазітара Я.Б.Львова (псеўд. Анегін). У 1912—31 салістка оперных т-раў Штутгарта, Мюнхена, Нью-Йорка («Метраполітэн-опера»), Берліна. Удзельніца Байройцкіх фестываляў. Найб. поспеху дасягнула выкананнем гал. партый у операх Р.Вагнера. Сярод інш. партый: Арфей («Арфей і Эўрыдыка» К.В.Глюка), Азучэна, Амнерыс («Трубадур», «Аіда», Дж.Вердзі).
т. 1, с. 364
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗІЛІ́ДЭС ((Basilides) Марыя) (11.11.1886, Іольшва, Венгрыя — 26.9.1946),
венгерская спявачка (кантральта). Скончыла Муз. акадэмію імя Ф.Ліста ў Будапешце (1911). Салістка Нар. оперы (Будапешт), з 1915 — Венг. дзярж. опернага т-ра. Сярод партый: Арфей («Арфей» К.Мантэвердзі), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Даліла («Самсон і Даліла» К.Сен-Санса), Ірадыяда («Саламея». Р.Штрауса), кантральтавыя партыі ў операх Р.Вагнера. Выконвала сола ў араторыях І.С.Баха, Г.Ф.Гендэля, рэквіеме В.А.Моцарта.
т. 2, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДРО́ЎСКІ-САС ((Bandrowski-Sas) Аляксандр) (22.4.1860, г. Любартаў, Польшча — 28.5.1913),
польскі спявак (драм. барытон, пазней тэнар). Адзін з лепшых оперных і камерных спевакоў свайго часу, выступаў у буйнейшых т-рах свету. Вядомы як выканаўца гераічных партый у операх Р.Вагнера, Дж.Меербера, Дж.Вердзі. Першы выканаўца партыі Манру ў аднайм. Оперы І.Падарэўскага (1901, Дрэздэн). Пісаў і перакладаў на польск. мову оперныя лібрэта. З 1909 выкладаў у Кракаўскай кансерваторыі (сярод вучняў Э.Бандроўская-Турская).
т. 2, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́НДХАЛЬМ ((Lindholm) Берыт Марыя) (н. 18.10.1934, Стакгольм),
шведская спявачка (драм. сапрана). Скончыла оперна-драм. школу ў Стакгольме (1963). З 1966 выступае ў буйнейшых т-рах Еўропы і Амерыкі. Адна з лепшых сучасных выканальніц сапранавых партый у операх Р.Вагнера: Брунгільда, Ізольда, Лізавета і Венера, Эльза («Валькірыя», «Трыстан і Ізольда», «Тангейзер», «Лаэнгрын»). Сярод інш. партый: Аіда, Амелія («Аіда», «Бальмаскарад» Дж.Вердзі), Леанора («Фідэліо» Л. Бетховена), Тоска, Турандот (аднайм. оперы Дж.Пучыні), Электра («Электра» Р.Штрауса), Касандра («Траянцы» Г.Берліёза).
т. 9, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЯДЗІ́КТАЎ (Леў Мікалаевіч) (н. 6.10.1924, г. Тамбоў, Расія),
украінскі харавы дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1949, клас Р.Вяроўкі), з 1959 яе выкладчык, з 1979 прафесар. З 1954 хормайстар (з 1972 — галоўны), з 1986 дырэктар Кіеўскага т-ра оперы і балета. Паставіў харавыя сцэны ў операх «Тарас Бульба» М.Лысенкі, «Іван Сусанін» М.Глінкі, «Хаваншчына» М.Мусаргскага, «Аіда» Дж.Вердзі, «Лаэнгрын» Р.Вагнера, «Гугеноты» Дж.Меербера, «Вайна і мір» С.Пракоф’ева і інш. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1976.
т. 4, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛІ́ННІК (Пётр Сяргеевіч) (н. 14.10.1906, г. Ахтырка Сумскай вобл., Украіна),
украінскі спявак (лірычны тэнар). Нар. арт. СССР (1954). У 1933—36 вучыўся ў Харкаўскай кансерваторыі. У 1936—40 саліст Вял. т-ра ў Маскве, у 1942—64 — Кіеўскага т-ра оперы і балета. Сярод партый: Ляўко, Пятро («Тапельніца», «Наталка Палтаўка» М.Лысенкі), Ёнтэк («Галька» С.Манюшкі), Андрэй («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Герцаг («Рыгалета» Дж.Вердзі), Фауст («Фауст» Ш.Гуно), Лаэнгрын («Лаэнгрын» Р.Вагнера). Выступае як канцэртны спявак, выконвае ўкр. і рус. нар. песні і рамансы.
