РАМЯСЦВЯ́НКА,

рака ў Мсціслаўскім і Дрыбінскім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток р. Быстрая (бас. р. Дняпро). Даўж. 49 км. Пл. вадазбору 291 км². Пачынаецца за 1,2 км на Пн ад в. Рэместава Мсціслаўскага р-на, вусце на паўн.-усх. ускраіне в. Кледнявічы Дрыбінскага р-на. Цячэ па Горацка-Мсціслаўскай раўніне. Даліна выразная, трапецападобная, у верхнім і сярэднім цячэнні шыр. 0,2—0,5 км, у вусцевай частцы да 1 км. Рэчышча звілістае, у вытоку перасыхае: шыр. ракі ў межань да 15 м.

т. 13, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

грацыёзны, ‑ая, ‑ае.

Поўны грацыі (у 1 знач.); прыгожы ў позах, зграбны. Грацыёзная паходка. Грацыёзная постаць. □ Еўрапейская казуля невялікая, у метр даўжынёй, грацыёзная і быстрая ў сваіх рухах жывёла. Прырода Беларусі. // Стройны па форме, вытанчана прыгожы (пра творы мастацтва). Грацыёзны танец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПРО́НЯ,

рака ў Віцебскай і Магілёўскай абл., правы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 172 км. Пл. вадазбору 4910 км². Пачынаецца каля в. Ланенка Дубровенскага р-на Віцебскай вобл., вусце на ўсх. ускраіне г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. Цячэ пераважна з Пн на Пд па Аршанска-Магілёўскай раўніне. Асн. прытокі: Галыша, Бася, Раста (справа), Парасіца, Быстрая, Вербаўка, Кашанка (злева). Даліна слабазвілістая, добра распрацаваная, глыбокаўрэзаная, скрынкападобная, у вярхоўі невыразная, шыр. ад 0,4—0,6 км у верхнім цячэнні да 1—2 км у ніжнім. Схілы стромкія, часам абрывістыя, выш. ад 3 да 20 м, значна парэзаны ярамі, асабліва каля гарадоў Горкі і Слаўгарад. Ніжэй вусця р. Бася трапляюцца невял. тэрасы. Пойма роўная, двухбаковая, лугавая, шыр. 0,25—0,5 км, у вусці 0,8—1,2 км (на асобных участках звужаецца да 80 м), ніжэй вусця р. Быстрая пашыраецца да 3,8 км. Рэчышча каналізаванае на працягу 19 км: ад вытоку да вусця р. Пнёўка (15 км) і ад паўд. ускраіны г. Горкі ўніз па цячэнню (4 км), на астатнім працягу звілістае або моцна звілістае, каля г. Горкі разгаліноўваецца на некалькі рукавоў. Шыр. ракі 15—20 м, у ніжнім цячэнні месцамі да 50 м. Берагі пераважна стромкія, абрывістыя, у верхнім цячэнні нізкія і забалочаныя, адкрытыя, выш. 1—1,5 м, на асобных участках да 7 км. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 26,8 м³/с. Ледастаў з сярэдзіны снеж. да канца сакавіка. Веснавы ледаход 3—5 сут. Веснавое разводдзе доўжыцца каля 50 дзён. Найб. ўзровень разводдзя звычайна ў пач. крас., сярэдняя выш. над межанным узроўнем каля 3 м. Летне-асенняя межань (каля 5 мес) амаль кожны год 2—4 разы за сезон парушаецца дажджавымі паводкамі працягласцю 5—20 сут і выш. 0,5—1,5 м. П. выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм. На рацэ гарады: Горкі (пры ўпадзенні р. Парасіца) і Слаўгарад (пры ўпадзенні П. ў р. Сож).

А.​А.​Макарэвіч.

Рака Проня.

