ІАНІ́ЧНЫ О́РДЭР,

адзін з трох галоўных грэч. арх. ордэраў. Мае стройную калону з базай і ствалом, аздоблены верт. жалабкамі-канелюрамі; капітэль складаецца з 2 завіткоў (валют). Антаблемент уключае архітраў з трох гарыз. палос; фрыз часта пакрываўся рэльефам. І.о. склаўся ў каменным дойлідстве іанічных абласцей Стараж. Грэцыі (600—590 да н.э.). Ад дарычнага ордэра адрозніваецца больш лёгкімі прапорцыямі і больш багатым дэкорам усіх частак. Асабліва быў пашыраны ў Грэцыі ў эпоху элінізму. Класічныя ўзоры захаваліся ў Прапілеях, Эрэхтэёне, храме Нікі Аптэрас у Афінах.

Да арт. Іанічны ордэр. Паўночны порцік Эрэхтэёна ў Афінах. 421—406 да н.э.

т. 7, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПАЗІ́ТНЫ О́РДЭР,

адзін з арх. ордэраў. Склаўся ў архітэктуры Стараж. Рыма. На Беларусі з 18 ст. вядомы яго разнастайныя варыяцыі. Нясучыя часткі — ствол калоны (аздоблены канелюрамі) з капітэллю і базай. Капітэль К.о. спалучае ніжнюю частку капітэлі карынфскага ордэра і іанічнай валюты. Над капітэллю — прафіляваная пліта абак, квадратная ў плане са зрэзанымі вугламі і ўвагнутымі бакамі. Над абакам — бэлька (архітраў), падзеленая на З паласы (фасцыі). Над архітравам фрыз, над якім выступаюць адна над адной паліцы карніза, дэкарыраванага мадульёнамі. Выкарыстоўваўся ў грамадз., культавай, палацавай архітэктуры барока, класіцызму і архітэктуры 1950-х г.

В.​Ф.​Валошын, С.​А.​Сергачоў.

Кампазітны ордэр. Капітэль порціка Гомельскага палаца.

т. 7, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРЫ́ЧНЫ О́РДЭР,

адзін з трох асноўных грэч. арх. ордэраў. Нясучыя часткі — ствол калоны (аздоблены канелюрамі) з капітэллю. У ніжняй частцы (​1/3 агульнай вышыні) ствол мае невял. выпукласць — энтазіс. Капітэль складаецца з шыйкі, што злучае капітэль са ствалом калоны, эхіна (паўвала) і верхняй квадратнай у плане пліты — абака. Над абакам — бэлька (архітраў), завершаная палічкай, над архітравам — фрыз, расчлянёны трыгліфамі на роўныя часткі (метопы), упрыгожаныя размалёўкай або скульптурай. Верхняя частка складалася з прамавугольных пліт — мутул («сухарыкі», дэнтыкулы), высунутай пліты слязніцы і ўвянчальнай часткі — сімы.

Як мастацка выразная форма Д.о. склаўся ў Стараж. Грэцыі і дарыйскіх абласцях пры буд-ве храмаў і інш. грамадскіх збудаванняў з каменю (600—590 да н.э.). Класічныя ўзоры Д.о. захаваліся ў Парфеноне, на Прапілеях, на Акропалі ў Афінах.

Да арт. Дарычны ордэр. Храм Парфенон у Афінах. 447—438 да н.э.

т. 6, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)