МАЛДА́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА,

дзяржава, якая існавала ў 14—19 ст. на сумежных тэр. сучасных Румыніі, Малдовы і Украіны, паміж Усх. Карпатамі і р. Днестр. Узнікла ў 1-й пал. 14 ст. як васальнае княства Венгрыі ў даліне р. Малдова (цяпер тэр. Румыніі), у 1359 пры гаспадару (князю) Багдане I стала фактычна незалежным. З 1387 фармальна васал Польшчы. З канца 14 ст. ўключала гіст. вобласці Малдова, Букавіна і Бесарабія. Сталіцы — гарады Бая, Сучава (з канца 14 ст.), Ясы (з 2-й пал. 16 ст.). Дзярж. мова слав., з 17 ст. малдаўская. Падзялялася на Верхнюю і Ніжнюю «землі» і на малыя акругі (цынуты). Улада гаспадара была абмежавана баярскай думай (дыванам). Да 1552 у М.к. правілі нашчадкі Багдана I, у 1552—1629 гаспадароў выбіралі баяры. З пач. 16 ст. М.к. — васал Турцыі, якая адарвала ад яго і непасрэдна ўключыла ў склад сваіх уладанняў паўд. ч. Бесарабіі з гарадамі Бендэр, Кілія, Белгарад-Днястроўскі. Тур. султан зацвярджаў, а з 1629 прызначаў і пазбаўляў прастола малд. гаспадароў (у 1711—1821 выключна прадстаўнікоў грэч. знаці — фанарыётаў). У выніку рус.-тур. войнаў 18—19 ст. тур. панаванне ў М.к. аслаблена. У 1774 Аўстрыя захапіла Букавіну, у 1812 да Расіі адышла Бесарабія. Паводле Парыжскага мірнага дагавора 1856 Расія вярнула М.к. паўд.-зах. ч. Бесарабіі. У 1859—62 М.к. аб’ядналася з Валахіяй у адзіную дзяржаву Румынію. Гл. таксама раздзелы Гісторыя ў арт. Румынія і Малдова (рэспубліка).

т. 10, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛДО́ВА (Moldova),

Рэспубліка Малдова (Republica Moldova), дзяржава ва Усх. Еўропе. Мяжуе на З з Румыніяй (па р. Прут), на Пн, У і Пд з Украінай. Пл. 33,7 тыс. км². Нас. 4,3 млн. чал. (1998). Дзярж. мова — малдаўская. Сталіца — г. Кішынёў. Падзяляецца на 40 раёнаў. У 1994 прыняты закон аб тэр. аўтаноміі Гагаузіі (Гагауз Еры). Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 жніўня).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1994. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту (104 дэпутаты, выбраныя на 4 гады). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае парламент паводле прадстаўлення прэзідэнта.

Прырода. Рэльеф раўнінна-ўзгорысты з чаргаваннем узвышшаў (22,4% тэрыторыі), плато і раўнін (77,6%). На Пн краіны Паўн.-Малдаўскае плато — плоская раўніна з асобнымі ўзгоркамі-астанцамі. У цэнтры ўзв. Кодры з найвыш. пунктам г. Баланешты (выш. да 429 м). На Пд Паўд.-Малдаўская і Паўд.-Бесарабская раўніны. Моцна развіта эрозія, існуе больш за 100 тыс. яроў. Большая ч. тэрыторыі знаходзіцца на паўд.-зах. ускраіне Рус. платформы, крышт. фундамент якой перакрыты тоўшчай асадкавых парод (ад палеазойскіх да антрапагенавых). Карысныя выкапні: вапнякі, гіпс, гліны, пяскі, мергель, нафта, газ, буры вугаль. Ёсць лячэбныя мінер. крыніцы. Клімат умерана кантынентальны з мяккай зімой і працяглым гарачым летам. Сярэдняя т-ра студз. -3,5 °C (Кішынёў), ліп. 20,7 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 550 мм на Пн і ў Кодрах да 380 мм на Пд. Рачная сетка разгалінаваная: 3085 пастаянных і часовых вадацёкаў, з іх толькі 246 даўжэй за 10 км. Гал. рэкі: Днестр (з прытокамі Рэут, Ікел, Бык, Ботна) і Прут. Азёры поймавыя, найб. Белеў, Ратунда, Драчэле і інш. Глебы пераважна чарназёмныя, вышэй за 250—270 м шэрыя і бурыя лясныя, у поймах рэк — алювіяльна-лугавыя. Большая ч. тэрыторыі разарана. Расліннасць стэпавых і лесастэпавых відаў (кавыль, ціпчак, стэпавая вішня) захавалася плямамі. Лясы займаюць 9,6% тэрыторыі (бук, дуб, граб, клён, ясень і інш.). У складзе фауны 400 відаў пазваночных і 4600 беспазваночных жывёл. З млекакормячых водзяцца дзік, казуля, воўк, ліс, дзікі кот і інш. 257 відаў птушак (стэпавы арол, сава, жаваранак, сойка). Больш за 80 відаў рыб. Запаведнікі: Кодры, Егарлык.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва — малдаване (64,5%). Жывуць таксама ўкраінцы (13,8%), рускія (13%), гагаузы (3,5%), балгары (2%), беларусы, яўрэі і інш. Большасць вернікаў — праваслаўныя хрысціяне. Сярэдняя шчыльн. 128 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены цэнтр. і паўд.-ўсх. раёны, найменш — паўднёвыя. Гар. насельніцтва 54% (1998). Найб. гарады (1998, тыс. чал.): Кішынёў (752,1), Ціраспаль (192,1), Бэлць (155,6), Бендэр (138,4). 41,6% занятых у эканоміцы прыпадае на сельскую гаспадарку, 14,8% — прам-сць і буд-ва, 43,6% — сферу паслуг.

Гісторыя. На тэр. М. чалавек з’явіўся у эпоху палеаліту. У 4—3-м тыс. да н.э. тут існавала трыпольская культура. У 6 ст. да н.э. ў вусці р. Днестр стараж.-грэч. каланісты з Мілета заснавалі г. Тыра (цяпер Белгарад-Днястроўскі, Украіна). У 4—3 ст. да н.э. міжрэчча Прута, Днястра і землі каля Чорнага м. насялялі геты і дакі. У 1 ст. да н.э. тут уладарыў Берэбіста (Бурэвіста) — правадыр гета-дакійскага плем. саюза. З 1—2 ст. гэтыя землі межавалі з уладаннямі Стараж. Рыма ў Паўн. Прычарнамор’і і Дакіі, у 2—4 ст. тут жылі плямёны чарняхоўскай культуры (сарматы, гета-дакі, скіфы, готы). З 6—7 ст. паміж Усх. Карпатамі і Днястром жылі стараж. славяне, у т. л. ў 9—12 ст. улічы і ціверцы. У 10—12 ст. частка зямель М. ўваходзіла ў склад Кіеўскай Русі і Галіцкага княства; у выніку ўварванняў сюды печанегаў і полаўцаў славяне вынішчаны або выцеснены на Пн. У 12—13 ст. на тэр. гістарычнай вобл. Малдовы, пазней і Бесарабіі, перасяліліся з-за Карпат волахі (валахі, улахі) — продкі сучасных румынаў і малдаван, якія паступова асімілявалі апошніх мясц. славян. Пасля 1241 да 1-й пал. 14 ст. землі паміж Усх. Карпатамі і Днястром былі пад уладай Залатой Арды. У 1-й пал. 14 ст. далінай р. Малдова завалодала Венгрыя. У 1359 узнікла самаст. Малдаўскае княства, якое да канца 14 ст. пашырылася і ўключала Малдову (тэр. ядро), Бесарабію і Букавіну. Яно найб. узмацнілася ў час праўлення гаспадароў (князёў) Аляксандра Добрага [1400—32] і Стэфана III Вялікага [1457—1504], Атрады Малд. княства (з 1387 фармальна васал Польшчы) удзельнічалі ў Грунвальдскай бітве 1410. У 14—16 ст. левабярэжжа Днястра было ў складзе ВКЛ. У 16 ст. паўд. частку левабярэжжа заваявалі туркі, паўночная з 1569 (акрамя панавання тут у 1672—99 туркаў) уваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай. З 16 ст. Малд. княства ў васальнай залежнасці ад Асманскай імперыі, якая захапіла Паўд. Бесарабію з гарадамі Бендэр, Ізмаіл, Кілія, Акерман, а ў 18 ст. і Хацін з акругай. М. плаціла даніну, прымусова пастаўляла Турцыі с.-г. прадукты, удзельнічала ў войнах на яе баку. Жыхары М. значна цярпелі ад набегаў падвасальных Турцыі крымскіх татар і нагайцаў (у 16 ст. паселены туркамі ў прычарнаморскіх стэпах паміж Дунаем і Дняпром) і баявых дзеянняў на тэр. М. ў час войнаў Турцыі з Польшчай (17 ст.), Аўстрыяй і Расіяй (18 ст.). У 16—17 ст. большасць малд. сялян запрыгонена (афіцыйна паводле «Улажэння» 1646 гаспадара В.Дупу). З 1711 тур. султаны прызначалі гаспадарамі М. знатных грэкаў-фанарыётаў, што яшчэ больш узмацніла нац. ўціск малд. насельніцтва. У 16—18 ст. багацце малд. феадалаў (баяр) залежала ад іх становішча пры двары гаспадара, бо за дзярж. пасадамі замацоўваліся буйныя зямельныя ўладанні з залежнымі сялянамі. Жыхары М. неаднаразова паўставалі супраць тур. панавання, у т. л. пад кіраўніцгвам гаспадароў І.​Лютага (1574) і Дз.Кантэміра (1711). У крас. 1711 Кантэмір заключыў з Пятром I дагавор аб ваен. саюзе і пратэктараце Расіі над М., на чале малд. войска ўдзельнічаў у Пруцкім паходзе 1711. Паводле «Улажэння» 1749 гаспадара К.​Маўракардата катэгорыя прыгонных сялян (вечынаў) скасавана і пераўтворана ў феадальна-залежных, але асабіста свабодных царан. Паводле Яскага мірнага дагавора 1791, які завяршыў рус.-тур. вайну 1787—91, паўд. частка левабярэжжа Днястра, а паводле 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) і паўночная (з 17 ст. тут сяліліся малдаване) далучаны да Расіі. Паводле Бухарэсцкага мірнага дагавора 1812, якім скончылася рус.-тур. вайна 1806—12, да Расіі далучана і Бесарабія (да 50% тэр. і 25% насельніцтва М.) з цэнтрам у Кішынёве. Малд. баяры атрымалі правы рас. дваран, сяляне захавалі асабістую свабоду. Паводле Парыжскага мірнага дагавора 1856 у Малд. княства, потым (з 1862) у Румынію ўваходзіла паўд.-зах. частка Бесарабіі (пасля рус.-тур. вайны 1877—78 у выніку Берлінскага кангрэса 1878 далучана да Расіі). У 19 ст. актывізавалася с.-г. і прамысл. развіццё Бесарабіі, яе паўд. (стэпавую) частку, адкуль у 1807 рас. ўлады выдалілі качэўнікаў-нагайцаў, засялялі каланісты з Расіі, Украіны, Турцыі (балгары і гагаузы) і Германіі. У 1861—75 у Бесарабіі праведзена сял. рэформа. У 1867 са школ выключана малд. мова. У пач. 20 ст. каля 70% с.-г. зямель М. належала памешчыкам, асн. галіной эканомікі Бесарабіі заставалася сельская гаспадарка. У крас. 1917 абвешчана аўтаномія Бесарабіі. 4.12.1917 нац. прадпрымальнікі і інтэлігенцыя склікалі «Сфатул цэрый» («Савет краю»), які 15.12.1917 абвясціў Бесарабію Малд. Народнай Рэспублікай. У студз.сак. 1918 Бесарабію занялі рум. войскі. 10.12.1918 «Сфатул цэрый» абвясціў аб далучэнні яе да Румыніі, што не прызнала Сав. Расія. У 1918—20 левабярэжжа Днястра папераменна было пад акупацыяй войск Аўстрыі, Германіі, С.​В.​Пятлюры, Антанты, белагвардзейцаў. У выніку агр. рэформы 1921—23 сяляне Бесарабіі страцілі каля ⅔ сваёй зямлі, якая была вернута памешчыкам. 12.10.1924 на тэр. Украіны на У ад Днястра, дзе таксама жылі малдаване, сав. ўлады стварылі Малд. Аўт. Сацыяліст. Сав. Рэспубліку (сталіца — г. Балта, з 1929 Ціраспаль). У выніку тайнага дадатку да пакта Рыбентропа—Молатава 1939 і пасля 2 сав. ультыматумаў Румыніі ад 26 і 27.6.1940 Бесарабія і Паўн. Букавіна 28.6.1940 далучаны да СССР.

2.8.1940 створана Малд. ССР са сталіцай у Кішынёве; паводле спец. герм.-сав. пагаднення тэр. М. пакінулі каля 93 тыс. бесарабскіх немцаў. Паводле рашэння ўрада СССР ад 4.11.1940 Паўн. Букавіна, Хацін з акругай, Ізмаіл і Акерман далучаны да Укр. ССР. Са жн. 1941 М. акупіравана рум. войскамі, якія знішчылі тут каля 64 тыс. чал. Пасля вызвалення Чырв. Арміяй у ходзе Праскураўска-Чарнавіцкай аперацыі 1944, Адэскай аперацыі 1944 і Яска-Кішынёўскай аперацыі 1944 адноўлена Малд. ССР, якую як частку СССР паводле Парыжскіх мірных дагавораў 1947 прызнала Румынія. Пасля вайны сярод насельніцтва М. павялічылася доля рускіх і ўкраінцаў. У 1950—60-я г. ў М. засн. машына- і прыладабудаванне, электраэнергетыка і інш. галіны прам-сці. У час перабудовы ў СССР у М. пасля 1985 актывізаваўся нац.-культ. рух, які перарос у паліт. рух за выхад з СССР. На мяжы 1980—90-х г. узніклі шматлікія паліт. партыі і грамадскія арг-цыі. З 1990 прыхільнікі румынізацыі краю, найперш члены Хрысц.-дэмакр. нар. фронту, пераважалі ў Вярх. Савеце і ўрадзе М.

