масавая гібель рыбы і інш. водных жывёл. Адбываецца пры памяншэнні колькасці растворанага ў вадзе кіслароду (да 5—30% нармальнага насычэння) або са з’яўленнем у вадзе атрутных рэчываў у выніку скідвання прамысл. неачышчаных сцёкавых вод ці змыву з сушы ядахімікатаў. Колькасць кіслароду памяншаецца ў вадаёмах, багатых арган. рэчывамі (напр., балотныя воды), у стаячых вадаёмах у перыяд інтэнсіўнага развіцця водарасцей («цвіценне» вады) і зоапланктону. З. бывае летам у начны час у ціхае цёплае надвор’е і зімой пад ільдом (пераважна са студзеня да красавіка).
З’ява З. звязана з празмерным эўтрафіраваннем вадаёмаў. Да недахопу кіслароду найб. адчувальныя некат. рыбы (ласасёвыя, асятровыя, акунёвыя), ракі, малюскі (бяззубкі, перлаўкі) і інш.; менш адчувальныя вугры, карасі, ліні, уюны, лічынкі хіранамід і інш. Папярэджваюць З. насычэннем вады кіслародам у працэсе яе аэрацыі, аховай вадаёмаў ад забруджвання і атрутных рэчываў, павелічэннем іх праточнасці. На Беларусі З. найчасцей у азёрах Палесся і р. Прыпяць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РНЫЯ СКО́ПІШЧЫ,
сукупнасці (групы) зорак, якія маюць агульнае паходжанне і звязаны паміж сабой сіламі ўзаемнага прыцягнення. Для сфарміраваных З.с. характэрна наяўнасць цэнтр. згушчэння (ядра), абкружанага менш шчыльнай каранальнай вобласцю. У залежнасці ад знешняга выгляду, памераў, узросту і хім. складу адрозніваюць рассеяныя і шаравыя З.с.
Рассеяныя З.с. (напр., Гіяды, Плеяды) у Галактыцы канцэнтруюцца ў плоскасці сіметрыі Млечнага Шляху і маюць найб. скорасці адносна Сонца; узрост да 1 млрд. гадоў. Пры назіранні ў слабы тэлескоп раздзяляюцца на асобныя зоркі. Шаравыя З.с. (напр., скопішча M3 у сузор’і Гончых Псоў, M13 у сузор’і Геркулеса) маюць вял.колькасць кампактна размешчаных зорак у выглядзе сферычнай або эліптычнай сістэмы; з цяжкасцю раздзяляюцца на асобныя зоркі нават у моцных тэлескопах. Утвараюць у Галактыцы сферычную падсістэму і канцэнтруюцца ў яе цэнтры; маюць узрост ад 5 да 15 млрд. гадоў. Наяўнасць пераменных зорак (напр., тыпу RR Ліры) дазваляе вызначаць адлегласці да скопішчаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫКА́ТАРЫэкалагічныя,
рэчывы, арганізмы, якія вызначаюць ступень забруджвання знешняга асяроддзя антрапагеннымі таксікантамі. Здольныя адлюстроўваць уздзеянне і захоўваць яго з мінім. зменамі да моманту індыкацыі. Напр., снег — інфарматыўны І. тэхнагеннага ўздзеяння на геасістэмы праз атмасферу, торф — прасторавы і часавы І. забруджвання (тарфяныя балоты назапашваюць інфармацыю аб забруджванні навакольнага асяроддзя за працяглы перыяд) і інш. У геабатаніцы І. выкарыстоўваюць пры вывучэнні экалагічных асноў і практычных спосабаў выкарыстання фітацэнозаў і іх кампанентаў у якасці паказчыкаў умоў асяроддзя. Напр., знікненне лішайнікаў са ствалоў дрэў сведчыць аб павелічэнні колькасці сярністага газу ў паветры. Экалагічная дыягностыка таксама праводзіцца з дапамогай біяіндыкатараў. Некат. віды раслін і жывёл даюць магчымасць выявіць характэрныя асаблівасці навакольнага асяроддзя, напр., прысутнасць карысных выкапняў, забяспечанасць тэр. мікраэлементамі, вільгаццю, пажыўнымі рэчывамі і інш. Найлепшымі І. з’яўляюцца больш буйныя, мнагалетнія з вузкай талерантнасцю і інш. якасцямі арганізмы. Некат. віды жывёл індуцыруюць фауну (напр., вял.колькасць стракоз сведчыць аб багатай фауне вадаёма).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГРАВА́ЛЬНАЕ ПРЫСТАСАВА́ННЕ, інтэгратар,
вылічальная прылада для вызначэння інтэграла па дзвюх уваходных велічынях. Бывае аналагавае і лічбавае; мех. (гл.Планіметр), гідраўл., эл. і інш. Выкарыстоўваецца пры рашэнні матэм. задач, мадэліраванні фіз. працэсаў і інш. як самастойная прылада і як састаўная частка інтэрпалятараў, выліч. машын, сістэм аўтам. рэгулявання.
