Існаваў у 1623—1830 у г. Стоўбцы. Засн. трокскім ваяводам А.Слушкам і яго жонкай Соф’яй, якія далі кляштару ў якасці фундушу фальваркі Кучкуны, Атцэда і 6 тыс. злотых. Мураваны 3-нефавы касцёл св. Казіміра пабудаваны ў 1645. У каменную падлогу былі ўмураваны 13 мармуровых надмагільных пліт, у сцены — мармуровыя эпітафіі 18 ст. У скляпах касцёла хавалі прадстаўнікоў феад. знаці (найперш Слушкаў) і духоўных асоб. У 1681 удава падскарбія надворнага ВКЛ Б.Ю.Слушкі Г.Патоцкая падаравала кляштару 10 тыс. злотых. на якія віленскія скульптары аздобілі інтэр’ер касцёла стукавай ляпнінай. У 1830 кляштар скасаваны. У 1865 касцёл закрыты, у 1867—83 ён пераабсталяваны пад правасл. царкву св. Марыі Магдаліны, у 1950-я г. разбураны. У 2-павярховым жылым корпусе кляштара пасля скасавання размяшчалася нар. жаночае вучылішча (будынак не захаваўся).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯЎКО́ Баляслаў Іванавіч (15.5.1940, в. Межырэчы Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. —2.6.2002),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1976). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1965). З 1965 акцёр Нац.акад.т-ра імя Я.Коласа. Выканаўца драм. і характарных роляў, якія вылучаліся псіхал. дакладнасцю, эмацыянальнай насычанасцю вобразаў, пластычнасцю і экспрэсіяй: Юрка, Валодзька, Сын («Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Сярожа, дзядзька Шура [«Скорыя цягнікі», «Таму што люблю» («Дзень карабля») А.Паповай], Чорт («Блудны муж і яго жонка Варвара» паводле Г.Марчука), Фатограф («Шагал... Шагал...» У.Драздова), Алёша («Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.Дастаеўскага), Аўгуст Фіш («Аз і Ферт» П.Фёдарава), Колесаў («Развітанне ў чэрвені» А.Вампілава), граф фон Моар («Я, ты, ён, яна, яны... яно» («Разбойнікі») Ф.Шылера], Сільвіо («Слуга двух гаспадароў» К.Гальдоні), Фрыц, Наведвальнік («Пісьменныя» паводле М.Чокэ) і інш. Здымаўся ў кіно. Арганізатар і кіраўнік (з 1969) Віцебскага нар.т-ра пантамімы «Мім».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУЦЭ́ВІЧ Іаіль (7—1654),
бел. грамадскі і культ. дзеяч, друкар, пісьменнік. Дзяцінства і юнацтва, верагодна, прайшлі ў Магілёве, дзе ён мог атрымаць адукацыю. Чл. Магілёўскага богаяўленскага брацтва (2-я чвэрць 17 ст.), ігумен Куцеінскага Богаяўленскага манастыра (г, Орша). Магчыма, у Магілёве пазнаёміўся з бел. друкаром і асветнікам С.Собалем. Удзельнічаў у заснаванні Куцеінскай друкарні, з сярэдзіны 1630-х г. яе кіраўнік. Да многіх нелітургічных выданняў напісаў прадмовы на бел. і царкоўнаслав. мовах. Пад яго рэдакцыяй выйшлі «Лексіконъ славенороскій и именъ тлъкованіе» П.Бярынды (1653), «Трефологіонъ» (1647) і інш. Прыхільнік грамадска-паліт. і культ. сувязей з Рус. дзяржавай. Памёр у час пераезду друкарні ў Іверскі манастыр пад Ноўгарадам.