23.6.1990 яе Вярх. Савет прыняў дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце ўнутры СССР, у вер. ўвёў пасаду прэзідэнта рэспублікі і выбраў прэзідэнтам М.Снегура. Прарум. арыентацыя ўлад М., у т. л. ўвядзенне ў 1989 лац. алфавіта замест прынятага ў 1940 кірылічнага, выклікала канфлікты з гагаузамі (у жн. 1990 абвясцілі сваю рэспубліку на Пд М.), з рус. і ўкр. нац. меншасцямі на У ад Днястра, дзе ў вер. 1990 пры падтрымцы размешчанай там 14-й рас. арміі абвешчана Прыднястроўская Малд. Рэспубліка (ПМР) з цэнтрам у Ціраспалі (абедзве рэспублікі не прызнаваліся малд. кіраўніцтвам). 27.8.1991 абвешчана дзярж. незалежнасць М. (з мая 1991 наз. Рэспубліка М.). 8.12.1991 у выніку першых усеагульных прэзідэнцкіх выбараў, якія байкатавалі гагаузы і насельніцтва ПМР, прэзідэнтам М. выбраны Снегур. Абвастрэнне адносін паміж кіраўніцтвам М. і ПМР прывяло да ўзбр. Прыднястроўскага канфлікту 1992. Пасля перамогі на першых шматпарт. парламенцкіх выбарах (люты 1994) дамінуючае становішча ў паліт. жыцці краіны заняла Агр.-дэмакр. партыя. У 1994 парламент прыняў канстытуцыю М., якая дэкларавала адмову ад аб’яднання з Румыніяй і магчымасць надання аўтаноміі нац. меншасцям М. (23.12.1994 прыняты закон аб тэр. аўтаноміі раёнаў кампактнага пражывання гагаузаў з цэнтрам у г. Камрат). 10.8.1994 падпісана малд.-рас. пагадненне аб вывадзе з ПМР на працягу 3 гадоў 14-й рас. арміі (не зацверджана рас. Дзярж. думай). 20.11.1996 парламент М. ратыфікаваў Еўрап. канвенцыю аб абароне нац. меншасцей. На прэзідэнцкіх выбарах 1.12.1996 прэзідэнтам М. выбраны П.Лучынскі. У 1997 у Маскве Лучынскі і прэзідэнт ПМР І.​Смірноў падпісалі Мемарандум аб забеспячэнні значнай аўтаноміі ПМР. На выбарах у парламент у 1998 перамагла правацэнтрысцкая кааліцыя (Дэмакр. канвенцыя М., Партыя дэмакр. сіл, рух «За дэмакр. і працвітаючую Малдову»), М. — чл. Садружнасці Незалежных Дзяржаў (з 1991), ААН і Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (з 1992), Савета Еўропы (з 1995). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 19.11.1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Агр.-дэмакр. партыя, Сацыяліст. партыя, Хрысц.-дэмакр. нар. фронт, Партыя адраджэння і згоды, рух «За дэмакр. і працвітаючую Малдову», Дэмакр. канвенцыя М., Партыя дэмакр. сіл, Партыя камуністаў М. і інш.

Гаспадарка. М. — індустрыяльна-агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1996 склаў 3518 млн. дол. ЗША (без уліку эканомікі ПМР). Доля прам-сці 48%, сельскай гаспадаркі 35%, сферы паслуг 17%. Сярод галін прамысловасці вядучае месца займае апрацоўчая (98,9%). Гал. галіна — харчовая (41,3%), якая працуе пераважна на мясц. сыравіне. Найб. развіта вінаробная прам-сць — больш за 200 цэнтраў па першаснай перапрацоўцы вінаграду. Буйныя вінна-каньячныя камбінаты ў Кішынёве, Ціраспалі, Кэлэрашы, шампанскіх він у Кішынёве; па перапрацоўцы вінаграду і фруктаў у Рыбніцы; вінзаводы ў Камраце, Фэлешці, Дубэсары, Сароцы і інш. У 1997 выраблена 18,4 млн. дал вінаграднага віна, 307 тыс. дал каньяку, 1147 тыс. дал пеністых він. Развіта кансервавая прам-сць, якая спецыялізуецца на выпуску кансерваў, сокаў, кампотаў з вінаграду, садавіны і агародніны. Асн. цэнтры Ціраспаль, Бендэр, Кэўшэнь, Кахул, Унгень. Цукр. з-ды размешчаны пераважна на Пн (Рыбніца, Дрокія, Фэлешць і інш.). Прадпрыемствы алейнай прам-сці ў Бэлці, Бендэры, Кішынёве. У М. вырабляецца эфірны алей з ружы, шалфею, мяты, лаванды для патрэб парфумернай, фармацэўтычнай і кандытарскай прам-сці. Буйныя мясакамбінаты ў Кішынёве, Бендэры, Ціраспалі, Бэлці, Унгені. Развіты тытунёвая прам-сць (Кішынёў, Фларэшць, Фэлешць, Дубэсар, Чадыр-Лунга і інш.), масларобная, кандытарская, мукамольная, макаронная і інш. галіны. Вытв-сць (тыс. т, 1998): цукру — 186, алею — 11,3, мяса — 19,7, масла — 2,6, мукі — 93,5, макароны — 9,7. На долю машынабудавання і металаапрацоўкі прыпадае 14,7% прамысл. прадукцыі. Вылучаюцца прыладабудаванне, эл.-тэхн., с.-г. машынабудаванне. Асн. цэнтры: Кішынёў (халадзільнікі, помпы, пральныя машыны, выліч. тэхніка, тэлевізары, радыёпрыёмнікі, трактары), Ціраспаль (рухавікі, трансфарматары, ліцейнае абсталяванне, аўтапрычэпы), Бэлць (машыны для ўборкі агародніны і тытуню, электрапагрузчыкі, электралямпы). Вытв-сць (тыс. шт., 1998) тэлевізараў — 2, пральных машын — 43,5, халадзільнікаў — 1, радыёпрыёмнікаў — 50,5, трактароў — 0,7. З-д пераробнай чорнай металургіі ў г. Рыбніца. Вытв-сць сталі 740 тыс. т, пракату 646 тыс. т. Электраэнергетыка працуе пераважна на прывазным паліве. Малдаўская ДРЭС, Кішынёўская і Бэлцкая ЦЭЦ. Дубэсарская ГЭС. Вытв-сць электраэнергіі 1,2 млрд. кВт гадз (1998). З галін лёгкай прам-сці развіты баваўняная (Ціраспаль), шаўковая (Бендэр), дывановая (Кішынёў, Унгень, Камрат, Леова), швейная, трыкат., абутковая (Кішынёў, Бэлць, Рыбніца), футравая (Бэлць). Вытв-сць тканін — 0,6 млн. м², трыкатажу — 2,6 млн. шт., абутку — 0,6 млн. пар. Прадпрыемствы па вытв-сці гумава-тэхн. вырабаў, лакаў, фарбаў у Кішынёве, Ціраспалі, Унгені. У дрэваапр. прам-сці вылучаецца вытв-сць мэблі, паркету, піламатэрыялаў, кардону, тары. Прам-сць буд. матэрыялаў (вытв-сць цэменту, гіпсу, цэглы, жалезабетонных вырабаў, шкла). С.-г. ўгоддзі займаюць 2,6 млн. га, у т. л. ворныя землі 1,8 млн. га, сады і вінаграднікі па 0,2 млн. га. Каля 0,3 млн. га арашаецца. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — раслінаводства. Вял. значэнне маюць вінаградарства, вырошчванне пладоў і ягад, цеплалюбівых гатункаў агародніны (перац, памідоры, баклажаны і інш.). Пасяўныя плошчы (тыс. га, 1997) пад збожжавымі і зернебабовымі культурамі — 1064, тэхн. — 300, кармавымі — 235, бульбай — 70, агароднінай — 65. Збор (тыс. т. 1997): пшаніцы — 1376, кукурузы — 1805, зернебабовых — 64, сланечніку — 204, соі — 3, цукр. буракоў — 1873, тытуню —23, бульбы —441, агародніны — 419, вінаграду — 310, пладоў і ягад — 1055. Пасевы эфіраалейных культур. Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку. Пагалоўе (тыс. галоў, 1998) буйн. раг. жывёлы — 453, свіней — 786, авечак і коз — 1108. Конегадоўля. Птушкагадоўля. Транспарт. Даўж. чыгунак 1,16 тыс. км, аўтадарог 10,5 тыс. км, у т. л. 10,1 тыс. км з цвёрдым пакрыццём. Асн. чыгункі: Слабодка—Рыбніца—Бэлць—Унгень, Бендэр—Рэні, Адэса—Бендэр—Кішынёў—Бэлць—Чарнаўцы. Аўтадарогі Кішынёў—Ізмаіл, Ціраспаль—Дубэсар—Рыбніца. Суднаходства па р. Днестр. Газаправод Шабялінка—Адэса—Кішынёў. Аб’ём экспарту ў 1997 склаў 874,4 млн. дол., імпарту 1171,9 млн. дол. ЗША. На долю краін СНД прыпадае каля 70% экспарту і 52% імпарту. Асн. гандл. партнёры: Расія (58% экспарту і 28% імпарту), Украіна (5,6% і 18%), Румынія (6,7% і 8,6%), ЗША (6,7% і 3,5%) і інш. М. экспартуе харч. прадукты, тэкстыль, машыны і абсталяванне. З тавараў імпарту пераважаюць паліўна-энергет. рэсурсы, угнаенні, машыны і абсталяванне. Беларусь пастаўляе ў М. бульбу, прадукты перапрацоўкі нафты, трактары, шыны, імпартуе кукурузу, алей, сокі, віно, вінаматэрыялы, цукар. Грашовая адзінка — малдаўскі лей.

Узброеныя сілы. Складаюцца з груповак войск. Галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Непасрэднае кіраўніцтва ўзбр. сіламі ажыццяўляе міністр абароны, якому падпарадкаваны 4 тэр. групоўкі войск (кожная ўключае мотапяхотную брыгаду, верталётную эскадрыллю і інш.). Налічваюць больш за 15 тыс. чал. (1998), на ўзбраенні 117 бронемашын, 168 артыл. сістэм, 30 баявых самалётаў і інш.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 69, жанчын — 69,9 года. Смяротнасць 12 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 82 чал., урачамі — 1 на 250 чал. Узровень нараджальнасці — 17 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 0,5%. Дзіцячая смяротнасць — 46 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета. Сучасная сістэма адукацыі М. ўключае дзярж. і прыватныя дашкольныя ўстановы для дзяцей з 3-гадовага ўзросту (з 5 гадоў — падрыхтоўчы клас), пач. і сярэднюю школу, сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Пач. школа (1—4-ы кл., для дзяцей з 6—7-гадовага ўзросту), сярэдняя мае 2 ступені: гімназія — 5—9-ы кл. (9-гадовае навучанне абавязковае) і ліцэй (10—12-ы кл.; дае званне бакалаўра). Паралельна існуюць 10—11-ы кл. агульнаадук. школы (выпускнікі атрымліваюць атэстат аб сярэдняй адукацыі). На ўсіх узроўнях навучанне вядзецца на малд. мове. Існуюць навуч. ўстановы нац. меншасцей (гагаузскія, укр., рус., яўр., балг., тур.). Сярэднюю спец. адукацыю і званне бакалаўра даюць шматпрофільныя школы і вучылішчы на базе гімназіі (тэрмін навучання 3 гады). У сістэме вышэйшай школы ун-ты, акадэміі і каледжы (на базе ліцэя, тэрмін навучання 3 гады па скарочанай праграме, даюць права паступлення ва ун-т на 2-і курс). У 1998/99 навуч. г. ў М. 1700 дашкольных устаноў (160 тыс. дзяцей), у т. л. 3 прыватныя; 107 пач. школ і 631 гімназія, у т. л. па 5 прыватных; 143 ліцэі і 625 агульнаадук. школ, у т. л. па 7 з іх прыватныя; 56 каледжаў, у т. л. 9 прыватных; 38 ВНУ (72,7 тыс. студэнтаў), у т. л. 20 прыватных (13 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя дзярж. ВНУ: Кішынёўскі ун-т, мед., пед., політэхн., с.-г. ун-ты, эканам. акадэмія (усе ў Кішынёве), пед. ун-т у Бэльці; недзярж. — Міжнар. незалежны ун-т «Алім» у Кішынёве і Незалежны ун-т у Ціраспалі. Буйнейшыя б-кі: Нац. і б-ка Нац. АН М. ў Кішынёве. Музеі: Цэнтральны, Карцінная галерэя, прыкладнога мастацтва, гіст. (усе ў Кішынёве); краязнаўчыя ў Кішынёве, Бэлці, Бендэры, Археі, Ціраспалі, Кахуле, Рыбніцы і інш. Навук. даследаванні праводзяцца ў НДІ Нац. АН М., галіновых НДІ, на кафедрах ун-таў і акадэмій.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1990-я г. ў М. каля 3 тыс. перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты на малд. мове — «Cuvintul» («Слова», з 1990), «Vocea poporului» («Голас народа»), «Literatura şі Arta» («Літаратура і мастацтва»); на рус. — «Независимая Молдова» (з 1991); на малд. і рус. мовах — «Sfatul Ţării» («Савет краіны», з 1918), «Moldova Suverana» («Суверэнная Малдова», з 1924), «Tineretul Moldovei» («Моладзь Малдовы», з 1928), «Viaţa Satului» («Сельскае жыццё», 1945). Выдаюцца таксама газеты на мовах этн. груп: «Ana sӧзу» («Ана созу», на гагаузскай), «Родно слово» (на балг.), «Славянская газета» (на рус.), «Наш голос» (на рус. і ідыш). Інфарм. агенцтва — Малдовапрэс (засн. у 1940 як тэлегр. агенцтва АТЕМ, сучасная назва з 1990). Радыёвяшчанне з 1930. Тэлебачанне з 1953. Радыё- і тэлеперадачы вядуцца на малд., рус., гагаузскай, укр. і інш. мовах.

