БЕНДЭ́Р,

горад у Малдове. Засн. ў 12 ст. 130 тыс. ж. (1992). Прыстань на р. Днестр, чыг. вузел. Лёгкая (тэкст.-ткацкая, баваўняна-прадзільная, швейная, абутковая), дрэваапр. (вытв-сць мэблі), харч. прам-сць, машынабудаванне (суднабудаванне, суднарамонт, эл.-тэхн.). Гіст.-краязнаўчы музей, карцінная галерэя. Цытадэль 16 ст. (перабудавана ў 18—20 ст.).

т. 3, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНДЭ́Р-ХАМЕЙНІ́,

горад на Пд Ірана. Каля 35 тыс. ж. (1990). Нафтаэкспартны і рыбалоўны порт на беразе Персідскага зал. Чыг. ст. (паўд. заканчэнне Трансіранскай чыгункі). Аэрапорт. Нафтахім. (у т. л. буйнейшы на Сярэднім Усходзе нафтахім. комплекс) і харч. прадпрыемствы. Да 1979 называўся Бендэр-Шахпур.

т. 3, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНДЭ́Р-АБА́С,

горад на Пд Ірана. Адм. ц. астана Хармазган. Засн. ў 1623. 202 тыс. ж. (1986). Порт у Армузскім праліве. Міжнар. аэрапорт. Харч., тэкст., суднабуд. прам-сць. Рыбалоўства і марскія промыслы.

т. 3, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАДА́Н,

горад на ПдЗ Ірана, у Хузістане. 387 тыс. ж. (1993). Марскі порт на р. Шат-эль-Араб, за 50 км ад яе ўпадзення ў Персідскі заліў. Трансп. вузел. Чыгункай злучаны з Тэгеранам. Буйны цэнтр нафтаперапрацоўкі: нафтаперапр. з-д, нафтахім. комплекс па выпуску аміяку, звадкаванага газу і інш. Нафтаправоды ў Тэгеран, Ісфахан, Бендэр-Шахлур, на в-аў Харк у Персідскім заліве.

т. 1, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАДЖАРЫ́,

газакандэнсатна-нафтавае радовішча ў Іране, за 130 км ад г. Абадан, адно з буйнейшых у свеце. У межах Персідскага заліва нафтагазаноснага басейна. Адкрыта ў 1938, распрацоўваецца з 1945. Пачатковыя прамысл. запасы нафты 1283 млн. т, газу 263 млрд. м³. Нафтаносны паверх на глыб. 1240 м, газанафтавы — 1400 м. Шчыльн. нафты 850 кг/м. Дзесяткі фантануючых свідравін. Нафтаправоды ў порт Бендэр-Махшэхр і Абадан.

т. 1, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДНЕСТР (малд. Ністру),

рака на ПдЗ Украіны і ў Малдове (часткова на мяжы гэтых краін). Даўж. 1352 км. Пл. вадазбору 72,1 тыс. км². Бярэ пачатак на паўн.-ўсх. схілах Укр. Карпат на выш. каля 900 м. Упадае ў Дняпроўскі ліман Чорнага м. У вярхоўях — горная рака, ніжэй г. Галіч (Украіна) цячэнне больш спакойнае. У нізоўях цячэ ў шырокай даліне па Прычарнаморскай нізіне. Асн. прытокі: Стрый, Рэут (справа), Серэт, Збруч (злева). Жыўленне дажджавое і снегавое. Летнія паводкі; ледастаў (са снеж. да сак.) няўстойлівы.

Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 339 м³/с. На Д. — Дубасарская ГЭС і вадасховішча. Выкарыстоўваецца для арашэння, лесасплаву (у вярхоўях). Суднаходная ад г. Сарока (Малдова) да вусця (з перарывам каля Дубасарскай ГЭС). На Д. гарады Сарока, Рыбніца, Бендэр, Ціраспаль (Малдова), Магілёў-Падольскі (Украіна).

Арашальная сістэма на р. Днестр.

т. 6, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЕ́ПА ((Калядзінскі) Іван Сцяпанавіч) (1644—8.9.1709),

украінскі дзярж. дзеяч. У 1669—73 на службе ў гетмана Правабярэжнай Украіны (у складзе Польшчы) П.Дарашэнкі, у 1674—81 — у гетмана Левабярэжнай Украіны І.Самайловіча. У 1682—86 ген. есаул, у 1687—1708 гетман Левабярэжнай Украіны. Адзін з найбуйнейшых землеўладальнікаў Украіны. У час Паўночнай вайны 1700—21 узначальваў групоўку ўкр. старшыны, якая выношвала планы аддзялення Левабярэжнай Украіны ад Расіі і разлічвала на дапамогу Швецыі. Вёў тайныя перагаворы з каралём Рэчы Паспалітай (стаўленікам шведаў) Станіславам Ляшчынскім, пазней з каралём Швецыі Карлам XII. У 1708 разам з 5 тыс. казакоў перайшоў на бок Карла XII. Пасля паражэння швед. арміі ў Палтаўскай бітве 1709 М. разам з Карлам XII уцёк у тур. крэпасць Бендэр (цяпер у Малдове), дзе неўзабаве памёр.

