Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЦКІ АРЭ́Х,
валоскі арэх (Juglans regia), від кветкавых раслін з роду арэх. Радзіма — Сярэдняя і Паўн.-Усх. Азія. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах. Вырошчваецца ў многіх краінах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі трапляецца як інтрадукаваная расліна ў бат. садах, парках і скверах, вырошчваецца садаводамі-аматарамі.
Лістападнае дрэва выш. да 35 м і дыям. да 2 м. Крона густая, раскідзістая. Лісце няпарнаперыстаскладанае, пахучае (мае эфірны алей). Кветкі дробныя, зеленаватыя, аднаполыя. Плады — буйныя несапраўдныя шарападобныя касцянкі («арэхі»). Ядро арэхаў ядомае, мае да 70% тлушчаў, 26% бялкоў, вітаміны B1, E і правітамін A, выкарыстоўваецца ў кандытарскай і кулінарнай вытв-ці, недаспелыя арэхі багатыя вітамінам C, з іх вырабляюць варэнне. З арэхаў атрымліваюць арэхавы алей, які ідзе ў ежу, на выраб лакаў, высакаякаснага мыла, тушы. Грэцкі арэх жыве да 400 гадоў. Харч., тэхн., кармавая, лек., меданосная і дэкар. расліна. Мае каштоўную драўніну. З лісця, кары, зялёнай лупіны пладоў атрымліваюць дубільнікі і карычневую фарбу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСКА́ТНЫ АРЭ́Х,
насенне з пладоў мускатніку духмянага (Myristica fragrans). Культывуюць у тропіках абодвух паўшар’яў. Плод — яйцападобная аранжава-жоўтая мясістая ягада даўж. 4—6 см. Пры выспяванні скурка і мякаць плода расшчапляюцца кальцавой верт. трэшчынай і адкрываюць цёмна-бурае насенне, часткова ўкрытае ярка-чырв. сакаўным прынасеннікам. Высушаны прынасеннік ужываецца як прыправа і наз. мускатным цветам або мацысам. Духмянае ядро пасля апрацоўкі выкарыстоўваюць у харч. і тытунёвай прам-сці, кулінарыі, медыцыне, парфумерыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯНЫ́АРЭ́Х,
рагульнік, чылім (Тгара), манатыпны род кветкавых раслін сям. вадзянаарэхавых. Больш за 10 відаў. Пашыраны пераважна ў прэсных вадаёмах Еўропы, Азіі і Афрыкі. На Беларусі рэдка (у далінах Дняпра, Прыпяці, іх прытокаў і ў некат. азёрах Паазер’я) трапляецца вадзяны арэх плывучы (T. natans). Расце ў стаячых водах азёр, старыц, рачных заток, утварае зараснікі. Занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Асобныя месцазнаходжанні ахоўваюцца як помнікі прыроды.
Аднагадовыя травяністыя расліны з плаваючай на паверхні вады разеткай лісця і апушчаным у ваду сцяблом даўж. 60—120 см з відазмененым лінейным перыстарассечаным падводным лісцем. Надводнае лісце скурыстае, з рамбічнай няроўназубчастай пласцінкай. Кветкі дробныя, адзіночныя, у пазухах лісця, белыя. Плод — бурая арэхападобная касцянка з 2—4 рогападобнымі выступамі. Лек. і дэкар. (прыдатныя для аквакультуры), у некат. краінах (Кітаі, Японіі, Індыі і інш.) культывуюцца як каштоўныя харч. (плады ядомыя, багатыя крухмалам, бялком, цукрам, алеем) і кармавыя (у лісці шмат бялку і інш.) расліны.