Літаратура. Вытокі л-ры М. ў вуснай нар. творчасці. Найб. стараж. ўзоры фальклору захаваліся ў каляндарнай, сямейна-абрадавай паэзіі, казках, легендах, гераічным эпасе, гіст. песнях, баладах, песнях-дойнах і інш. Выдатны помнік малд. ліра-эпічнай нар. паэзіі — балада «Міёрыца». Першыя помнікі пісьменнасці ў М. ўзніклі на мяжы 9—10 ст. на паўд.-слав. мове малд. рэдакцыі (да 17 ст. афіц. дзярж., царк. і літ. мова). На ёй у 15—16 ст. створаны рэлігійна-гіст. творы: «Жыціе святога Іаана Новага» (1402), летапісы, пропаведзі Грыгорыя Цамблака. Першая малд. кніга — «Казанні» (1643) мітрапаліта Варлаама. Уклад у развіццё стараж. малд. л-ры зрабілі летапісцы Г.​Урэке (аўтар першага летапісу на малд. мове), М.​Косцін (філас. паэма «Жыццё свету», 1671—73), І.​Некулчэ («Летапіс Краіны Малдаўскай» — першы звод-апісанне гіст. падзей 1359—1743, дапоўнены легендамі і паданнямі). Развіццю малд. культуры пач. 18 ст. спрыялі М.​Мілеску (Спафарый), Дз.Кантэмір. У канцы 18 — пач. 19 ст. склаліся перадумовы для развіцця новай малд. л-ры. Зарадзіліся лірычная паэзія (М.​Міло, К.​Канакі, І.​Кантакузіна, М.​Дымакі), сатыра (Д.​Белдыман), пашырыліся пераклады з рус., франц. і інш. л-р. Узніклі нац. перыяд. друк, т-р, школа, пачаўся працэс фарміравання літ. мовы. З пач. 19 ст. л-ра набывала больш свецкі характар: творы Канакі, К.Стамаці, А.​Хыждэў, Б.П.Хашдэў, у Запруцкай (Зах.) М. — А.​Доніча, А.​Русы, В.​Александры і інш. Развіваліся і суіснавалі розныя літ. кірункі: сентыменталізм (Канакі), класіцызм (Стамаці, Хыждэў, Г.​Асакі), рамантызм (І.Крангэ, М.Эмінеску), крытычны рэалізм (Александры), рэалізм (Крангэ, К.​Негруцы, А.​Мяцяевіч). Узніклі літ. жанры: ода (Асакі, Александры), байка (Доніч, Стамаці), гіст. навела (Хыждэў, Негруцы), драма, памфлет, сатыр. камедыя (Хашдэў, Д.​Мілеў, Александры), паэма (Эмінеску), аповесць (Негруцы), казка, апавяданне (Крангэ), публіцыстычны нарыс (Руса, М.​Кагэлнічану, Хыждэў), гіст. раман (Хашдэў). Асн. тэндэнцыі л-ры 1920—30-х г. вызначалі проза Л.​Барскага, І.​Каны, М.​Маркава, Мілева, паэзія М.​Андрыеску, Л.​Карняну, К.​Кашэрэў, Т.​Малая, драматургія П.​Карнеліу, С.​Лехтцыра і інш. У цэнтры іх увагі гіст. лёс малд. народа, сац. перамены ў яго жыцці і свядомасці. У Бесарабіі працавалі Э.Букаў, А.Лупан, Д.​Ветраў, П.Дарыенка, Л.​Дэляну, Б.Істру, М.​Кастэнка, П.Кручанюк, Дж.Менюк і інш. У Вял. Айч. вайну найб. пашыранымі жанрамі былі паэзія і публіцыстыка: вершы і артыкулы Букава, Істру, Дарыенкі, Ветрава, Карняну, прасякнутыя героікай і патрыят. пафасам. Вядучае месца ў пасляваен. л-ры заняла паэзія (І.​Балцан, Л.Даміян, П.​Дарые, Дарыенка, Дэляну, П.Задніпру, А.​Кодру). Пашырыўся яе жанравы дыяпазон (верш, лірычны рэпартаж, ода, песня, паэма). Лепшыя традыцыі л-ры М. ў прозе развівалі Кана, Букаў, А.​Ліпкан, С.​Шляху, Г.Лупан, І.Друцэ, У.​Бешлягэ, А.​Шалар, І.​Чабану, Барскі, Г.​Геаргіу, А.​Бусуёк, В.​Малева, Я.​Куткавецкі, Р.​Лунгу, А.​Марынат; у драматургіі — Друцэ, Карняну, Г.​Лупан, Г.​Маларчук, Марынат, Р.​Партной і інш. У 1960—80-я г. бурна развіваецца раман. Творы гіст., ваен., вясковай тэматыкі, прысвечаныя праблемам урбанізацыі, стваралі Друцэ («Стэпавыя балады», 1963), Чабану («Масты», 1965; «Падгаране», 1982), Шляху («Месяц як жарало гарматы», 1970; «Надзейны чалавек», 1974), С.​Сакі («Выпрабаванне», 1972), Марынат («Гарачыя крыніцы», 1973), Маларчук («Бадзя Казма»), Геаргіу («Снягі вясной», 1974) і А.​Чыбатару («Сейбіты», 1977), Бешлягэ («Дома», 1976), Г.​Мадан («Перакрыжаваныя шаблі», 1977), Ф.​Відрашку («На вуліцы Руж», 1977), Малева («Сярэбраны ўзрост», 1979) і інш. У 1970—90-я г. традыцыі пісьменнікаў старэйшага пакалення працягваюць Г.Віеру, А.​Чыбатару, П.Боцу, Г.​Водэ, І.​Ватаману, Э.​Лацяну, Даміян, В.​Тэлеукэ і інш. Пра тэматычную разнастайнасць паэзіі сведчаць калектыўныя зб-кі вершаў «Пяю маю Айчыну» (1972), «Вобраз твой, Малдова» (1974), «Сузор’е сэрцаў» (1976), «Мая рэспубліка» (1977), а таксама кнігі лірыкі Водэ («Няхай заўсёды цудоўным будзе вобраз твой», 1976; «Сэрца бягучае», 1980), Ватаману («Зялёная калыханка песні», 1978; «Вяршыні кахання», 1981), Тэлеукэ («Імгненні сэрца», 1975; «Спроба не паміраць», 1980), Лацяну («Двайная спіраль», 1976), Боцу («Клятва», 1981) і інш. Для твораў сучаснай л-ры М. характэрны багацце маст. стыляў, жанраў, шматграннасць, надзённасць тэматыкі і праблематыкі, паглыблены сац.-псіхал. аналіз. Плённа развіваюцца дзіцячая л-ра (С.​Вангелі, Віеру, Г.​Лупан, Дарые, Шалар), крытыка і літ.-знаўства (С.​Чыбатару, Х.​Корбу). У 1928 створаны Саюз пісьменнікаў М.

Бел.-малд. літ. сувязі пачалі акрэслівацца ў 1940-я г.: першы бел. твор — верш Я.​Купалы на малд. мове з’явіўся ў 1939 (перакладчык М.​Цуркану). Пашырэнню літ. кантактаў у пасляваен. час спрыялі ўзаемны ўдзел пісьменнікаў у рабоце з’ездаў, іх перакладчыцкая дзейнасць, правядзенне тыдняў л-р (1956 і 1960). На малд. мове выдадзены анталогіі «Беларускія вершы» (1956), «Проза Савецкай Беларусі. Апавяданні і навелы» (1962), асобныя творы бел. пісьменнікаў, у т. л. раман І.​Шамякіна «Глыбокая плынь» (1954), паэтычныя творы Я.​Купалы — «Хлопчык і лётчык» (1955, перакладчык Задніпру), выбраная лірыка (зб. «Песня ў імя свабоды», 1982; перакладчык Дарые), аповесць Я.​Коласа «Дрыгва» (1968) і зб. «Апавяданні аб мінулым» (1958), аповесці Я.​Брыля «На парозе сталасці» (1961), Я.​Маўра «ТВТ...» (1961), В.​Быкава «Трэцяя ракета» (1964), А.​Рылько «Мядовыя краскі» (1965), раманы П.​Броўкі «Калі зліваюцца рэкі» (1962), У.​Дадзіёмава «Над Нёманам» (1963), І.​Мележа «Людзі на балоце» (1966) і інш. Творы многіх бел. паэтаў і празаікаў публікуюцца ў малд. перыяд. друку. На бел. мове выдадзены: анталогіі «Малдаўскія апавяданні» (1958), «Паэты сонечнай Малдовы» (1960), «Малдаўскія народныя казкі» (1966), «Бочачка вінароба: Малдаўскі гумар» (1967), кн. прозы «Гронкі радасці: Творы пісьменнікаў Малдавіі і малд. фальклору» (1986), творы для дзяцей, у т. л. казка «Жалезны воўк» (1978), зб-кі вершаў Бешлягэ «Ляцім на Месяц» (1977), Ф.​Міронава «Балада пра бусла» (1981), кн. апавяданняў Вангелі «Гугуцэ — капітан карабля» (1983), а таксама асобныя творы розных жанраў: аповесць Шляху «Таварыш Ваня» (1957), зб. апавяданняў В.​Рошкі «Што мае вочы бачылі» (1962), раманы Лупан «Трэція пеўні» (1971), Друцэ «Цяжар нашай дабрыні» (1977), зб-кі лір. твораў Букава «Нараджэнне першай зоркі» (1980), Віеру «Імя тваё» (1986) і інш. На старонках бел. газет і часопісаў змяшчаюцца творы Букава, А.​Чакану, Даміяна, А.​Гужэля, Боцу, Балцана, Дэляну, Кручанюка, П.​Керарэ, Тэлеукэ і інш. Найб. плённа перакладалі і перакладаюць творы малд. пісьменнікаў А.​Астрэйка, М.​Аўрамчык, А.​Бачыла, Т.​Бондар, Я.​Брыль, Г.​Бураўкін, А.​Вольскі, М.​Гіль, А.​Грачанікаў, Х.​Жычка, С.​Законнікаў, А.​Звонак, У.​Казбярук, М.​Калачынскі, У.​Камейша, У.​Карызна, К.​Кірэенка, А.​Клышка, Я.​Лецка, А.​Лойка, М.​Маляўка, А.​Марціновіч, С.​Панізнік, У.​Паўлаў, Ю.​Свірка, Я.​Семяжон, Я.​Сіпакоў, М.​Чарняўскі, А.​Шарахоўская, У.​Шахавец, В.​Шымук, Я.​Янішчыц, Р.​Яўсееў і інш.

Архітэктура. На тэр. М. выяўлены паселішчы трыпольскай культуры. З 10—11 ст. гарады мелі драўляна- і каменна-земляныя ўмацаванні, з сярэдзіны 15 ст. іх абносілі каменнымі сценамі. У Сароцы і Бендэры пабудаваны крэпасці з магутнымі вежамі і арачнымі ўездамі. Да 16 ст. склаўся мясц. тып 1-нефавага бяскупальнага храма з нартэксам і апсідай (царква Успення ў г. Кэўшэнь, 16 ст.) або з 3 апсідамі ў форме трылісніка (царква Успення манастыра ў Капрыянах, 16 ст.). З 15 ст. ў цэрквах рабілі пахавальні з нішамі ў сценах. Своеасаблівая «малдаўская сістэма» перакрыццяў: 2 ярусы арак падтрымліваюць барабан над цэнтр. ч. храма (царква манастыра ў Рудзі, 1774). Звонку храмы аздаблялі плоскімі нішкамі (фірыдэ) і арачнымі паяскамі (окніцэ), з 17 ст. — урачыстымі «каменнымі карункамі» (партал з багатай разьбой царквы св. Дзімітрыя ў г. Архей). Драўляныя цэрквы 18 ст. звычайна мелі прамавугольны ці 8-гранны зруб, накрыты шатром. Грамадз. пабудовы 14—15 ст. (палацы, лазні) драўляныя або землябітныя, пазней — каменныя (рэшткі замка 14—15 ст. у Археі). У канцы 18 ст. склаўся тып гар. і сельскага дома з выкарыстаннем асобных элементаў класіцызму. У часы тур. панавання (15—18 ст.) многія арх. помнікі разбураны. Ад 16—17 ст. захаваліся пячорныя манастыры ў Сахарне, Жабцы і храмы каля с. Бутучэны, ад 18 ст. — царква Раства Багародзіцы («Мазаракіеўская») у Кішынёве, і інш. З пач. 19 ст. ўзводзілі будынкі, ансамблі, мемарыялы ў стылі класіцызму: кафедральны сабор (1830—35, арх. А.​Мельнікаў) і трыумфальная арка (цяпер арка Перамогі, 1840, арх. І.​Заушкевіч) у Кішынёве, мемар. дарычная калона на месцы бітвы 1770 пры р. Кахул (1845, Ф.​Бафо), манастыр Цыганешты каля Архея (1846). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў гарадах пераважала 1-павярховая забудова асабнякамі, абкружанымі садамі. Кампазіцыйнай дамінантай былі грамадскія будынкі і цэрквы з каменю і цэглы (Грэчаская царква ў Кішынёве, 1895, арх. А.​Бернардацы). У вясковых сядзібах стваралі ландшафтныя паркі (Цаульскі парк каля Тырнава, 1902—15), будавалі цэрквы (царква ў с. Верхнія Кугурэшты Фларэшцкага р-на, 1912—16, арх. А.​Шчусеў). У архітэктуры 1920—30-х г. дамінаваў стыль мадэрн. У 1940—50-я г. істотна мянялася структура гарадоў, пракладваліся новыя магістралі, узводзіліся шматпавярховыя грамадскія і жылыя будынкі. У буд-ве выкарыстоўвалі мясц. светлы вапняк, у дэкоры — кераміку, разьбу па камені. У 1960-я г. будавалі паводле тыпавых праектаў з вапняку і жалезабетонных панэляў. З 1970-х г. забудова вядзецца паралельна з рэканструкцыяй гістарычных гар. цэнтраў. Захоўваюцца традыц. формы вясковага дома: драўляны ці каменны дом з ганкам або галерэяй, багата аздоблены разьбой і размалёўкай; будуюць таксама дамы новага тыпу з вял. вокнамі і верандамі, часам 2—3-павярховыя. Для архітэктуры 1980—90-х г. характэрны свабодная планіроўка мікрараёнаў, новыя буд. матэрыялы, колеравыя эфекты, разнастайныя рытмічныя акцэнты, больш маляўнічымі становяцца кампазіцыі мікрараёнаў, грамадскіх і вытв. комплексаў (жылыя дамы ў мікрараёне № 7 па праспекце Міру і вул. Бельскага, арх. М.​Думіх; гасцініца «Інтурыст», арх. А.​Гарбунцоў; Палац Рэспублікі; усе ў Кішынёве). У 1945 створаны Саюз архітэктараў М.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. раннія творы мастацтва на тэр. М. адносяцца да позняга палеаліту (рагавы «жэзл» з рэльефнай фігурай), неаліту (арнаментаваная кераміка), трыпольскай культуры (пасудзіны са складаным дэкорам, фігуркамі людзей і жывёл). Выяўлены помнікі культуры фракійцаў (з 9 ст. да н.э.), метал. ўпрыгожанні і зброя, гліняныя і бронз. фігуркі. У 1-й пал. 1-га тыс. н.э. высокім маст. узроўнем вызначаліся керамічныя пасудзіны, залатыя, сярэбраныя і бронз. фібулы, завушніцы, бранзалеты і спражкі. Да культуры стараж. славян адносяцца гліняныя фігуркі божастваў і жывёл, кераміка, ювелірныя вырабы. У 13—14 ст. мастацтва М. зазнала ўплывы рамёстваў Візантыі і мусульм. Усходу, часткова стараж.-рус. маст. культуры. Кніжнай мініяцюры 15—16 ст. характэрны арнаментаваныя застаўкі і гарманічныя колеравыя спалучэнні. У 17 ст. мініяцюры сталі больш экспрэсіўныя, кветкавы ўзор заставак спрасціўся. У размалёўках 18 ст. элементы нар. творчасці спалучаліся з познавізант. і балканскімі традыцыямі (размалёўкі ў царкве Успення ў г. Кэўшэнь з партрэтнымі выявамі царк. старастаў). У іканапісе канца 18 — пач. 19 ст. аб’ёмная лепка твараў спалучалася з плоскаснасцю адзення і фону. Развівалася дыванаткацтва. У 19 ст. ў выяўл. мастацтве пашырыліся свецкія жанры, асабліва партрэт (І.​Краус). У 2-й пал. 19 ст. з’явіліся прафес. мастакі, у 1887 заснавана рысавальная школа (з 1940 Рэсп. маст. вучылішча). У канцы 19 — пач. 20 ст. пад уплывам рус. перасоўнікаў малд. мастакі стваралі рэаліст. пейзажы, жанравыя карціны, псіхал. партрэты (У.​Акушка, Я.​Маляшэўская і інш.). У 1920—40-я г. мастацтва М. развівалася ў адзіным рэчышчы з укр. і рус. мастацтвам (карціны А.​Файніцкага, плакаты і кніжная графіка Я.​Мярэгі і інш.). У мастацтве Бесарабіі дамінавалі мадэрнісцкія плыні, у рэаліст. кірунку працавалі скульпт. А.​Пламадзяла, жывапісцы М.​Гамбурд, А.​Бальер, графік Ш.​Коган і інш. У 1941—45 патрыятычныя творы рабілі Л.​Дубіноўскі, Гамбурд, Б.​Нясведаў. У 1950—80-я г. ў скульптуры манум. сімволіка-алегарычныя і жанравыя кампазіцыі стварылі Дубіноўскі, Ю.​Канашын, І.​Кітман, Б.​Марчанка, паэт. вобраз жанчыны — К.​Кабізева. У жывапісе вызначаюцца тэматычныя карціны І.​Віеру, М.​Грэку, І.​Жумація, В.​Зазерскай, С.​Кучука, В.​Русу-Чабану, І.​Сцяпанава, партрэты работы А.​Зевінай, К.​Кітайкі, Г.​Саінчука, пейзажы А.​Васільева, М.​Петрыка. Э.​Раманеску; у графіцы — І.​Багдэска, Л.​Грыгарашанкі, Э.​Кілдэску, А.​Калыбняка, І.​Кырму і інш. У тэатр.-дэкарацыйным мастацтве працавалі С.​Булгакаў, К.​Ладзейскі, А.​Матэр, А.​Шубін. У дэкар.-прыкладным мастацтве развіваюцца дыванаткацтва, кераміка, разьба па дрэве, ювелірнае мастацтва (С.​Врынчану, Э.​Грэку, С.​Чокалаў, М.​Рэчылэ, Ф.​Нутовіч, Л.​Янцэн і інш.). У 1945 засн. Саюз мастакоў М.