т. 13, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РЫ,

вёска ў Горацкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Быстрая, на аўтадарозе Горкі—Мсціслаў. Цэнтр сельсавета і закрытага акц. прадпрыемства. За 15 км на У ад Горак, 101 км ад Магілёва, 17 км ад чыг. ст. Пагодзіна. 722 ж., 244 двары (1996).

У пісьмовых крыніцах упамінаюцца ў сувязі з падзеямі вайны ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай 1500—01. Да 17 ст. цэнтр Горы-Горацкага маёнтка. У канцы 16 ст. закладзены Горскі замак. Належала Сапегам, А.​Д.​Меншыкаву, графам Салагубам. З 1772 Горы ў складзе Рас. імперыі, у Чавускім пав. Магілёўскай губ. У 1784 у Горах 930 ж., 146 двароў, панскі дом, кузня, царква. З пач. 1830-х г. пад казённай апекай. У 1811—44 дзейнічала Горы-Горацкая парусінава-палатняная мануфактура. У 1897 у Горах 1665 ж., 273 двары. У 1909 цэнтр. воласці, 1615 ж., 285 двароў, нар. вучылішча, вадзяны млын, паштовая станцыя. З 1918 мястэчка ў Горацкім пав., з 1919 у Гомельскай губ. РСФСР, з 1922 у Смаленскай губ. З 1924 у БССР. У Вял. Айч. вайну ў 1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі 180 двароў, загубілі 93 вяскоўцаў. У 1970 у Горах 469 ж., 165 двароў.

Сярэдняя школа, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Каля вёскі комплекс археал. помнікаў Горы.

В.​М.​Князева.

т. 5, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Стры́гнуць ‘торгнуць’ (ТС), стрыгну́ць ‘пайсці’ (Шымк. Собр.), стрыгу́ць, стрыгану́ць ‘уцячы’, ‘упікнуць’ (Нас.), стрыгану́ць ‘сказаць грубасць рэзка’ (Бяльк.), ‘укалоць намёкам’ (Байк. і Некр.), стрыга́ць ‘упікаць’ (Нас., Жд. 2), стры́гаць ‘наразаць; часта бегаць’ (Нас.), ‘паводзіць вушамі, прыслухоўвацца’ (полац., Жыв. св.); сюды ж, відаць, стрыжкі́ ‘тонкія папрокі, зласлівыя напамінкі’ (Нас.), стру́жыць ‘стрыгчы вушамі (пра каня)’ (ТС). Параўн. укр. стригну́ти ‘скокнуць’, якое разглядаецца як вынік кантамінацыі стри́бну́ти (гл. стрыбаць) і плигну́ти ‘тс’ (ЕСУМ, 5, 440), што на фоне беларускіх фактаў не пераконвае; славен. strígati, strígniti ‘стрыгчы’, што разглядаюцца як вытворныя ад stríči ‘тс’ (Сной у Бязлай, 3, 329), а таксама славен. striči z ušesi ‘паводзіць вушамі’, серб.-харв. стри̏чи ушима, чэш. stříhati ušima, польск. strzyć uszami ‘тс’, у аснове якіх, відаць, ляжыць імітатыў, што абазначае рэзкі рух, параўн. стрыкаць (гл.). Сюды ж таксама стрыгма́нка ‘быстрая, шустрая, ухвацістая дзяўчына або жанчына’ (Барад.). Гл. стрыгчы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГО́РАЦКІ РАЁН,

на ПнУ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,3 тыс. км². Нас. 27,7 тыс. чал. (1996). Сярэдняя шчыльнасць 23 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Горкі. 173 сельскія населеныя пункты. 12 сельсаветаў: Аўсянкаўскі, Будскі, Горацкі, Горскі, Добраўскі, Копцеўскі, Ленінскі, Маслакоўскі, Паршынскі, Рудкаўшчынскі, Рэкценскі, Саўскі.