Літ.:

Костомаров Н.И. Мазепа. М., 1992.

т. 9, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРГ (Леў Сямёнавіч) (14.3.1876, г. Бендэр, Малдова — 24.12.1950),

рускі фізіка-географ і біёлаг. Акад. АН СССР (1946, чл.-кар. 1928). Засл. дз. нав. РСФСР (1934). Праф. Петраградскага (потым Ленінградскага) ун-та (1916). Вёў даследаванні ў Зах. Сібіры, Сярэдняй Азіі, на Каўказе, Усх.-Еўрап. раўніне і інш. Распрацаваў вучэнне пра ландшафты, глебавую тэорыю ўтварэння лёсаў, класіфікацыю клімату на ландшафтнай аснове. Займаўся лімналогіяй і іхтыялогіяй. Аўтар прац па геамарфалогіі, палеагеаграфіі, геалогіі. Даследчык гісторыі рус. геагр. адкрыццяў і Геагр. т-ва СССР. Прэзідэнт Геагр. Т-ва СССР (1940—50). Дзярж. прэмія СССР 1951. Імем Берга названы дзеючы вулкан на в-ве Уруп (Курыльскія а-вы), пік на Паміры, ледавікі на Паміры і ў Джунгарскім Алатау і інш.; імя Берга ўвайшло ў лацінскія назвы больш як 60 жывёл і раслін.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—5. М., 1956—62.

т. 3, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТАНЦІНЕ́СКУ ((Constantinescu) Эміль) (н. 19.11.1939, Цігіна каля г. Бендэр, Малдова),

румынскі паліт. і дзярж. дзеяч, вучоны. Д-р філасофіі (1979), праф. (1991), ганаровы чл. асацыяцый па мінералогіі і геалогіі ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, Грэцыі, Паўд.-Афр. Рэспублікі і Аўстраліі, чл. Нью-Йоркскай АН. Скончыў ф-ты права (1960), геолага-геагр. і філас. (1966) Бухарэсцкага ун-та. З 1966 выкладчык, заг. лабараторый на ф-це геалогіі, з 1990 прарэктар, з 1992 рэктар Бухарэсцкага ун-та. У 1992—96 кіраўнік Нац. савета рэктараў Румыніі, чл. шэрагу еўрап. ун-таў. Спецыялізаваўся ў галіне мінералогіі, удзельнічаў у распрацоўцы арыгінальных генет. модуляў і падрыхтоўцы першага крышталеграфічнага атласа Румыніі. З 1990 адзін з лідэраў «Універсітэцкай салідарнасці», віцэ-прэзідэнт «Грамадзянскага альянсу», з 1991 кіраўнік рум. антытаталітарнага форуму, які пазней ператварыўся ў Дэмакр. канвенцыю Румыніі, з 1992 яе прэзідэнт. З 17.11.1996 прэзідэнт Румыніі.

В.В.Варановіч.

Э.Канстанцінеску.

т. 7, с. 594

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛДА́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА,

дзяржава, якая існавала ў 14—19 ст. на сумежных тэр. сучасных Румыніі, Малдовы і Украіны, паміж Усх. Карпатамі і р. Днестр. Узнікла ў 1-й пал. 14 ст. як васальнае княства Венгрыі ў даліне р. Малдова (цяпер тэр. Румыніі), у 1359 пры гаспадару (князю) Багдане І стала фактычна незалежным. З 1387 фармальна васал Польшчы. З канца 14 ст. ўключала гіст. вобласці Малдова, Букавіна і Бесарабія. Сталіцы — гарады Бая, Сучава (з канца 14 ст.), Ясы (з 2-й пал. 16 ст.). Дзярж. мова слав., з 17 ст. малдаўская. Падзялялася на Верхнюю і Ніжнюю «землі» і на малыя акругі (цынуты). Улада гаспадара была абмежавана баярскай думай (дыванам). Да 1552 у М.к. правілі нашчадкі Багдана I, у 1552—1629 гаспадароў выбіралі баяры. З пач. 16 ст. М.к. — васал Турцыі, якая адарвала ад яго і непасрэдна ўключыла ў склад сваіх уладанняў паўд. ч. Бесарабіі з гарадамі Бендэр, Кілія, Белгарад-Днястроўскі. Тур. султан зацвярджаў, а з 1629 прызначаў і пазбаўляў прастола малд. гаспадароў (у 1711—1821 выключна прадстаўнікоў грэч. знаці — фанарыётаў). У выніку рус.-тур. войнаў 18—19 ст. тур. панаванне ў М.к. аслаблена. У 1774 Аўстрыя захапіла Букавіну, у 1812 да Расіі адышла Бесарабія. Паводле Парыжскага мірнага дагавора 1856 Расія вярнула М.к. паўд.-зах. ч. Бесарабіі. У 1859—62 М.к. аб’ядналася з Валахіяй у адзіную дзяржаву Румынію. Гл. таксама раздзелы Гісторыя ў арт. Румынія і Малдова (рэспубліка).

т. 10, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)