Га́гыль ’нячысцік, нячыстая сіла’ (Бяльк.). Мяркуем, што можна гэта слова параўнаць з укр. а́гел ’сатана, д’ябал’ (Грынч.), таксама га́гел (апошняе на Сумшчыне, гл. Дарашэнка, ДБ, 9, 106) і далей з рус. царкоўным а́ггел ’злы дух, д’ябал, сатана’ (Даль). Усё паходзіць, мяркуем, з грэч. ἄγγελοβ ’пасланец (> ангел)’ (вымаўляецца: ангелос). У адрозненне ад слова ангел (гл.) тут замацавалася вымаўленне паводле графікі, напісання (магчыма, для дыферэнцыяцыі гэтых двух аднолькавых па паходжанню слоў). Сатана (як і бог) мае сваіх пасланцоў, ангелаў. Па хрысціянскай рэлігіі ангелы, якія праграшылі, знаходзяцца пад узначальваннем сатаны і служаць яму пасланцамі. Параўн. у ст.-рус. помніках: «оуготованыи огнь диѧволоу и ангеломъ ѥго» (Сразн., І, 22). Гл. таксама ў ст.-укр. помніках: «Мѣлъ злым Аггелъ розмову з першою родителкою нашею» (Цімчанка, 7). Адсюль а́ггел (а́гел) (< ангел) ’пасланец д’ябла’ > ’злы дух, д’ябал’. У бел. развіўся пратэтычны гук г‑ (га́гыль < а́гыль < а́гел). Не пераконвае Рудніцкі (521), які думае пра табуістычную дэфармацыю слова ангел.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ва́нгыля ’евангелле’ (Грыг.), вангаля ’тс’ (Мядзв.), ваянгелле ’тс’ (Шпіл.). Да евангелле (гл.). У апошнім выпадку з метатэзай у пачатку слова пад уплывам другаснага збліжэння з ангел. Гл. ваянгел.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЕ́СНІК (Яўген Якаўлевіч) (н. 15.1.1923, С.-Пецярбург),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1989). Скончыў Тэатр. вучылішча імя М.​Шчэпкіна (1948). Працаваў у маскоўскіх т-рах імя К.​Станіслаўскага (да 1954), Сатыры (1954—64), Малым (1964—90). Вострахарактарны акцёр, схільны да сатыры, гратэску. Сярод роляў: Гараднічы («Рэвізор» М.​Гогаля), Прысыпкін («Клоп» У.​Маякоўскага), Барон Ленбах («Агонія» М.​Крлежы), Крачко («Дзікі Ангел» А.​Каламійца). Здымаецца ў кіно: «Справа № 306», «Трэмбіта», «Святло далёкай зоркі», «Звычайны цуд», «Новыя прыгоды няўлоўных», «Угрум-рака» (тэлевізійны) і інш.

т. 4, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДАНО́ВІЧ (Ангел Іванавіч) (2.10.1860, г. Гарадок Віцебскай вобласці — 24.3.1907),

расійскі паліт. дзеяч, публіцыст і літ. крытык. У час вучобы ў Кіеўскім ун-це (1880—82) стаў удзельнікам нарадавольскага руху. Жыў у Ніжнім Ноўгарадзе, Казані, Пецярбургу. Адзін са стваральнікаў паліт. арг-цыі «Народнае права» (1893). Працаваў у рэдакцыях часопісаў «Русское богатство» (1893—94), «Мир Божий» (1894—1906). Пасля 1895 «легальны марксіст». Як крытык выступаў супраць «народніцкіх трафарэтаў» у літаратуры (ідэалізацыя вёскі, «мужыка») і інш. З 1906 рэдагаваў час. «Современный мир».

Тв.:

Годы перелома. Спб., 1908.

т. 2, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМБО́Н (ад грэч. ambōn узвышэнне),

казальніца, пульпіт, паўкруглае і высунутае на сярэдзіну храма ўзвышэнне перад царскімі варотамі, з якога чытаюць Евангелле, гавораць казанні. Сімвалізуе камень каля Труны Гасподняй, які адваліў ангел і з яго абвясціў міраносцам пра ўваскрэсенне Хрыста. Амбон рабілі з каменю, дрэва, металу, багата дэкарыравалі мармурам. У ранні перыяд хрысціянства ўстанаўлівалі перад алтаром каля балюстрады, што аддзяляла хоры ад нефа, і мелі форму трыбуны з парапетам; з сярэднявечча — каля левага міжнефавага ці цэнтр. слупа, у аднанефавых храмах — на сцяне. У эпоху Адраджэння амбон меў пераважна акруглую ці чатырохгранную форму.

Амбон у касцёле францысканцаў у Пінску. 18 ст.

т. 1, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)