Музыка. У аснове малд. нар. музыкі 7-ступенныя дыятанічныя лады. Нар. песня пераважна аднагалосая (трапляецца двухгалоссе). Найб. стараж. песні працоўныя і абрадавыя (калядкі, вясельныя, галашэнні), пашыраны песні-балады і лірычныя, больш познія гар. песні-рамансы. Важнае месца ў малд. фальклоры займаюць дойна і танц. мелодыі — хора, сырба, бэтута. Сярод нар. муз. інструментаў: струнны шчыпковы кобза, язычковы шчыпковы дрымба (варган), духавыя — флуер, кавал (разнавіднасці жалеек), най (флейта Пана), тарагот, чымпой (дуда), бучум (трэмбіта), ударны — цымбалы. Носьбіты традыцый нар. выканальніцтва — лэўтары (ад нар. назвы скрыпкі), сярод якіх вядомы Б.​Лэўтару, Я.​Пержа, К.​Марын, Г.​Мурга. Прафес. музыка. пачала развівацца ў сярэдневякоўі ў манастырах, пры княжацкіх дварах, у вайск. асяроддзі. Вядомы малд. кампазітар, тэарэтык і выканаўца 18 ст. кн. Дз.Кантэмір. Муз. жыццё М. ажывілася ў 19 ст.; створаны. Муз.-драм. кансерваторыя Г.​Асакі ў г. Ясы (1836), т-ва «Гармонія» (1880, з 1899 Кішынёўскае аддзяленне Рас. муз. т-ва на чале з У.​Рэбікавым), муз. вучылішча (1900) у Кішынёве; выдадзены зборнікі нар. песень і танцаў Ф.​Ружыцкага, К.​Мікулі, Г.​Музічэску, Т.​Бурады. Вял. ролю ў развіцці малд. муз. культуры канца 19 — пач. 20 ст. адыгралі Е.​Тойбер-Асака, А.​Флехтэнмахер, Ч.​Парумбеску, Музічэску, Мікулі, заснавальнік нац. оперы, інстр. канцэрта і сімф. уверцюры Э.​Каўдэла. У 1918—40 вылучыліся дырыжоры В.​Булычаў, І.​Бейн, хормайстар М.​Беразоўскі, кампазітары М.​Быркэ, С.​Златаў, Я.​Кока і інш. У 1930-я г. арганізаваны хар. капэла «Дойна», сімф. аркестр, ансамбль нар. музыкі ў г. Ціраспаль. У станаўленні маст. калектываў, падрыхтоўцы нац. кадраў і стварэнні рэпертуару ўдзельнічалі рус. і ўкр. кампазітары. У 1937 створана малд. аддзяленне пры Саюзе кампазітараў Украіны (Адэса). У 1940—90-я г. ў розных муз. жанрах працавалі Ш.​Няга (сімф. «Паэма пра Днестр», 1943; кантата «Штэфан Вялікі», 1946; араторыя «Песня адраджэння», 1951; канцэрт для скрыпкі з арк., 1944), Кока (першыя стр. квартэты), Л.​Гураў, С.​Лобель, В.​Палякоў (сімфоніі) і інш.

У 1957 адкрыты Малд. т-р оперы і балета. Паявіліся оперы Д.​Гершфельда («Гразаван!», 1955; «Аўрэлія», 1959; «Сяргей Лазо», 1980), А.​Стырчы («Сэрца Домнікі», 1960), З.​Ткач («Каза з трыма казлянятамі», 1966; «Галубы ў касую лінейку», 1974; «Крок у бессмяротнасць», 1986; «Мой парыжскі дзядзька», 1987), Г.​Нягі («Гліра», 1972; «Залаты рог», 1984), Э.​Лазарава («Дракон», 1976), Г.​Мусці («Александру Лэпушняну», 1987); балеты Лазарава («Антоній і Клеапатра», 1965), В.​Загорскага («Перакрыжаванне», 1977), Ткач («Андрыеш», 1980), Е.Догі («Лучафэрул», 1983) і інш. У жанрах сімф. і камерна-інстр. музыкі, інстр. канцэрта працуюць П.​Рывіліс, Ф.​Кірыяк, І.​Макавей, Г.​Няга, В.​Біткін. Росквіт песеннага жанру і кінамузыкі звязаны з творчасцю Догі, у песенным жанры працуе К.​Руснак. Сярод выканаўцаў: спевакі Т.​Алёшына, М.Біешу, Л.​Ерафеева, М.​Мунцян, Т.​Чэбан, дырыжоры Ц.​Гуртавой, С.​Лункевіч, хар. дырыжор В.​Гаршця. У М. дзейнічаюць (1999): Малд. т-р оперы і балета, Малд. муз.-драм. т-р (з 1954), муз.-драм. т-ры ў гарадах Бэлць і Кахул, філармонія ў Кішынёве, пры якой сімф. аркестр, хар. капэла «Дойна», ансамбль нар. танца «Жок», аркестр малд. нар. інструментаў «Флуераш», ансамбль «Лэўтары»; эстр.-сімф. аркестр, стр. квартэт, ансамбль нар. музыкі «Фальклор» Малд. тэлебачання і радыё. Працуюць Малд. акадэмія музыкі, муз. вучылішчы і інш.

Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва М. ў нар. творчасці, стараж. абрадах і гульнях. У 14 ст. выступалі прыдворныя і вандроўныя тэатр. групы «Пелівань», «Мэскрэрыч», «Суітар». На мяжы 18—19 ст. пашырыліся формы нар. т-ра, насычаныя музыкай і танцамі («Ірозій», т-р лялькаводаў, гайдуцкі т-р і інш.). У 1816 заснавальнік малд. т-ра Г.​Асакі паставіў першы спектакль на малд. мове — пастараль «Міртыл і Хлоя» С.​Геснера і Ж.​Фларыяна; у 1836—38 ён заснаваў кансерваторыю ў Ясах. У 1839 акцёр і драматург К.​Караджале стварыў у Ясах «Т-ва дылетантаў», з якога ўзнік Нац. т-р. Станаўленню нац. тэатр. культуры садзейнічалі драматургі В.​Александры, М.​Кагэлнічану, К.​Негруцы, Б.​П.​Хашдэў, К.​Стамаці-Чура. Асновы рэаліст. школы акцёрскага мастацтва заклаў М.​Міло. З сярэдзіны 19 ст. ў т-ры М. рысы класіцызму спалучаліся з рамант. тэндэнцыямі, асветніцкага рэалізму — з крытычным рэалізмам. У Кішынёве выступалі рус. і ўкр. трупы, гастраліравалі вядомыя рус. і ўкр. акцёры. У гады 1-й сусв. і грамадз. войнаў т-р заняпаў, дзейнічалі аматарскія калектывы. У 1927 у г. Балта створаны Малд. драм. т-р, акцёры якога ў 1930 увайшлі ў драм. студыю пад кіраўніцтвам А.​Адашава і Н.​Панасевіч-Рэміз у Ціраспалі (з 1932 у Адэсе). У 1933 у Ціраспалі адкрыты Першы малд. драм. т-р (з 1939 Малд. муз.-драм. т-р, з 1940 у Кішынёве, з 1957 імя А.​Пушкіна). Дзейнічалі Укр. (1930—40) і Рус. (1935; з 1940 у Кішынёве, з 1959 імя А.​Чэхава) т-ры. Ставіліся рус. і замежная класіка, п’есы малд. драматургаў. У 1945 у Кішынёве адкрыты т-р лялек «Лікурыч», у 1957 Бэлцкі малд. т-р (з 1966 імя Александры). Вял. ўвага аддавалася п’есам малд. драматургаў А.​Лупана, Л.​Дэляну, Л.​Карняну, Р.​Партнога і інш., нац. класіцы («Сынзяна і Пепеля», «Авідзій», «Кірыца ў Ясах» Александры, «Свякроў з трыма нявесткамі» паводле І.​Крангэ). У 1960 у Кішынёве засн. маладзёжны т-р «Лучафэрул». Дзейнічаюць «Паэтычны т-р» у Кішынёве, Рус. т-р драмы і камедыі ў Ціраспалі. Сярод лепшых спектакляў: «Эмінеску» М.​Штэфэнеску, «Фантан Бландузіі» і «Кірыца ў правінцыі» Александры, «Зямля» І.​Падаляну, «Міндора» А.​Стрымбяну, «Каса марэ» і «Птушкі нашай маладосці» І.​Друцэ, «Маскарад» М.​Лермантава, «Рэвізор» М.​Гогаля, «Без віны вінаватыя» Астроўскага, «Кароль Лір» і «Дванаццатая ноч» У.​Шэкспіра, «Каварства і каханне» Ф.​Шылера, «Швейк у другой сусветнай вайне» Б.​Брэхта і інш. Вял. ўклад у развіццё т-ра М. зрабілі рэжысёры В.​Купча, І.​Шкура, акцёры Д.​Дарыенка, Н.​Масальская, Я.​Урэке, К.​Штырбу, М.​Апосталаў, П.​Баракчы, В.​Герлак, Т.​Грузін, К.​Казімірава, К.​Канстанцінаў, А.​Плацында, Ю.​Сакалоў, Л.​Шутава, К.​Тырцэў і інш. У т-рах М. пастаўлены п’есы бел. драматургаў, у т. л. К.​Крапівы, А.​Макаёнка, А.​Маўзона, Дз.​Курдзіна і інш. У 1987 створаны Саюз тэатр. дзеячаў М.

Кіно. Першыя дакумент. фільмы на тэр. М створаны ўкр. рэжысёрамі і аператарамі: «Дакументы эпохі» (1927), «На Дунаі» (1940). У 1944 аператар І.​Гразноў зняў у Кішынёве спец. выпускі кіначасопіса «Савецкая Малдова», у 1949 рэж. М.​Білінскі стварыў першы паўнаметражны дакумент. фільм «Савецкая Малдова». У 1952 засн. Кішынёўская кінастудыя хранікальна-дакумент. фільмаў (кінанарысы «Кодры», 1953; «Помнікі баявой славы», 1955, інш.). Першы малд. маст. фільм «Малдаўскія напевы» (1955, рэж. А.​Залатніцкі). У 1957 студыя хранікальна-дакумент. фільмаў рэарганізавана ў кінастудыю маст. і хранікальна-дакумент. фільмаў «Малдова-фільм». Здымаліся фільмы камед. («Не на сваім месцы»,1958, рэж. Г.​Камароўскі), гіст. («Атаман кодр», 1959, рэж. В.​Уліцкая), сучаснай тэматыкі («Я вам пішу...», 1959, рэж. М.​Ізраілеў). Сярод лепшых стужак 1960—80-х г. «Армагедон» (1962, рэж. Ізраілеў), «Апошні месяц восені» (1965, рэж. В.​Дзербянёў, Гран пры Міжнар. кінафестывалю фільмаў для моладзі ў Канах, 1967), «Сяргей Лазо» (1968, рэж. А.​Гардон), «Абвінавачваюцца ў забойстве» (рэж. Б.​Волчак), «Дзесяць зім за адно лета» (рэж. В.​Гажыу; абодва 1970), «Рызыка» (1971, рэж. В.​Паскару), «Дзмітрый Кантэмір» (1973, рэж. В.​Іовіцэ і В.​Калашнікаў), «Хто каго?» (1977, рэж. А.​Кодру), «Лебедзі ў сажалцы» (1982, рэж. Паскару) і інш. Вял. ўклад у развіццё малд. кіно зрабіў рэж. і сцэнарыст Э.Лацяну. З 1968 выпускаюцца анімацыйныя фільмы («Гугуцэ-паштальён», 1976, рэж. К.​Балан; «Як знайшлі сябра», 1981, рэж. Л.​Домнін, і інш.). З 1971 здымаюцца тэлефільмы: «Чырвонае сонейка» (1972, рэж. Паскару), «I прыйдзе дзень» (1979, рэж. Ізраілеў), «Кодавая назва «Паўднёвы гром» (1980, рэж. Н.​Гібу) і інш. З 1972 выпускаецца сатыр. кіначасопіс «Устурыч». Акцёры: М.Валанцір, Р.​Грыгорыу, М.​Сагайдак, С.​Тома, І.​Унгурану, І.​Шкура і інш. У 1962 заснаваны Саюз кінематаграфістаў М.