Літ.:
Харлампович К.В. Малороссийское влияние на великорусскую церковную жизнь. Т. 1. Казань, 1914;
Жудро Ф. Иоиль Труцевич, первый игумен кутеинских монастырей // Могилевские епархиальные ведомости. 1891. № 8—11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕАДО́СІЙ I, Феадосій Вялікі,
Флавій (Flavius Theodosius; 11.1.347, Кока, Іспанія — 17.1.395), рымскі імператар [379—395]. Сын палкаводца. У 379 абвешчаны аўгустам (суправіцелем імператара Грацыяна), атрымаў у кіраванне ўсх.ч. імперыі. Спыніў наступленне вестготаў і паводле пагаднення 382 рассяліў іх у якасці федэратаў у ніжнім цячэнні Дуная. Пасля смерці Грацыяна (383) Ф. I аб’яднаў пад сваёй уладай усх. і зах. часткі Рым. імперыі. На 2-м Усяленскім саборы (381) ён замацаваў панаванне артадаксальнага хрысціянства. Адмовіўся ад язычніцкага тытула вял. пантыфіка, праследаваў прыхільнікаў арыянства і язычніцтва. У 391—392 забараніў язычніцкія культы, у 394 — Алімпійскія гульні. Пры Ф. I разбурана шмат стараж. храмаў, спалена частка Александрыйскай бібліятэкі. Абвешчаны хрысц. царквою Вялікім. Пасля яго смерці Рым. імперыя ў 395 распалася на ўсх. і зах. часткі.
Літ.:
Федорова Е.В. Императорский Рим в лицах. 2 изд. Смоленск, 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭ́СІЯ (лац. cessio),
1) перадача крэдыторам (цэдэнтам) належнага яму права патрабавання другой асобе (цэсіянеру), якая становіцца новым крэдыторам. У адпаведнасці з цывільным правам Рэспублікі Беларусь Ц. магчыма, калі яна не супярэчыць закону або дагавору, а таксама калі перадача права не звязана непасрэдна з асобай крэдытора (напр., нельга ўступіць права на аліменты, на кампенсацыю прычыненай шкоды і да т.п.). Ажыццяўляецца па згодзе цэдэнта з цэсіянерам, што і даводзіцца да.ведама даўжніка, згода якога пры гэтым не патрэбна, бо ён застаецца абавязаным у ранейшым аб’ёме і правамоцны перанесці на новага крэдытора ўсе пярэчанні, што ўзніклі да Ц.
2) У міжнар. праве перадача тэрыторыі адной дзяржавы другой па згодзе паміж імі. Ц. прадугледжвае адпаведную кампенсацыю, якая можа быць выяўлена ў рознай форме. Ц. патрабуе таксама заключэння паміж адпаведнымі дзяржавамі міжнар. дагавора, які будзе адпавядаць усім асн. прынцыпам сучаснага міжнар. права.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРГАВА́ННЕ ГУ́КАЎ, альтэрнацыя,
заканамерная замена гукаў мовы ў межах адной і той жа марфемы ў розных словах або словаформах.
Адрозніваюць Ч.г. гіст. і пазіцыйнае (фанет.). Гіст. абумоўлена гукавымі працэсамі, якія адбываліся ў стараж. перыяд і ў сучаснай бел. мове не існуюць: «б — бл» («любіць — люблю»), «п — пл» («сыпаць — сыплю»), «в — ўл» («славіць — слаўлю»), «ф — фл» («графіць — графлю») і інш. Пры пазіцыйным чаргаванні змена гукаў у слове абумоўлена фанет. законамі сучаснай мовы. Найб. частыя пазіцыйныя Ч.г. у бел. мове — «о, е — а» («дом — дамы», «сем — с’амі»), «у — ў» («ён узяў — яна ўзяла»), «і — ы» («ісці — адысці»), звонкія і глухія («сады — сат»), цвёрдыя і мяккія («рука — рук’і»), свісцячыя і шыпячыя («груз’іц’ — грушчык») зычныя.
