МНАГАСКЛА́Д, паліном,

алгебраічная сума канечнай колькасці адначленаў. Ступенню М. наз. найб. са ступеней адначленаў, якія ўваходзяць у яго. Любы М. адной пераменнай можа мець выгляд a0x​n+a1x​n-1+...+an=a0(x-x1)(x-x2)...(x-xn), дзе x1, x2, ..., xn — карані дадзенага М. Складанне, адыманне і множанне М. падпарадкоўваюцца камутатыўнаму (гл. Камутатыўнасць), спалучальнаму (гл. Асацыятыўнасць) і размеркавальнаму (гл. Дыстрыбутыўнасць) законам.

т. 10, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛАДА́ННЕ,

арыфметычнае дзеянне, якое дае магчымасць па дадзеных цэлых дадатных ліках a і b (складаемыя) знайсці новы лік c (сума), у якім столькі адзінак, колькі іх маюць складаемыя: c = a + b.

С. лікаў уласцівы асацыятыўнасць: (a + b) + c = a + (b + c) і камутатыўнасць: (a + b) = (b + a). С. дастасавальна для адвольных сапраўдных лікаў, камплексных лікаў, а таксама да вектараў, матрыц, мностваў.

т. 14, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРШ У ПРО́ЗЕ,

лірычны твор у празаічнай форме. У ім няма вершаванага рытму, метра, рыфмы, але ёсць многія прыкметы паэтычнага твора — у змесце (ідэі, матывы, вобразы), эмацыянальна-суб’ектыўнай танальнасці, у паэтычнай фактуры (канцэнтрацыя тропаў, павышаная асацыятыўнасць), сінтаксісе (паўторы, звароты, умоўчванні і г.д.), пабудове (невял. памер, падзел на абзацы). Упершыню тэрмін «верш у прозе» ўвёў Ш.​Бадлер, у рус. л-ры вядомым аўтарам такіх вершаў стаў І.​С.​Тургенеў. У бел. л-ры ўзнік на пач. 20 ст. («Думкі ў дарозе» Я.​Коласа, «Васількі», «Раны» Ядвігіна Ш., «Стогны душы» М.​Гарэцкага, «Пяюць начлежнікі» З.​Бядулі і інш.).

В.​П.​Рагойша.

т. 4, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЭ́ЕЎ Мікалай Уладзіміравіч (н. 6.1.1942, в. Сушчоўская Слабодка Чавускага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1992). Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1962). Працуе ў галіне тэматычнай карціны, пейзажа, партрэта. Сярод твораў: «Зімовы пейзаж» (1965), «Сям’я» (1970), «Кветкі маёй Радзімы» (1978), трыпціх «Доўгі дзень» (1981), «У Купалаўскім краі», «Прысвячэнне Я.​Коласу», «Чавускае лета» (усе 1982), «Свята ў Заслаўі» (1983), «Напрадвесні» (1986), «Чорныя дразды», серыя «Туманы» (абедзве 1987), «Ядвіга» (1988), «Спакуса» (1991), «Сон...» («Дурніцы»), «Песня», «Гронка вінаграду», «Госця» (усе 1998). Аўтар партрэтаў мастакоў Л.​Шчамялёва (1978), М.​Селешчука, паэта А.​Русака (абодва 1983) і інш. Творчасці К. ўласцівы каларыстычная экспрэсіўнасць, тонкае колеравае і рытмічнае ўспрыняцце рэчаіснасці, асацыятыўнасць.

Г.​А.​Фатыхава.

М.Кірэеў. Трыпціх «Доўгі дзень». 1981.

т. 8, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОС ПА́САС (Dos Passos) Джон Радэрыга (14.1.1896, г. Чыкага, ЗША — 28.9.1970),

амерыканскі пісьменнік. З партуг. эмігрантаў. Скончыў Гарвардскі ун-т (1916), з 1917 добраахвотнікам удзельнічаў у 1-й сусв. вайне. Адным з першых пачаў пісаць у рэчышчы л-ры «страчанага пакалення» (раманы «Пасвячэнне аднаго маладога чалавека — 1917», 1920; «Тры салдаты», 1921). Наватарства Д.П. ў найб. ступені праявілася ў рамане «Манхэтэн» (1925), трылогіях «ЗША» («42-я паралель», 1930; «1919», 1932; «Вялікія грошы», 1936) і «Акруга Калумбія» (1939—48), рамане «У сярэдзіне стагоддзя» (1961). Апублікаваў маст. аўтабіяграфію «Лепшыя часы» (1966). Пісьменнік асэнсоўваў праблемы чалавека ў індустр. грамадстве ЗША, з яго «амерыканскай марай» пачатку стагоддзя і вял. дэпрэсіяй 1930-х г., з крахам ілюзій і стратай ідэалаў. Яго творам уласцівы маштабнасць абагульненняў, імпрэсіяністычнасць, асацыятыўнасць.