Беларусы ў Малдове. Гісторыя з’яўлення бел. дыяспары ў М. малавядома. У 14—16 ст., калі левабярэжная частка М. ўваходзіла ў склад ВКЛ, пасля далучэння М. да Расіі (канец 18 — пач. 19 ст.) і пазней міграцыя беларусаў у М. была нязначнай. Толькі пасля 2-й сусв. вайны тут з’явілася невял. ўстойлівая бел. дыяспара (беларусы прыязджалі пераважна на будоўлі, па арганізаваных наборах, абавязковым размеркаванні навучэнцаў, сямейных абставінах). У 1959 у М. жыло каля 9 тыс. беларусаў, у 1989 іх колькасць павялічылася да 20 тыс. чал., але сваіх нац. культ.-асв. асяродкаў беларусы там практычна не мелі. Пасля абвяшчэння незалежнасці М. частка беларусаў вярнулася на радзіму (1673 чал. ў 1991—95), невял. колькасць прыбыла ў М. (45 чал. у 1995). У 1990-я г. ў М. створаны і дзейнічаюць: Бел. грамада (Кішынёў), пры якой існуе нядзельная школа, суполка «Беларусь» (Бендэры), аддзел бел. л-ры пры адной з бібліятэк Кішынёва. У вер. 1997 заключана міжурадавае пагадненне аб абароне правоў і інтарэсаў беларусаў у М. і малдаван у Беларусі.

Літ.:

Гросул Я.С. Труды по истории Молдавии. Кишинев, 1982;

Параска П.Ф. Внешнеполитические условия образования Молдавского феодального государства. Кишинев, 1981;

Полевой Л.Л. Раннефеодальная Молдавия, Кишинев, 1985;

Мохов Н.А. Очерки истории формирования молдавского народа. Кишинев, 1978;

Бессарабия на перекрестке европейской дипломатии: Док. и материалы. М., 1996;

Вопросы истории Молдавии XIX — начала XX в.: Сб. ст. Кишинев, 1989;

Пасат В.И. Трудные страницы истории Молдовы, 1940—1950-е гг. М., 1994;

Корбу Х.Г. Становление новой молдавской литературы и проблема творческого метода (1840—1860). Кишинев, 1976;

Чиботару С.С. Формирование социалистического реализма в молдавской литературе, 1917—1941. М., 1974;

Коробан В.П. Современный молдавский роман. М., 1979;

Изобразительное искусство Молдавской ССР. М., 1972;

Лившиц М.Я. Искусство Молдавской ССР: [Альбом]. Л., 1972;

Яго ж. Декоративно-прикладное искусство Молдавии. Кишинев, 1980;

Музыкальная культура Советской Моддавии: Сб. ст. М., 1965;

История музыки народов СССР. Т. 1—6. М., 1970—96;

Себов Н.Д. Становление молдавского музыкального театра. Кишинев, 1983;

Прилепов Д.И. Молдавский театр. М., 1967;

Иорданов И. Кино Молдавии. М., 1981;

Полюхов Н.М., Полюхова М.П. Киноискусство Советской Молдавии. М., 1981.

П.​І.​Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), М.​Г.​Нікіцін (гісторыя), Г.​В.​Ратнікаў (кіно), Т.​А.​Папоўская (беларусы ў Малдове).

Герб і сцяг Малдовы.
Да арт. Малдова. Малдаўская вёска.
Да арт. Малдова. У каньячным цэху.
Да арт. Малдова. Помнік гаспадару (правіцелю) Стэфану III Вялікаму ў Кішынёве. Скульптар А.​М.​Пламадзяла. 1925.
Да арт. Малдова. Будынак Нацыянальнага музея гісторыі Малдовы.
Да арт. Малдова. Царква Раства Багародзіцы («Мазаракіеўская») у Кішынёве. 18 ст.
Да арт. Малдова Малдаўскі тэатр оперы і балета.
Да арт. Малдова. Палац Рэспублікі ў Кішынёве.
Да арт. Малдова. М.​Грэку. Восеньскі дзень. 1964.
Да арт. Малдова. Э.​Раманеску. Родны край. 1968.
Да арт. Малдова. М.​Петрык. Вінаградная чаша. 1974.
Да арт. Малдова. Дыван. Канец 19 ст.
Да арт. Малдова. Ф.​Нутовіч. Набор «Юбілейны». 1974.
Да арт. Малдова. М.​Рэчылэ. Габелен «Веснавая ралля». 1977.
Да арт. Малдова. І.​Віеру. Збор ураджаю. 1972.

т. 10, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРА́Н, Ісламская Рэспубліка Іран (Джамхурые Эсламіе Іран),

дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі. Да 1935 афіц. назва Персія. Мяжуе на Пн з Арменіяй, Азербайджанам, Туркменістанам, на У з Афганістанам і Пакістанам, на З з Іракам і Турцыяй. На Пн абмываецца водамі Каспійскага м., на Пд — Персідскага і Аманскага заліваў. Пл. 1648 тыс. км². Нас. 67 540 тыс. чал. (1997). Дзярж. мова — персідская (фарсі). Сталіца — г. Тэгеран. У складзе І. 25 астанаў (правінцый). Нац. свята — Дзень Рэвалюцыі (11 лют.).

Дзяржаўны лад. І. — ісламская рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1979 (са зменамі 1989), паводле якой вышэйшы аўтарытэт і ўладу ў краіне мае рэліг.-паліт. лідэр мусульм. абшчыны. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (ён жа ўзначальвае выканаўчую ўладу), які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Мусульм. кансультатыўнаму сходу — меджлісу (270 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). Функцыі кантролю за адпаведнасцю рашэнняў меджліса палажэнням ісламу і канстытуцыі і нагляд за правядзеннем рэферэндумаў, выбараў прэзідэнта і дэпутатаў меджліса ажыццяўляе Савет стражнікаў ісламскай рэвалюцыі з 12 членаў, з іх 6 назначае кіраўнік І. і 6 мусульм. правазнаўцаў выбірае меджліс на тэрмін 6 гадоў. Мясц. ўлада ў астанах належыць губернатарам, якіх назначае нац. ўрад, і саветам, што выбіраюцца насельніцтвам пэўнага астана.

Прырода. І. — краіна гор і высокіх нагор’яў (​4/5 тэрыторыі). Большую ч. займае Іранскае нагор’е, акаймаванае горнымі сістэмамі. На Пн — Туркмена-Харасанскія горы і Эльбурс (з найвыш. пунктам І. г. Дэмавенд, 5604 м), на З і Пд Курдыстанскія горы, Загрос і Мекран, на ПдУ і УУсх.-Іранскія горы, на ПнЗ — Армянскае нагор’е. Унутр. ч. Іранскага нагор’я занята хр. Кухруд і замкнёнымі бяссцёкавымі ўпадзінамі (пустыні Дэштэ-Кевір, Дэштэ-Лут). Уздоўж Каспійскага м. паласой у 2—6 км распасціраецца Прыкаспійская нізіна. На ПдЗч. Месапатамскай нізіны, на ўзбярэжжы Персідскага і Аманскага заліваў — пустыня Гермсір, у бас. р. Атрэк — Гарганская раўніна. Часта бываюць землетрасенні. Нетры І. багатыя нафтай, прыродным газам, каменным вугалем. Ёсць жалезныя, марганцавыя, медныя, свінцова-цынкавыя, храмітавыя, нікелевыя і кобальтавыя руды, руды высакародных металаў. З няруднай сыравіны: сера, калійная, кухонная і глаўберава солі, азбест, карунд, графіт, тальк, слюда, барыты, каштоўныя камяні. Разнастайныя буд. матэрыялы: граніты, даламіты, вапнякі, мармур, туфы. Радовішчы нафты і газу пашыраны ў межах Персідскага заліва нафтагазаноснага басейна, асобныя радовішчы ў Цэнтральнаіранскім і Паўд.-Каспійскім басейнах. Разведаныя запасы нафты 12,8 млрд. т, найб. радовішчы: Агаджары, Гечсаран, Марун, Бібі-Хекіме, Ахваз. Запасы прыроднага газу каля 20 трыльёнаў м³ (2—е месца ў свеце пасля Расіі), найб. радовішчы Кенган, Пазенан, Парс, Керманскі і Эльбурскі каменнавугальныя басейны. Клімат на большай частцы тэр. І. субтрапічны, сухі, на ўзбярэжжы Персідскага і Аманскага заліваў трапічны, гарачы. Сярэдняя т-ра студз. ад -2 °C на Пн да 19 °C на Пд, ліп. адпаведна 25 °C і 32 °C. Ападкаў ад 30 мм да 500 мм за год (пераважна зімой і вясной), на паўн. схілах Эльбурса да 2000 мм. Рэкі малаводныя, большасць іх адносіцца да ўнутр. басейнаў, многія летам перасыхаюць. Гал. рэкі: Аракс, Кызылузен, Шат-эль-Араб з прытокам Карун, Атрэк, Гарган. Шмат азёр, пераважна бяссцёкавых і салёных — Урмія, Дэр’ячэе-Немек, Хамун і інш. Агульная асаблівасць глеб — камяністасць і павышаная засоленасць. Ва ўнутр. раёнах і катлавінах шэразёмы і саланчакі, на схілах Эльбурса жаўтазёмы і чырваназёмы, па рачных далінах алювіяльныя глебы. Расліннасць разнастайная, больш за 600 відаў, пераважае пустынная, паўпустынная і сухастэпавая. Пад лесам каля 7% тэрыторыі, у асноўным на схілах Эльбурса (дуб, бук, граб, самшыт, грэцкі арэх). На ўзбярэжжы Персідскага і Аманскага заліваў расліннасць трапічная (мімозы, аравійская акацыя, какосавая пальма, у аазісах — фінікавая пальма). Багаты жывёльны свет. З капытных — архар, антылопа-джэйран, казуля, газель, з драпежнікаў — тыгр, гепард, леапард, гіена, воўк. Шмат грызуноў, паўзуноў. Нац. паркі: Кевір, Гулістан, Урмія, Цэнтральнаэльбурскі і інш.; буйны заказнік Туран.

Насельніцтва. 50% насельніцтва складаюць персы; каля 20% азербайджанцаў, 10% лураў, 8% курдаў, па 2% арабаў і туркменаў; ёсць белуджы, армяне, яўрэі і інш. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане-шыіты (90%); ёсць мусульмане-суніты (8,4%), хрысціяне (0,6%), іудзеі (0,2%) і інш. Сярэднегадавы прырост каля 3,3%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 41 чал. на 1 км². Каля 2/3 размешчана на ПнЗ і Пн, дзе найб. спрыяльныя кліматычныя ўмовы для сельскай гаспадаркі. Гар. насельніцтва 60%. Найб. гарады (тыс. ж.): Тэгеран — 6836, Мешхед — 2016, Ісфахан — 1924 (1997), Тэбрыз — 1089, Шыраз — 965,1, Ахваз — 724,7, Бахтаран — 624,1 (1991). У прам-сці заняты 21%, у сельскай гаспадарцы — 33% працаздольнага насельніцтва.