т. 3, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЛЬГАЎЗ ((Dahlhaus) Карл) (10.6.1928, г. Гановер, Германія — 1989),
нямецкі музыказнавец. Праф. (1967). Прэзідэнт Т-ва муз. даследаванняў у Каселі (з 1977). Кіраваў выданнем поўнага збору твораў Р.Вагнера, супрацоўнік і кансультант 3-га (1967) і рэдактар 2 дадатковых (1972—73) тамоў муз. слоўніка Г.Рымана, аўтар-складальнік (з Г.Г.Эгебрэхтам) 2-томнага муз. слоўніка Бракгаўза-Рымана (1978—79), рэд. серыі «Новы даведнік музычнай навукі» (1980), аўтар кн. «Збор нарысаў па новай музыцы» (1978), «Музычны рэалізм» (1982), «Музычная тэорыя ў 18 і 19 ст» (1984), «Што такое музыка?» (1985, з Эгебрэхтам).
т. 6, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПРЫ́ЧЫО (італьян. capriccio літар. капрыз),
капрыс, інструментальная п’еса свабоднай будовы ў віртуозным стылі. Сярод гіст. разнавіднасцей К. — п’еса імітацыйнага складу, блізкая да рычэркара ці фантазіі; праграмная жанравая сцэнка; характарная рамант. мініяцюра для фп. або аркестравы твор з ярка выяўленай нац. афарбоўкай, падобны да рапсодыі. Узоры К. створаны І.С.Бахам, Н.Паганіні, П.Чайкоўскім, М.Рымскім-Корсакавым. У бел. музыцы К. прадстаўлены ў творчасці А.Багатырова, Р.Бутвілоўскага, Г.Вагнера, Г.Гарэлавай, А.Мдывані, С.Картэса («Капрычас» для фп. з арк. паводле графічнай серыі Ф.Гоі) і інш.
Р.М.Аладава.
т. 8, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́НТ (Георгій Аляксеевіч) (н. 1.6.1947, с. Дзяржынаўка Шэмахінскага р-на, Азербайджан),
бел. піяніст. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Азербайджанскую кансерваторыю (1971, Баку). З 1971 канцэртмайстар Бел. кансерваторыі, з 1976 — Нац. акад. т-ра оперы Рэспублікі Беларусь. Зрабіў вял. ўклад у падрыхтоўку оперных спектакляў бел. кампазітараў: «Джардана Бруна» і «Візіт дамы» С.Картэса, «Сівая легенда» Дз. Смольскага, «Новая зямля» Ю.Семянякі, «Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера, «Майстар і Маргарыта» Я.Глебава, «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана, шэрагу класічных опер. Выступае ў канцэртах з вядомымі бел. вакалістамі.
Р.М.Аладава.
т. 8, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙСТЭРЗІ́НГЕРЫ (ням. Meistersinger літар. майстар-спявак),
нямецкія паэты-спевакі 14—16 ст. з бюргерскага рамесна-цэхавага асяроддзя, якія прыйшлі на змену мінезінгерам. Заснавальнік паэзіі майстэрзангу паэт-вандроўнік Г.Фраўэнлаб з Майсена. Творчасць М. рэгламентавалася зводамі правіл (т.зв. табулатуры), якімі трэба было няўхільна кіравацца. Асн. тэмы — біблейскія, рэліг.-дыдактычныя, гіст. (14—15 ст.), свецкія, кахання (16 ст.). Нярэдка выступалі аўтарамі фастнахтшпіляў. Для запісу мелодый выкарыстоўвалі мензуральную натацыю. Найб. вядома пеўчая школа-гільдыя ў Нюрнбергу (прадстаўнікі — Г.Фольц, Г.Сакс), дзейнасць якой увасоблена ў оперы «Нюрнбергскія майстэрзінгеры» Р.Вагнера (1867).
У.Л.Сакалоўскі.
т. 9, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)