Е.​А.​Лявонава.

т. 6, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТЭ́НКА Ліна Васілеўна (н. 19.3.1930, г.п. Ржышчаў Кагарлыцкага р-на Кіеўскай вобл.),

украінская паэтэса. Скончыла Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1956). Друкуецца з 1946. Аўтар паэтычных кніг «Промні зямлі» (1957), «Ветразі» (1958), «Вандроўкі сэрца» (1961), «Над берагамі вечнай ракі» (1977), «Непаўторнасць» (1980), «Сад нятаючых скульптур» (1987), гіст. рамана ў вершах «Маруся Чурай» (1979), драм. паэмы «Снег у Фларэнцыі» (1985) і інш. Паэзіі К. ўласцівы філас. роздум пра лёс чалавека на скрыжаваннях нац. і сусв. гісторыі, унутр. драматызм, інтэлектуальнае напружанне, гіст.-культуралагічная асацыятыўнасць. На бел. мову асобныя яе творы пераклалі В.​Аколава, Д.​Бічэль-Загнетава, В.​Вітка, У.​Карызна, В.​Коўтун, Н.​Мацяш, Р.​Семашкевіч, Я.​Сіпакоў, Я.​Янішчыц. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1987.

Тв.:

Бел. пер. — Лірыка. Мн., 1989.

Літ.:

Брюховецький В. Ліна Костенко. Київ, 1990.

В.​А.​Чабаненка.

т. 8, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШПАКО́ЎСКІ Іван Сцяпанавіч (н. 14.8.1936, в. Мясяцічы Пінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. літаратуразнавец. Канд. філал. н. (1967). Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1959). Настаўнічаў. Працаваў у Маларыцкай раённай газеце, выкладаў у Брэсцкім, Нежынскім і Кіеўскім пед. ін-тах. З 1969 у Ін-це л-ры АН Беларусі. З 1989 у Бел. пед. ун-це. Даследуе праблемы тэорыі л-ры, шляхі развіцця бел., рус. і ўкр. паэзіі, індывід. асаблівасці стылю Р.​Барадуліна, А.​Вярцінскага, В.​Зуёнка, У.​Караткевіча, А.​Куляшова, П.​Панчанкі, А.​Пысіна, М.​Танка. Аўтар манаграфій «Структура вершаванага вобраза: Умоўная асацыятыўнасць у сучаснай савецкай паэзіі» (1972), «Тыпізацыя ў лірыцы: Формы і сродкі» (1980), «Узрушанасць: Артыкулы пра сучасную беларускую паэзію» (1978). Сааўтар кніг «Пытанні паэтыкі» (1974, з В.​Жураўлёвым, А.​Яскевічам), «Адзінства і ўзаемаўзбагачэнне» (1980), «Паэзія абнаўлення свету» (1981), вучэбнага дапаможніка для ВНУ «Беларуская літаратура XX ст.» (2001, з М.​Мішчанчуком).

т. 17, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІТС (Keats) Джон (31.10.1795, Лондан — 23.2.1821),

англійскі паэт. Прадстаўнік лонданскіх рамантыкаў малодшага пакалення (т. зв. «школы кокні»). Па адукацыі ўрач. Друкаваўся з 1816. Першы зб. — «Вершы» (1817). Унёс у англ. паэзію рамантызму новыя матывы (суадносіны ісціны і прыгажосці, мастацтва і рэчаіснасці), маст. прыёмы (асацыятыўнасць метафорыкі). Паэмы «Сон і паэзія» (1816), «Эндыміён» (1818) — пошук К. ідэальнай рэальнасці, гармоніі паэзіі і жыцця. Звяртаўся да сюжэтаў л-ры Адраджэння (паэмы «Ізабела, ці Гаршчок з базілікам», «Канун Святой Агнесы»; абедзве 1820). Алегарычная паэма «Гіперыён» (1820) пра барацьбу тытанаў і багоў-алімпійцаў. Пісаў санеты («Конік і цвыркун»), оды («Ода да грэчаскай вазы», «Ода да салаўя»), балады. Аўтар гіст. трагедыі «Атон Вялікі» (нап. 1819), драм. паэмы «Кароль Стэфан» (1819, не завершана). Паліт. матывы ў вершы «Да Касцюшкі». На бел. мову паасобныя вершы К. пераклаў Я.​Семяжон.