Гісторыя Паводле археал. звестак, тэр. І. заселена чалавекам з канца ніжняга палеаліту. У 3-м тыс. да н.э. тут існавала стараж. дзяржава Элам, якая ў 13—12 ст. да н.э. дасягнула найб. росквіту і распасціралася ад р. Еўфрат да Цэнтр. І. У 9—8 ст. да н.э. асобныя раёны І. далучаны да Асірыі. Каля 673—672 да н.э. ў выніку антыасірыйскага паўстання на Іранскім нагор’і ўзнікла дзяржава Мідыя, якая ў 616—605 да н.э. ў кааліцыі з Вавілоніяй разграміла Асірыйскую дзяржаву. Пасля вайны 553—550 да н.э. Мідыі з падпарадкаваным ёй царствам Персіда ўлада ў краіне перайшла да дынастыі Ахеменідаў. Назву Персіда (Перса, Парс, сучасны Фарс) стараж. грэкі, а пазней і інш. еўрап. народы перанеслі на ўсю краіну і сталі называць яе Персіяй. Заснавальнік дынастыі Ахеменідаў Кір II заваяваў М. Азію, Вавілонію, Сірыю і Палесціну, пазней — Егіпет. Пры Дарыю I [522—486 да н.э.] перс. дзяржава рэарганізавана (удасканалены адм.-тэр. падзел, распрацаваны заканад. кодэкс, вялося буд-ва дарог, чаканілася залатая манета), пашыраны яе межы. Барацьба за панаванне на гандл. шляхах паміж Захадам і Усходам уцягнула Ахеменідаў у працяглыя войны з Грэцыяй (гл. Грэка-персідскія войны). У 330 да н.э. гэтую дзяржаву заваяваў Аляксандр Македонскі. Пасля 312 да н.э. тэр. І. ўвайшла ў склад эліністычнай дзяржавы Селеўка I (гл. Селеўкіды), у сярэдзіне 2 ст. да н.э.Парфянскага царства. У 224 н.э. правіцель залежнай ад Парфіі Персіды Ардашыр I разбіў войскі апошняга парфянскага цара Артабана V і стварыў Сасанідскую дзяржаву (гл. Сасаніды). Пры Сасанідах праведзены адм., падатковая і ваен. рэформы, будаваліся гарады, развіваўся гандаль; імкнучыся да ідэалаг. еднасці, яны апіраліся на дзярж. рэлігію зараастрызм. Узмоцненая Сасанідская дзяржава заваявала Паўд. Аравію, Сірыю, Палесціну і Егіпет, пагражала існаванню Візантыі. Працяглыя войны і феад. міжусобіцы аслабілі краіну. У 7 ст. яе заваявалі арабы (гл. Арабскія заваяванні) і ўключылі ў склад Араб. халіфата. Да канца 10 ст. іслам стаў рэлігіяй б. ч. насельніцтва І., араб. мова надоўга стала дзярж. і літ. мовай. Нар. рух супраць араб. панавання (у форме рэліг. рухаў пераважна шыіцкай арыентацыі, гл. Шыізм), узмацненне працэсу феадалізацыі і сепаратызм мясц. феадалаў аслабілі ўладу арабаў. Гэта прывяло да стварэння на тэр. І. ў 9—10 ст. спадчынных намесніцтваў (эміратаў), якія толькі намінальна залежалі ад Араб. халіфата: Тахірыдаў дзяржава ў Харасане (821—873), Сафарыдаў у Сістане (з 861), потым у Харасане (873—900) і інш. У 900 Харасан і ўсх. І. увайшлі ў склад дзяржавы Саманідаў (да 999); у зах. І. і Іраку склалася Буідаў дзяржава (935—1055). Пасля распаду дзяржавы Саманідаў усх. І. разам з ч. Сярэдняй Азіі і тэр. сучаснага Афганістана ўвайшоў у склад дзяржавы Газневідаў. З 11 ст. пачаліся ўварванні на тэр. І. цюркаў-агузаў, якія заваявалі ўвесь І., сумежныя з ім краіны і стварылі Сельджукскую дзяржаву. У пач. 12 ст. яна распалася на шэраг султанатаў, унутры іх склаліся княствы моцных васалаў. Барацьба паміж асобнымі дынастыямі прывяла да заняпаду гандлю, рамяства і земляробства. Аслабленая краіна ў 13 ст. заваявана манголамі, паміж 1380—93 — войскамі Цімура. Нашчадкі Цімура вялі паміж сабой няспынныя войны. У канцы 14 — пач. 15 ст. рост буйнога землеўладання разам з аслабленнем эканам. сувязей паміж асобнымі правінцыямі паглыбілі феад. раздробленасць краіны. Новы ўздым І. звязаны з панаваннем дынастыі Сефевідаў (1502—1736), калі ўмацавалася цэнтр. ўлада, наладжаны дыпламат. кантакты з еўрап. краінамі. Найб. магутнасці дзяржава дасягнула пры шаху Абасе I (1587—1629], які стварыў рэгулярную армію, знізіў падаткі, наладзіў гандл. адносіны з інш. краінамі; дзякуючы буд-ву дарог і каналаў развівалася яе эканоміка. З прычыны абвастрэння барацьбы за ўладу паміж феад. групоўкамі, духавенствам і свецкімі феадаламі ў 2-й пал. 17 ст. пачаўся паліт. і эканам. спад. Пад націскам афганцаў-гільзаяў (1722) дзяржава Сефевідаў распалася. У 1723 у паўн.-зах. і цэнтр. раёны краіны ўварваліся туркі. Антыафг. барацьбу (1726—30) і выгнанне туркаў (1730—36) узначаліў Надзір-хан Афшар (гл. Надзір-шах). У выніку шматлікіх ваен. паходаў ён стварыў велізарную феад. імперыю, якая распалася пасля яго забойства (1747). Анархія і феад. ўсобіцы зноў прывялі краіну да паліт. і эканам. заняпаду. У канцы 18 ст. да ўлады прыйшла Каджарская дынастыя (1796—1925). З гэтага часу І. — аб’ект эканам. экспансіі еўрап. краін, пераважна Вялікабрытаніі, Францыі і Расіі. У выніку англ. і франц. калан. палітыкі, Рускаіранскіх войнаў 19 ст. былі падпісаны нераўнапраўныя дагаворы, якія ператварылі І. у рынак збыту прамысл. тавараў еўрап. краін. Абвастрэнне сац. супярэчнасцей, рост незадаволенасці нар. мас выліліся ў Бабідскія паўстанні 1848—52, а пазней у антыфеад. і антыкалан. Іранскую рэвалюцыю 1905—11, у ходзе якой абвешчана канстытуцыя, скліканы меджліс (парламент), праведзены інш. дэмакр. пераўтварэнні. Баючыся росту рэв. настрояў, Вялікабрытанія і Расія заключылі пагадненне (1907) і падзялілі І. на брыт. і рас. сферы ўплываў. У канцы 1911 рэвалюцыя задушана аб’яднанымі англа-рас. войскамі і кансерватыўнымі ўнутр. сіламі. У 1-ю сусв. вайну тэр. І., нягледзячы на абвешчаны ёй нейтралітэт, ператварылася ў арэну ваен. дзеянняў паміж ваюючымі дзяржавамі: паўн. раёны занялі рас. войскі, паўд. — англійскія. У 1919 прабрытанскі ўрад Васуг эд-Доўле заключыў пагадненне з Вялікабрытаніяй, якое фактычна ператварыла І. у брыт. пратэктарат. У 1919—22 антыбрыт. настроі і нац.-вызв. рух узмацніліся, асабліва ў паўн. і паўн.-ўсх. правінцыях (Іранскі Азербайджан, Харасан), дзе пад кіраўніцтвам камуністаў (у 1920 засн. Іранская камуніст. партыя) пачаліся ўзбр. паўстанні; у Гіляне абвешчана сав. рэспубліка. У лют. 1921 адбыўся дзярж. пераварот. Новы ўрад ануляваў англа-іранскае пагадненне 1919 і заключыў дагавор з Сав. Расіяй (сав. ўрад адмовіўся ад усіх прывілеяў, атрыманых царскім урадам, і ануляваў іранскія даўгі, але захаваў права ўвесці свае войскі на тэр. І. пры пэўных абставінах). У кастр. 1925 меджліс абвясціў, што Каджарская дынастыя скінута. Шахам І. пад імем Рэза-шах стаў заснавальнік дынастыі Пехлеві Рэза-хан. Ён ажыццявіў шэраг рэформ, скіраваных на мадэрнізацыю дзяржавы, узмацненне цэнтр. улады і кансалідацыю грамадства. Адначасова жорстка падаўляліся вызв. рух і сепаратысцкія імкненні нац. меншасцей, праводзіліся тэрор і рэпрэсіі ў дачыненні да дэмакр. апазіцыі. У знешняй палітыцы Рэза-шах займаў антысав. пазіцыі, адначасова імкнуўся да вызвалення І. з-пад брыт. ўплыву. З гэтай мэтай было наладжана паліт. і эканам. супрацоўніцтва з фаш. Германіяй, чые пазіцыі ў І. ў 2-й пал. 1930-х г. значна ўзмацніліся. З пач. 2-й сусв. вайны ў краіне пашырылася дзейнасць ням. агентуры. Пасля нападу фаш. Германіі на СССР сав. ўрад, спасылаючыся на дагавор 1921, увёў у паўн. правінцыі І. свае войскі, адначасова на падставе дэкларацыі ўрадаў СССР і Вялікабрытаніі ў паўд. правінцыі ўведзены брыт. (з 1942 і амер.) войскі. Тут была таксама Андэрса армія. У вер. 1941 Рэза-шах адрокся ад прастола на карысць свайго сына Махамеда Рэза Пехлеві. У вер. 1943 І. аб’явіў вайну фаш. Германіі. На Тэгеранскай канферэнцыі 1943 у дэкларацыі, прынятай кіраўнікамі СССР, ЗША і Вялікабрытаніі, даваліся гарантыі цэласнасці, незалежнасці і суверэннасці І., а таксама эканам. дапамогі. У гады вайны ў краіне павялічылася актыўнасць левых сіл, асабліва на тэр., занятай сав. войскамі (у 1941 засн. Нар. партыя І.), у 1945—46 у Іранскім Азербайджане і Курдыстане ўтвораны аўт. рэспублікі, ліквідаваныя пасля вываду адтуль сав. войск.

Ў 1949—51 у І. разгарнуўся масавы рух за нацыяналізацыю прадпрыемстваў англа-іранскай нафтавай кампаніі, які ўзначаліў Нац. фронт на чале з М.Масадыкам. У сак. 1951 меджліс прыняў закон аб нацыяналізацыі нафтавай прам-сці, быў сфарміраваны ўрад на чале з Масадыкам. Ў выніку дзярж. перавароту Масадык зняволены, у жн. 1953 прэм’ер-міністрам стаў ген. Ф.​Захедзі. У І. значна ўзмацніўся ўплыў ЗША. У 1954 І. падпісаў пагадненне з Міжнар. нафтавым кансорцыумам аб перадачы яму ў эксплуатацыю паўд.-іранскай нафты, у 1955 І. уступіў у Багдадскі пакт (гл. Арганізацыя цэнтральнага дагавора). У выніку антыўрадавых выступленняў у пач. 1960-х г. у І. ажыццёўлены шэраг сац.-эканам. рэформ (т. зв. «белая рэвалюцыя»), якія мелі на мэце паскарэнне развіцця краіны на зах. ўзор, створана Партыя Новага І., што падтрымлівала праграму рэформ. Палепшыліся адносіны з СССР: у 1963 і 1966 падпісаны сав.-іранскія пагадненні аб эканам. і тэхн., у жн. 1966 і культ. супрацоўніцтве. У час ізраільска-араб. вайны 1967 І. падтрымаў араб. краіны. Нягледзячы на фармальны ўдзел у ваен. блоку СЕНТО і ваен. пагадненне 1959 з ЗША, І. імкнуўся праводзіць незалежную ўнутр. (закон 1973 аб поўнай нацыяналізацыі нафтавай прам-сці) і знешнюю (супрацоўніцтва з сацыяліст. краінамі) палітыку. У 1970-я г. ў грамадстве ўзмацнілася незадаволенасць палітыкай шаха, яго метадамі кіравання і ажыццяўлення рэформ. У апазіцыю ўключыліся і кансерватыўнае мусульм. духавенства (лічыла рэформы ў грамадстве занадта радыкальнымі), і прадстаўнікі левадэмакр. руху (выступалі супраць дэспатычнага праўлення). У 1975 y І. забаронена дзейнасць усіх паліт. партый, створана адзіная Партыя нац. адраджэння І.; узмацніліся рэпрэсіі супраць апазіцыі (дзейнасць тайнай паліцыі САВАК). У 1976—78 актыўнасць апазіцыі пабольшала, у барацьбу ўключыліся прадстаўнікі практычна ўсіх слаёў грамадства, а ў выніку Іранскай рэвалюцыі 1987—79 шахскі рэжым скінуты. 1.4.1979 абвешчана Ісламская Рэспубліка І., у снеж. 1979 прынята новая канстытуцыя, паводле якой паліт. і духоўным кіраўніком краіны стаў лідэр мусульм. апазіцыі аятала Р.​Хамейні. У студз. 1980 абраны першы ў гісторыі І. прэзідэнт — А.​Бані-Садр, адбыліся выбары ў меджліс. Значныя эканам. і чалавечыя страты краіне нанесла ірана-іракская вайна 1980—88. У чэрв. 1981 меджліс пазбавіў Бані-Садра ўлады, на пасаду прэзідэнта выбраны мусульм. тэолаг С.​А.​Хаменеі, што засведчыла рэліг.-паліт. адзінства судовай, заканадаўчай і выканаўчай улады. Пасля смерці аяталы Хамейні (1989) Хаменеі выбраны рэліг.-паліт. кіраўніком краіны. У 1990 падпісаны мірны дагавор і ўстаноўлены дыпламат. адносіны з Іракам. Урад І. асудзіў уварванне Ірака ў Кувейт, але пратэставаў супраць ваен. інтэрвенцыі зах. дзяржаў і блакады Ірака. У час вайны ў Персідскім зал. 1990—91 І. захаваў нейтралітэт. Пасля капітуляцыі Ірака ён прыняў тысячы бежанцаў — курдаў і іракскіх шыітаў. Паступова І. выходзіць з паліт. ізаляцыі, наладжвае кантакты з краінамі Захаду і ЗША, а таксама араб. краінамі. На выбарах 1997 прэзідэнтам краіны выбраны М.​Хатамі. І. — чл. ААН (з 1945). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў сак. 1993.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Паводле канстытуцыі і закону 1981 дзейнасць паліт. партый і неісламскіх арг-цый забаронена. У краіне дзейнічаюць Нац. дэмакр. фронт, праварадыкальная Паніранская партыя, Дэмакр. партыя Іранскага Курдыстана; камуніст. Нар. партыя І. на нелегальным становішчы і дзейнічае пераважна ў эміграцыі. З 1989 пачаўся працэс легалізацыі паліт. партый. Прафсаюзы распушчаны ў 1963.

Гаспадарка. І. — аграрна-індустр. краіна. З пераходам краіны на рыначны шлях развіцця адноўлены разбураныя вайною з Іракам (у 1980-я г.) раёны, буйныя інвестыцыі ўкладзены ў электраэнергетыку, нафтавую і газавую прам-сць, створана сучасная інфраструктура (дарогі, парты, сродкі сувязі). Аб’ём валавога ўнутр. прадукту (ВУП) у 1996 склаў 356,7 млрд. дол. ЗША. Доля прам-сці ў ВУП 36%, сельскай гаспадаркі 20%. Вядучая галіна прамысловасці — здабыўная, якая дае асн. прыбытак ад экспарту (87% нафтавая) і забяспечвае нац. гаспадарку сыравінай. Здабыча нафты ў 1995 склала 188 млн. т (4-е месца ў свеце). Перапрацоўка на буйных з-дах у Тэгеране, Ісфахане, Шыразе, Тэбрызе, Абадане. Здабыча спадарожнага і прыроднага газу 25 млрд. м³ (1994). Здабываюць вугаль, храміты, свінцова-цынкавыя, медныя, марганцавыя і жал. руды. На базе нафты развіваецца нафтахім. прам-сць. Вытв-сць аміяку, азотнай к-ты, мачавіны ў Шыразе, Абадане, на в-ве Харк. Магутнасць электрастанцый каля 19 млн. кВт (1996), пераважаюць ЦЭС. Вытв-сць электраэнергіі 79 млрд. кВт. гадз. Пры дапамозе Расіі ў раёне г. Бушыр будуецца АЭС, пры садзейнічанні фірм Японіі і ЗША — гідратэхн. комплекс на р. Карун. З галін цяжкай прам-сці вылучаюцца чорная і каляровая металургія. Вытв-сць сталі ў 1994—4,9 млн. т (Ісфахан, Ахваз), вогнетрывалых матэрыялаў (Эмінабад), медзі (Серчэшме), свінцу і цынку (Зенджан), свінцу (Бафк), алюмінію (Эрак). Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены зборачнымі і ваен. з-дамі (Керэдж, Тэбрыз, Тэгеран). Развіваецца эл.-тэхн. прам-сць (вытв-сць радыёпрыёмнікаў, тэлевізараў, калькулятараў). Прадпрыемствы па вытв-сці цэменту (17,6 млн. т, 1995) у Шыразе, Мешхедзе, Тэгеране, Дарудзе. Развіта тэкст. (баваўняная, суконная, джутавая), абутковая і трыкат. прам-сць, пераважна ў Тэгеранскім, Ісфаханскім і Мазендэранскім астанах. Харч. прам-сць прадстаўлена цукр. (1 млн. т, 1994), алейнай, мукамольнай, рысаачышчальнай, кансервавай, чайнай, тытунёвай галінамі. Ёсць прадпрыемствы дрэваапр. прам-сці па вытв-сці паперы, кардону, мэблі. Развіта саматужная вытв-сць дываноў, метызаў. Менш развіта сельская гаспадарка. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 10% тэр. краіны. Вядучая галіна — раслінаводства, развіццё якой стрымлівае недахоп арашальных зямель (пл. 4,2 млн. га). Аснова раслінаводства — збожжавыя культуры, пл. пасеваў 9,5 млн. га (1995). Збор (млн. т, 1995) пшаніцы — 11,2, ячменю — 3,1, рысу — 2,3. Значныя пасевы бабовых (фасоля, гарох, сачавіца). Вырошчваюць і тэхн. культуры (пл. каля 500 тыс. га): цукр. буракі, сою, бавоўнік, кенаф, тытунь, чай, кунжут, клешчавіну, опіумны мак. Збор (тыс. т., 1995): цукр. буракоў — 5900, соі — 934, бавоўны — 198, чаю — 56. Развіта агародніцтва. Спецыялізуецца І. на вырошчванні яблыкаў (4% сусв. вытв-сці, 1995), груш (1,6%), сліў (1,9%), вінаграду (3,6%), цытрусавых, персікаў, абрыкосаў, інжыру, фісташак, гранатаў, хурмы. Бахчаводства. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, пашавая. Гадуюць (млн. галоў, 1996) авечак — 51,5, коз — 25,8, буйн. раг. жывёлу — 8,5, коней — 0,3, свіней, аслоў, вярблюдаў, птушку. Развіта шаўкаводства і рыбалоўства (388,3 тыс. т, 1995). Вытв-сць зярністай і паюснай ікры. Транспарт. Даўж. аўтадарог каля 140 тыс. км, у т. л. асфальтаваных 42,7 тыс. км (1996). Аўтамаб. транспартам перавозіцца каля 80% грузаў унутры краіны. Аўтапарк каля 1,6 млн. машын (1996). Даўж. чыгунак 6,4 тыс. км. Марскі транспарт перавозіць каля 50% імпарту краіны. Танаж марскога флоту каля 9 млн. т дэдвейт. Гал. парты ў Персідскім зал. — Харк і Бендэр-Махшэхр (вываз нафты), Абадан, Харэмшэхр, Бендэр-Хамейні, Бушыр (каля 90% знешнегандл. грузаў), у Каспійскім м. — Энзелі і Наўшэхр. Суднаходства па воз. Урмія і р. Карун. У краіне 3,9 тыс. км прадуктаправодаў, 5,9 тыс. км нафтаправодаў, 4,55 тыс. км газаправодаў. 26 аэрапортаў. Экспарт (1997, 22 млрд. дол. ЗША): нафта і нафтапрадукты, прыродны газ, дываны, бавоўна, тканіны, сухафрукты, руды каляровых металаў, ікра. Імпарт (1997, 15 млрд. дол. ЗША): машыны і абсталяванне, хім. прадукцыя, медыкаменты, харч. прадукты. Асн. гандл. партнёры: Германія, Японія, Італія, Аб’яднаныя Араб. Эміраты, Паўд. Карэя і інш. Гандл. абарот Рэспублікі Беларусь з І. у 1996 склаў 17,5 млн. дол. ЗША. Грашовая адзінка — рыял.