Уваходнымі пераменнымі І.п. бываюць мех. перамяшчэнне, ціск, эл. ток (ці напружанне), колькасць імпульсаў, т-ра і інш. У гідраўлічных І.п. (выкарыстоўваюцца пры вывучэнні неўсталяваных працэсаў цеплаперадачы, фільтрацыі, дыфузіі) даследаваныя пераменныя велічыні (у т. л. выходныя) адлюстроўваюцца ўзроўнямі вадкасці ў пасудзінах, злучаных паміж сабою трубкамі з зададзенымі гідраўл. супраціўленнямі. Асн. элементам электронных І.п. неперарыўнага дзеяння (аналагавых) з’яўляецца эл. кандэнсатар, напружанне на якім прапарцыянальнае інтэгралу ад сілы току праз яго. Такія І.п. ўваходзяць у склад аналагавых выліч. машын. Інфармацыя ў лічбавых І.п. выяўляецца ў выглядзе пэўнага ліку эл. імпульсаў, і інтэграванне выконваецца як падсумаванне гэтых імпульсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛМЫ́ЦКАЯ МО́ВА адна з мангольскіх моў. Пашырана на тэр. Калмыкіі, часткова ў Астраханскай, Растоўскай абласцях, у Стаўрапольскім краі, а таксама ў Кіргізіі (раён воз. Ісык-Куль). Вылучаюцца 2 дыялекты: дэрбецкі і таргуцкі. Для фанетыкі характэрны кароткія і доўгія галосныя, сінгарманізм. Назоўнікі маюць катэгорыі ліку і склону, катэгорыя роду адсутнічае. Прыметнікі дапасуюцца да назоўнікаў. Дзеясловы захоўваюць катэгорыі трывання, стану, ладу, часу, асобы, ліку. У лексіцы значная колькасць запазычанняў з санскрыту, тыбецкай, кіт., араб., перс. і цюрк. моў, а таксама з рускай. У 1648—1924 калмыкі карысталіся зая-кандзіцкім пісьменствам (гл.Мангольскае пісьмо), на якім існуе багатая л-ра. У 1924 быў уведзены алфавіт на аснове рус. графікі, у 1931—38 ужываўся латынізаваны алфавіт, з 1938 пісьменства на аснове рус. графікі.
Літ.:
Павлов Д.А. Современный калмыцкий язык: Фонетика и графика. Элиста, 1968;
Грамматика калмыцкого языка: Фонетика и морфология. Элиста, 1983;
Бардаев Э.Ч. Современный калмыцкий язык: Лексикология Элиста, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́МАТ ГО́РАДА,
мясцовы клімат вял. горада. Яго асаблівасці вызначаюцца характарам забудовы і пакрыцця вуліц, наяўнасцю прамысл. прадпрыемстваў, насычанасцю транспартам і інш. Характарызуецца павышанымі т-рамі і забруджанасцю паветра (іншы раз смогам), аслабленнем сонечнай радыяцыі, памяншэннем выпарэння і адноснай вільготнасці, павелічэннем воблачнасці і ападкаў летам, туманаў зімой, памяншэннем скорасці ветру. Унутры горада на асобных вуліцах і плошчах ствараецца мноства тыпаў мікракліматаў. У Мінску сярэднегадавая т-ра паветра на 0,3 °C вышэйшая, чым на ўскраінах. Летам ноччу пры бязвоблачным і бязветраным надвор’і розніца т-р павялічваецца да 5—6 °C. Празрыстасць атмасферы ў Мінску на 3%, а ў найб. забруджаных раёнах на 5% ніжэйшая, чым у сельскай мясцовасці, што зніжае гадавы прыход прамой сонечнай радыяцыі на 12—15%. Колькасць ападкаў у Мінску на 80 мм большая, чым у наваколлі. Сярэдняя гадавая скорасць ветру на тэр. Мінскай метэастанцыі на 0,5 м/с меншая, чым на навакольных станцыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬЧАТЫЯ ЧЭ́РВІ (Annelida),
анеліды, кальчацы, тып беспазваночных жывёл. Паходзяць з сярэдняга кембрыю. 4 класы: малашчацінкавыя чэрві (каля 5 тыс. відаў), многашчацінкавыя чэрві (больш за 6 тыс. відаў), п’яўкі (каля 300 відаў) і эхіўрыды. Пашыраны ўсюды, жывуць у морах, прэсных вадаёмах, глебе. На Беларусі найб. пашыраны малашчацінкавыя чэрві і п’яўкі.