Паверхня раёна пласкахвалістая, парэзаная рачнымі далінамі і ярамі. Каля ⅔ тэр. занята Аршанска-Магілёўскай раўнінай, на ПнУ — частка Смаленскага ўзвышша. Пераважаюць выш. 190—200 м, найвыш. пункт 231,4 м (каля в. Майсеева). Карысныя выкапні: торф, пяскі, гліны. Сярэдняя т-ра студз. -8,2 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 640 мм за год. Вегетацыйны перыяд 183 сут. Рэкі: Проня з прытокамі Парасіца, Быстрая, Вербаўка, Галыша; Бася з прытокамі Паўна і Галубіна; Рамясцвянка, Лебядзёўка, Дняпрэц, Мярэя. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Пад лесам 17,9% тэр. раёна (на Пн вял. масіў Горацкая лясная дача); пераважаюць яловыя, хваёвыя, бярозавыя і асінавыя лясы. Пад балотамі 4,1% тэрыторыі.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 81,6 тыс. га, з іх асушаных 18,8 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 12 калгасаў, 7 саўгасаў, племзавод «Леніна», элеватар (каля в. Нівішча), міжгаспадарчае прадпрыемства «Дняпрэц». Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, ільнаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч. (масласыраробнай), лёгкай (перапрацоўка льносыравіны) прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў. Па тэр. раёна праходзіць чыг. Орша—Крычаў, аўтадарогі з г. Горкі на Оршу, Магілёў, Мсціслаў. На тэр. раёна знаходзіцца Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія і пед. вучылішча (в. Леніна). У раёне 12 сярэдніх, 6 базавых і 10 пач. школ, 2 муз. школы, 16 дашкольных устаноў, 25 клубаў, 27 б-к, 6 бальніц, 21 фельч.-ак. пункт. Помнікі архітэктуры — рэшткі касцёла (пач. 19 ст.) і сядзіба (канца 19 ст.) у в. Расна. Мемар. комплекс і музей савецка-польскай баявой садружнасці ў в. Леніна. Выдаецца газ. «Ленінскі шлях».

т. 5, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ру́чай Быстрая рэчка (Лях. Кап., Слаўг.).

□ р. Сі́ні Ру́чай каля в. Дабранка Слаўг., Аўтула́зкі Ру́чай, Су́ські Ру́чай, Лі́пскі Ру́чай каля пас. Калінаўка Краснап., ур. Ру́чай каля в. Кульшы́чы Слаўг., в. Філіпаў Ручай (з 1727 года) Крыч. (AGAD w Warszawie, Ar, Dział XXV, s. 1935, л. 187).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

бы́стрый

1. (стремительный) ху́ткі; шпа́ркі;

бы́строе тече́ние ху́ткае цячэ́нне;

бы́стрый бег ху́ткі (шпа́ркі) бег;

2. (резвый, живой) ху́ткі, жва́вы;

бы́страя ло́шадь ху́ткі (жва́вы) конь;

3. (быстро протекающий) шпа́ркі, ху́ткі;

бы́стрый рост промы́шленности шпа́ркі (ху́ткі) рост прамысло́васці;

4. (короткий, беглый) ху́ткі;

бы́стрый взгляд ху́ткі по́зірк.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ДРЫ́БІНСКІ РАЁН,

на ПнУ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасоўваўся ў 1931, 1959, зноў утвораны ў сучасных межах 29.12.1989 для перасялення жыхароў Краснапольскага р-на, якія найб. пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы 1986. Пл. 0,8 тыс. км². Нас. 16,9 тыс. чал. (1997). Сярэдняя шчыльн. 21 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.п. Дрыбін, 104 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на 6 сельсаветаў: Кароўчынскі, Міхееўскі, Першамайскі, Расненскі, Цемналескі, Чэрнеўскі.