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС), ваенізаваныя фарміраванні — корпус «стражнікаў ісламскай рэвалюцыі» (КСІР) і жандармерыю. Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 518 тыс., жандармерыі 50 тыс. чал. Камплектуюцца па прызыве. У сухап. войсках больш за 300 тыс. чал., на ўзбраенні 1470 танкаў, 1995 гармат, каля 6,5 тыс. мінамётаў, больш за 800 процітанк. і 2 тыс, зенітных сродкаў, больш за 300 верталётаў і 77 самалётаў армейскай авіяцыі, інш. зброя і тэхніка. У ВПС 30 тыс. чал. асабовага складу (у т. л. 12 тыс. у ППА), 297 баявых самалётаў. У ВМС 18 тыс. чал., 3 падводныя лодкі, 21 баявы карабель, 20 ракетных і 26 патрульных катэраў, 9 баявых верталётаў марской авіяцыі. У сухап. войсках КСІР больш за 350 тыс. чал., каля 1 тыс. танкаў, больш за 600 гармат палявой артылерыі, больш за 2 тыс. мінамётаў і інш.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 66,5, жанчын 69,2 года. Смяротнасць 6 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 650 чал., урачамі — 1 на 1600 чал. Узровень нараджальнасці 33 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 2,6%. Дзіцячая смяротнасць 51 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі І. ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—5 гадоў, 12-гадовую агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. навуч. ўстановы, ВНУ. Агульнаадук. школа мае 3 ступені (пач, няпоўная і поўная сярэднія). Пач. школа з 6—10-гадовага ўзросту. Пасля 5 гадоў навучання вучні здаюць экзамен і могуць прадоўжыць навучанне ў 3-гадовай няпоўнай -сярэдняй (арыентацыйнай) школе. Поўная сярэдняя школа (макс. ўзрост для паступлення 24 гады) уключае 9—12 кл., апошні — падрыхтоўчы ў ВНУ. Навучанне ў ёй вядзецца на 2 аддзяленнях (гуманіт. і прыродазнаўчанавуковым). Перс. мова і л-ра, замежная мова, рэлігія — агульныя прадметы на абодвух аддзяленнях. Сістэма прафес.-тэхн. падрыхтоўкі ўключае 1-2-гадовыя пач. прафес. школы (на базе агульнаадук. пач. школы), 2- і 4-гадовыя прафес.-тэхн. і спец. вучылішчы (на базе няпоўнай сярэдняй школы). У 1996/97 навуч. г. ў краіне 79 ун-таў і каледжаў (каля 300 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ВНУ: Тэгеранскі ун-т (з 1934), Тэхнал. і інж. ун-т (з 1928), Іранскі нац. ун-т (з 1959) у Тэгеране, Ісфаханскі ун-т (з 1950), Тэхнал. ін-т (з 1939) у Абадане і інш. Буйнейшыя б-кі: Нац. (з 1935) у Тэгеране, Б-ка мячэці імама Разы ў Мешхедзе, б-кі ун-таў. Музеі: Галестанскі палац (з 1894), Археал. (з 1936) і Этнагр. (з 1938) музеі ў Тэгеране, музей «Парс» (з 1938) у Шыразе. Навук. даследаванні праводзяць спец. цэнтры (Доследны цэнтр іранскай культуры, Нац. цэнтр гісторыі мастацтва і археалогіі і інш.), а таксама цэнтры галіновых мін-ваў, Іранскай нац. нафтавай кампаніі, ун-ты і ін-ты. Вядучае месца сярод н.-д. устаноў І. займаюць цэнтры і ін-ты Тэгеранскага ун-та. Каардынуе н.-д. работу Навукова-даследчы к-т (з 1967; уваходзіць у склад мін-ва навукі і вышэйшай адукацыі).

Друк, радыё, тэлебачанне. Прэса пераважна кантралюецца дзяржавай. Сярод буйных выданняў газ. «Абрар» (на перс. мове) і «Tehran Times» («Тэгеранскі час», з 1979, на англ. мове). Найб. тыраж маюць штодзённыя тэгеранскія вячэрнія газ. «Этэлаат» («Паведамленні», з 1925, на перс. мове) і «Кейхан» («Сусвет», з 1942, на перс. мове, з 1980 і на араб., з 1984 і на тур. мовах). Інфарм. агенцтва Ісламік Рыпаблік Ньюс Эйджэнсі (засн. ў 1936 у Тэгеране як ПАРС, з 1982 ІРНА). Радыё і тэлебачанне падпарадкаваны ўрадавай структуры Ісламік Рыпаблік оф Іран бродкастынг. Радыё па 1, 2 і 3-й (перадачы на Еўропу, Азію, Афрыку і частку ЗША) агульнанац. праграмах. Перадачы для замежжа трансліруюцца на англ., франц., тур., ням., ісп., араб., урду, пушту, арм., рус., курдскай мовах. 2 агульнанац. тэлепраграмы, 28 мясц. тэлевізійных станцый.

Літаратура. Найб. стараж. помнікі пісьменнасці І. — клінапісныя надпісы (6 ст. да н.э.) на стараж.-перс. мове (пехлеві). Стараж. л-ра І. прадстаўлена адзіным помнікам — свяшчэннай кн. «Авеста». Рэліг.-навучальныя, рэліг.гіст. творы і паэзія на пехлеві развіваліся ў 2—7 ст. н.э. Пасля заваявання арабамі (7 ст.) літ. творы ў І. ствараліся пераважна на араб. мове. Л-ра ранняга сярэдневякоўя шматмоўная і шматжанравая. Арабамоўныя паэты 6—9 ст. аль-Хураймі, Башар ібн Бурд, Абу Нувас (іранцы па паходжанні) у паэт. формах рубаі, газелі, касыда, маснаві развівалі тэмы любові да радзімы, гуманіст. ідэі. На тэр. пражывання ўсх. іранцаў і таджыкаў зарадзілася л-ра на мове фарсі (перс.-тадж. л-ра), якая расквітнела ў 10 ст. (паэты А.​А.​Дж.Рудакі, А.Фірдаўсі). З 2-й пал. 10 ст. мова фарсі стала мовай л-ры і на Захадзе [ібн Сіна (Авіцэна), А.​Ш.​Балхі і інш.]. Як рэакцыя на ўціск дзярж. улады пачала развівацца містычна-філас. л-ра (Г.Умар Хаям і А.​М.​Насір Хасроў). Панегірычнай паэзіі процістаяў рамантычны эпас Нізамі Ганджэві. У 13—15 ст. развівалася філас.-містычная, т. зв. суфійская паэзія (Дж.​Румі), аформілася гуманіст. плынь (сатырык У.​Закані, паэты Саадзі і Хафіз), творчасць апошняга класіка паэта-містыка А.​Джамі. 16 — сярэдзіна 18 ст. — перыяд заняпаду перс. л-ры, працэс адасаблення тадж. л-ры; цюркамоўныя народы пачалі ствараць л-ру на роднай мове. У гэты час найб. шырока бытавалі жанры, якія апіраліся на фалькл. традыцыі (дастан), з’явіліся першыя запісы трагічных містэрый — тазіе з рэліг. сюжэтам. У 18 ст. створана літ. аб’яднанне «Вяртанне» (паэты Шуле, І.​Маштаг і інш.), члены якога імкнуліся адрадзіць стыль ранніх перс. класікаў (паэты Х.​Каані, Вісаль, М.​А.​Саруш Ісфахані). У 19 ст. сярод паэтаў найб. вядомыя аўтар сатыры «Сардар-намэ» М.​А.​Ягма Джандагі, М.​Саба; з’явіўся жанр мемуараў і падарожных нататкаў, нарадзіўся новы кірунак — асветніцтва (п’есы Мальком-хана, маст. творы Зейн-оль-Абедзіна Мерагеі і інш.). У творчасці паэтэсы Жале загучаў голас пратэсту супраць прыгнёту жанчыны на Усходзе. Падзеі пач. 20 ст. (рэвалюцыя 1905—11, нац.-вызв. рух 1918—21) адлюстраваліся ў паэзіі А.​Казвіні, М.​Т.​Бехара, прозе Ф.​Іездзі, гіст. аповесцях С.​Кермані, М.​Б.​Хасраві. Дамінуючы раней гіст. раман (Дж.​Фазел, А.​Халілі) у сярэдзіне 20 ст. саступіў месца традыц. раману (С.​Хедаят, Дж. аль-Ахмат і інш.) і навеле (С.М.​А.​Джамалзадэ). У паэзіі вылучыліся 2 плыні: паэзія класічных форм (Парвін Этэсамі) і новая, т. зв. бунтарская паэзія, якая адвяргала формы і сутнасць класічнай паэзіі (Німа Юшыдж, што ўвёў новыя тэмы і формы, М.​Х.​Шахрыяр, Сае). Сярод сучасных празаікаў найб. вядомыя аль-Ахмат, М.​Даўлатбадзі, А.​М.​Афгані, Дж.​Мір Садэкі, драматургаў — Хедаят, С.​Чубек, Г.​Саэдзі. Развіваецца публіцыстыка.

Архітэктура. Найб. стараж. помнікі на тэр. І. адносяцца да эпохі неаліту: рэшткі земляробчых паселішчаў з глінабітнымі і сырцовымі жытламі (5—4-е тыс. да н.э.; Тэпе-Сіялк). Ад часоў Элама захаваліся зікураты, ад 10—6 ст. да н.э. — скальныя пахавальні з двухстаўповай фасаднай нішай. Пры Ахеменідах у гарадах Пасаргады, Персепаль, Сузы будавалі манум. палацы з шматстаўповымі заламі (ападанамі), высокія калоны якіх увенчваліся складанымі капітэлямі. Палацы аздаблялі каменнымі рэльефамі. У 3—7 ст. інтэнсіўна будавалі ўмацаваныя гарады з рэгулярнай планіроўкай (Нішапур). Скляпеністыя залы (айваны) дапаўняліся купальнымі (Фірузабад, Сервестан), квадратныя ў плане свяцілішчы агню накрывалі купаламі. З араб. заваяваннем (7 ст.) і пашырэннем ісламу ў І. з’явіліся мячэці з шматкалоннымі скляпеністымі галерэямі вакол двара. У 11—14 ст. будавалі вежавыя маўзалеі (Гамбедэ-Кабус, 1006), мінарэты (Бестам, 1120), медрэсе і інш. Цагляную муроўку пакрывалі палівай. Да 12 ст. склаўся тып іранскай мячэці: прамавугольны двор, абкружаны галерэямі з 4 айванамі па восях і купальнай залай за адным з айванаў (Саборная мячэць у Ісфахане). Пасля манг. заваявання (1220-я г.) і ў часы праўлення ільханаў Хулагуідаў у архітэктуры ўзнікла імкненне да вытанчаных, моцна выцягнутых прапорцый і дэкору, насычанага разнастайнымі формамі і шматколернымі ўзорамі (8-гранны маўзалей Альджэйту-Хадабендэ ў Салыаніе, 1305—13, азерб. дойлід Алі-Шах). У перыяд Сефевідаў (16—17 ст.) пашырыліся буд-ва на караванных шляхах (караван-сараі, масты) і горадабудаўніцтва (Казвін); ствараліся грандыёзныя гар. ансамблі (Ісфахан), развівалася садова-паркавая архітэктура. У архітэктуры 20 ст. новыя тыпы пабудоў з жалезабетонных канструкцый, шкла і металу суіснуюць са стараж. і сярэдневяковымі традыцыямі. У 1930-я г. будавалі на ўзор палацаў Персепаля, ахеменідскіх ападанаў (будынак Археал. музея ў Тэгеране, 1938). Іх уплыў відавочны і ў пабудовах 1950—80-х г.: нац. с.-г. банк (1958, арх. М.​Фараўгі, А.​Садэгі, Зафар), будынак Сената (1959, арх. Фараўгі, Х.​Гіяі), гар. сад Баге-Мелі са штучным возерам, дзіцячым паркам і павільёнамі (арх. Х.​Сейхун) — усе ў Тэгеране.