Літ.:
Юргелевіч П.Я. Курс сучаснай беларускай мовы з гістарычнымі каментарыямі. Мн., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШВЕ́ДСКА-ПО́ЛЬСКАЯ У́НІЯ 1592—99,
асабістая унія паміж Шведскім каралеўствам і Рэччу Паспалітай. Узнікла пасля смерці караля Швецыі Юхана III
[1568—92],
сын якога, польскі кароль і вял.кн.ВКЛ (з 1587) Жыгімонт III (Сігізмунд III) атрымаў у спадчыну ад бацькі таксама швед. прастол. Унія засталася ў значнай ступені фармальнай, бо Швецыя, дзе ў 1592 у якасці дзярж. рэлігіі канчаткова зацвердзілася лютэранства, не жадала падпарадкоўвацца заўзятаму католіку Жыгімонту III, які не хаваў сваіх намераў аднавіць у гэтай краіне каталіцызм. У 1595 фактычным правіцелем Швецыі стаў дзядзька караля Карл (у 1604—11 кароль Карл IX). У 1598 ён разбіў каля Стонгебру войскі Жыгімонта III, які высадзіўся ў Швецыі, і ў 1599 дамогся пазбаўлення яго швед. кароны. Ш.-п.у. перастала існаваць. Імкненне Жыгімонта III аднавіць яе прывяло да вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭСКАРЫЯ́Л,
помнік іспанскай архітэктуры 16—18 ст. у г. Эскарыял (гіст. вобласць Новая Кастылія), каля падножжа горнага хрыбта Сьера-дэ-Гвадарама. Ансамбль кляштара-палаца Сан-Ларэнса дэль Эскарыяль (1563—84, арх. Х.Б. дэ Таледа, Х.Б. дэ Эрэра) узведзены як каралеўская рэзідэнцыя Філіпа II у стылі позняга Адраджэння. Уяўляе сабой у плане вял. прамавугольнік (203 × 158 м) з высокімі сценамі, вуглавымі вежамі. Сіметрычна размешчанымі пабудовамі ён падзяляецца на 16 унутр. двароў [цэнтральны — Патыо дэль Рэёс (Двор Каралёў) аздоблены порцікамі з 6 тасканскіх калон, статуямі каралёў]. Уключае купальны сабор св. Лаўрэнція (кампазіцыйны цэнтр ансамбля), палац, семінарыю, кляштарную б-ку, барочны маўзалей-пахавальню («Пантэон каралёў»; завершаны ў 1654, арх. Дж.Б.Крэшэнцы). Інтэр’еры будынкаў аздоблены скульптурай і жывапісам (творы Ф. дэ Сурбарана, Эль Грэка, Х.Рыберы, Д.Веласкеса, П.Веранезе, Б.Чэліні, Рагіра ван дэр Вейдэна і інш.). Уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ЎКА З ПАВІ́ННАЙ,
добраахвотны асабісты зварот (яўка) асобы, якая ўчыніла злачынства, з заявай аб ім у органы, што вядуць дазнанне, у пракуратуру, суд з намерам аддаць сябе ў рукі правасуддзя. У крымінальна-працэсуальным праве Рэспублікі Беларусь Я. з п. — адна з падстаў да ўзбуджэння супраць яе крымін. справы. У выпадку, калі той, хто прыйшоў з павіннай, паведамляе пра ўчыненне злачынства разам з інш. асобамі, ён папярэджваецца аб крымін. адказнасці за свядома лжывы данос. Заява аб павіннай можа быць пісьмовай і вуснай. Яна перадаецца органу дазнання, следчаму, пракурору або ў суд, аб чым складаецца адпаведны пратакол, у якім падрабязна выкладаецца: дзе і калі, пры якіх абставінах учынена злачынства, якімі данымі яно пацвярджаецца, матывы, што схілілі асобу прыйсці з заявай. Паводле крымін. права Рэспублікі Беларусь, Я. з п. з’яўляецца акалічнасцю, якая змякчае адказнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Праго́н1 ’дзеянне паводле дзеяслова прагнаць’ (ТСБМ), ’абгароджаная з двух бакоў дарога, па якой ганяюць жывёлу’ (ТСБМ), ’праход (для жывёлы)’, ’равок для сцёку вады’, ’пратаптаная сцежка’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом., ТС), ’сцежка ў лесе, вытаптаная жывёлай’ (Шатал.), ’дарога за гумном’ (Сцяшк. Сл.), ’бэлька, ачэп’ (Мат. Гом.), прого́ны ’падоўжанае тоўстае бервяно, на якое насцілаюць мост’ (лун., Шатал.). Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад прагнаць < гнаць. Аналагічныя дэрываты ва ўсіх славян у розных значэннях: рус.прого́н, укр.прогі́н, польск.przegon. чэш.průhon, славац.priehon, серб.-харв.прогон, славен.progòn. У значэнні ’дарога для прагона жывёлы’, адзначаным ва ўсходнеславянскіх, заходнеславянскіх і сербска-харвацкай мовах, магчыма, прасл.*progonъ. Гл. яшчэ Куркіна, Этымалогія–1968, 97.
Праго́н2 ’ачэп’, ’кладзь, якая служыла апорай страхі на сохах’ (брэсц., кобр., Нар. сл.). Рус.прого́н ’кладзь, ляжачая частка рыштавання вакол будоўлі’, ’палка ў невада, якой ён прапускаецца пад лёд’, укр.прогін ’палка ў невада, якой ён прапускаецца пад лёд’. Этымалагічна тое ж, што і папярэдняе.