Тэрыторыя раёна ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня раўнінная, месцамі хвалістая, з агульным нахілам на Пд. Найвыш. пункт 226 м (на ПдЗ ад в. Еськаўка). Пераважаюць выш. 170—190 м. Карысныя выкапні: пясок, гравій, торф, гліна для грубай керамікі. Сярэдняя т-ра студз. -8 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 620 мм. Вегетац. перыяд 184 сут. З Пн на Пд працякае р. Проня з прытокамі Рэста, Бася, Быстрая, Вербаўка і інш. На некат. малых рэках вадасховішчы і сажалкі. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-палева-падзолістыя глебы. Пад лесам 27,4% тэр. раёна; пераважаюць шыракаліста-яловыя лясы. Балоты і забалочаныя землі займаюць каля 1,5 тыс. га у асноўным на Пн. На тэр. раёна гідралагічныя заказнікі: Брацтва (73,1 га), Галамукскае (153), Жэваньскае (144), Жэваньскі Мох (123); паляўнічыя заказнікі: Расненскае (2650), Даманоўскі (1364 га).

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 49,1 тыс. га, з іх асушана 5 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 7 калгасаў, 4 саўгасы, 20 фермерскіх гаспадарак, кормапрадпрыемства «Высакаборскае». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля; вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Орша—Крычаў, аўтадарога Магілёў—Мсціслаў, нафтаправод Унеча—Полацк. У раёне 8 сярэдніх, 2 базавыя, 4 пачатковыя школы; Расненская дапаможная школа-інтэрнат, муз. школа, 9 дашкольных устаноў, 14 б-к, 14 клубаў, 3 клубы-бібліятэкі, раённы цэнтр культуры, 4 бальніцы, 9 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: Пакроўская царква (1845), помнік у памяць аб выступленні ў 1905 сялян супраць памешчыка ў в. Кішчыцы; рэшткі касцёла Казіміра эпохі класіцызму (1818) і сядзіба (канец 19 ст.) у в. Расна. Гісторыка-этнаграфічны музей. Выдаецца газ. «Ленінскі шлях» (сумесна з Горацкім р-нам).

Г.​С.​Смалякоў.

т. 6, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

шу́стры, ‑ая, ‑ае.

Жвавы, імклівы, рухавы. Малога росту і надзвычай шустры, .. [Гаўрыла] не ходзіць, а лётае. Навуменка. Быстрая, не па гадах шустрая бабка Кацярынка прашнуравала да стала і ўціснулася паміж людзей на ўслон. Палтаран. [Альжбета:] — Харошы хлопчык, жвавы такі, шустры. Пальчэўскі. // Уласцівы такому чалавеку. Адны вочы пад трошкі прыпухлымі павекамі былі па-ранейшаму жывыя, шустрыя і нагадвалі пра Насту маладую, прыгожую. Хадкевіч. На адну дарогу патрэбна мець у запасе добрую чвэртку гадзіны! Гэта, вядома, калі мераць яе шустрымі крокамі першага ў атрадзе бегуна Колі Пінчука. Якімовіч. / Пра жывёл, птушак і пад. Перасталі мітусіцца Нават шустрыя сініцы. Бачыла. Закружыла ў рэчцы кругі Плойма шустрых плотак. Бядуля. Па леташніх лісцях і траве прабеглі шустрыя, заклапочаныя мурашкі. Сачанка. // Які мае быструю плынь, павёў, рух; хуткі. Падышла да рэчкі шустрай, Месяц кружыцца ў вадзе. А. Александровіч. Ветрык шустры змоўк, заціх. Барадулін. // Быстраходны. Свіснуў раз, свіснуў два Шустры паравозік. Купала. З уловам багатым, збаўляючы ход, Да берага шустры ідзе параход. Гаўрусёў. // Бойкі, кемлівы; разбітны. Шустрая, задаволеная жыццём, .. [маці] ўсю энергію і сілу аддавала сям’і, парадку ў хаце. Ваданосаў. Разгубіўся шустры перакладчык: захліснуў пытаннямі натоўп. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)