пятро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.; мн. няма.

Уст. Пост у праваслаўных перад святам апосталаў Пятра і Паўла, якое святкуецца 12 ліпеня па новаму стылю. Стаяў млява-пагодны дзень, адзін з тых дзён, якія рэдка калі бываюць у пятроўку. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апо́стал, ‑а, м.

1. Паводле евангелля — кожны з дванаццаці вучняў Хрыста, прапаведнікаў яго вучэння.

2. перан.; чаго. Заўзяты паслядоўнік і руплівы прапаведнік якой‑н. ідэі, вучэння. Апостал дабра і зла.

3. Царкоўная новазапаветная кніга, якая складаецца з «Дзеянняў апосталаў» і іх «Пасланняў».

[Грэч. apostolos — пасланец.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПЕЧ (Пећ, Peć),

горад у Югаславіі, на тэр. б. аўт. краю Косава ў Рэспубліцы Сербія. Каля 100 тыс. ж. (1995). Трансп. вузел. Прам-сць: харч., дрэваапр., керамічная. Рамёствы (дываны, ювелірныя вырабы). Арх. помнікі 13—17 ст., у т. л. комплекс Патрыярхіі з цэрквамі Святых апосталаў, св. Дзмітрыя, Маці Божай Адзігітрыі з капліцай св. Міколы (усе 13 ст.). Горад значна пацярпеў ад ваен. дзеянняў у Косаве ў канцы 1990-х г.

т. 12, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

прывіле́я, ‑і, ж.

Выключнае права, якім карыстаецца хто‑н. у адрозненне ад іншых. Дэлегацкія прывілеі. Саслоўныя прывілеі. □ Раз у год Лукаш меў адну прывілею: у дзень святых апосталаў Пятра і Паўла ён мог рабіць усё, што захоча. Колас. Зусь расказаў мне, што тады, калі ў Рагазіне арганізаваўся калгас, Леўка, каб мець прывілеі, прыкінуўся інвалідам. Сабаленка.

[Лац. privilegium.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

apostolski

1. апостальскі;

list apostolski — пасланне апосталаў;

2. жарт. пасланне; паведамленне;

Stolica Apostolska — Ватыкан

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

АПАСТО́ЛІКІ, апостальскія браты,

сялянска-плебейская ерэтычная секта 13 — пач. 15 ст. ў Паўн. Італіі. Засн. ў 1260 у г. Парма рамеснікам Сегарэлі. Прапаведавалі вяртанне да сац. і маёмаснай роўнасці паводле вучэння раннехрысц. апосталаў (адсюль назва), выступалі супраць феад. дзяржавы і каталіцкай царквы. Секта асуджана як ерэтычная і забаронена II Усяленскім саборам (Ліён, 1274), Сегарэлі ў 1300 спалены. Яго пераемнік Дальчына ў 1304 узняў паўстанне, якое задушана ў 1307. Апастолікі прапаведавалі свае ідэі ў Паўн. Італіі, Паўд. Францыі, Іспаніі і Германіі да 15 ст.

т. 1, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

на́йміт, ‑а, М ‑міце, м.

1. Наёмны работнік; парабак. Так, жыў сабе [Караневіч], .. як найміт, нават не звіў сабе ніякага гнязда. Скрыган.

2. перан. Той, хто з карыслівымі намерамі служыць чыім‑н. мэтам, хто прадаўся каму‑н. Панскі найміт. □ Мы лічым сваім абавязкам выкрываць подлых апосталаў новай сусветнай бойні і іх наймітаў у асобе здрадлівых пісак і псеўдавучоных. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пе́тра-паўла ’божая кароўка, Coccinella septempunctata’ (брасл., ЛА, 1), Пётра–Паўла (міёр., брасл., З жыцця, 169). Другасна збліжаная з імёнамі апосталаў Пятра і Паўла назва, якую нельга адрываць ад бедрык ’тс’ (гл.) (Трубачоў, Этимология–1975, 12). Сюды ж пе́транка ’божая кароўка, Coccinella’ (Сцяшк. Сл.). Суфікс ‑ка, як у іншых ласкальных назвах насякомага: кароўка, андрэйка, бедарка, матрунка, кандратка і інш. (гл. Шаталава, З жыцця, 166–178). Параўн. пе́трык (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БЫ́СТРЫЦКІ КРЫЖАЎЗВІ́ЖАНСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры ракако. Пабудаваны ў 1523 паводле загаду польскага караля Жыгімонта Старога ў в. Быстрыца (Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.). Аднанефавы 2-вежавы з пяціграннай апсідай мураваны храм сіметрычна-восевай падоўжнай кампазіцыі. У сілуэце будынка дамінуюць дзве 4-ярусныя вежы гал. фасада. Вертыкальнасць фасада з увагнута-пукатымі хвалістымі плоскасцямі сцен і карнізнымі паясамі падкрэслівае гарызантальная рустоўка цокаля. Бакавыя фасады і апсіда вырашаны плоскасна. Пластыка-дэкар. акцэнт інтэр’ера — 2-ярусны гал. алтар. Складаная калонна-пілястравая кампазіцыя 1-га яруса фланкіравана 2 драўлянымі скульптурамі апосталаў. У барочна-ракайльным стылі зроблены і 2 меншыя па маштабе кулісныя алтары.

т. 3, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІРЛАНДА́ЙО (Ghirlandaio; сапр. ды Тамаза Бігордзі; di Tommaso Bigordi) Даменіка

(1449, г. Фларэнцыя, Італія — 11.1.1494),

італьянскі жывапісец эпохі ранняга Адраджэння. Прадстаўнік фларэнційскай школы. Вывучаў помнікі ант. мастацтва, зазнаў уплыў нідэрл. жывапісу 15 ст. У час знаходжання ў Рыме 1481—82 выканаў фрэску апосталаў Пятра і Паўла ў Сіксцінскай капэле Ватыкана. Лепшыя творы Гірландайо сталага перыяду (цыклы размалёвак у капэле Сасеці царквы Санта-Трыніта, 1483—86, і ў царкве Санта-Марыя Навела, 1485—90, у Фларэнцыі) адзначаны архітэктанічнай яснасцю кампазіцыі, спакойнай апавядальнасцю, падрабязным паказам фларэнційскага быту, яркімі партрэтнымі вобразамі (партрэт старога з унукам).

Д.Гірландайо. Святы Хрыстафор і дзіця Хрыстос. 1475.

т. 5, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)