Найб. высокаарганізаваныя чэрві з другаснай поласцю цела — цэломам. Даўж. ад доляў міліметра да 3 м. Цела сегментаванае, укрыта тонкай кутыкулай. Колькасць сегментаў — да некалькіх соцень. На баках кожнага сегмента органы руху — параподыі. Дыханне праз кутыкулу, у некат. ёсць шчэлепы. Маюць стрававальную, выдзяляльную, нерв. сістэмы, большасць — прымітыўную крывяносную сістэму (сэрца няма), органы смаку, нюху. Органы слыху пабудаваны па тыпу лакатараў. Раздзельнаполыя або гермафрадыты. Размнажэнне бясполае (пачкаванне) і палавое. Развіццё прамое або з ператварэннем (лічынка трахафора). Гл. таксама Дажджавыя чэрві.
Кольчатыя чэрві: 1 — энхітрэус белы; 2 — трубачнік звычайны, 3 — стылярыя азёрная, 4 — медыцынская п’яўка (а — выгляд зверху, б — выгляд знізу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАВЕ́ЦТВА,
бел. традыцыйнае рамяство па пашыве верхняга адзення з палатна, сукна, футра (пераважна аўчын). Вядома з даўніх часоў. З 16 ст. ў буйных гарадах існавалі кравецкія цэхі (у 1634 Магілёўскі цэх атрымаў каралеўскі прывілей), у маёнтках працавалі прыгонныя рамеснікі-краўцы, якія абшывалі гаспадароў і дворню. У 2-й пал. 19 ст. К. на Беларусі было пашырана ў форме адыходніцтва: краўцы-саматужнікі (звычайна сяляне) у свабодны ад земляробчай працы час (з восені да вясны) хадзілі па вёсках у межах сваёй воласці або павета і працавалі ў хаце заказчыка. Шылі суконныя світы, палатняныя насовы, аўчынныя кажухі і паўкажушкі. У мястэчках і гарадах краўцы стала займаліся К. і шылі на заказ. Часам яны наймалі работнікаў або вучняў. Заказ на пашыў адзення афармляўся з дапамогай спец. драўляных бірак з насечкамі, якія абазначалі колькасць аўчын і знак краўца. З развіццём фабрычнага пашыву адзення К. амаль знікла.
раўніна на ПдЗах. Сібіры ў Алтайскім краі Расіі і Паўладарскай вобл. Казахстана. Размешчана ў міжрэччы Обі і Іртыша. На ПдУ прылягае да перадгор’яў Алтая, на Пн мяжуе з Барабінскім стэпам. Пл. каля 100 тыс.км². Выш. ад 100 — да 250 м. Паверхня хвалістая з характэрным чаргаваннем грыў (выш. да 60 м) і паніжэнняў, занятых рэкамі (Кучук, Кулунда, Бурла і інш.) і бяссцёкавымі азёрамі. У азёрах запасы соды (Петухоўскія, Танатарскія азёры), мірабаліту (Кулундзінскае, Кучукскае) і кухоннай солі (Вял. і М. Яравое). Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -17 °C да -19 °C, ліп. 19—22 °C. Гадавая колькасць ападкаў 250—350 мм. На Пн і У злакавыя стэпы на паўд. чарназёмах, на Пд і З палынова-злакавыя на каштанавых глебах. На схілах грыў — «стужачныя» хваёвыя бары і бярозава-асінавыя колкі. Малочная жывёлагадоўля, збожжавая гаспадарка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРА́ЛЬНЫЯ АЗЁРЫ, салёныя азёры,
азёры, вада якіх моцна мінералізавана (змяшчае вял.колькасць солей). Пры салёнасці вады да 1 г/л азёры прэсныя, ад 1 да 24,7 г/л саланаватыя або слабамінералізаваныя, больш за 24,7 г/л — салёныя або мінеральныя. Пры высокіх канцэнтрацыях солей воды М.а. з’яўляюцца насычанымі растворамі або блізкімі да насычэння, адбываецца крышталізацыя солей і іх выпадзенне ў асадак (самасадачныя М.а.), вада ў іх — рапа. М.а. — характэрны кампанент засушлівых ландшафтаў. Намнажэнне солей адбываецца за кошт наносаў у бяссцёкавыя катлавіны раствораных солей, газаў, біягенных элементаў рэкамі, падземнымі водамі і атм. ападкамі, інтэнсіўнага выпарэння вады з паверхні азёр. М.а. бываюць таксама марскога паходжання (ліманы, адасобленыя залівы і інш.). Паводле хім. саставу падзяляюцца на карбанатныя (содавыя), сульфатныя (горка-салёныя) і хларыдныя (салёныя). З М.а. здабываюць кухонную соль, соду, злучэнні брому, ёду, бору і інш.хім. элементаў; некаторыя іх донныя адклады (мінер., пераважна серавадародныя гразі) выкарыстоўваюцца ў лекавых мэтах.