Выяўленчае мастацтва. Маст. культура І. развівалася ва ўзаемадзеянні з маст. культурамі народаў Б. Усходу, Цэнтр. і Сярэдняй Азіі. У 3—2-м тыс. да н.э. на ПдЗ І. развівалася мастацтва дзяржавы Элам. Серыя арыгінальных твораў тарэўтыкі (рэльефная апрацоўка вырабаў з металу), выяўленая на ўзгорку Хасанлу каля воз. Урмія, сведчыць пра існаванне тут буйной маст. школы ў 1300—1000 да н.э. Кераміка гэтага перыяду адметная формамі (збаны са злівам у выглядзе трылісніка) і высокім узроўнем тэхналогіі (чорныя з глянцаваннем танкасценныя фігурныя і зааморфныя пасудзіны). У зах. І. выяўлена «лурыстанская бронза» 12—7 ст. да н.э.: літыя рытуальныя сякеры, кінжалы, дэталі конскай вупражы, аздобленыя выявамі фантаст. істот. У 7—1-й пал. 6 ст. да н.э. цэнтрам маст. культуры была дзяржава Мідыя. У мастацтве перыяду Ахеменідаў (6—4 ст. да н.э.) найб. значнай была манум. скульптура: каменныя (Персепаль) і шматколерныя паліваныя (Сузы) рэльефы з выявамі ўрачыстых працэсій і інш. Захаваліся сярэбраныя і залатыя пасудзіны з чаканкай і гравіроўкай, пячаткі, манеты, тканіны, аздобленыя сцэнамі барацьбы «цара-героя» з пачварай, ваен. трыумфаў, палявання, геральдычнымі і расліннымі матывамі. У канцы 4—2 ст. да н.э. ў І. ствараліся помнікі ўсх. эліністычнага мастацтва. У мастацтве дзяржавы Сасанідаў (3—7 ст.) асн. роля належала манум. скульптуры (статуя Шапура I, высечаная ў гіганцкім сталактыце ў гроце каля Бішапура; каменныя рэльефы ў Накшы-Рустэме, Таге-Бастане); росквіту дасягнула мастацтва тарэўтыкі і гліптыкі. Араб. заваяванне (7 ст.) і пашырэнне ісламу ў І. суправаджалася зменамі эстэт. уяўленняў, развіццём арнаменту, каліграфіі і дэкар. пачатку ў выяўл. мастацтве. Ад 8—13 ст. захаваліся фрагменты насценных размалёвак і стукавыя пано са сцэнамі палявання, прыдворнага жыцця (з палацаў Рэя, Саве, Нішапура). Пра існаванне мініяцюры сведчыць ілюстраваная «Кніга адлюстраванняў пастаянных сузор’яў» Абдарахмана ас-Суфі (1009—10, мастак аль-Хусейн). У 11—12 ст. пашыраны бронз. вырабы з меднай і сярэбранай інкрустацыяй, пасудзіны з каляровага шкла, шыкоўна арнаментаваныя тканіны. 9—13 ст. — росквіт мастацтва керамікі з размалёўкай люстрам, ажурна-праразным і гравіраваным (сграфіта) арнаментам і інш. (Нішапур, Рэй, Кашан, Саве). Пасля манг. заваявання (1220-я г.) у мініяцюру, аздабленне керамікі і тканіны праніклі далёкаўсх. выяўл. і дэкар. матывы (драконы, феніксы, лотасы). Іншаземны ўплыў быў перапрацаваны ва ўласна іранскі стыль у шыразскай школе мініяцюры і ў размаляванай кераміцы Кашана 1-й пал. 14 ст. У развіцці мініяцюры 15 — пач. 16 ст. важную ролю адыгралі жывапіс герацкай школы мініяцюры і творчасць Х.​Бехзада. Эпоха Сефевідаў (16—17 ст.) вылучалася росквітам мастацтва рукапіснай кнігі і мініяцюры (школы: тэбрызская, мешхедская, казвінская, ісфаханская школа). У Тэбрызе, Кашане, Ісхафане выраблялі шоўк, аксаміт, парчу, атлас, тканіны з тканымі сюжэтнымі выявамі, ваўняныя і шаўковыя дываны, размаляваны фаянс і інш. У 18—19 ст. нац. маст. традыцыі працягваліся ў нар. мастацтве. Пад уплывамі еўрап. мастацтва ў 2-й пал. 17 ст. ўзніклі алейны жывапіс і акварэль (А.​Сані-оль-Мольк, Махмуд Малек-ош-Шаара). З пач. 20 ст. развіваецца сучаснае выяўл. мастацтва. У 1920 мастак Кемаль оль-Мольк засн. Школу жывапісу і скульптуры ў Тэгеране. Побач з рэаліст. кірункам (жывапісцы Х.​А.​Вазіры, М.​Макадам, А.​Амеры, скульпт. А.​Садэгі) развіваліся традыц. (мініяцюрысты Бехзад, А.​Імамі) і мадэрнісцкія плыні. З’явілася цікавасць да нар. жывапісу, лубка. У 1959 у Тэгеране засн. Вышэйшая школа дэкар. мастацтваў, мастакі якой імкнуцца да засваення традыцый мініяцюры, каліграфіі, керамікі, дыванаробства, стварэння самабытных твораў мастацтва. У сучасным І. найб. папулярныя інкрустацыя дрэвам, перламутрам і косцю, чаканка па метале (Ісфахан, Шыраз).

Музыка І. складвалася ў працэсе гіст. сінтэзу і ўзаемадзеяння найстараж. культур, якія існавалі на тэр. сучаснага І., і муз. традыцый Сярэдняй, Цэнтр., Паўд. Азіі і Закаўказзя. Традыц. музыка ўключае лакальныя муз. і муз.-танц. формы. Сярод муз. інструментаў найб. пашыраны: струнна-шчыпковыя — бэрбэт, танбур, уд, тар (тыпу лютні), струнна-смычковы рэбаб, сантур (тыпу цымбалаў), духавыя най (флейта), зурна (тыпу габоя), медны духавы карнай, ударныя дэф (бубен), накхар (парны барабан) і інш. Сярод жанраў ісламскай (шыіцкай) традыцыі: азан (заклік да малітвы), тазіе (містэрыя-драма), марсіе (жалобныя плачы), маснаві (суфійскія містычныя паэмы). Асновы іран. класічнай музыкі закладваліся ў часы Ахеменідаў (6—4 ст. да н.э.), Сасанідаў (3—7 ст. н.э.), пазней Абасідаў. Яе інстр. і вак.-паэт. жанры засн. на прынцыпе ладамеладычнага разгортвання і кампазіцыйнай будовы дастгаху. Вял. ўклад у музыку сярэдневякоўя зрабілі вучоны і спявак, аўтар сямі «каралеўскіх ладоў» Барбад, заснавальнік шэрагу паэт. і муз. норм класічнай іран. музыкі А.Фірдаўсі і інш. Класічная муз. тэорыя распрацавана ў трактатах Кіндзі (9 ст.), Фарабі (10 ст.). Традыцыі прафес. музыкі І. падтрымлівалі спадчынныя групы паэтаў і музыкантаў — ашугі і мутрэбы. У традыц. музыцы склаліся характэрныя тыпы ансамбляў — даст-эматрэб, сазандэ, навазандэ з 3—5 выканаўцаў. З канца 19 ст. ў музыку І. пранікаюць еўрап. ўплывы (традыцыі ваен. аркестраў, некат. формы папулярнай музыкі). Муз. цэнтрам стаў Тэгеран. Адкрыты кансерваторыя еўрап. тыпу (1918), т-р оперы і балета (1967), створаны аркестры нац. інструментаў, сімф. аркестр (1946), філарманічнае т-ва (1940), Цэнтр па захаванні і пашырэнні традыц. музыкі, Вышэйшае муз. вучылішча (1908), Нац. кансерваторыя (1949). Пасля абвяшчэння Ісламскай рэспублікі (1979) тут дазволены толькі афіц. песні і рэліг. формы муз. мастацтва.

Тэатр. У даісламскі перыяд (да 7 ст.) тэатр элементы прысутнічалі ў рытуалах зараастрыйскіх магаў, у нар. звычаях. Захаваліся звесткі пра стараж. т-р перс. скамарохаў «базігер»; ладзіліся прадстаўленні масак, было развіта мастацтва пантамімы, т-раў ценяў і лялек (Пахлаван-Качаль — т-р пятрушак, хеймешаб-базі — т-р марыянетак). Самая стараж. тэатр. форма мусульманскага І. — нар. містэрыя тазіе («суцяшэнне», «аплакванне»). У 17—18 ст. на матэрыяле першапачатковых спісаў з’явіліся запісы містэрый у форме вершаў. Выконваліся яны нараспеў акцёрскім ансамблем з гараджан-мужчын з фіксаваным размеркаваннем роляў. Да 1930-х г. існавалі вандроўныя акцёры масхарэбаз, якія выконвалі імправізацыйныя быт. сцэнкі камічнага характару. Першы дзярж. т-р створаны ў 1890 пры Політэхн. вучылішчы Дар-оль-фанун для палацавай знаці. Ён пачаў сваю дзейнасць з пераробак п’ес еўрап. аўтараў. На пач. 20 ст. створана тэатр. акцыянернае т-ва «Фарханг», у 1911—12 — Нац. т-р, у 1917 — т-р «Іранская камедыя», пры ім існавала акцёрская школа, што падрыхтавала першых іранскіх актрыс. Цэнтрам тэатр. мастацтва 1.1930—40-х г. стаў Тэатр-студыя ў Тэгеране (засн. ў 1932 першым тэатр. мастаком С.​Керманшахі). Значную ролю ў іранскім тэатр. мастацтве адыграў акцёр, рэж., драматург А.​Нушын, які ў 1942 стварыў т-р «Фарханг» (з 1945 «Фірдаўсі», потым «Саадзі»). У 1-й пал. 20 ст. з’явіліся таксама т-ры «Камедые ахван» («Камедыя братоў»), «Ханар», «Гаўхар», «Тэатрэ кешвар» і інш. ў Тэгеране, правінцыяльныя сцэны ў Рэшце, Мешхедзе, Ісфахане і інш. З канца 1940-х г. т-р І. перажыў крызіс (адсутнасць фінансавання, тэатр. памяшканняў, прафес. акцёраў). З 1960-х г. назіраецца ўздым т-ра: з’яўляюцца пастаянныя трупы («Тэатр сёння», Нац. трупа і інш.), працуюць т-ры ў Тэгеране («25-га шахрывара», «Касра», «Наср», «Джамеэе Барбад»), Мешхедзе (Нац. т-р), Ісфахане («Сепахан»), Хамадане («Буалі») і інш.

Кіно. Першыя фільмы ў І. зняты ў 1930—40-я г. (нямы фільм «Абі Рабі» Эханіяна, 1930, гукавы — «Дачка Лора» А.​Х.​Сепенгы, 1934). У 1945 рэж. І.​Кушан стварыў у Тэгеране першую кінастудыю «Мітрафільм» (пазней «Парсфільм»). Стужкі Кушана і інш. рэжысёраў былі пераважна камерцыйныя (касцюмныя драмы і меладрамы, на гіст. сюжэты). Рэгулярная кінавытворчасць пачалася ў 1950-я г. Вехай нац. кіно стаў фільм рэж. А.​Шыразі «Партовы злодзей» (1954) пра побыт і адносіны людзей ніжэйшых сац. колаў. У 1960-я г. ў Тэгеране ўзніклі недзярж. кінастудыі: «Іран-фільм», «Афа Талаі», «Караван-фільм» і інш., якія здымалі пераважна фільмы «лёгкіх» жанраў — меладрамы, камедыі, дэтэктывы, мюзіклы і фільмы на матэрыяле мінулага («Зуб дракона», «Любоўная пастка» Кушана, «Адзін крок да смерці» Ж.​Вазіяна, «Сельская мелодыя» М.​Махсені і інш.). Некаторыя фільмы адлюстроўвалі нар. жыццё («Ластаўкі вяртаюцца ў свае гнёзды», «Цэгла і люстэрка» І.​Галестана, «Але цяжкасці застаюцца» Х.​Дар’юша і інш.). Важную ролю ў гісторыі іранскага кіно адыграла творчасць рэж. Д.​Мехрджуі («Карова», 1970, «Дзівак», 1971, «Паштальён», 1973), Ш.​Салеса, М.​Набілі, М.​Кім’яі, Б.​Фарманара. З абвяшчэннем Ісламскай Рэспублікі ў фільматворчасці 1980-х г. адбыліся значныя змены. На гэты перыяд прыпадае росквіт кінаталентаў, што дэбютавалі ў 1970-я г.: рэж. Б.​Бейзаі («Балада пра Тару», «Смерць Яэдгерда», «Чужы Башу», «Магчыма, у другі раз» і інш., сучасныя сюжэты якіх афарбаваны містыкай); А.​Кіярастамі («Першакласнікі», «Дзе дом сябра?», «Дамашняе заданне», пра паэтычны свет маленства); Н.​Таўгаі (тэлефільм «Светласць у прысутнасці іншых», «Капітан Харшыд»). У 1980-х г. творчую дзейнасць пачалі рэж. М.​Махмалбаф, Э.​Хатамікія, М.​Сабазадэ, Х.​Кавуш, Н.​Нікнежад, М.​Давідэлі, В.​Карым-Масіхі, К.​Айры, І.​Фарузеш і інш. Для кіно гэтага перыяду характэрны тэматычная і стылявая разнастайнасць, увасабленне паліт. і сац. з’яў. У стужках 1990-х г. знайшлі адлюстраванне падзеі ірана-іракскай вайны («Ад Кархе да Рэйна» Хатамікіі), быт. тэмы, т. зв. сямейныя «разборкі» ў рэтра-стылі («Апошні акт» В.​Карым-Масіхі), свету кіно («Аднойчы ў кіно», «Салам, сінема» Махмалбафа), «анталогія прытворства» («Акцёр» Махмалбафа), дабрыня, кволасць дзіцячага свету («А жыццё працягваецца», «У засені аліў», «Смак чарэшні» Кіярастамі). Развіта дакумент. кіно (рэж. Махмалбаф). У 1990-я г. стваралася да 50 фільмаў за год.

Літ.:

История Ирана. М., 1977;

Арабаджян З.А. Иран;

власть, реформы, революции (XIX—XX вв.). М., 1991;

Morgan D. Medieval Persia 1040—1797. London;

NewYork, 1988;

Брагинский И.С. Из истории персидской и таджикской литературы. М., 1972;

Комиссаров Д.С. Пути развития новой и новейшей персидской литературы: Очерки М., 1982;

Дандамаев М.А., Луконин В.Г. Культура и экономика Древнего Ирана. М., 1980;

Виноградов В.С. Классические традиции иранской музыки. М., 1982.

П.​І.​Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.​С.​Кошалеў (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), В.​М.​Навумчык (асвета, навук. ўстановы), Г.​М.​Бутырчык (літаратура), А.​М.​Гарахавік (музыка), А.​М.​Міхеева (тэатр), А.​П.​Бабкова (кіно).

Герб і сцяг Ірана.
Да арт. Іран: 1 — рысавыя палі на Прыкаспійскай нізіне; 2 — Тэгеран. Паўночная частка горада.
Да арт. Іран. Іранскае нагор’е.
Да арт. Іран. Старажытнаіранскія воіны эпохі Ахеменідаў. Фрагмент рэльефу з Персепаля.
Да арт. Іран. Горад Персепаль. 5—4 ст. да н.э.
Да арт. Іран. Саборная мячэць у Ісфахане.
Да арт. Іран. Керамічны збан з г. Кашан.
Да арт. Іран Талерка, аздобленая люстрам, з г. Кашан. 1210.
Да арт. Іран Адам і Ева. Ілюстрацыя да рукапісу Манафі аль-Хаяван. 1294—99.
Да арт. Іран. Мініяцюра «Прыезд Шырын да Фархада» да рукапісу «Хамсс» Нізамі. Шыразская школа. 1491.
Да арт. Іран. Парчовая тканіна з выявай куста шыпшыны і птушкі. Сярэдзіна 17 ст.
Да арт. Іран. Дыван з г. Казвін. 2-я пал. 16 ст.

т. 7, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)