агняві́шча Месца, дзе раней быў раскладзены агонь (Нас., Смален. Дабр.). Тое ж агні́шча (Рэч., Смарг.), агняві́ска (Вор.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

МЕ́ГАРАН (грэч. megaron літар. вял. зала),

адзін з тыпаў жылля, пашыранага ў краінах бас. Эгейскага мора (3—2-е тыс. да н.э.). У Гамера М. — парадная ці жылая частка дома, пераважна царскага палаца. У плане прамавугольная пабудова, часам з абсідай, складаецца з гал. памяшкання (уваход з тарцовага боку праз сумежныя з гал. памяшканнем анты) і порціка. У гал. памяшканні знаходзілася агнішча. М. вядомы ў Мікенах, Троі, Кносе, Сескла, Дыміні, Тырынфе і інш. М. паслужылі прататыпам храмаў Стараж. Грэцыі архаічнага і класічнага часу.

т. 10, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́ДЧЫЦЫ,

помнікі археалогіі каля в. Лудчыцы Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.: стаянка грэнскай культуры (12—8 тыс. г. назад) і курганны могільнік 11 ст. На стаянцы выяўлены рэшткі авальнага заглыбленага ў мацярык жытла драўлянай канструкцыі накшталт ярангі. Знойдзены крамянёвыя прылады працы (наканечнікі стрэл, разцы, скрабкі, вастрыі, пласціны і інш.), паблізу жытла — рэшткі агнішча. Пахавальны абрад на могільніку — трупапалажэнне на мацерыку галавой на 3, адно пахаванне з нябожчыкам у становішчы седзячы на дошцы. Знойдзены пацеркі, скроневыя кольцы, пярсцёнкі, бранзалеты, бронзавая літая фігурка чалавека і інш.

т. 9, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛЯМІ́ЧЫ,

група бескурганных могільнікаў і селішчаў зарубінецкай культуры (2—1 ст. да н.э. — 2 ст. н.э.) каля в. Велямічы Столінскага р-на Брэсцкай вобл. На могільніках выяўлена 275 пахаванняў, з іх 10 — зруйнаваныя стараж.-рус. курганы, 12 — кенатафы. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка; знойдзены грубаляпныя і глянцаваныя арнаментаваныя гаршкі, міскі, кубкі, бронзавыя і жал. фібулы, бронзавыя шпількі, арнаментаваныя трапецападобныя падвескі, кольцы і інш. На адным з селішчаў выяўлены рэшткі 3 пабудоў, адна з якіх зрубная з рэшткамі глінабітнага агнішча, і некалькі гасп. ям; сярод знаходак фрагменты грубаляпнога і глянцаванага посуду.

т. 4, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТРЫ́ЦА,

комплекс археал. помнікаў (гарадзішча 8 ст. да н.э. — 11 ст. н.э., селішча 6—10 ст. і курганны могільнік 11 ст.) каля в. Кастрыца Лепельскага р-на Віцебскай вобл. Гарадзішча мае 3 гарызонты: у ніжнім выяўлены сляды жытлаў слупавой канструкцыі, агнішча, рэшткі майстэрні па апрацоўцы жалеза, пасудзіны днепра-дзвінскай культуры; у сярэднім — жал. прылады працы, бронзавыя падвескі, фрагменты пасудзін банцараўскай культуры; у верхнім — прылады побыту, ганчарная кераміка і інш. рэчы 10—11 ст. Побач з гарадзішчам у 6—10 ст. існавала селішча, на месцы якога ў 11 ст. ўзнік курганны могільнік (14 насыпаў). Даследаваны 2 курганы з трупапалажэннем.

Г.В.Штыхаў.

т. 8, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРУБІНЕ́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён ранняга жалезнага веку ў Сярэднім і Верхнім Падняпроўі, Прыпяцкім Палессі. Назва ад могільніка каля в. Зарубінцы на Кіеўшчыне. Насельніцтва З.к. займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем, рамёствамі; жыло на неўмацаваных селішчах, выкарыстоўвала гарадзішчы папярэдняй мілаградскай культуры; будавала наземныя слупавыя жытлы (аднакамерныя, прамавугольныя або квадратныя ў плане) і паўзямлянкі. У адным з кутоў жытла ці каля сцяны знаходзілася агнішча, пазней — глінабітная печ. Побач з жытламі размяшчаліся гасп. і вытв. пабудовы, ямы-паграбы. Пахавальныя абрады — трупаспаленне, зрэдку трупапалажэнне. Могільнікі не маюць вонкавых адзнак. У Верхнім Падняпроўі выяўлены ямныя трупаспаленні і кенатафы, у Прыпяцкім Палессі — ямныя і урнавыя пахаванні са спальваннем і пахаваннем чарапоў. У магілах трапляюцца прылады працы, посуд, упрыгожанні. Насельніцтва вырабляла і выкарыстоўвала жал. наканечнікі коп’яў, клінападобныя сякеры (кельты), нажы, сярпы, ляпны посуд, культавыя вырабы і інш. Падтрымлівалі сувязі са скіфскімі, сармацкімі, кельцкімі плямёнамі, гарадамі Паўн. Прычарнамор’я. Большасць даследчыкаў лічыць З.к. стараславянскай. Найб. даследаваны археал. помнік Чаплін Лоеўскага р-на.

Л.Д.Побаль.

Кераміка зарубінецкай культуры.

т. 6, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯМЛЯ́НКА,

1) заглыбленая ў зямлю жылая пабудова, прамавугольная або круглая ў плане, з перакрыццем з жэрдак ці бярвён, засыпаных зямлёй. Адзін з самых старажытных і пашыраных відаў уцепленага жылля, вядомы з эпохі верхняга палеаліту.

Сцены З. рабілі з бярвён або плялі з галля і абмазвалі глінай. Унутры звычайна знаходзілася агнішча, уздоўж сцен — нары. У эпоху неаліту З. былі невялікіх памераў, у эпоху бронзы — вялікія з некалькімі памяшканнямі і агнішчам. У неаліце, жал. веку, раннім сярэдневякоўі (6—9 ст.) і ў эпоху Кіеўскай Русі на землях славян, у т. л. ў Беларусі, вядомы таксама паўзямлянкі — З. з драўляным зрубам, большая ч. якога ўзвышалася над зямлёй (гл. Жыллё). Як жылыя пабудовы З. і паўзямлянкі зберагліся ў комі, удмуртаў і інш. да 17—18 ст., у ітэльменаў і ніўхаў да 19 ст., у каракаў, кетаў, селькупаў да 20 ст., у паўночна-амер. індзейцаў (напр., навахаў) і эскімосаў да нашых дзён.

2) З. вайсковая — дрэваземляное збудаванне для размяшчэння асабовага складу войск і штабоў у палявых умовах. Будуюцца адна- або двухсхільнымі з перакрыццем з жэрдак (накату з бярвён), глінянай праслойкі і грунтавой абсыпкі, з выхаднымі тамбурамі ў тарцах. Маюць печ для абагрэву і абсталяванне для адпачынку. У Вял. Айч. вайну сав. войскі і партызаны выкарыстоўвалі З. з драўляным зрубам і перакрыццем з бярвён у 2—3 накаты. Карысталася З. і насельніцтва вёсак, спаленых акупантамі.

Зямлянка вайсковая: 1 — печка; 2 — мятая гліна; 3 — дзверы; 4 — зямля; 5 — слой галля або саломы; 6 — накатнік; 7 — кроквы.

т. 7, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)