Тв.:

Рус. пер. — Стихотворения. Л., 1986;

Стихотворения и поэмы. М., 1989.

Літ.:

Дьяконова Н.Я. Китс и его современники. М., 1973.

Н.​М.​Саркісава.

Дж. Кітс.

т. 8, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЙН (Stein) Гертруда (3.2.1874, г. Пітсбург, штат Пенсільванія, ЗША — 27.7.1946),

амерыканская пісьменніца; тэарэтык л-ры. Вывучала псіхалогію ў Рэдкліфскім каледжы Гарвардскага ун-та, медыцыну — ва ун-це Дж.​Хопкінса ў Балтымары. З 1902 жыла ў Парыжы. Маст. метад С. фарміраваўся пад уплывам эстэтыкі імпрэсіянізму, філасофіі А.​Бергсона і экзістэнцыялістаў. Найб. значныя яе творы — раман «Станаўленне амерыканцаў» (1906—08, апубл. 1925) і аповесць «Тры жыцці» (1908), у якіх звярнулася да праблем адзіноты чалавека, яго адчужанасці ад грамадства, абсурднасці існавання. Аўтар кн. «Аўтабіяграфія Алісы Б.​Токлас» (1933), мемуараў «Войны, якія я пабачыла» (1945), п’ес, зб-каў вершаў, эсэ, літ.-эстэт. прац, у т. л. «Як пісаць» (1931), «Лекцыі ў Амерыцы» (1935) і інш. Яе паэтыцы ўласцівы герметызм, эксперыменты з лексікай і сінтаксісам, кампазіцыяй і рытмам, асацыятыўнасць, вобразная абстрактнасць; выкарыстоўвала прынцыпы кінатэхнікі, авангардысцкага жывапісу, мастацтва фатаграфіі.

Тв.:

Рус. пер. — Автобиография Алисы Б.​Токлас. СПб., 2000.

Літ.:

Бернацкая В. Гертруда Стайн: тупик или перспектива? // Совр. худ. лит. за рубежом. 1975. № 6.

Е.​А.​Лявонава.

т. 15, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛФ (Woolf) Вірджынія (25.1.1882, Лондан — 28.3.1941),

англійская пісьменніца; адна з найб. значных тэарэтыкаў і практыкаў мадэрнізму. Заснавальніца «псіхалагічнай школы». У раманах «Падарожжа» (1915), «Ноч і дзень» (1919), «Пакой Джэйкаба» (1922), «Місіс Дэлаўэй» (1925), «Да маяка» (1927), «Арланда» (1928), «Хвалі» (1931), «Гады́» (1937), «Паміж актамі» (1941) і інш., зб-ках апавяданняў «Сады К’ю», «Знак на сцяне» (абодва 1919), «Панядзелак ці аўторак» (1921), аповесцях — універсалізм светабачання, хісткасць часавых межаў, адсутнасць традыц. сюжэтаў і характараў, асацыятыўнасць, складаная сімволіка, усведамленне жыцця праз плынь суб’ектыўных успрыманняў і імгненных уражанняў, арыентацыя на псіхааналіз З.​Фрэйда, інтуітывізм А.​Бергсона, творчасць М.​Пруса і Дж.​Джойса. Аўтар шэрагу эсэ (у т. л. «Сучасная мастацкая літаратура», 1919; «Містэр Бенет і місіс Браўн», 1924).

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1989.

Літ.:

Жантиева Д.Г. Английский Роман XX в., 1918—1939. М., 1965;

Жлуктенко Н.Ю. Английский психологический роман XX в. Киев, 1988;

Ивашева В.В. Литература Великобритании XX в. М., 1984;

Михальская Н.П. Пути развития английского романа 1920—1930 годов: Утрата и поиски героя. М., 1966.

Е.​А.​Лявонава.

т. 4, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)